Пасланне Сіноду БПЦ да 1020-годдзя Хрышчэння Русі: СССР - адзіная сям'я народаў.

 

 Пасланне Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы да 1020-годдзя Хрышчэння Русі, з якім усе адзіннаццаць беларускіх епіскапаў звярнуліся да кліру, манахаў, паствы БПЦ, а таксама суайчыннікаў, можна назваць пасланнем-рэфлексіяй над апошнімі 20-ццю гадамі, што прайшлі ад маштабнага святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі. Дакумент Сінода поўны і адкрытых заклікаў, і намёкаў, якія на першы погляд з'яўляюцца невідавочнымі.

Многія палажэнні паслання не сталі нечаканымі. Па-першае, гэта пафас трыадзінтсва Русі як Вялікай, Малай і Белай і іх неабходная еднасць, якая грунтуецца на Праваслаўі і вынікае з "яднання вакол агульнай Купелі Хрышчэння і адзінай Еўхарыстычнай Чашы" . Па-другое, гэта асаблівая ўвага да еднасці Рускай Праваслаўнай Царквы. Па-трэцяе, гэта вызначэнне святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі як пераломнага пункту царкоўнай гісторыі. Па-чацвертае, гэта асуджэнне любых дзеянняў рэвалюцыйнага характару і "ваярскага духу неразумнай рэўнасці" . Па-пятае, негатыўная ацэнка рэвалюцыі і камуністычнага ладу, якія параўноўваюцца з "вобразам, што быў з'яўлены прароку Іллі на гары Харыў", "падобная вялікаму і моцнаму ветру". Па-шостае, гэта апраўданне палітыкі сергіянства праз словы псалмапеўца Давіда: "... пакуль нягодны перада мною. Я быў нямы і безгалосы, і маўчаў нават пра добрае". 

Аднак Царква была зусім не безгалосая ў савецкія часы, а гаварыла вуснамі новых пакутнікаў пра веру Хрыстову і адданасць Святой Царкве, гаварыла іх крывёю і пакутамі, але з другога боку вуснамі афіцыйных іерархаў усхваляла савецкі лад і Савецкі Саюз. Абсалютнай нечаканасцю стала тое, што Пасланне ніводным словам не ўзгадала тых, дзякуючы пакутніцаку подзвігу якіх, крыві пакутнікаў, якая не маўчала, а ўсклікала да неба, і было падрыхтаванае гэтае вялікае нявартанне, падобнае другому Хрышчэнню Русі. Пры гэтым епіскапы Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы, як і іх папярэднікі, афіцыйныя іерархі савецкага часу, назвалі Савецкі Саюз, "турму народаў" - іх "адзінай сям'ёй": "Успомнім, якія падзеі ў жыцці нашых народаў папярэднічалі 1000-годдзю Хрышчэння Русі і адбыліся пасля яго. За два гады да юбілею, у красавіку 1986 г. вобраз апакаліптычнай "зоркі палыну" ўспалыхнуў смяротным агнём у Чарнобылі. А ў к. 1991-га распалася адзіная сям'я народаў.... Мы навучыліся жыць з то

й спадчынай, якую пакінулі пасля сябе гэтыя падзеі. Але мы не павнны забывацца на гэтыя жорсткія ўрокі і трагічныя наступствы." Такім чынам, Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы называе распад Савецкага Саюзу падзеяй трагічнай, і параўноўвае яго з выбухам на Чарнобыльскай АЭС. 

Геапалітычнае бачанне Паслання выклікае насцярожанасць і таму, што на наступным тыдні пасля ўрачыстасцяў святкавання 1020-годдзя Хрышчэння Русі, якія адбудуцца 22-25 кастрычніка, 3 лістапада можа адбыцца, паводле словаў Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В. Папова, падпісанне Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы. Інтэграцыйныя працэсы паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь апошняе дзесяцігоддзе то набіраюць інтэнсіўнасць, то сціхаюць. Многія адзначаюць, што Саюз Расеі і Беларусі існуе толькі на словах, але не ў рэчаіснасці, што "інтэграцыйную" карту рэжымы абодвух дзяржаў разыгрываюць толькі для піяру і з большага гэта толькі пустыя словы. Ці не стане падпісанне Канстытуцыйнага Акту тым, да чаго заклікае Сінод БПЦ у сваім Пасланні - неабходнасці захавання "адпаведнасці ладу думак ладу жыцця" і "супадзення словаў і справаў"?

Наталля Васілевіч

Рубрыка: