Хэлоўін ці Урачыстасць Усіх Святых?

 

 

Што такое Хэлоўін? Для адных — гэта маргінальная з’ява ў беларускай культуры, не вартая ўвагі. Для іншых — гэта нагода «проста» забавіцца і пагуляць. Але ці добрая гэта нагода для забавы, і ў чым прымаюць удзел некаторыя хрысціяне, «святкуючы» Хэлоўін?

Як вядома, маскараднае «святкаванне» апошняга дня кастрычніка прыйшло да нас пад уплывам сучаснай амерыканскай культуры. Назва гуляння — «Halloween» — паходзіць ад скарачэння двух выразаў: «All Hallow Day» (Дзень Усіх Святых) i «All Hallow Evening» (Вечар Усіх Святых).

Урачыстасць Усіх Святых, якую Касцёл адзначае 1 лістапада, была перанесена ў ІХ ст. на гэты дзень дзеля таго, каб перамагчы ў свядомасці людзей страх перад язычніцкім павер’ем аб магутнасці цемры і яе перамозе над сіламі святла ў ноч на 1 лістапада.

Паводле старажытнакельцкіх павер’яў, 31 кастрычніка памірае бог Святла і надыходзіць валадарства бога Цемры. Вечарам таго ж дня пачынаецца валадаранне Цемры, з Апраметнай выходзяць цёмныя духі. Каб выпрасіць літасці ў бога Цемры, кельты палілі вогнішчы, прыносілі яму ахвяры. А самі яны пераапраналіся ў пачварныя касцюмы, каб злыя духі прынялі іх за сваіх і не чапалі. З рытуальнага вогнішча язычнікі бралі з сабой вугалькі і неслі іх дадому ў адмысловым «кошыку» з гарбуза, каб вугалькі, прысвечаныя богу Цемры, не згаслі і сталі крыніцай вогнішча ў хатнім ачагу. Бездапаможнасць старажытных людзей перад сіламі цемры змушала іх да практык выпрошвання літасці дэманаў, складання ім ахвяраванняў, заключэння з імі своеасаблівых дамоўленасцяў.

Вышэйзгаданы язычніцкі культ быў пераможаны жывым сведчаннем хрысціянства. Нягледзячы на спробы адраджэння гэтых старажытнакельцкіх культаў, сама назва «святкавання» (Halloween) усё ж звязалася з Урачыстасцю Усіх Святых. Аднак адрознасць хрысціянскай формы і язычніцкага зместу яшчэ больш заблытала звычайных людзей. Тыя, хто зацікаўлены традыцыямі старажытных кельтаў, іх павер’ямі, прыкладаюць вялікія намаганні да прапагандавання неаязычніцтва ў сучаснай масавай культуры. Духоўны вакуум, які ўзнік у працэсе дэхрысціянізацыі, стаўся ідэальным асяродддзем для прапаганды язычніцкіх культаў і сатанізму.

Сучасны чалавек, які лічыць сябе прагматыкам і бізнэсмэнам, прывык усё перакладаць на грашовыя велічыні. Хэлоўін разглядаецца такімі людзьмі як нагода да добрага заробку (або правільнага ўкладання грошаў) ад арганізацыі яшчэ адной забаўляльнай акцыі. Арганізатары зарабляюць, а народ бавіцца. Але за гэтымі нявіннымі забавамі крыецца глыбока адмоўная рэчаіснасць. Нават знешняя атрыбутыка Хэлоўіна скіравана на культ смерці, страху, магіі. Ствараюцца ідэальныя ўмовы для прапаганды акультызму, сатаністычных практык. Гульня ў жартаўлівую жудаснасць стварае спрыяльныя ўмовы для таго, каб баналізаваць зло, смерць, злых духаў. У свядомасці людзей ствараецца ўражанне, што зло зусім не злое, але добрае, што дэманічны свет — гэта толькі чалавечыя страхі, а акультызм — усяго толькі вясёлая гульня. Практыка краінаў Захаду, дзе Хэлоўін адзначаецца даволі гучна і шырока, паказвае рэзкі ўсплёск злачыннасці на рэлігійнай глебе ў перыяд гэтага «святкавання». Святое Пісанне вучыць, што кожная справа пазнаецца па яе пладах. Якія плады Хэлоўіна? Адказ, здаецца, больш чым відавочны.

Ці можа хрысціянін удзельнічаць у неаязычніцкіх гуляннях? Як гэта не парадаксальна, але ў ХХІ ст. мы вяртаемся да таго самага пытання, якое задавалі апосталам і іх наступнікам першыя пакаленні вучняў Хрыста. Адказ быў адназначны: «не». І гэта «не», якое не абмяжоўвае, але вызваляе. Справа не ў саміх забавах, але ў тым, у што мы гуляем і як гуляем. Сапраўдны хрысціянін ведае, што зло — гэта не цацка, што выкліканне злых духаў і ўдзел у дэманічных маскарадах — гэта не гульня. Аргумент пра «несвядомасць» чалавека не больш як пусты гук для дэмана. Гэты адвечны вораг чалавека робіць усё для таго, каб выдаваць сябе за добрага сябра, каб зло называць дабром, а спакушэнне — гульнёй. Калі некаторыя робяць выгляд, што ўсё добра, то гэта зусім не значыць, што так ёсць на самай справе.

Урачыстасць Усіх Святых — гэта не неаязычніцкі Хэлоўін (дзень смерці сонечнага бога), але святкаванне рэальнай перамогі рэальнага і жывога Бога над сіламі зла, граху і цемры. І доказам гэтаму — не нейкія міфы, але жывое сведчанне канкрэтных людзей, якія жылі ў канкрэтны час і перамаглі сілай Божай ласкі, дадзенай Уваскрослым Хрыстом, Панам неба і зямлі. Для нас важны не толькі іх досвед жыцця, прыклад святасці, але таксама іх рэальная і дзейсная дапамога. Гэта адзін з найцудоўнейшых падарункаў Бога для чалавека, калі людзі могуць успамагаць адно аднаго на шляху да Неба. Ці не святкаваннем гэтай таямніцы яднання вернікаў зямлі і неба павінен быць хрысціянскі Хэлоўін? Ці не варта было б замест жахлівых маскарадаў трупаў, пачвар і застрашвання, адкрыць секулярнаму свету Хэлоўін (Вечар Усіх Святых) не толькі па назве, але і па хрысціянскім змесце?

 

Прэс-служба Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Рубрыка: