Партал Царква
 [Bel] | Rus | Eng | 
беларускі хрысьціянскі партал 7-га Лютага, 2012 г.

 

 

 

 

 

 

 

 

вэрсія для друку | абмеркаваць | на галоўную старонку

Браты з супольнасці Тэзэ: «Вера ў Беларусі жывая» (інтэрв’ю Сatholic.by)

Браты Георг і Бенуа з экуменічнай супольнасці Тэзэ (Францыя) у межах свайго візіту ў Беларусь, які ўваходзіў у так званую «невялікую пілігрымку» па Беларусі і Украіне, наведалі Мінск і Баранавічы. Падчас свайго прабывання ў нашай краіне браты наведвалі хрысціянскія храмы і маліліся разам з моладдзю. 13 чэрвеня 2009 г. такая сустрэча адбылася ў мінскай архікатэдры. Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з братамі Георгам і Бенуа.

«Вельмі прыемна бачыць, што людзі ў мясцовых храмах моляцца, — дзеліцца ўражаннямі брат Георг. — Мы пабывалі ў каталіцкіх і праваслаўных парафіях. Прыемна бачыць, што храм — гэта не толькі прыгожы будынак, але храм, які складаецца з „жывых камянёў“, як казаў святы Апостал Павел».

«Пілігрымкі» братоў з супольнасці Тэзэ ва Усходнюю Еўропу адбываюцца з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. «Першыя візіты былі вельмі далікатнымі, але ўжо прысутнічала супольная малітва, г. зн. пачынала зараджацца сувязь з Тэзэ, — працягвае брат Георг. — У канцы 90-х мы заўважылі, што многія з гэтых, некалі „закрытых“, краін сталі „адкрытымі“. У моладзі з’явілася магчымасць прыязджаць у Тэзэ. З 1990 года браты з Тэзэ рэгулярна наведваюць Беларусь. Звычайна прыязджаюць два ці тры браты».

— Апошнім часам сустрэчы, якія арганізоўваюцца супольнасцю з Тэзэ, набылі вялікую папулярнасць сярод моладзі. Як вы можаце гэта пракаментаваць?

Брат Георг: Браты з нашай супольнасці вельмі здзіўлены, што так шмат маладых людзей прыязджае да нас у Тэзэ, бо часам гэта вельмі працяглы кавалак дарогі. Уражвае таксама тое, што яны згаджаюцца з няпростымі ўмовамі жыцця, якія там існуюць.

На сустрэчах моладзь задае шмат пытанняў пра сэнс жыцця. Я мяркую, што таксама наша супольная малітва спрыяе гэтаму глыбокаму духоўнаму пошуку. Маладыя людзі, калі прыязджаюць у Тэзэ, чытаюць Біблію, вучацца слухаць адно аднаго. Калі ж мы ўмеем слухаць, то, напэўна, знойдзем адказы на ўсе няпростыя пытанні, бо заўважым, што яны непакояць не толькі нас. А гэта натхняе і дапамагае ісці наперад з усведамленнем таго, што мы на сваім шляху не адны.

Абшчына Тэзэ мае тры вельмі важныя пастулаты: радасць, прастата і шчырасць. Тэзэ — гэта месца ўнутранага пошуку.

— Апішыце, як праходзіць звычайны дзень у Тэзэ?

Брат Георг: Кожны дзень у Тэзэ пачынаецца з ранішняй малітвы (8:15). Затым — снеданне, пасля якога моладзь падзяляецца на вялікія групы, дзе адзін з братоў Тэзэ тлумачыць пэўны ўрывак з Бібліі. Пасля гэтага моладзь збіраецца ў невялікія інтэрнацыянальныя групы і разважае над тым, як гэтыя тэксты з Евангелля звязаны з яго жыццём.

Пасля разважанняў моладзь дапамагае ў іншай працы: гатуюць, прыбіраюць і інш. Пасля абеда разам з моладдзю мы разважаем над некаторымі тэмамі ўжо больш глыбока, напрыклад, як данесці веру ў Хрыста грамадству, у якім мы жывём. Або, якія магчымасці мае Еўропа, каб супольна ўзрастаць у веры; якое маё пакліканне? Гэта могуць быць таксама разважанні адносна музыкі і мастацтва, або на тэму хрысціянскіх традыцый у маёй краіне.

Вечарам — малітва. Пасля моладзь спявае, часам — на працягу ўсёй ночы.

— Ці шмат у супольнасці Тэзэ братоў са славянскіх краін? Ці ёсць хто-небудзь з Беларусі?

Брат Георг: У абшчыне на сённяшні дзень няма ніводнага брата з Беларусі. З Расіі і Украіны — таксама. Аднак ёсць браты з іншых славянскіх краін, напрыклад, тры браты з Польшчы і адзін брат з Чэшскай Рэспублікі.

— Жыхары якіх краін найчасцей наведваюць супольнасць Тэзэ?

Брат Георг: З краін Еўропы, Аўстраліі, Карэі, Афрыкі, Амерыкі. Летам — гэта моладзь амаль са 100 краін. Пераважная большасць з іх, безумоўна, з еўрапейскага кантынента.

— Назавіце самыя папулярныя пытанні, якія задае моладзь?

Брат Георг: Пытанні ў моладзі вельмі рознапланавыя. Шмат пытаюцца пра свет, які імкліва развіваецца, пра будучыню, пра тое, якім будзе выглядаць жыццё заўтра, або якое значэнне мае рэлігійнае жыццё маладога чалавека ў акаляючым яго асяроддзі.

— Якою вам запомніцца моладзь з Беларусі?

Брат Георг: Гэта двухдзённая сустрэча з беларускай моладдзю была сапраўды цудоўнай. Самае важнае, напэўна, тое, што гэтыя маладыя людзі маюць радасць у веры — «радасць на ўсе часы», як казаў святы Апостал Павел.

Радасць у Духу Святым, якую мы ўбачылі тут, вельмі адчувальная. Гэта радасць ад сустрэчы адно з адным, радасць ад адзінства. Я думаю, сёння гэта вельмі важна для Касцёла. Вялікі падарунак для нас таксама тое, што беларуская моладзь разам з моладдзю іншых краін шукае сэнс свайго жыцця ў вучэнні Хрыста. І моладзь сапраўды гатова да такога ўзаемадзеяння.

Брат Бенуа: У Беларусі мы сустрэлі шмат маладых людзей. Наведваючы храмы сталіцы, мы бачылі ў іх моладзь — юнакоў і дзяўчат, засяроджаных на малітве. Гэта прыемна ўразіла нас. Вера ў Беларусі жывая.

Размаўляў Ілья Лапато

 

Малітоўная сустрэча з братамі супольнасці Тэзэ

ў мінскай архікатэдры

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

26.06.2009
вэрсія для друку | на галоўную старонку

Абмеркаваньне

Дадаць каментарый:

   Імя *

* Чырвоным колерам вылучаныя палі, абавязковыя для запаўненьня

   Горад

   E-mail

   URL

Паведамленьне *
Запішыце лічбамі, колькі будзе
  тры +  пяць = 
   


да пачатку артыкула | на галоўную старонку
Copyright © 2005-2011 Беларускі партал "ЦАРКВА".
Пры капіяваньні эксклюзыўных матэрыялаў сайта пажаданая спасылка.
Меркаваньні аўтараў могуць не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі.
Rating All.BY Џравославный молодежный портал Dubus
Наши клиенты довольны всегда: деревянная упаковка. Большой выбор.