Маршруты па Беларусі: Сінія цэрквы

 

 

ЦАРКВА Ў ЗДІТАВЕ

 

ЦАРКВА Ў ЖАБІНЦЫ

Беларусь падала на ўключэнне ў Спіс усясветнае спадчыны ЮНЭСКА драўляныя цэрквы Палесся.

Там ацалелі ўнікальныя храмы, некаторым з якіх па чатырыста і болей гадоў. То скіруемся ад Мінску па брэсцкай шашы, каб паглядзець гэтыя перліны нашае спадчыны.

У Спісе ЮНЭСКА драўляным дойлідствам прадстаўленыя таксама Нарвегія і Японія. Клімат і рупнасць нарвежцаў здолелі захаваць у тым суровым краі так званыя «стаўкіркі» — бажніцы ХІІ—ХІV стст. Гэткіх цэркваў колісь было ў Нарвегіі 750, а ацалела толькі 30. У Японіі ж захавалася драўляная бажніца ажно 690 году: храм Харудзі ў Нара. На ўвесь свет вядомыя і паморскія цэрквы расійскае Поўначы, што ў архітэктурным запаведніку ў Кіжах. Некалькі музеяў драўлянага дойлідства ёсць у Заходняй Украіне, дзе таксама збераглося багата падобных помнікаў. Што ж маем мы?

Дарога тым часам ідзе па Кобрыншчыне. За вёскай Пяскі з брэсцкай шашы варта збочыць на Чаравачыцы. За паваротам пакажацца спрацаваны, салідны Мухавец, а за мостам ужо і вялікая вёска. Тут была старадаўняя драўляная царква Святой Параскевы. Пры канцы 1970‑х яна згарэла дашчэнту. Зараз на яе месцы ўзвялі грувасткую мураваную царкву Святога Іаана Багаслова, з шэрагу такіх, архітэктар якіх невядомы… Хоць той, хто будаваў, імкнуўся падкрэсліць падабенства гэтае царквы да храму ў недалёкай Чыжэўшчыне, па іншы бок трасы.

Там манументальная Уладзімірская царква была пастаўленая пры канцы ХІХ ст. у гонар стогадовага юбілею бою паміж касцюшкоўцамі і расійцамі пад Крупчыцамі…

Наогул, на Жабінкаўшчыне багата памятак пра часы Касцюшкі. Стаіць помнік Тадэвушу Касцюшку перад школаю ў Малых Сяхновічах. Бюст героя двух кантынентаў быў выраблены ў 1930‑я вядомай скульптаркай А.Відацкай для Кобрына. Але ў 1939 г. яго адтуль прыбралі, а ў 1988 г. усталявалі ў Малых Сяхновічах. У самой школе ёсць музейчык, што распавядае пра колішняга гаспадара тутэйшых ваколіц. І тут, і ў Вялікіх Сяхновічах, і пад Чыжэўшчынай распавядаюць, што вось гэтыя акурат прысады пасадзіў сам генерал Касцюшка…

Але спачатку, едучы ўздоўж маляўнічых берагоў Мухаўца, праз вёску Залуззе, можна патрапіць у Здзітаў. Дарэчы, у Залуззі ёсць цікавы этнаграфічны музей «Вясковая хата»: побыт і традыцыйны лад палешукоў. Для тых, хто раней не бываў у гэтых краях — сапраўдная экзотыка. Поўдзень, роўнядзь мухавецкіх разлогаў, вялікая кукуруза і буйныя сланечнікі…

Здзітава

Здзітава — адна з самых старажытных вёсак у Беларусі. Здзітаўская царква Мікіты вядомая з 1502 г. Так і стаіць гэты храм над Мухаўцом дасёння ў засені старадаўніх дрэваў. Мікітаўская царква ёсць найбольш старажытным помнікам драўлянага дойлідства ўсёй Беларусі. Невялікі храм узведзены ў самых архаічных нашых традыцыях з драўляных брусоў на мураваным падмурку. Такога кшталту зрубавыя канструкцыі, сведчаць археолагі, існавалі яшчэ за паўтысячы гадоў да нашае эры.

Царква Мікіты ў Здзітаве — тыповы беларускі адназрубавы храм: прастакутны зруб з невялікім прырубам‑тамбурам на галоўным фасадзе. Усё разам пакрытае агульным высокім дахам. Раней ён быў гонтавы, а цяпер рэжа вока новай бляхаю. На даху — невысокая макаўка на гранёнай шыйцы. Проста і ясна.

Яе тры разы капітальна рамантавалі — у 1787, у 1850‑я і ў 1929 г. Але паўтысячагадовыя падмурак, каркас, сама канструкцыя ацалелі. І ўсярэдзіне гэтая царква робіць незабыўнае ўражанне. Царская брама іканстасу скразной драўлянай разьбы, старажытныя абразы. Адсюль у Мінск, у Музей старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук, была вывезеная ў свой час «Адзігітрыя Іерусалімская»XVI ст. Гэты абраз — шэдэўр старажытнабеларускага іканапісу.

Крыху наводдаль стаіць каржакаватая званіца, таксама архаічнай каркаснай канструкцыі. Кароткія слупы па вуглах трымаюць чатырохкутны шацёр даху. Абок Мікітаўскае царквы захаваліся нават дубовыя прысады старадаўняга парку. Званіца і царква разам гарманічна пераходзяць у натуральны краявід, знітаваны з імі ў адно цэлае.

Здзітава не падобнае да вёсак у Цэнтральнай Беларусі. Усе ваколіцы тут скультураныя ўшчэнт. Ані дрыгвы, ані дрымучасці. І ў гэтай цывілізаванасці ёсць сваё рэдкае хараство. Спыніцца ў Здзітаве можна ў турыстычнай аграсядзібе, што месціцца ў процілеглым ад царквы канцы сяла, над пляжам на Мухаўцы.

Агратурыстычная сядзіба ў Здзітаве, у якой можна спыніцца, месціцца на маляўнічым беразе Мухаўца на вуліцы Рачной, 7. Кантакт: тэл.: +375‑1641‑24‑398, 28‑438.

Жабінка

Жабінка — мілае мястэчка на ростанях усіх дарог. Яна ўтварылася знянацку, як і, напрыклад, Баранавічы, у 1871 г., калі тут прайшла Маскоўска‑Брэсцкая чыгунка. Да таго на сутоку рэчкі Жабінкі з Мухаўцом быў тузін вёсак і фальваркаў: Абрамавічы, Галінова, Купіна, Мышчыцы Пакроўскія… У Жабінцы ёсць шыкоўная драўляная царква Пакрова Прасвятое Багаро¬дзіцы, пабудаваная ў 1885 г.

У горадзе захавалася нямала будынкаў міжваеннага часу: шыкоўны вакзал, старая вуліца Касцюшкі (сёння, як і паўсюль, Леніна), вадацяжная вежа, старыя могілкі, стары парк…

Але сёння ўсё жыццё ў Жабінцы круціцца вакол цукровага заводу — найбуйнейшага ў краіне. Ёсць і рэстаран, і бары, і вельмі прыстойны гатэль.

Збірагі

Праз пасёлак цукровага заводу дарога прывядзе вас проста ў Збірагі, у Брэсцкі раён. У Збірагах ацалеў яшчэ адзін старажытны драўляны храм — Пятніцкая царква. Невялікую святыню фундавала княгіня Агата Сапега з Пацаў яшчэ ў 1610 годзе. То бок, на лета бу¬дзем адзначаць яе чатырохсотгоддзе. Царква цудоўна захавалася і выдатна дагледжаная, трэба аддаць належнае густу тутэйшага настаяцеля. У сярэднявеччы, зазвычай, аснову будынку, ніжні вянок зрубу, прамежкавыя шулы сценаў, апорныя слупы, а таксама парогі, вушакі і ваканіцы рабілі з дубу. Трывушчасць дубу даказалі стагоддзі. Вось і маем. Простаму і саліднаму храму выдатна пасуе такая ж каржакаватая, але манументальная званіца, як і ў Здзітаве.

Пятніцкая царква паспела пабыць храмам усіх канфесій. Два з паловай стагоддзі была ўніяцкай, пасля праваслаўнай, у 1921 г. Пятніцкі храм стаў касцёлам. Па вайне храм зноў аддалі праваслаўным… Але храм не пуставаў ніколі. Мо таму і ацалеў. Ёсць у ім і свая рэліквія — часцінка мошчаў прападобнае Марыі Егіпецкай у абразе… Штогод 14 красавіка тут ладзяцца фэсты на дзень яе памяці. А раней Збірагі славіліся Траецкімі фэстамі, на якія збіраліся тлумы пілігрымаў да фігуры Хрыста. Але ў 1945 г. яе вывезлі ў Тэрэспаль, у Польшчу…

Пашпацыраваць у ваколіцах Збірагаў — задавальненне. Пашукаць жалудоў ці паўднёвых духмяных кветак.

Адно ў Збірагах пакуль ані кавярні, ані гатэлю няма. Таму есці і спыняцца можна ў Брэсце, да якога тут рукой падаць.

Здзітава

(Здзітаў, Здзітаўцы, на мясцовай гаворцы — Здытово) — адна з самых старажытных вёсак у Беларусі. Ёсць меркаванне, што яе назва яцвяжскага паходжання. У дзяржаўных дакументах ВКЛ Здзітава згадваецца рэгулярна пачынаючы з XVI ст. Большая частка населеных пунктаў сучаснай Жабінкаўшчыны ў тыя часы насіла назву Здзітавец. Напрыклад, існавалі вёскі і маёнткі Маціевічы‑Здзітавец, Федзькавічы‑Здзітавец, Пятровічы‑Здзітавец, Здзітавец‑Шалухі. Дарэчы, і тутэйшы маёнтак пад гэтай вёскаю належыў да ХІХ ст. Касцюшкам…

У міжваенныя гады ў Здзітаве пабудавалі народную школу, народны дом, каталіцкую капліцу. Ва ўсім тым царкоўным прыходзе ў 1935 жыло 1295 праваслаўных, 60 рыма‑каталікоў, 10 баптыстаў, нямала юдэяў.

"Наша ніва"

Сяргей Харэўскі

Рубрыка: