Хрысьціянства і культура

Дадзеная праца не выражае афіцыйнага вучэньня Праваслаўнай Царквы, а зьяўляецца прыватным багаслоўскім меркаваньнем аўтара.

 

“Іудэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці; а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Іудзеяў спакуса, а для Элінаў вар’яцтва” (1Кар 1.22-23)

2000 год Раства Хрыстовага (нашай эры, як каму заўгодна) – дата для гісторыі чалавецтва вельмі значная і галоўным чынам таму, што за такі доўгі час хрысьціянства ня зьнікла, усё яшчэ працягвае існаваць, і нават больш: хрысьціянскімі сябе лічаць цэлыя народы і краіны.

Да сучаснага моманту зьявілася шмат прыцаркоўных і ўнутрыцаркоўных арганізацыяў, інстытуцыяў, якія лічаць і называюць сябе хрысьціянскімі. Наколькі тая ці іншая зьяву ў поўнай меры тычыцца хрысьціянства ведае толькі Бог, але праз крышталь вучэньня, якое Гасподзь даў нам амаль 2000 год таму ўсё ж можна адрозьніваць куколь ад здаровай пшаніцы. Адкрыцьцё Хрыста аб вечным жыцьці, аб ісьцінай духоўнай свабодзе сьціскае зямная неабходнасьць, логіка рэчаў, абмежаванасьць. І вельмі моцна гэты канфлікт паміж Новазапаветным Адкрыцьцём і непаўнавартаснымі законамі часовага сьвету праяўляецца ў галіне творчасьці і культуры. Чалавеку дадзена і зададзена быць творцам. Але вось чалавек адпаў ад Бога; сьвет пагрузіўся ў зло, стаў непаўнавартасным, спаўзаючым у пагібель. Чалавека ж па-ранейшаму грызе прага дзейнасьці і яму хочацца, каб гэтая дзейнасьць апраўдвалася містычна, у дадзеным выпадку хрысьціянствам. Ці мажліва гэта? Як суадносяцца Новазапаветнае Адкрыцьцё аб канцы сьвету, збаўленьні чалавека, вяртаньні яго да Свайго Творцы, і зямная дзейнасьць, творчасьць, культура і г.д.? З аднога боку, анталагічнага евангельскага – вельмі дрэнна суадносяцца; зь іншага, відаць, гістарычнага, - досыць ніштавата. ПАКОЛЬКІ ў самім хрысьціянстве для чалавека важнае пытаньне не аб тым, што ёсьць, а аб тым, што мусіць быць, і не як прызвычаіліся дзеіць, а як належна дзеіць хрысьціянам у адпаведнасьці са сваім хрысьціянскім пакліканьнем, прапаную для разгляду першае гледзішча. Яно ў сваім прамым значэньні адлюстроўвае сапраўдны стан рэчаў.

Першая прычына несумяшчэльнасьці пакліканьня хрысьціяніна і зямной дзейнасьці ляжыць у няслушным стаўленьні да самой гэтай дзейнасьці, да творчасьці. Сапраўдная творчасьць вартая ўвагі тым, што ў яе працэсе абавязкова актыўна ўдзельнічае душа творцы і настолькі глыбока, што часам можа пераходзіць дапушчальную мяжу і станавіцца самамэтай. Прысьвячаючы ж сябе, сваю душу, такім чынам, нават на час рэчы тленнай, часовай, чалавек гэтым самым здраджвае Богу. Паводле словаў Хрыста: “Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць.” (Мф 6.24), іншымі словамі: немагчыма служыць культуры, мастацтву і Богу, бо душа чалавека ня можа разьдзяліцца і быць адначасова ў розных месцах. Займацца мастацтвам магчыма, але служыць яму – не. Пытаньне гэтае, трэба адзначыць, выключна унутранае, анталагічнае. Зьнешне чалавек можа “служыць” і ня толькі двум аб’ектам, а колькім заўгодна: лічыцца хрысьціянінам, займацца палітыкай, пісаць вершы, павялічваць капітал, трэніравацца ў сэкцыі каратэ і г.д., але вось быць ён можа толькі кімсьці ці чымсьці адным.

Яшчэ небясьпечная такая тэндэнцыя, што чалавечая культура ў цэлым (усё, што вырабляе чалавек) і асабліва культура сьвецкая (тое, што вырабляецца не для рэлігійных мэтаў) ствараецца, успрымаецца і спажываецца чалавекам у выглядзе забавак!!!! (ня блытаць з ежай для душы!), як наркотык, алкаголь і г.д. Гэтая культура на час займае, дапамагае адцягнуць увагу ад сапраўднага стану рэчаў, ад думак аб сьмерці, ад думак аб адказнасьці перад Вышэйшай Існасьцю. У такім выпадку яна – прыемны самападман, калі чалавек свой патэнцыял, свае сілы, час, магчымасьці не накіроўвае да Бога для атрыманьня вечных дабротаў, а марнуе не паводле прызначэньня для часовай асалоды і, як вынік, далейшага душэўнага і духоўнага раслабленьня, якое вядзе, паміж іншым, і да дэградацыі самой культуры як зьявы творчасьці. Пытаньне ж зваротнага дзеяньня культуры, дзеяньня на чалавека, нашмат больш значнае, чым можа здацца напачатку.

Уся зямная цывілізацыя разам са сваёй культурай называецца ў Новым Запавеце сьветам. “Пералюбнікі і пералюбніцы! - зьвяртаецца апостал Іакаў да людзей, якія лічаць сябе хрысьціянамі, але жывуць як пасрэдныя абывацелі, - ці ня ведаеце, што сяброўства са сьветам ёсьць варажэча супраць Бога?” (Іак 4.4). Тлумачэньне гэтай духоўнай заканамернасьці знаходзіцца ў наступных словах: “Не любеце сьвета, ні таго, што ў сьвеце: хто любіць сьвет, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што ў сьвеце: пажаднасьць плоці, пажаднасьць вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, але ад сьвету гэтага. І сьвет мінае, і пажаднасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, трывае навекі.” (1Іан 2.15-17). Тры віда пажаднасьці, ці жарсьці, тры анармальныя станы цела, душы і духа чалавека аж да абсалюта пануюць у сьвеце: цела (плоці) – абжорства, п’янства, блуд, вычварэнствы, наркаманія; душы (вачэй) – цікавыя захапляючыя відовічшы, вострыя адчуваньні; духа (пыха жыцьцёвая) – імкненьне да славы, першынства, да ўлады. У асноўным гэтыя дэфекты заўважныя і пужаюць у вялікіх памерах ці колькасьцях (асобных людзей ці цэлых народаў), але ў параўнаўча невялікімі стане прысутнічаюць практычна ў кожным чалавеку. Гэтыя духоўныя недахопы, апроч таго, што цалкам закрываюць шлях да Бога, таксама яшчэ і зьяўляецца асаблівамі натхненьнямі для зямной творчасьці, уплываючы праз яе на яшчэ не заражаных людзей.

“Царства Маё не ад гэтага сьвету” (Ін 18.36). “Вы ад ніжніх, Я ад вышніх; вы ад гэтага сьвету, Я не ад гэтага сьвету” (Ін 8.23). Гэтыя словы аб тым, што Сам Хрыстос не належыць гэтаму сьвету і Ягоны заклік патэнцыйна накіраваны ад гэтага сьвету: “Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне перш за вас узненавідзеў. Калі б вы былі ад сьвету, то сьвет бы лібіў сваё, а як вы не ад сьвету, але Я абраў вас ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет” (Ін 15.18-19). У гэтых словах Хрыста, сьвет – гэта сукупнасьць ўсіх відов зямной дзейнасьці, імкненьняў і надзеяў, - адзьдзяляецца да тых, хто жадае ісьці за Ім непераадольнай бездань, бо гэты сьвет зь верху да нізу “увесь ляжыць у зьле” (1Ін 5.19). Усё тое, што мы бачым у навакольнай цывілізацыі, усе выгоды тэхнічнага прагрэсу, уся разнастайнасьць накопленага культурнага багацьця, такім чынам, ляжаць па-за хрысьціянствам, не судатыкаючыся зь ім нават ні на ёту, ляжаць у гэтым сьвеце, непаўнавартасным і канцавым. Ужо ў сувязі з гэтай канцовасьцю нашага сьвету, ня толькі зямнога, існуе і яшчэ адзін бок разгляданага пытаньня.

Сьвет асуджаны: “Нябёсы з шумам мінуць, стыхіі ж, разгарэўшыся, разбурацца, зямля і ўсе справы на ёй згараць” (2Пят 3.10). Ці магчыма спалучыць зямную творчасьць з наяўнасьцю сьмерці, гістарычных катаклізмаў, а самае галоўнае – з ідэяй апошняга касьмічнага пажару, які зьнішчыць усё? Ёсьць меркаваньне, што пры некаторых умовах сумяшчальная. Паводле адкрыцьця Бога хрысьціяне чакаюць “новага неба і новай зямлі, на якой жыхаруе праўда” (2Пят 3.13), і меркаваньне гэтае складаецца з таго, што на новай зямлі ў сваім нятленным, перавображаным абліччы стануць разам са сьвятымі людзьмі жыхараваць і тыя творы творчага патэнцыяла, якія былі “заснаваныя на Хрысьце”. Гэта хрысьціянскія музычныя, паэтычныя і багаслоўскія працы, іконы, мазайкі цэркваў, помнікі дойлідзтва і г.д. Калі адбудзецца такое перавображаньне і гэткі пераход тленнага аб’екта ў новы духоўны сьвет, безумоўна, таямніца. Але вось простае пытаньне: навошта ў сьвеце, дзе людзі будуць бачыць Хрыста непасрэдна – іконы; дзе Бог будзе напаўняць Сабой усё – храмы. Апроч таго, дадзеныя творы засноўваюцца не на Хрысьце, а на тым, што прынята называць гістарычным хрысьціянствам. Ня трэба ўводзіць сябе ў зман, не на карысьць хрысьціяніну самаапраўданьне, на рэчы трэба глядзець проста, без прыхарошваньняў: з сабой чалавек нічога, апроч самога сябе ня возьме; усе зямныя веды, здольнасьці і таленты яму не спатрэбяцца, усе іх вытворныя ён пакіне за сабой у небыцьці.

“Бо ніхто ня можа пакласьці іншага падмурку, апроч пакладзенага, які ёсьць Іісус Хрыстос. Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, - кожнага справа выкрыецца; бо дзень пакажа; таму што ў агні адкрываецца, і агонь выпрабоўвае справу кожнага, якая яна ёсьць. У каго справа, якую ён будаваў, утрымаецца, той атрымае ўзнагароду. А ў каго справа згарыць, той атрымае страту; але ж сам збавіцца, як бы з агню” (1Кар 3.11-15). Гэтыя словы новазапаветнага адкрыцьця – аб тым, якія каштоўнасьці, якія існуюць цяпер у часе, пяройдуць з чалавекам у вечнасьць; яны – ня зьнешнія ў дачыненьні да чалавека аб’екты, а ўнутраны стан чалавека. Падмурак для дзейнасьці – Хрыстос, пры гэтым важная ня зьнешняя дзейнасьць: іконы, карціны, песнасьпевы, храмы, справядлівыя грамадзкія інстытуцыі, а ўнутраная праца. Уся задача хрысьціяніна ў гэтым сьвеце і ёсьць у тым, каб ачысьціць сябе ад граху, прывязанасьці да сьвету, і наадварот – прывязацца да Бога, зрабіць сваё сэрца Ягоным храмам, набыць любоў да Яго, увабраць у сябе як мага больш Ягонай Боскай сілы. Гэты стан насычанасьці, напоўненасьці Божай благадацьцю і пяройдзе ў новы вечны сьвет, і яно паслужыць чалавеку крыніцай найвялікшага шчасьця. Рэшта, зьнешняе, згарыць. Чалавек, які рабіў на зямлі штосьці зьнешняе, зыходзячы з адчуванага ім абавязку перад Хрыстом, таксама будзе збаўлены, бо ён рабіў гэтае зьнешняе дзеля Хрыста. Але ў вечнасьці такі збаўлены проста ня зможа мець паўнаты блажэнства, як першы чалавек, бо гвалтоўна ўкараніць у чалавека любоў, благадаць, і, адпаведна, шчасьце, немажліва. Такая мажлівасьці набыцьця благадаці мажлівая толькі ў Хрысьціянскай Царкве ў часе на зямлі і пры свабодных высілках самога чалавека.

Гаворачы пра зямное жыцьцё хрысьціянаў, трэба казаць праўды, каб самім ня ўводзіць сябе і іншых у зман: хрысьціяне не прыкліканыя пераўтварыць гэты сьвет і зрабіць яго лепш. Бяда ў тым, што часта пабочная зьява ўспрымаецца за самакаштоўнае. Дабро, справядлівасьць, любоў до бліжняга, духоўнасьць, прыгажосьць – усё гэта ня мэта хрысьціяніна, а пабочны прадукт набліжэньня чалавека да Бога, ягонага богаўпадабленьня, набыцьця благадаці. Гэты сьвет, не хрысьціянскі, які мае іншую сыстэму каштоўнасьцяў, чым хрысьціянская Царква, успрымае ў хрысьціянстве толькі гэты пабочны прадукт, таму што толькі ён часткова ўкладаецца ў часовыя зямныя межы. Хрыстос маліўся за Сваіх вучняў: “Не малю, каб Ты ўзяў іх ад сьвету, але каб ахаваў іх ад зла” (Ін 17.15). Фактычна хрысьціяне ў сьвеце знаходзяцца ў стане бесперапыннага канфлікта са злом сьвету, якое імкнецца пранікнуць у чалавека. Каб не заразіцца злом, неабходна прытрымлівацца вядомай дыстанцыі ад яго. Адсюль вынікае, аб супрацоўніцтве хрысьціянаў з гэым сьветам і ўдзелу ў ягоным культурным жыцьці гаварыць практычна немажліва.

Гэткім чынам, хрысьціянства паводле сваёй існасьці і сьвецкая культура – рэчы несумяшчальныя, якія ня могуць супрацоўнічаць, бо патэнцыйна накіраваныя ў зусім супрацьлеглыя бакі: хрысьціянства – да Бога, сьвецкая культура – да чалавека ці прадметам гэтага сьвету. Маецца наўвеце волевая накіраванасьць, асэнсаванае імкненьне. Калі разумець словы пропаведзі Хрыста ў кантэксьце самога Ягонага жыцьця і ставіцца да іх, адпаведна, як да жыцьцёвага кіраўніцтва, то ставіцца ла сьвету, да сусьветнай культуры хрысьціянін можа толькі адмоўна.

Зьдзіўляе, вядома, меркаваньне некаторых хрысьціянскіх мысьляроў аб існаваньні і разьвіцьці хрысьціянскай культуры, аб супрацоўніцтве Царквы і грамадзства і г.д. Да таго часу, пакуль будуць ставіцца такія пытаньні і так разумецца становішча хрысьціянскай Царквы ў гэтым сьвеце, да таго часу будзе існаваць зман сусьветнага маштабу, што справядлівае грамадзтва, амаль рай на зямлі – цалкам рэальная рэч, трэба толькі пастарацца.

Штосьці – больш, чым нічога, і лепш, каб чалавечая культура прымала ў сябе хрысьціянскія матывы (адзнакі), чым нейкія іншыя, напрыклад, акультныя. Але, тым ня менш, лепшы варыянт – сапраўдны прамы шлях да Бога. Гэтак, будзем называць рэчы сваімі імёнамі і ня будзем зьмешваць сьвятое імя хрысьціянства з выключна зямнымі культурнымі зьявамі.

Іярэй Віталь Харытановіч

Рубрыка: