Мітрапаліт Т.Кандрусевіч пра актуальныя падзеі ў Касцёле ў Беларусі

 

Магчымая сустрэча Папы і Патрыярха Кірыла ў Беларусі «магла б распачаць новую старонку ў адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой», — паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

На думку Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Ватыкан павінен прынесці добры плён

 

— 27 красавіка Святы Айцец даў аўдыенцыю Прэзідэнту нашай краіны. Гэты візіт быў адказам на запрашэнне Папы ці ініцыятывай кіраўніка нашай дзяржавы?

 

— Папа дае аўдыенцыю, таму лагічна, што аб гэтым трэба яго прасіць. Звычайна ўлады пэўнай дзяржавы звяртаюцца да Святога Айца, каб у межах прабывання ў Італіі мець магчымасць атрымаць аўдыенцыю. Папа разглядае гэтую справу, пасля чаго дае аўдыенцыю. Гэта быў прыватны візіт, першы візіт кіраўніка нашай дзяржавы ў Ватыкан. Сёння мы бачым развіццё адносінаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Амаль што кожны тыдзень хтосьці з Еўрасаюза прыязджае ў Беларусь. Таксама Беларусь была запрошана прыняць удзел ва «Усходнім партнёрстве», прыняць удзел у сустрэчы ў Празе, якая адбудзецца 7 мая. Усё гэта гаворыць пра тое, што адносіны развіваюцца, і гэта вельмі добра. Гэта падкрэслівае той факт, што ўся Еўропа не будзе поўнай без Беларусі, якая з’яўляецца нібы шляхам на Усход. Папа — гэта Pontifex. Pontifex ад слова pontis — мост. Беларусь з’яўляецца ў пэўным сэнсе мастом, бо тут сустракаюцца хрысціянства ўсходняе, візантыйскае, з хрысціянствам лацінскім. Гэта лагічна і вельмі добра, што гэтыя працэсы развіваюцца.

 

Вядома, што Ватыкан, гэта невялікая дзяржава, але Ватыкан адыгрывае дзве ролі: з аднаго боку гэта цэнр кіравання, духоўны цэнтр Каталіцкага Касцёла, дзе знаходзіцца яго кіраўнік — Папа, наступнік святога Апостала Пятра, а з іншага боку, гэта дзяржава, суб’ект міжнароднага права. Вядома, які аўтарытэт мае Ватыкан, таму гэтая сустрэча вельмі важная для нашай краіны, для развіцця працэсаў інтэграцыі, а таксама для развіцця экуменічных адносінаў паміж праваслаўнымі і католікамі. Я вельмі рады таму, што гэты візіт адбыўся, і думаю, што ён прынясе добры плён для Беларусі, а таксама для Каталіцкага Касцёла і для нашых адносінаў з Еўрасаюзам. Касцёл хоць і не з гэтага свету, але ў гэтым свеце. Ён таксама павінен жыць праблемамі гэтага свету. Пра гэта гаворыць сацыяльная дактрына Каталіцкага Касцёла.

 

Узаемаадносіны Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з дзяржавай можна ахарактарызаваць як шматвектарныя

 

— Як Вы ацэньваеце ўзаемаадносіны Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і беларускай дзяржаўнай улады?

 

— Шматвектарныя! Ёсць цяпер такое моднае слова (смяецца). Намі актыўна цікавяцца сродкі масавай інфармацыі. Напэўна, не шмат краінаў, у якіх адбываецца прамая трансляцыя набажэнстваў па радыё, а таксама на тэлебачанні ва ўрачыстасці Божага Нараджэння і Вялікдзень. Адбываецца таксама трансляцыя і іншых набажэнстваў, хоць і часткова. У эфір выходзяць рэлігійныя праграмы, у якіх закранаецца тэматыка Каталіцкага Касцёла.

 

Дзяржаўнае кіраўніцтва падкрэслівае, што Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква — гэта дзве хрысціянскія канфесіі, як кажуць, гістарычныя або традыцыйныя. Напэўна, 8–9 стагоддзяў Каталіцкага Касцёла на беларускай зямлі — гэта ўжо гісторыя немалая, гісторыя багатая і часам трагічная. Напэўна, ёсць праблемы. Недастаткова яшчэ касцёлаў, існуюць персанальныя праблемы. Хоць тут дынаміка вельмі добрая. Ва ўсёй Беларусі 20 гадоў таму было каля 60 мясцовых святароў, сёння іх — 280. На дадзеным этапе ў гродзенскай і пінскай семінарыях навучаюцца каля 90 семінарыстаў, а таксама каля 50 семінарыстаў з манаскіх супольнасцяў. У Заходняй Еўропе гэтыя лічбы ўспрымаюцца як немалыя. Не нашая віна, што ў нас мала святароў, бо на працягу 70 гадоў не было семінарый, а Касцёл перажываў ганенні. Аднак тут ужо відаць пэўны прасвет. Напрыклад, святар з Барысава, якому не прадоўжылі дазвол на далейшае прабыванне тут, можа быць заменены іншым, які будзе прадстаўлены кангрэгацыяй марыянаў, бо ім даручана гэтая парафія. Гэта важны і вялікі крок наперад. Таксама мы ўжо атрымалі некалькі пляцовак пад будаўніцтва касцёлаў у Мінску. Так, ёсць праблемы, але самае важнае, што ёсць нейкі напрамак і ёсць тэндэнцыі да іх вырашэння. Маю надзею, што дадзены візіт дапаможа ў вырашэнні тых праблемаў, якія яшчэ застаюцца.

 

Варта было б адзначыць, што ідзе падрыхтоўка да падпісання пагаднення паміж Ватыканам і Беларуссю. Многія кажуць, што ўжо прайшло 10 месяцаў з часу візіту ў нашу краіну кардынала Бэртонэ, а справа стаіць на месцы. Гэта можа працягвацца некалькі гадоў, таму, думаю, што ўсё ідзе сваім парадкам. Трэба памятаць пра тое, што тут рыхтуецца дакумент, пагадненне паміж двума суб’ектамі міжнароднага права — Беларуссю і Ватыканам.

 

Магчымая сустрэча Папы і Патрыярха Кірыла ў Беларусі «магла б распачаць новую старонку ў адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой»

 

— Якімі Вы бачыце міжканфесійныя адносіны ў Беларусі?

 

— Міжканфесійныя адносіны складваюцца добра, назіраецца добрая дынаміка. На маім інгрэсе быў праваслаўны епіскап, на іншых набажэнствах таксама нярэдка прысутнічаюць прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і іншых хрысціянскіх канфесій. Нярэдка і мяне запрашаюць на набажэнствы ў Праваслаўнай Царкве, на сімпозіумы і канферэнцыі. Шмат арганізуецца супольных канферэнцый, асабліва на тэму прафілактыкі СНІДу.

 

7–10 чэрвеня ў нас будзе прабываць арцыбіскуп Ліона (Францыя — рэд.) кардынал Філіп Барбарэн. Ён прыедзе па запрашэнні Мітрапаліта Філарэта, але таксама наведае і нас, будзе цэлебраваць святую Імшу, сустрэнецца са мною. Гэты візіт адбудзецца ў межах міжканфесійнага дыялога. Сёння трэба далей развіваць гэтыя адносіны, бо выклікі нашага часу вельмі сур’ёзныя, таму трэба разам абараняць хрысціянскія каштоўнасці. Думаю, што ў гэтай справе ёсць добрае ўзаемаразуменне. Спадзяюся, што з новым Маскоўскім Патрыярхам Кірылам, якога я добра ведаю, мы знойдзем агульную мову ў справе абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў, асабліва сёння.

 

— У мас-медыя з’явіліся меркаванні пра магчымую сустрэчу Папы і Патрыярха Кірыла ў Беларусі...

 

— Дай Бог! Сапраўды, такая сустрэча патрэбна. Гэтай сустрэчай мы маглі б распачаць новую старонку ў адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. З іншага боку, такая сустрэча павінна быць добра падрыхтавана. Гэтая сустрэча павінна прынесці свой плён і ў адносінах паміж нашымі супольнасцямі, і ў справе адказу на выклікі нашага часу, сярод якіх лібералізм, секулярызм, рэлятывізм, абарона жыцця, кланаванне. Сённяшняя навука настолькі даследавала геном, што можна, напрыклад, вызначыць, зможа пэўны чалавек быць спартсменам ці не. Гэта вельмі небяспечна і неэтычна! Кожны павінен мець аднолькавыя правы. Я думаю, што адносна гэтага пытання ў нас з Праваслаўнай Царквою таксама будзе аднадушная пазіцыя.

 

Былы старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя наведае Беларусь

 

— Стала вядома, што ў хуткім часе з візітам у Беларусь прыбудзе былы старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя кардынал Хав’ер Ласано Барраган. На якім узроўні будзе адбывацца гэты візіт? Ці вядома мэта і праграма візіту?

 

— Так, карданал Хав’ер Барраган прылятае ў пятніцу 29 мая. У суботу, 30 мая, ён будзе прымаць удзел у канферэнцыі ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Ён быў запрошаны на яе яшчэ як старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. У нядзелю кардынал наведае віцебскія парафіі. Вечарам гэтага ж дня ён прыбудзе ў Мінск. Іерарх выказаў жаданне сустрэцца са студэнтамі і медработнікамі. Арганізаваць лекцыю не складана, аднак ёсць невялікая праблема, бо ў студэнтаў распачынаецца сесія. Таму пакуль што працуем над гэтым. Плануецца сустрэча кардынала з міністрам аховы здароўя. У аўторак, 2 чэрвеня, ён ужо адлятае. Кардынал Хав’ер быў запрошаны біскупам Уладыславам Блінам і рэктарам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта.

 

Сёлетняя сустрэча моладзі ў Івянцы супадзе з 20-гадовым юбілеем біскупскага пасвячэння Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча

 

— Не менш важнай падзеяй у нашай архідыяцэзіі з’яўляецца сустрэча моладзі ў Івянцы. Пад якім дэвізам яна будзе праходзіць? Можа, ужо запланаваны пэўныя цікавыя мерапрыемствы?

 

— Гэтая сустрэча будзе праходзіць на ўзроўні архідыяцэзіі, аднак яна будзе адкрыта і для моладзі з іншых дыяцэзій. Гэта будзе моладзевая малітоўная сустрэча, дэвіз якой — «Quis ut Deus» («Хто ж, калі не Бог»). Так сталася, што гэтая сустрэча будзе праходзіць 25–26 ліпеня, і акурат 20 гадоў таму, 25 ліпеня, Папа ўзвысіў мяне да годнасці біскупа. А мой дэвіз — «Quis ut Deus». Многія цікавіліся, чаму я выбраў гэты дэвіз. Тады іншы час быў, 1989 год... Праз гэты дэвіз мне хацелася сказаць, што ў цяжкія часы, нягледзячы на пераслед веры, ганенне Касцёла, людзі сваім жыццём прамовілі гэтыя словы: «Quis ut Deus» — «Хто ж, калі не Бог». Таксама і сёння, ужо ў іншых абставінах, хацелася б, каб моладзь паўтарыла гэтыя словы — не таму, што гэта мой дэвіз, але таму, што калі яна паўторыць іх сваім жыццём, напэўна, яна будзе іншай, будзе будаваць сваю будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях.

 

Сучасныя мас-медыя — добры сродак для евангелізацыі

 

— Ваша Эксцэленцыя, калі Вы вярнуліся ў Беларусь, з новымі тэмпамі пачалі развівацца касцёльныя СМІ, у прыватнасці сайт Catholic.by. Дзякуючы Вашай ініцыятыве свет убачылі Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору на беларускай мове. Таксама Вы заклікаеце да выкарыстання сучасных мас-медыя ў евангелізацыйных мэтах. Якія планы, праекты чакаюць свайго здзяйснення ў гэтай галіне?

 

— Так, я заклікаю да выкарыстання сучасных сродкаў мас-медыя для евангелізацыі, бо практыкуючыя вернікі, і нават тыя, хто прыходзіць на Вялікдзень і Божае Нараджэнне — гэта кропля ў моры ў параўнанні з тым, колькі яшчэ людзей не ведае Бога або ведае пра Яго вельмі мала. Таму я ўпэўнены, што сёння нельга абысціся без мас-медыя.

 

Я не магу таксама ўявіць працы біскупа без Інтэрнэта. Я сустракаюся з рознымі людзьмі, і калі не буду валодаць інфармацыяй, я нічога не змагу ім сказаць. Некалькі разоў на дзень я праглядаю навіны, каб ведаць, што адбываецца ў свеце. Найхутчэй пра ўсё гэта я даведаюся праз Інтэрнэт. Таксама калі мне трэба выслаць Пастырскія пасланні або даць нейкую інфармацыю святарам, якім чынам я магу перадаць сваё слова? Калі высласць інфармацыю па пошце, яна можа страціць сваю актуальнасць, а праз Інтэрнэт — гэта секунды. Таму для абвяшчэння Божага слова, нават для навучання, для пастырскага слова трэба выкарыстоўваць гэтыя тэхналогіі.

 

Добра было б стварыць сучасны медыя-цэнтр. Ці ўдасца нам гэта, я не ведаю, бо справа вельмі каштоўная. У медыя-цэнтры мы маглі б рэгулярна праводзіць прэс-канферэнцыі, брыфінгі і г. д. Трэба займацца падрыхтоўкай спецыялістаў. Важна таксама, каб у беларускай секцыі Ватыканскага радыё быў святар-беларус. Хацелася б, каб была штотыднёвая газета, аднак усё ўпіраецца ў кадры і фінансавыя сродкі. У гэтым годзе, як вядома, выйшлі Дакументы ІІ Ватыканскага Сабору на беларускай мове, цяпер мы працуем над выданнем «Літургічнай агенды». Трэба выдаць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, прынамсі ўжо перакладзены яго Кампендыум, трэба таксама выдаць Сацыяльнае вучэнне Касцёла. Не так даўно да мяне звярнуліся з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з просьбай напісаць для іх артыкул пра сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла. Як бачым, людзі цікавяцца і жадаюць чуць падобную інфармацыю. Было б таксама добра, каб у парафіях выпускалася невялікая газета. Гэта сведчыла б пра магчымасці і патэнцыял парафіі, а таксама пра актыўны ўдзел у жыцці парафіі саміх вернікаў, бо святар адзін усяго не зробіць. Трэба заклікаць, а парафіяне, як дабравольцы, увайшлі б у гэты «team» — каманду.

 

Культ Божай міласэрнасці вельмі патрэбны сучаснаму чалавеку

 

— Што такое перэгрынацыя, і як даўно яна практыкуецца ў Каталіцкім Касцёле?

 

— Мне здаецца, колькі існуе Касцёл, столькі існуе і перэгрынацыя. Само слова «перэгрынацыя» паходзіць ад лацінскага peregre, што азначае «вандраванне, паломніцтва». Езус сам вандраваў, хадзіў па гарадах і вёсках, абвяшчаючы Евангелле. Потым Ён сказаў Апосталам: «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле, абвяшчайце ўсім народам у імя Айца, і Сына і Духа Святога». У гісторыі Касцёла былі розныя часы і перыяды, але сучасны перыяд — асабліва пасля ІІ Ватыканскага Сабору, пачынаючы ад папы Паўла VI, які паехаў і ў Індыю, і на Філіпіны, характарызуецца ў гэтым сэнсе пэўным імпульсам. Я памятаю, калі абралі Яна Паўла ІІ, я тады быў у семінарыі, наш рэктар сказаў, што Папа, які катаецца на лыжах, будзе не толькі на самалёце ў іншыя краіны пілігрымаваць, але і на ракеце паляціць. На ракеце ён, безумоўна, не лятаў, але ніхто не здзейсніў столькі апостальскіх візітаў, колькі іх здзейсніў ён. Некалі ён сам сказаў, што не выканаў бы свайго задання, калі б не ішоў да іншых людзей. У нашым выпадку гаворка ідзе не пра чалавека, а пра абраз і рэліквіі. Перэгрынацыя абраза і рэліквій — гэта таксама цэлая гісторыя. Цяжка сказаць, колькі стагоддзяў практыкуецца перэгрынацыя святых абразоў або рэліквій. Напрыклад, гэта ўжо назіралася падчас пэўных бедаў ці хваробаў у першыя вякі хрысціянства. Памятаем, калі да Каталоніі набліжаўся вялікі пажар, быў узяты вэлюм св. Агніі (г. зн. рэліквія), які і ўратаваў горад ад полымя. Гэта былі першыя вякі хрысціянства. Таму, можна сказаць, колькі існуе хрысціянства, столькі існуе і перэгрынацыя.

 

Праз перэгрынацыю абраза даносіцца сама ідэя. Пры перэгрынацыі абраза Божай Маці даносіцца ідэя Яе «fiat», Яе «так». Перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага прадугледжвае далейшае развіццё культу Божай Міласэрнасці, каб яшчэ раз упэўніць людзей, што ён вельмі патрэбны сёння. Разам з абразом таксама перэгрынуюць рэліквіі благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, нашага земляка. Калі вернікі ўшаноўваюць яго рэліквіі, на іх тварах бачна свядомасць таго, што яны дакранаюцца да святога чалавека, які вырас на гэтых землях. Таму вельмі добра, што мы маем рэліквіі гэтага благаслаўлёнага. Копія абраза, які перэгрынуе, была напісана з віленскага абраза Божай міласэрнасці, і гэта таксама вельмі важна, бо частка цяперашняй Беларусі некалі была часткай Віленскай архідыяцэзіі. У няпростыя часы, калі быў Савецкі Саюз, тут не было касцёлаў, і я працаваў у Вострай Браме ў Літве пяць гадоў вікарыем. І я добра ведаю, як шмат там было людзей з Беларусі. Абраз Маці Божай Вастрабрамскай ведаюць і ў Маскве, і ў Санкт-Пецярбургу. Таксама трэба сказаць, што ў гэтым годзе прыпадае 75 гадоў з таго часу, калі быў напісаны гэты абраз. Ён быў напісаны ў 1934 г.

 

— Калі зарадзілася ідэя арганізаваць перэгрынацыю абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі ў нашай архідыяцэзіі?

 

— Ведаеце, я ў сваім жыцці вельмі ўдзячны Божай міласэрнасці. Напрыклад, як нам удалося атрымаць Чырвоны касцёл у 1990 годзе? Справа гэта, вядома, ішла даволі доўга, але рашэнне мы атрымалі ў 1990 г. Тады, я памятаю, на свята Божай міласэрнасці быў у Чырвоным касцёле. Вядома, касцёла яшчэ не было, мы цэлебравалі святую Імшу на вуліцы. Прыйшла ідэя ў свята Божай міласэрнасці зрабіць працэсію з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. На нас глядзелі з незразуменнем, думалі — нейкая дэманстрацыя. Праз некалькі дзён нам аддалі касцёл. І шмат іншых прыкладаў. Калі я прыехаў у Беларусь, ужо думаў над арганізацыяй канферэнцыі, але хацелася зрабіць нейкую больш шырокую акцыю. У той час я атрымаў вестку з Ватыкана пра тое, што адбудзецца беатыфікацыя Міхала Сапоцькі. Абраз і тэалогія Божай міласэрнасці звязаны з Міхалам Сапоцькам. Я падумаў, што, напэўна, мы атрымаем рэліквіі благаслаўлёнага, і меў намер прасіць аб гэтым. Так, атрымаўшы вестку пра беатыфікацыю, я падзяліўся сваімі думкамі са святарамі, яны ўсе падтрымалі. Была праблема, калі распачаць. Вырашылі, што ў свята Божай міласэрнасці будзе лепш за ўсё распачаць перэгрынацыю. Менавіта беатыфікацыя Міхала Сапоцькі стала імпульсам для яе распачацця.

 

— Ксёндз Міхал Сапоцька адышоў у вечнасць у 1975 г. Ваша Эксцэленцыя, якімі Вы памятаеце тыя часы? Як распаўсюджваўся культ Божай міласэрнасці ў Літве і Беларусі?

 

— У маёй сям’і, у раёне Гродна, гэты культ ужо быў вядомы. Можа, не так моцна, як сёння. У Вільнюсе таксама ён быў вядомы. У той час яшчэ існавалі розныя меркаванні: адны былі «за», іншыя — «супраць». У Ватыкане таксама не ва ўсіх была аднолькавая думка адносна гэтага. Але так заўсёды бывае з аб’яўленнямі. Касцёлу неабходны час, каб прызнаць іх, і гэта ніколі не адбываецца аўтаматычна. Так, культ ужо быў вядомы, хоць і не быў такім распаўсюджаным, як сёння.

 

— Перэгрынацыя будзе працягвацца да жніўня бягучага года. Ці вядома, як і дзе будзе праходзіць яе ўрачыстае завяршэнне, а таксама дзе будзе захоўвацца абраз Езуса Міласэрнага і рэліквіі бл. Міхала Сапоцькі?

 

— Дзе будуць заставацца рэліквіі бл. Міхала Сапоцькі ўжо вядома. Яны адразу былі перададзены ў пэўныя парафіі, з якімі было звязана жыццё і дзейнасць благаслаўлёнага. Гэта мінская архікатэдра, магілёўская архікатэдра, касцёл у Лебедзеве (Маладзечанскі дэканат — рэд.), касцёл у Забрэззі (Івянецкі дэканат — рэд.), касцёл у Валожыне, Барысаве і Бабруйску. Завяршэнне перэгрынацыі афіцыйна запланавана на 23 жніўня гг. Абраз застанецца ў мінскай архікатэдры. Але, калі будзе пабудаваны касцёл Божай міласэрнасці, то абраз, я мяркую, будзе перанесены ў гэтую святыню.

 

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая.

 

Крыніца: catholic.by

Рубрыка: