Тадэвуш Кандрусевіч: Мне вельмі хочацца сустрэцца з уладыкам Філарэтам

Першае інтэрвію новага кіраўніка беларускага Касьцёлу мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча

 

“Наша Ніва”: Уладыка, ці з Вашым прыходам варта чакаць нейкіх рэформаў у беларускім Касьцёле?

Тадэвуш Кандрусевіч: Разумееце, ніколі нельга проста прыйсьці і пачаць праводзіць нейкія рэформы, ня ўнікшы да канца ў сутнасьць справы. Збольшага я ведаю, што сёньня ўяўляе сабой беларускі Касьцёл. Я пэрыядычна бываю на Радзіме, сустракаюся зь сьвятарамі і вернікамі. Гэтым летам адслужыў імшы ў Браславе і Гудагаі. Аднак мяне не было тут 16 гадоў, таму я ня ведаю ўсіх падводных цячэньняў, якія існуюць у Касьцёле. Нічога рэзкага і кардынальнага зьмяняць у Касьцёле ня буду гэта дакладна. Я ведаю, што сёньня каталіцтва ў Беларусі мае трывалы грунт, добрых сьвятароў, актыўную моладзь. Гэта ўсё станоўчыя моманты. Разам з тым, мне вядома, што ў беларускіх касьцёлах не заўсёды хапае належных каталіцкіх выданьняў. У той жа Расеі за час майго там знаходжаньня было выдадзена каля 600 падобных кніжак. Уявіце, калі такі кнігазбор будзе пры кожнай беларускай парафіі — гэта будзе цэлая бібліятэка. Я ведаю, што па сёньняшні дзень няма поўнага Катэхізісу, выдадзенага па-беларуску, няма на нашай мове і дакумэнтаў Другога Ватыканскага сабору і багата чаго яшчэ, таму ў гэтым накірунку праца будзе абавязковая. Будзем працаваць над тым, каб болей суайчыньнікаў адчувала сьвятарскае і манаскае пакліканьне, бо мясцовых сьвятароў не хапае для кожнай парафіі. Буду рабіць усё магчымае, каб не дапускаць пашырэньне ідэяў сэкулярызму і рэлятывізму, якія пачынаюць дамінаваць шмат у якіх краінах сьвету. Буду імкнуцца да дыялёгу з уладамі і праваслаўнай царквой. Мне вельмі хочацца сустрэцца з уладыкам Філарэтам, я буду бліжэйшым часам прасіць аб гэтай сустрэчы. Спадзяюся знайсьці зь ім разуменьне ў шмат якіх пытаньнях. Ёсьць выраз пра тое, што касьцёл увесь час рэфармуецца, таму зьмены непазьбежныя, але не чакайце іх адразу. Будзем імкнуцца адказваць на запыты вернікаў і часу.

“НН”: Калі Вы даведаліся пра новае прызначэньне?

ТК: (сьмяецца) У пятніцу і даведаўся, як і ўсе вы. Канечне, інфармацыя была і раней, але гэта пакідаецца за рамкамі любой размовы.

“НН”: Калі чакаецца Ваш прыезд у Беларусь?

ТК : У Менску буду ў аўторак, але гэты візыт працягнецца ўсяго некалькі дзён. Пасьля я паеду ў Калінінград, Санкт-Пецярбург, каб разьвітацца зь людзьмі, якія доўгі час атачалі мяне ў Расеі. Сёньня, дарэчы, у Маскве я меў сустрэчу з паслом Беларусі ў Расеі сп. Даўгалёвым. Хацеў расказаць, што мяне прызначылі новым менска-магілёўскім біскупам. Ён добра мяне прыняў, сказаўшы, што ведае пра гэтае прызначэньне. А таксама ўсьцешыўся тым, што ў галаву касьцёлу ставяць ураджэнца Беларусі. Думаю, што канчаткова ў Менск я перабяруся толькі пасьля 10 лістапада.

“НН”: Зь якімі думкамі і настроем Вы вяртаецеся на Радзіму, пасьля 16 гадоў, якія пражылі ў Расеі?

ТК: У нас жа, як у войску, куды прызначыць Папа, туды і едзем. Напэўна, што чакаў і марыў аб гэтым ад таго моманту, як зьехаў у Расею. Помню, калі зьяжджаў, то бачыў зь цягніка Чырвоны касьцёл, тады мне думалася, ці хутка давядзецца тут правесьці службу, як беларускі сьвятар. Як высьветлілася, гэтага давялося чакаць цэлых шаснаццаць год. Хата ёсьць хата і з гэтым нічога ня зробіш, на Радзіме чалавек адчувае сябе заўсёды лепш, чым у іншых краях. Таму я з паслухмянасьцю і радасьцю аднёсься да гэтага кроку Папы.

Прыярытэты біскупа Кандрусевіча: поўны Катэхізіс па-беларуску, дакумэнты Другога Ватыканскага сабору, мясцовыя сьвятары для кожнай парафіі, дыялёг з уладамі і праваслаўнай царквой.

“НН”: Гэтымі днямі Вы былі ў Ватыкане, ці мелі там сустрэчу з Папам?

ТК : Так, сапраўды быў, але з Папам не сустракаўся, у мяне былі там зусім іншыя справы.

“НН”: Пасьля столькі гадоў працы ў Маскве не шкада пакідаць Расею?

ТК: Канечне, гэта нялёгка рабіць. Я ўклаў у разьвіцьцё Касьцёлу Расеі вельмі шмат сілаў, здароўя, энэргіі. Памятаю, калі я толькі прыехаў у Маскву, то ў Расеі было ўсяго дзесяць парафій, восем ксяндзоў і два касьцёлы. Цяпер жа, калі зьяжджаю, мы маем ужо 230 парафій, інстытут тэалёгіі, шыкоўную катэдру ў сталіцы, шмат чаго яшчэ. Гэта ўсё давалася вельмі вялікай працай і верай. Да нас прыяжджалі сьвятары з усяго сьвету — Ямайкі, Індыі, — яны ўсе вельмі добрыя людзі, але ім трэба было тлумачыць спэцыфіку краіны ў якую яны прыехалі працаваць. І гэта было нялёгка. Былі цяжкія адносіны з сьвецкімі ўладамі, Расейскай праваслаўнай царквой, нават мясцовым насельніцтвам. З усім гэтым трэба было нешта рабіць. Шмат працаваў, ні на кога не наракаючы. Здаецца, што нейкіх вынікаў усё ж дабіўся. Я пакідаю ў Расеі частку свайго сэрца, тут я сустрэў шмат разумных і добрых людзей, але ж сьвятарскае пакліканьне вымагае вяртацца.

“НН”: Пра што Вы будзеце казаць людзям падчас імшы ў сераду ў Катэдры?

ТК: Цяжкое пытаньне, пра якое я яшчэ ня думаў. Збольшага гэта будзе залежаць ад таго, якая эвангеліка будзе ў касьцёле ў сераду. Канечне, я павітаю вернікаў, якія зьбяруцца ў храме. Папрашу шмат маліцца за касьцёл, Папу, за сябе. Буду казаць пра тое, што нам трэба быць такім, якімі нас хоча бачыць Езус і ўсяляк імкнуцца да гэтага.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Рубрыка: