Ля Царскай Брамы

Ці ля брамы адчаю…

 

Царква Хрыстова – найвялікшы Божы цуд. Гэта тое месца, дзе Бог прызначыў нам сустрэчу. Тут мы ўзгадваем рай і тужым аб маючым прыйсьці Царстве Нябесным. Не заўсёды мы ведаем, што тужым менавіта аб ім. Хтосьці нават, пачуўшы, схамянецца душой – як, маўляў, так, я ж яшчэ пажыць хачу... Так ужо склалася лічыць, што Царства Нябеснае гэта дзесьці там, за парогам сьмерці, нейкае потустороннее месца спачыну памерлых.

Насамрэч усё, як гавораць, зусім наадварот.

Некалі людзі ўкрыжавалі Хрыста, і вораг чалавека вырашыў, што зь Ім скончана, і прылічыў Яго да памерлых. Але Ён уваскрэс, зваяваўшы сьмерць. І, зваяваўшы сваю сьмерць, Ён перамог і нашу. І заснаваў Царкву Сваю – містычны арганізм, які неспасьціжна злучае з сабой зямное і нябеснае, часовае і вечнае, мёртвае і жывое. Царква гэта тое месца, дзе абвяшчаецца жыцьцё насуперак сьмерці. Царква гэта тое месца, дзе мы з рабоў плоці пераўтвараемся ў цароў духа, народ сьвяты, закліканы абвяшчаць гэтаму сьвету быцьцё Бога сярод нас і ў нас.

І што? – скажуць у адказ. Гэта тая царква, куды ранкам і ўвечары, у нядзелі і ў сьвяты, імкнуцца заўжды “вохаючыя” і незадаволеныя бабулі? Гэта там, дзе «все не так и дьяки курят ладан»? Гэта там, дзе цябе ня так ужо і чакаюць? Дзе так лёгка натрапіць на бяздушнасьць, абыякавасьць, і часам і грубасьць? Ці гэта Царква, якую заснаваў Ісус Хрыстос, распаўсюдзілі па ўсім сьвеце Ягоныя вучні? Нялёгка адказваць на гэтыя пытаньні. Ня ўсе яны могуць быць вырашаныя ў прынцыпе. Але ўжо дакладна ня могуць быць вырашаныя звонку. Толькі ўвайшоўшы ў гэтую царкву, якая ёсьць, мы зможам хоць неяк прасунуцца ў разуменьні таго, якой Царква мусіць быць. І таму ўбогае гэтае зьнешняе аблічча яе ня мусіць нас адштурхоўваць, а тым больш прыводзіць у адчай. Распаленыя гэтым адчаем, мы прыдумляем сабе “бога ў душы”, адварочваючыся ад людзей. Але менавіта таму нельга спадзявацца, што той, хто ў нашай душы, і ёсьць Бог. Таму што Бог Сам зыйшоў на зямлю і прыйшоў да гэтых людзей, якія ёсьць і якія, можна ўявіць, так нікчэмна глядзяцца з вышыні Боскай Велічы. Але нават не зыйшоў, а літаральна ўвайшоў у нас, нарадзіўшыся ў плоці чалавека. І ўва ўсім стаў падобным нам. Ці ў Яго духу тады пагардліва адрынаць “нізкіх” людзей?

Таму ўвойдзем у гэтую царкву, яая годна ці не, але носіць імя Царквы Хрыстовай. Ня ў браму царквы, не ў “эстэтыку, цішыню і трапятаньне”, а ў царкву-супольнасьць сабраных тут Богам людзей. І тады, вядома ня мы, але Сам Бог адкрые нам Сябе. Толькі Ён адкрые нам Сябе, калі мы пажадаем толькі Яго, адкінуўшы усялякія міражы, ілюзіі, падмену... Таму маючы веру ў Царкву, у яе перамогу, будзем бачыць і прымаць рэачаіснасьць такой, якая ёсьць. Няхай яна цяжкая... Але не цяжэй за Крыж, на якім быў расьпяты Збаўца.

У праваслаўнай царкве ёсьць такая сімвалічная дэталь – Царская Брама. Некалі, як лічаць, Царскай Брамай называліся навогул дзьверы ў царкву. Але, відаць, тады, калі гэтая царква больш абгрунтавана насіла імя Царквы Хрыстовай, калі тыя, хто стаяў у ёй у большай ступені маглі называцца царственным сьвятарствам, народам сьвятым, абранымі часткай Бога на зямлі. Цяпер мы як быццам стаім звонку. Царская Брама толькі зрэдку адкрываецца для нас... Але яна адкрываецца, і гэта нагадвае нам, што ўсё ж Гасподзь сярод нас, што ўсё ж ёсьць Царква, бачная і нябачная, сабраная і расьсеяная, але яна ёсьць і сьведчыць аб Госпадзе. Калі гэта ня так, то марнае нашае жыцьцё. Таму

Падыміце, брамы, вярхі вашыя, і падыміцеся, дзьверы вечныя, і ўвойдзе Цар славы!

Хто гэты Цар славы? – Гасподзь магутны і моцны, Гасподзь, моцны ў бітве.

Падыміце, брамы, вярхі вашыя, і падыміцеся, дзьверы вечныя, і ўвойдзе Цар славы!

Хто гэты Цар славы? - Гасподзь сілаў, Ён - Цар славы.

(Пс.23:7-10)

сьвятар. Аляксандар Шрамко

Рубрыка: