Паралюш моладзевага руху

 

Сёлета два гадавыя мерапрыемствы Аб’яднаньня моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы – зьлёт праваслаўнай моладзі, які меркавалася правесьці 24-26 чэрвеня ў Аколіцы на базе вайсковага прыхода ў гонар Іаана Воіна, і Хрэсны ход вакол Менска, які меў адбыцца 15-24 ліпеня, – адмянілі. У чым прычына – ці то ў крызісе арганізацыі як такой, ці то ў арганізацыйнай нядбайнасьці адказных за мерапрыемствы, ці то ў стасунках з царкоўнай гіерархіяй, ці то ў пазыцыі дзяржаўных органаў кіраваньня.

Зьлёт быў адмены на падставе таго, што ў вайсковай частцы, на тэрыторыі якой меркавалася праводзіць моладзевае мерапрыемства, мелі адбывацца вайсковыя вучэньні. І ў такім выпадку праваслаўнай моладзі магла адводзіцца роля адно жывых мішэняў ці мірных жыхароў. Узьнікае пытаньне, чым навогул кіраваліся арганізатары, калі абіралі месца правядзеньня зьезда? Экзальтацыямі на вайсковую тэматыку, якая назіралася таксама і ў праваслаўных колах у сувязі з 60-цідзесяцігодзьдзем перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне? Ці навогул “вайскова-патрыятычнай” рамантыкай, характэрнай для “правага” праваслаўя? А можа выключна арганізацыйнымі інтэнцыямі, бо вайсковая дысцыпліна дазваляе зрабіць арганізацыю больш эфектыўнай? А магчыма і проста “чаму б і ня там”? Тым больш што прыход у гонар Іаана Воіна, зьвязанага са скандалам у сувязі з уручэньнем ордэна за спрыяньне ў будаўніцтве гэтага храма палкоўніку Паўлічэнку, акармляецца маладым актыўным сьвятаром Паўлам Сердзюком, які досыць актыўна дзеіць у праваслаўным моладзевым руху. Пакуль невядома, ці будзе гэты зьлёт перанесены на пазьнейшы час, ці найбуйнейшае штогадовае маладзёвае праваслаўнае мерапрыемства сёлета навогул ня будзе праводзіцца.

Што тычыцца Хрэснага ходу, то яму перайшоў дарогу іншы Хрэсны ход, арганізаваны газэтай “Русь державная” – “Масква-Менск-Кіеў”, пра які мы ўжо пісалі на нашым сайце. Такім чынам палічылі, што два Хрэсныя ходы такога маштабу для Беларусі занадта – і адмянілі маладзёвы. Хаця і па канцэпцыі, і па маршруце, – гэта былі два цалкам розныя мерапрыемствы. У Расеі падобныя Хрэсныя хады ня рэдкасьць, яны праводзяцца пастаянна, а для Беларусі – гэта выключныя мерапрыемствы. І атрымалася, што ў дадзенай сытуацыі беларуская праваслаўная моладзь стала закладнікам іншага мерапрыемства. А можа справа ў тым, што ў Расеі Хрэсны ход быў падтрыманы афіцыйнай уладай (у якасьці арганізатараў выступае полпред Презідэнта РФ па цэнтральнай фэдэральнай акрузе), а што тычыцца беларускай афіцыйнай улады, то Хрэсны ход “Русь державаная” цалкам адпавядае т.зв. ідэалогіі беларускай дзяржаўнасьці, у той час, як моладзёвае праваслаўнае мерапрыемства мела больш царкоўны і місіянерскі характар.

На гэты год засталіся яшчэ два мерапрыемтсвы АмБПЦ – гэта дзень малітвы аб Божым стварэньні, штогадовае мерапрыества, якое паводле ініцыятывы Сіндэсмасу (www.syndesmos.org) праводзіцца і ў Беларусі ў пачатку індыкта (царкоўнага новага году) - 13-14 верасьня, а таксама на 5-7 лістапада заплянаваны місіянерскі сэмінар, на які мяркуецца запрасіць і прадстаўнікоў БРСМ (відаць, у якасьці аб’ектаў місіянерскай дзейнасьці).

У той час, як назіраецца відавочны крызіс у АмБПЦ, маладзёвы рух у Беларусі набірае моц – усё больш шырокіх мерапрыемстваў праводзяць асобныя брацтвы (і ў Менску, і ў рэгіёнах). Актыўная праца вядзецца епархіяльным адзьдзелам па працы з моладзьдзю Віцебскай епархіі, які амаль цалкм аўтаномна дзейнічае ад АмБПЦ, і праводзіць праваслаўныя моладзевыя мерапрыемствы на высокім афіцыйным узроўні, працуючы наўпрост з расейскімі і панславісцкімі арганізацымі. Збольшага можна адзначыць, што менавіта Віцебскі адзьдзел працуе ў рэчышчы “славянскай еданасьці”, “вайскова-патрыятычнага выхаваньня” і “шчыльнага супрацоўніцтва з афіцыйнай уладай”.

Наталька Базылевіч

Рубрыка: