Флірт зь Веліялам

З блогу на \Радыё Свабода

 

Мяне ня надта зьдзівілі камплімэнты Аляксандра Лукашэнкі на адрас Праваслаўнай Царквы, мала радуе адносна высокі рэйтынг даверу да Праваслаўнай Царквы як і чарговае зьніжэньне папулярнасьці прэзыдэнта.

У далейшай пэрспэктыве гэтыя лічбы нічога ня значаць, і ў далейшай пэрспэктыве ні аб чым глыбінным ня сьведчаць. Яны проста сьведчаць аб тым, што Царква ў сваёй невылечнай наіўнасьці зноў пайшла па шляху сэрвілізму, які заўсёды і непазьбежна заканчваецца для яе расчараваньнем і стратай аўтарытэту.

“У Калядныя дні мы аддаем даніну павагі БПЦ, чыя дзейнасьць на працягу стагодзьдзяў служыць высакародным мэтам: яднаньню, умацаваньню ўзаемадаверу і ўзаемазразуменьня ў грамадзтве... Мы ніколі не аддзялялі сябе ад Царквы, бо ж дзяржава і Царква вырашаюць адну і тую ж задачу... Мы заўсёды абапіраемся на ідэі Царквы, выпрацаваныя тысячагодзьдзямі, і па сутнасьці выбралі яе галоўным ідэолягам беларускай дзяржаўнасьці, і мы ў гэтым не памыліліся”, - сказаў Лукашэнка. Той самы, які раней атрымаў з рук Мітрапаліта Філарэта царкоўныя ордэны сьвятога роўнаапольстальнага Князя Ўладзіміра і сьвятога Кірылы Тураўскага з такімі ж цёплымі словамі пра “значны ўклад у разьвіцьцё міжцаркоўных і міждзяржаўных стасункаў”. Ад Маскоўскага Патрыярха Алексія Другога ордэн Сьвятога Ўладзіміра атрымаў камандзір спэцназу войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка, якога міжнародная супольнасьць падазрае ў выкраданьні лідэраў беларускай апазыцыі. Гэта выклікала абурэньне шэрагу міжнародных структураў, у прыватнасьці прадстаўніка ПАРЭ, аўтара дакладу “Зьніклыя людзі ў Беларусі”, Хрыстаса Пургурыдэса.

Аднак гэтыя ўзнагароды і ўзаемныя дыфірамбы нікога не павінны раздражняць. Тут нават нельга прымяніць эвангельскае выслоўе пра “пэрліны кіданыя паміж сьвіней”. Сваё - даю каму хачу і паводле свайго абгрунтаваньня. Гэта звычайная спроба кіраўніка дзяржавы заручыцца падтрымкай - ў нялёгкі для яго час - з боку даволі аўтарытэтнай у грамадзтве царквы, а Царква ў сваю чаргу разьлічвае на далейшыя прывілеі з боку дзяржавы, накштал таго эрзацу “Канкардату” ці закону “Аб свабодзе сумленьня і веравызнаньняў”, які - як і плянавалася - пасьпяхова ускладніў жыцьцё і дзейнасьць канкурэнтаў-іншаверцаў, хаця б тых самых пратэстантаў.

Мяне не хвалюе кар'ера Лукашэнкі. Ягоны рэйтынг (39%) можа зьніжацца яшчэ 30 гадоў, але ў перамозе на наступных выбарах - у цяперашніх рэаліях - ён можа быць упэўнены. Ён нібы кот заўсёды ўпадзе на чатыры лапы. 40% даверу да Царквы (усё-ж меней чым 8 гадоў таму) - гэта ўсяго толькі адлюстраваньне настрояў сымпатыі да таго культурнага асяродзьдзя зь якога людзі выйшлі і зь якім сябе атаясамліваюць, але ні ў якім разе гэта не прыкмета прававернасьці беларусаў. Я згодзен з а. Аляксандрам Шрамком, які лічыць, што “ў сучаснай Царкве яе Заснавальнік альбо забыты, альбо Яму адведзенае другое, ці трэцяе месца. Аднак Царква Таго, каго мы забылі – жывая, і што б зь ёю ні рабілі і ў якім бы выглядзе яе ні спрабавалі арганізоўваць - яна жывая і непераможная таму, што гэтак абяцаў Яе Заснавальнік”.

Я згодзен з а. Шрамком, які проста нагадвае агульвядомыя ісьціны: “хрысьціяне - ня з гэтага сьвету” і таму Царкве ня трэба ў гэтым сьвеце ўладкоўвацца, займаць лепшыя пазыцыі, пашыраць уплывы за кошт іншых. Трэба нам быць тымі, кім мы пакліканыя быць. Моц Царквы не ў прывілеях капрызных уладароў, але ў яе пасьлядоўнасьці, пакутніцтве і вернасьці ісьціне, у тым, што яна дае магчымасьць сьвету паступова ператварацца ў Царкву. А тое, што ўжо стала Царквою - не належыць да гэтага сьвету, не шукае ў ім нічога і ні на што не разьлічвае.

Затое гіерархічная Царква, падлізваючыся да “власть имущих” і абапіраючыся на чалавека зь вядомай рэпутацыяй у сьвеце, сёе-тое можа ад яго атрымаць, але ў сэнсе свайго дальнабачнага аўтарытэту – страціць яшчэ больш. Гістарычны досьвед паказвае, што ідучы на цеснае супрацоўніцтва з аўтарытарнай дзяржавай, Царква міжвольна становіцца інструмэнтам у руках дзяржавы - не наадварот. У гэтым ёй ня раз прыходзілася каяцца і саромецца. Яна вельмі часта і блізарука падпарадкоўваецца нормам дзяржавы і пад выглядам “канструктыўнага дыялёгу” служыць не народу, а дзяржаўнай уладзе ды ейным эгаістычным мэтам. Царква перажыла шмат рэжымаў і палітычных ладоў не дзякуючы свайму прыстасаванству, але будучы перакананай, што праўда на ейным баку і “пякельныя брамы яе не пераможуць”.

Царква дарэмна падкрэсьлівае сваю “апалітычнасьць”, бо гэта міт, у які яна сама ня верыць. Застаючыся апалітычнай, яна губляе лучнасьць з народам якому абавязана служыць. Павал Севярынец неяк быў сказаў, што “калі хрысьціяне забудуць пра палітыку, дык тая не забудзе пра іх і ператворыць іх у рабоў”. Калі нібыта з прычыны апалітычнасьці япіскапы і сьвятары не заступаюцца за перасьледаваных людзей, за маламаёмасных, калі не ўзьнімаюць голасу ў справе скасаваньня льготаў (хаця гэта асобная і больш эканамічная праблема), калі не асуджаюць несправядлівых прысудаў, выношваных мірным дэманстрантам, ні жорсткасьці сілавых структураў, калі не цікавяцца лёсам тых, хто ў турмах праводзіць галадоўкі пратэсту, дык гэта не “апалітычнасьць”, але абыякавасьць да лёсу сваёй паствы. Гэта нечалавечнасьць.

Прыблізна 25-28 гадоў таму, калі камуністычная сыстэма яшчэ выглядала ледзь ня вечнай і прынамсі стабільнай і нішто не прадвяшчала ейнага канца, неяк на адной з канфэрэнцыяў у Польшчы падчас ваеннага становішча з удзелам партыйных апаратчыкаў, я – вядома, неразважна і рызыкоўна - як малады і недасьведчаны, зьвяртаючыся да духавенства, прыгадаў словы Сьвятога Пісьма і ў прыватнасьці Апостала Паўла: “Дакуль будзеце хістацца на два бакі? (1 Царст. 18,21) “Не хадзіце пад адным ярмом зь нявернымі, бо якая лучнасьць праведнасьці зь беззаконьнем? Што супольнага ў сьвятла зь цемраю? Што за згода між Хрыстом і Веліялам”? (2 Кар. 6,14-15). Тое самае я гатовы паўтарыць і сёньня.

Радыё Свабода

Кастусь Банадарук

Рубрыка: