Моладзевыя хрысціянскія ініцыятывы ў Беларусі.

 

 Сучасныя моладзевыя ініцыятывы і арганізацыі ў Беларусі – гэта асаблівы від няўрадавых арганізацый. Часцей за ўсё такія арганізацыі ствараюцца ў межах рэлігійных абшчынаў і аб'яднанняў і функцыянуюць у кантэксце ажыццяўлення рэлігійнай арганізацыяй місіянерскай, выхаваўчай, адукацыйнай і іншай дзейнасці ў дачыненні да моладзі, якая належыць ці патэнцыйна можа належыць да той ці іншай рэлігійнай арганізацыі. Па-сутнасці, такія арганізацыі з'яўляюцца формай працы з моладдзю, яны ствараюцца і апякаюцца святарамі ці спецыяльна прызначанымі служыцелямі, часта кіраўнічыя пасады займаюць дзеці служыцелей ці царкоўных актывістаў. Часта такія арганізацыі нават не маюць спецыяльнага статусу, статуту дзейнасці, не рэгіструюцца ў якасці арганізацый ці ініцыятываў. Ды і дзеючы Закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” прапануе дакладна вызанчаны пераклік формаў аб'яднанняў і асацыяцый з мэтай ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці, такія, як рэлігійныя абшчыны, рэлігійныя аб'яднанні (аб'яднанні абшчынаў), манастыры і манаскія абшчыны, рэлігійныя брацтвы і сястрынсвы, рэлігійныя місіі і духоўныя навучальныя ўстановы, ніякіх клубаў, маладзёвых цэнтраў, аб'яднанняў моладзі і г.д.

Адзінай арганізацыйнай формай, якая выкарыстоўваецца пераважна праваслаўнымі, з'яўляецца форма брацтва, у прыватнасці, маладзёвага брацтва, такія брацтвы моладзі ствараюцца пры розных праваслаўных прыходах, што вызначана Статутам Беларускае Праваслаўнае Царквы, але паводле Закону “Аб свабодзе сумлення”, Брацтвы стварыць брацтва мае права толькі рэлігійнае аб'яднанне. Таму абсалютная большасць маладзёвых прыходскіх ініцыятываў і арганізацый існуюць па-за прававым полем – рэлігійныя, канфесійныя, прыходскія маладзёвыя клубы, цэнтры, альбо юрыдычна не з'яўляюцца арганізацыямі, але сустрэчамі, гутаркамі, маладзёвымі служэннямі і г.д., альбо зарэгістраваныя ў якасці брацтваў ці аддзелаў рэлігійных аб'яднанняў па працы з моладдзю. Усе вышэй пералічаныя арганізацыі маюць канфесійны характар, існуюць ў межах аднаго рэлігійнага аб'яднання, адной канфесіі, і ва ўсёй сваёй дзейнасці падпарадкоўваюцца і справаздачныя кіраўніцтву канфесіі. Таму мае сэнс разгледзець асаблівасці дзейнасці розных арганізацый у межах розных хрысціянскіх канфесій.

 

Маладзёвыя ініцыятывы і арганізацыі Беларускае Праваслаўнае Царквы

Перш за ўсё, разгледзем маладзёвыя ініцыятывы і арганізацыі Беларускае Праваслаўнае Царквы. Адзначу найбуйнейшыя і найбольш актыўныя арганізацыі, як дзеючыя, так і прыпыніўшых сваю дзейнасць у апошнія гады. Пра дзейнасць незарэгістраваных і неафіляваных з прыходам ці епархіяльнымі структурамі арганізацый дакладнай інфармацыі давацца не будзе ў сувязі з магчымасцю іх пераследу, як гэта адбылося ў 2006 г. у выпадку з гомельскім брацтвам, калі лідар дадзенай рэлігійнай групы С. Несцяровіч быў прыцягнуты да адміністратыўнае адказнасці за незаконную рэлігійную дзейнасць.

1. Свята-Мікалаеўскае брацтва праваслаўнае моладзі пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска (іншая назва - брацтва студэнтаў-медыкаў). Асноўнай дзейнасцю брацтва з'яўляецца служэнне акафіста свц. Мікалаю Цудатворцу, гутаркі і сустрэчы членаў брацтва, дапамога ў прыходзе, арганізацыя сустрэч праваслаўнай моладзі, дапамога ў нядзельнай школе і ў праваслаўным дзіцячым лагеры, паломніцтвы.

2. Маладзёвае брацтва свшчмч. Уладзімера (Хіраска) пры храме ў гонар іконы Божай Маці “Ўсіх тужлівых Радасць” - супольныя малітвы, сустрэчы, дапамога ў прыходзе, сацыяльная дзейнасць, арганізацыя сустрэч праваслаўнае моладзі, паломніцтвы.

3. Маладзёвая група нядзельнае школы ў гонар мчц. Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі пры Свята-Елізавецінскім манастыры г.п. Навінкі пад Мінскам. Група ўтвораная для супольных сустрэч са святаром, сацыяльнай дапамогі ў манастыры, супольных паломніцтваў.

4. Брацтва ў гонар св. дбр. кн. Канстанціна Астрожскага (маладзёвая філія Брацтва Трох Віленскіх мучанікаў) пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска. Першапачаткова брацтва існавала пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы і ўдзельнічала ў дзейнасці Брацтва Трох Віленскіх мучанікаў, звязанай з дапамогай правядзення богаслужэнняў на беларускай мове, выдавецкай дзейнасці, сустрэчаў са святаром, катэхізацыйнай і асветніцкай, а таксама ў невялікім маштабе – сацыяльнай дзейнасці. Апроч таго, брацтва актыўна супрацоўнічала з міжнароднымі студэнцкімі хрысціянскімі арганізацыямі, а таксама сусветным брацтвам праваслаўнай моладзі “Сіндэсмас”, удзельнічала ў дыскусіях па важных пытаннях жыцця праваслаўнай царквы, такіх, як неабходнасць катэхіхацыі, міжхрысціянскіх кантактаў, асэнсавання сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне, неабходнасці папулярызацыі беларушчыны ў межах праваслаўнае царквы. З-за сваёй актыўнасці ў дадзеных сферах, а таксама з-за надзвычайнай самастойнасці, Брацтва ў гонар дабр. кн. Канстанціна Астрожскага было пазбаўленае “благаславення” на дзейнасць пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы ў 2000-2001 гг. Досыць вялікая група з Брацтва з таго часу знаходзіць сабе “прытулак” пры розных прыходах, напрыклад, да апошняга часу брацтва праводзіла місіянерскія, адукацыйныя і катэхізічныя гутаркі на беларускай мове пры Свята-Ўваскрасенскім прыходзе г. Мінска.

5. Маладзёвая група Брацтва ў гонар Святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска, якая была ўтвораная замест Брацтва ў гонар Канстанціна Астрожскага, працягваючы ягоную дзейнасць дапамогі Брацтву св. Віленскіх мучанікаў, прыходу, праводзячы гутаркі і сустрэчы са святаром, ладзячы паломніцтвы, удзельнічаючы ў міжнародных праваслаўных і міжхрысціянскіх сустрэчах, ажыццяўляючы творчыя праекты на беларускай мове, прымаючы ўдзел у беларускамоўных богаслужэннях Петра-Паўлаўскага сабора, у невялікай ступені – займаючыся сацыяльнай дзейнасцю. З-за сваёй пазіцыі паводле розных пытанняў царкоўнага жыцця і нежадання падпарадкоўвацца жорсткай дысцыпліне, маладзёвая група была пазбаўленая “благаславення” на дзейнасць пры Свята-Петра-Паўлаўскім саборы ў 2005 г. і з таго часу існуе нефармальна, не ведучы, фактычна, ніякая маштабнай дзейнасці.

6. Праваслаўны маладзёвы цэнтр св. Іаана Багаслова пры Свята-Георгіеўскім храме г. Бабруйска. Сустрэчы са святаром, дапамога храму, дыскусійны клуб.

7. Праваслаўнае маладзёвае Свята-Сафійскае брацтва пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы г. Гродна. Дзейнасць падобная да дзейнасці “класічных” брацтваў – гутаркі са святаром, сустрэчы, паломніцтвы, сацыяльная дзейнасць.

8. Брацтва ў гонар св. Іосіфа Волацкага. Асноўная дзейнасць – збор інфармацыі пра дзейнасць нетрадыцыйных рэлігійных арганізацый у Рэспубліцы Беларусь (па тэрміналогіі брацтва “сектаў”). На дадзены момант дзейнічае не брацтва, але спецыяльны епархіяльны цэнтр, звязаны са зборам інфарамцыі па дзейнасці “сектаў”.

9. Маладзёвае брацтва ў гонар св. прав. Іаана Кранштацкага пры Свята-Ўспенскім храме г. Віцебска, а таксама Віцебскі епархіяльны аддзел па справах моладзі: апроч традыцыйных сустрэчаў са святаром, брацтва займаецца прасоўваннем беларускамоўнага богаслужэння, праводзіць штогадовы фестыфаль “Неба славян”, а таксама хрэсны ход, прысвечаны еднасці славянскіх народаў “Агульны шлях – Адыгітрыя”, займаецца Інтэрнэт-старонкай carkva.info.

10. Брацтва ў гонар св. дбр. кн. Даўмонта Пскоўскага г. Ліда. Сустрэчы са святаром, сацыяльная дзейнасць, дапамога ў дзіцячым летніку, прасоўванне беларускамоўнага богаслужэння, напрыклад, правядзенне ў ліпені 2008 г. разам з Сусветным брацтвам “Сіндэмас” летніка-кансультацыі на тэму “Беларуская мова і праваслаўная царква”. 11. Брацтва ў гонар прп. мч. Афанасія Брэскага пры Свята-Траецкім кафедральным саборы г. Брэста.

Апроч брацтваў у праваслаўнай царкве атрымалі шырокі распаўсюд таксама і вайскова-патрыятычныя, спартова-патрыятычныя, казацкія арганізацыі, скаўцкія дружыны, сярод якіх варта адзначыць спартова-гістарычны клуб св. Даўмомнта Пскоўскага пры Св-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска, а таксама вайскова-патрыятычны клею “Пересвет” пра Крыжаўзвіжанскім храме г. Магілёва. У большасці выпадкаў, аднак, гэтыя арганізацыі не маладзёвыя, а падлеткавыя, створаныя для спартовага, духоўнага, патрыятычнага, часта ў духу ідэалогіі беларускай дзяржавы ці панславізму, выхавання моладзі.

Як мы можам бачыць, усе праваслаўныя рэлігійныя арганізацыі моладзі падпарадкоўваюцца рэлігійнай арганізацыі, а пры парушэнні дысцыпліны іх дзейнасць у межах дадзенай рэлігійнай арганізацыі перапыняецца. Такія арганізацыі не з'яўляюцца самакіраванымі, кіраўніцтва не выбіраецца, а пераважна, прызначаецца на пасаду. 

 

Аб'яднанне Праваслаўнай моладзі Беларусі

У сувязі з гэтым, цікава каротка прасачыць гісторыю Аб'яднання Праваслаўнай моладзі Беларусі (цяпер Аб'яднання моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы – структурнага падраздзялення Беларускага Экзархату). Аб'яднанне моладзі было ўтворанае ў 2002 г., як адзначаецца ў тагачасным статуце незарэгістраванай арганізацыі: “ініцыятарамі стварэння Аб'яднання Праваслаўнай моладзі Беларусі з'яўляюцца маладзёвыя арганізацыі Беларускага Экзархату”, а “вышэйшым кіраўнічым органам Аб'яднання з'яўляецца З'езд праваслаўнай моладзі БПЦ”. Старшынёй Аб'яднання быў прызначаны еп. Арцемій, а адказны сакратар і Рада былі абраныя праваслаўнай моладдзю. Прыняцце новай рэдакцыі Закону “Аб свабодзе сумлення” і больш жорсткая рэгламентацыя рэлігійнай дзейнасці прывялі да таго, што дзейнасць аб'яднання ў такім выглядзе стала немагчымай, і пры ажыццяўленні дзейнасці члены аб'яднання сустракалі перашкоды з боку праваахоўных органаў. Больш за тое, ужо ў 2003 г. на З'ездзе праваслаўнай мо

ладзі Беларусі новы адказны сакратар быў не абраны, як прадугледжваў статут, а насуперак волі з'езду, прызначаны царкоўным кіраўніцтвам. Рэгістрацыя статуту і аб'яднання была немагчымай, бо закон не прадугледжаў такога кшталту арганізацыі ў прынцыпе. Было вырашана арганізацыю акрэсліць як структурнае падраздзяленне Беларускага Экзархату і прыняць ужо не статут, але Палажэнне аб Аб'яднанні моладзі БПЦ, заднім чыслом утварыўшы яго ў студзені 2002 г. Новая палажэнне значна адрознівалася ад папярэдняга “дэмакратычнага” статуту: “Аб'яднанне моладзі БПЦ ... з'яўляецца структурным падраздзяленнем Беларускай Праваслаўнай Царквы ... і сторанае паводле пастановы Сінода БПЦ 31 студзеня 2002 г.”, а таксама што тычыцца кіравання, то “Кіраванне справамі Аб'яднання ажыццяўляецца паводле прынцыпаў іерархічнай падпарадкаванасці. Аб'яднанне падпарадкоўваецца Сіноду БПЦ ..., які зацвярджае палажэнне аб Аб'яднанні..., ажыццяўляе агульны кананічны, духоўны і адміністратыўны нагляд за дзейнас

цю названага структурнага падраздзялення”, а таксама прадугледжанае “частковае ці поўнае змяненне складу ўдзельнікаў Аб'яднання і органаў кіравання Аб'яднання пры адступленні асобных асобаў ад кананічных правілаў і ўстанаўленняў РПЦ”. Аб'яднанне моладзі з 2002 г. праводзіла шэраг мерапрыемстваў, такія, як паломніцтвы, тэматычныя семінары, злёты праваслаўнай моладзі, але ўжо пачынаючы з 2005 г. актыўнасць дадзенай арганізацыі пачынае значна спадаць, а пасля адкрытага празначэння новага адказнага сакратара ў 2008 г. і наогул сыходзіць у нябыт, саступаючы месца больш свабодным ініцыятывам. 

 

Нефармальныя праваслаўныя ініцыятывы

Сярод такіх ініцыятываў галоўную ролю выконвае інтэрнэт-форум праваслаўнай моладзі “Беседка” http://besedka.info, які першапачаткова ствараўся згаданым вышэй Свята-Нікольскім брацтвам пры Петра-Паўлаўскім саборы, стаўшы пляцоўкай абмеркавання для Аб'яднання моладзі. Аднак з 2007 г. “Беседка” зажыла сваім жыццём, арганізуючы міжпрыходскія сустрэчы праваслаўнай моладзі, нефармальныя сустрэчы, а ў лістападзе 2008 г. - злёт праваслаўнай моладзі “Единство”. У студзені 2009 г., аднак, з-за таго, што "Бесадка" фактычна сябе пазіцыянавала як хоць нефармальная, але арганізацыя, адбыўся канфлікт з кіраўніцтвам Аб'яднання моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у якім з боку апошніх патрабавалася спыніць любую несанкцыянаваную дзейнасць ад імя форуму, а любым мерапрыемствам, якія форумам і ягоным удзельнікамі арганізуюцца, надаваўся адно статус прыватных ініцыятываў. "Беседка" і яе лідары прынялі такія правілы гульні, і канфлікт быў вычарпаны, аднак ён выдатна праілюстраваў немагчымасць існавання нават нефармальных праваслаўных моладзевых аб'яднанняў БПЦ.

Ёсць таксама і іншыя нефармальныя праваслаўныя ініцыятывы, галоўным чынам Інтэрнэт-рэсурсы, сярод якіх, апроч форуму “Беседка”, трэба згадаць партал праваслаўнай моладзі “Дубус” http://dubus.by, беларускамоўны сайт “Сьветач” http://svetach.org, дзе размяшчаецца інфармацыя пра гісторыю царквы на Беларусі, навіны хрысціянскага жыцця, абнаўленне нерэгулярнае, а таксама папулярны хрысціянскі сайт “Царква” http://churchby.info, які дае навіны па хрысціянскім жыцці ў Беларусі і свеце, ажыццяўляе маніторынг рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі, змяшчае багаслоўскія, гістарычныя і аналітычныя матэрыялы.

Апроч вышэйназваных арганізацый можна вылучыць таксама і ініцыятывы, звязаныя з дзейнасцю міжнародных альбо замежных праваслаўных арганізацый, сярод найбольш значных адзначым наступныя: Сусветнае брацтва праваслаўнай моладзі “Сіндэсмас”, расейска-украінска-беларускі фестываль “Братья”, Праабражэнская Садружнасць праваслаўных брацтваў (цэнтр у Расеі) і звязаны з ёй Свята-Філарэтаўскі інстытут (Масква), штогадовы летнік праваслаўнай моладзі на Кіпры, сустрэчы ў абшчыне Тэзэ (Францыя).

Апошняй праваслаўнай арганізацыяй, якая мае асаблівы статус сярод праваслаўных маладзёвых ініцыятваў, мы ўзгадаем ліквідаваны ў 2006 г. Саюз Праваслаўнай моладзі Беларусі ў гонар св. Георгія Пабеданосца. Дадзеная арганізацыя была зарэгістраваная мінюстам, і паводле свайго статуту з'яўлялася грамадскай арганізацыяй, а не рэлігійнай, і не была звязаная з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Дадзеная арганізацыя спрычынілася да выдання зарэгістравана ў Расеі часопіса “Теократия”, а таксама ў схаваным удзеле ў грамадска-палітычнай дзейнасці, напрыклад, вылучэнні назіральнікаў на выбары. Фармальнай прычынай ліквідацыі арганізацыі стала адсутнасць юрыдычнага адрасу, але, хутчэй, яно было звязанае з справай “Партнэрства”, т.я. авбінавачны ў тым, што ён з'яўляецца кіраўніком незарэгістраванай арганізацыі М. Астрэйка, узначальваў і Саюз.

 

 

Каталіцкія арганізацыi

Пяройдзем да каталіцкіх арганізацый. Шмат у чым, асноўная форма дзейнасці мала адрозніваецца ад маладзёвых арганізацый Беларускай Праваслаўнай Царквы, гэта значыць, такія арганізацыі з'яўляюцца парафіяльнымі ці дыяцэзіяльнымі, узначальваюцца адказным за маладзёвую дзейнасць, асноўнымі накірункамі актыўнасці маюць сустрэчы са святарамі ці манахамі, рэкалекцыі, спецыяльныя малітоўныя сустрэчы (напрыклад, начное чуванне моладзі ў катэдры Найсвяцейшай Панны Марыі), удзел у паломніцтвах (напрыклад, у Будслаў альбо ў абшчыну Тэзэ), у міжнародных сустрэчах моладзі, дапамозе ў парафіі і г.д. Як і ў большасці праваслаўных брацтвах і цэнтрах, маладзёвыя групы прыкліканыя праз сустрэчы забяспечваць сацыялізацыю моладзі ў Царкве, ацаркаўленне моладзі, магчымасць знайсці сяброў. Нярэдка такія арганізацыі займаюцца і справамі міласэрнасці.

Як і ў праваслаўнай царкве, дзейнасць большасці каталіцкіх маладзёвых аб'яднанняў і ініцыятываў жорстка падпарадкаваная царкоўнай іерархіі, прынамсі, такое падпарадкаванне падтрабуецца. Для ілюстрацыі дадзенага палажэння разгледзем дзейнасці Згуртавання маладых каталікоў, а таксама інтэрнэт-форуму ЗМК. Згуртаванне маладых каталікоў было зарэгістраванае як грамадская, а не рэлігійная арганізацыя, і праводзіла вялікую колькасць незалежных мерапрыемстваў, напрыклад, выдала дыск “Беларускія калыханкі”, альбо праводзіла сустрэчы каталіцкай моладзі і нават хрысціянскія дыскатэкі, а на інтэрнэт-форуме дадзенай арганізацыі абмяркоўваліся розныя тэмы, звязаныя, як з багаслоўем Рыма-Каталіцкага Касцёлу і Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, так і з іх грамадскім жыццём і пастырскай практыкай. Дзейнасць арганізацыі скончылася тым, што “ў сувязі з тым, што ў апошні час актывізавалася дзейнасць асобаў, якія называюць сябе моладзевай каталіцкай арганізацыяй”, была прынятая Пастанова Канферэнцыяй Ка

таліцкіх біскупаў Беларусі, дзе апошняя заклікала “ўсіх удзельнікаў неафіцыйных арганізацый і груп, якія называюць альбо лічаць сябе каталіцкімі, спыніць несанкцыянаваную дзейнасць, бо яна падрывае дысцыпліну ў мясцовым Касцёле на Беларусі і наносіць шкоду яго адзінству.” Больш за тое, ККББ нагадала “пра неправамоцнасць у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права і з агульнапрынятымі нормамі міжнароднага права выкарыстання назвы «каталіцкі» без дазволу кампетэнтных Касцёльных уладаў і лічыць неадпаведным маральным прынцыпам выкарыстоўваць слова “каталік, каталіцкі” ў назвах груп, не зацверджаных тымі ж уладамі”.

Таксама было рэкамендавана “пробашчам давесці да ведаму аніматараў парафіяльных моладзевых груп і ўсіх асобаў, адказных за працу з моладдзю, пра недапушчальнасць у межах іх дзейнасці любых кантактаў з прадстаўнікамі несанкцыянаваных арганізацый і рухаў рэлігійнага, грамадскага або палітычнага кірункаў.” Тым не менш, ініцыятывы, якія не меліафіцыйнага дазволу іерархіі працягваюць існаваць, сярод іх можна адзначыць, напрыклад, ініцыятыву за вяртанне касцёла св. Язэпа, а таксама шэраг нефармальных аб'яднанняў каталіцкай моладзі.

Сярод іншых ініцыятываў трэба ўспомніць хрысціянскія сустрэчы моладзі, якія праводзіліся ў г. Віцебску дыяканам Пётрам Рудкоўскім OP, у Горадні і Берасці праводзяцца малітоўныя экуменічныя сустрэчы.

 

 

Пратэстанцкія арганізацыi

Што тычыцца пратэстанцкіх арганізацый у Беларусі, то з-за хісткага становішча саміх рэлігійных арганізацый, цяжкім з'яляецца і дзейнасць моладзі. Як і ў праваслаўнай і каталіцкай канфесіях, пратэстанцкія моладзевыя арганізацыі – гэта пераважна т. зв. моладзевае служэнне ў царкве, часта ўзначальваемае спецыяльным служыцелем ці сынам пастара. Моладзевае служэнне прыкліканае да місіянерскай, выхаваўчай і адукацыйнай дзейнасці, а таксама дапамогі царкве ў правядзенні служэнняў, у прыватнасці, музычнага, працы з дзецьмі, сацыяльнай дзейнасці. Часта моладзь у пратэстанцкіх цэрквах мае дадатковае моладзевае богаслужэнне, якое наведваюць маладыя людзі, якія з'яўляюцца членамі царквы або рыхтуюцца да таго, каб стаць членамі. Мноства пратэстанцкіх моладзевых аб'яднанняў – гэта музычныя гурты і праекты. Ёсць і спецыялізаваныя арганізацыі, такія, як Campus Crusade, што праводзяць місіянерскія і духоўныя летнікі, евангелізацыю праз ангельскую мову, Саюз студэнтаў-хрысціян, галоўным чынам звернуты на місіянерскую дзейнасць сярод студэнцкай моладзі.

Сярод паспяховых незалежных пратэстанцкіх моладзевых ініцыятываў, адзначым студэнцкі творчы хрысціянскі рух CREDO, а таксама вэб-сайт “Иди на свет” http://idinasvet.com. CREDO, створаная ініцыятыўнымі маладымі хрысціянамі студэнтамі, пераважна пратэстантамі, з розных дэнамінацый – баптысцкай, пяцідзесятніцкай, поўнаевангельскай, не была звязаная з канкрэтнай структурай рэлігійнага аб'яднання, пры тым, што пастаянна вяліся касультацыі з рознымі пастарамі і старшыянмі рэлігійных аб'яднанняў. Арганізацыя аб'ядноўвае значную колькасць студэнтаў-хрысціян, праводзіць іх сустрэчы, тэматычныя клубы, дыскусійныя спатканні, місіянерскія творчыя акцыі, у прыватнасці, м'юзіклы, а таксама займаецца валанцёрскай дзейнасцю.

Вэб-сайт “Иди на свет”, хоць і ствараўся як сайт моладзі мінскай царквы хрысціян веры евангельскай “Благадаць”, аднак у ім, як у партале, прымае ўдзел нашмат больш шырокія колы хрысціянскай моладзі. Сайт з'яўляецца адным з самых наведвальных сярод рэлігійных беларускіх сайтаў, удзельнікі сайта размяшчаюць розныя артыкулы на актуальныя тэмы, а таксама абмяркоўваюць іх на форуме.

 

Іншае

Яшчэ адным відам хрысціянскіх ініцыятываў з'яўляюцца міжканфесійныя моладзевыя ініцыятвы і арганізацыі, якія часта могуць і не з'яўляцца спецыфічна моладзевымі, як, напрыклад, ініцыятыва “За свабоднае веравызнанне”, кампанія за збор подпісаў за змены рэлігійнага заканадаўства Беларусі, у якой хрысціянская моладзь розных канфесій прыняла чынны ўдзел. Міжканфесійныя моладзевыя ініцыятывы з'яўляюцца альбо фармалізаванымі, як напрыклад, дзейнасць міжканфесійнай моладзевай групы пра Міжнародным Адукацыйным цэнтры ў г. Мінску, пра дзейнасць якой практычна няма ніякай інфармацыі, альбо быць цалкам нефармальнымі сустрэчамі.

Асобнае месца сярод хрысціянскіх арганізацый і ініцыятываў займаюць палітычныя арганізацыі, што пастулююць сваю сувязь з хрысціянствам. На дадзены момант у Беларусі такіх арганізацый дзейнічае дзве – гэта “Малады Фронт” і Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, створаная маладымі палітыкамі-хрысціянамі розных канфесій для прасоўвання хрысціянскіх каштоўнасцей у палітыку, а таксама звязаная з шэрагам кампаній – у т.л. праваабарончых, праекта “Пакаяння”, супраць акультызму, абортаў. БХД праводзіць канферэнцыі, выдае дыскі хрысціянскай музыкі, праводзіць сустрэчы і заняткі па гісторыі хрысціянства на Беларусі, па беларускай мове, і інш. Часам акцыі “Маладога Фронта” і БХД носяць кур'ёзны характар, як напрыклад, акцыя абмену папяровых сардэчак з цытатамі з Бібліі на прэзерватывы, якую праводзіў у межах святкавання дня св. Валянціна Малады Фронт у 2002 г., а таксама ўзняцце бел-чырвона-белых сцягоў на святочнай імшы ў Будславе ў 2008 г. 

 

Тэндэнцыі

Трэба адзначыць, што ў сферы хрысціянскіх моладзевых арганізацый назіраюцца тэндэнцыі, характэрныя і для беларускага “трэцяга сектару”. Перш за ўсё, гэта ўціск незалежных ініцыятываў з боку дзяржавы, толькі ў нашым выпадку, сюды дадаецца яшчэ і жорсткі кантроль з боку рэлігійных арганізацый, які ў шэрагу выпадкаў зразумелы і апраўданы, але што прыводзіць да амаль поўнай адсутнасці моцных незалежных моладзевых хрысціянскіх ініцыятываў і арганізацый, падобных на тыя, што існуюць у краінах Заходней Еўропы, т.зв. студэнцкіх хрысціянскіх арганізацый.

Праблемай з'яўляецца таксама і неакрэсленасць праўнага становішча хрысціянскіх моладзевых арганізацый – ці з'яўляюцца яны пераважна рэлігійнымі, ці грамадскімі арганізацыямі. І калі сектар моладзевых ініцыятываў як рэлігійных у пэўным сэнсе досыць развіты ў якасці дзейнасці рэлігійных арганізацый, то сектар хрысціянскіх грамадскіх моладзевых арганізацый – практычна пусты. Па-сутнасці, можна правесці паралель з тым, што моладзевыя рэлігійныя арганізацыі – гэта царкоўны БРСМ, які ствараецца “зверху” і арганізуе моладзь для пэўнай дзейнасці.

Па-трэцяе, вышэйназваныя прычыны вымушаюць шэраг незалежных хрысціянскіх ініцыятываў дзейнічаць нефармальна, а гэта значыць – рызыкаваць. Відавочна, што моладзевыя стасункі і абмеркаванні сур'ёзных пытанняў, вымушаюць хрысціянскую моладзь шукаць магчымасці самавыражэння ў інтэрнэце, у блогах, а інтэрнэт-суполках.

 

 

Скарочаны варыянт гэтага артыкулу быў надрукаваны ў часопісе грамадскіх актывістаў "Асамблея" №3, 2008 г. пад рэдакцыйнай назвай "Кантроль, неакрэсленасьць, рызыка. Моладзевыя хрысціянскія ініцыятывы ў Беларусі" - С.18-22.

Наталля Васілевіч

Рубрыка: