Зянон Пазняк "Найбольшую прыхільнасць сярод моладзі мае каталіцызм"

Урывак з інтэрвію Зянона Пазняка, дадзенага Таварыству Беларускай культуры ў Літве

 

Мы змяшчаем урывак з інтэрвію Зянона Пазняка, дадзенага Таварыству Беларускай культуры ў Літве, датычны аналізу рэлігійнай сітуацыі. Зянон Пазняк - гэта вядомы культурны і палітычны дзеяч 1980-1990-х гг., да 1999 г. узначальваў адзін з уплывовых рухаў - Беларускі Народны Фронт "Адраджэнне", дэпутат Вярхоўнага Савета XII склікання, да сваёй эміграцыі ў 1997 г. - адзін з лідэраў нацыянальнага руху, паэт, чалавек, дзякуючы якому стала вядома пра Курапаты - урочышча пад Менскам, месца масавых пахаванняў растраляных цягам 1937-1941 гг. у часе сталінскіх рэпрэсіяў. З'яўляючыся каталіком паводле веравызнання, адзін з натхняльнікаў адраджэння Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. На дадзены момант Зянон Пазняк узначальвае Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ. У сваім інтэрвію ён выказвае свой погляд на рэлігійную сітуацыю ў Беларусі.

Алесь Адамковіч: А як вы лічаце, ці можа ў Беларусі быць нацыянальная царква і спрычыніцца да адраджэння беларускай нацыі?

Зянон Пазняк: Царква, безумоўна, можа шмат дапамагчы, таму што яна ўплывае на фарміраваньне духа чалавека, сьветапогляд, традыцыі. Гэта вельмі моцны інстытут. Па сваёй структуры і па рэальнаму становішчу рэальна можа паўплываць толькі каталіцкая царква. Яна найбольш мадэрнізаваная, найбліжэй да людзей, яна адкрытая, не баіцца людзей і што самае істотнае, яна найменш інфільтравана спецслужбамі.

Што датычыць праваслаўнай царквы. Гэта не беларуская, руская царква. Яна падпарадкоўваецца маскоўскаму патрыярху і практычна стопрацэнтова інфільтраваная КГБ, пачынаючы ад патрыярха і канчаючы папамі. Таму тут спадзяваньняй няма ніякіх, можна ставіць на гэтым крыж. Яна нават нелегальная на Беларусі, калі сыходзіць з канонаў праваслаўя і гісторыі. Таму тут павінны быць дастатковыя, як кажуць рэвалюцыйныя рэформы. Беларускай аўтакефальная царква, сапраўдная, якая была і павінна быць, будзе павернута тварам да свайго народу. А гэта праваслаўная руская царква выконвала і выконвае ролю асіміляцыйную і русіфікацыйную.

Што датычыць пратэстанства. Ёсьць пэўны патэнцыял у пратэстанстве, таму што гэта народная царква, але ён не скарыстаны. У ей няма аўтарытэта сьвятара, як у каталіцызьме. А ў пляне пашырэньня сьведамасьці, развіцця культуры, мае вялікае значэньне. Але гэтая раздробленнасьць, адсутнасьць аўтарытэта сьвятара – значна абмяжоўвае магчымасьці пратэстанства. Яно вырасла на антыбеларускай сітуацыі, чыста механічна выкарыстоўвае рускую мову. Але тут патэнцыял ёсьць і калі сітуацыя ў грамадзтве пераламаецца, то яно будзе болей працаваць на Беларусь, бо яны толькі прынялі гэтыя русіфікатарскія абставіны. Але тое, што самі актыўна будуць змагацца за беларускасьць, я вельмі сумняюся. Таму і аб’ектыўна сітуацыя паказвае і па свайму ўзроўню і па сваёй структуры, што найбольш спрыяльны гэта каталіцызм.

Канешне, шмат магло б дапамагчы ўніяцтва, але яно зьнішчанае. Тое, што адрадзілася толькі некалькі парафіяў не значыць, што яно адродзіцца, бо мы жывем трохі ў іншым часе, калі ў пляне існаваньня, мабілізацыі, кансалідацыі і салідарызацыі нацыі рэлігія іграе не першасную ролю. Галоўную ролю адыгравае культура, якая ўсіх аб’ядноўвае. Таму пра ўніяцтва можна сказаць тое, што яно не стане ні масавым, ні значным. Але тыя асяродкі якія ёсьць, цалкам падтрымліваюць беларускую ідэю, бо гэта была сапраўдная народная беларуская царква.

А як на Вашу думку, калі ўжо будзе нацыянальная дзяржава, ці магчыма адраджэньне ўніяцтва?

Яно застанецца на такім жа ўзроўні, як і цяпер. Адзінае, што дзяржава будзе праводзіць больш спрыяльную палітыку і яны будуць мець свае цэрквы, сваіх іерархаў, якія не з’яўляюцца службістамі КГБ. Але гэта не значыць, што адбудзецца вялікае пашырэньне, аднаўленьне ўніяцкай царквы. Паўтараю, грамадзтва зараз не жыве рэлігійнымі інтарэсамі, рэлігія пераўтварылася ў прыватную справу. І гэтаму паспрыяла вельмі шмат: цэлае ХХ стагоддзе бязбожжа. Выраслі цэлыя атэістычныя пакаленьні. У Беларусі ўвогуле палова людзей не верыць у Бога. Хаця яны не агрэсіўныя бязбожнікі, яны проста абыякавыя. Але ўсіх веруючых і неверуючых лучыць культура. Таму спадзявацца, што тут такое адбудзецца – не трэба. Адзінае, што калі ўжо будзе беларускай улада і дзяржава, то пашырыцца і ўмацуецца каталіцызм. Таму што гэта адктытая рэлігія, мадэрнізаваная, даходзіць з павагай да чалавека, не накідвае фармалістыку і не карае за гэту фармалістыку, што вельмі істотна. Можа каардынавацца з моладдзю і моладзь цянецца.

Праваслаўе любое, у любым народзе, па сваёй сістэме вельмі састарэлае, коснае, таму не пашырыцца, нават калі мы будзем мець аўтакефальную царкву. Гэта не будзе нейкі істотны зрух, ці рост. Толькі што мы будзем мець сваю нацыянальную царкву і яна пярэйме ўсё ад рускай праваслаўнай царквы. Але што датычыць пэўнай мадэрнізацыі, то гэта будзе йсьці даволі павольна. Я гэта назіраю ў эмігранцкім асяроддзі, дзе беларуская праваслаўная царква, але тыя самыя хваробы, што і ў рускай. Таму найбольшую перспектыву ў нацыянальным-культурным будаўніцтве і найбольшую прыхільнасьць сярод моладзі мае каталіцызм. І гэта факт.

Вельмі часта на форумах можна заўважыць такую рэч, калі вядзецца гаворка пра адраджэньне паганьства, альбо нейкіх беларускіх абрадаў, актыўна супраць гэтага ўсяго выступае частка праваслаўных беларускамоўных беларусаў, перадусім з брацтва „Трох віленскіх пакутнікаў“. Ці гэта сапраўды адданасьць праваслаўю, ці яны гэтае робяць з пэўнымі мэтамі, як, напрыклад, дапамагаюць прамаскоўскаму рэжыму вынішчаць этнічную памяць нацыі?

Я хачу сказаць, што і адна тэма (як і другая), так званага паганьства – гэта абсалютна маргінальная тэма, пры тым яна не новая, прысутнічае ўсюды, ва ўсіх краінах. У некаторых, напрыклад у Англіі, яно набыло літаратурную форму, у некаторых квазімістычную форму, але гэта маргінальныя групы, якія ёсьць паўсюль. І гэтым паганьствам бавяцца многія з інтэлегенцыі. А калі сур’ёзна гаварыць, гэта ўтопія, ніякое паганьства адроджана не будзе, гэта тое самае, што адрадзіць лукі і крэмянёвыя стрэлы. Гэта маргіналізм які быў і будзе. Таму што гэтая сфэра пэўнай духовай шчыліны, дзе чалавек рэалізуецца з пэўным усьведамленьнем сваёй асобы як пасьвячонай у нешта, чаго не ведае астатняе грамадзтва. Самае лепшае, што можа атрымацца – гэта яно выльецца ў нейкі літаратурны рух, што і адбываецца. Адлюстроўваецца ў мастацтве, скажам Сэцэссіія шмат узяла ад гэтага ўсьведамлення. Варта адзначыць, што гэты маргіналізм мае пэўную небясьпеку, скажам фашызм цалкам нараджаўся як маргінальны рух, які вельмі шмат узяў ад паганства, акультызму і г.д.

Што датычыць „Віленскіх пакутнікаў“. Тое самае. Гэта невялікая група, якая не развіваецца, а існуе ўжо дваццаць гадоў. Створана пры рускай праваслаўнай царкве, цалкам прарускія гэтыя людзі, толькі гавораць па беларуску. І выступаюць яны так супраць таго паганства, быццам бы гэта адбываецца тысячу год таму назад, калі сапраўды была барацьба з гэтым паганьствам. Толькі не ў такой форме, як яны думаюць. Усё пайшло само сабой. Таму што хрысьціянства настолькі было ўжо моцным, настолькі пераўзыходзіла ў сваім светапоглядзе, у літургіі, у адносінах да чалавека, што паганьства не магло нічога супрацьпаставіць, яно само сабой затухала, і што было добрае, разумнае, яно проста спакойна ўваходзіла ў хрысьціянства. І адбыўся сімбіёз: не на духоўным ці літургічным узроўнях, а на пэўных кшталтах, фармальных умовах. І гэта вельмі добра, нармальны рэлігійны працэс. Таму паўтараю, гэта група „Віленскіх пакутнікаў“ асобная групка, якая за дваццаць год не развілася, стаіць на ідэалагічных пазіцыях рускай праваслаўнай царквы, і хочаць паказаць, што яны не супраць Беларусі, гавораць па беларуску. Але перспектыў у гэтым ніякіх няма, бо паказала гісторыя, што калі б яны былі, то яны ўжо развіліся б, былі б цэрквы на беларускай мове, літургія была б і былі б другія адносіны патрыярха і мітрапаліта. Усяго гэтага няма, створана паказуха з гэтымі пакутнікамі. А яны закансерваваныя і існуюць такімі, як і былі створанымі. Таму гэтая ўся спрэчка паміж імі – гэта петушыныя баі, на якія можна і ўвагі не зьвяртаць. І гэтае ніяк не ўплывае ні на нашу культуру, ні на грамадзкую сьвядомасьць.

Весткі.Інфо

Алесь Адамковіч

Рубрыка: