МАНІТОРЫНГ СМІ: НАША НІВА: Патрыярх Кірыла — новы расійскі Нікан

Ніколі раней ніводзін патрыярх Маскоўскі не звяртаў столькі ўвагі на Беларусь і беларускую культуру. Патрыярх прызнаў богавызначанасць незалежнасці Беларусі і легітымізаваў беларускую культуры, у адной прамове працытаваўшы і Быкава, і Багдановіча, і Коласа. Вось эфект яе ўзмацнення.

У той жа час свяцейшы госць цвёрда абсёк Аляксандра Лукашэнку: Беларусь не мост між Усходам і Захадам, а частка Русі. І выказаў поўную палітычную падтрымку адміраючаму саюзу Беларусі і Расіі. Дэманстратыўнай пстрычкай была адмова ад пасярэдніцкіх паслуг Лукашэнкі ў арганізацыі сустрэчы з Папам.

Гаворачы пра каштоўнасці, ён адкінуў вартасць поспеху любым коштам і дабрабыту па-над усё. Падмуркі заходняй цывілізацыі — пад сумнеў. Прычым гаварылася ўсё тое вельмі сучаснай мовай, без вербальнага стараабрадства.

З трыбуны лукашэнкаўскага палацу прамаўляў новы расійскі Нікан — патрыярх, які ўладарна ўмешваецца ў палітыку і ставіць сябе па-над дзяржаўнымі ўладамі. Праваслаўная інтэлігенцыя адчувала справядлівы гонар за такога патрыярха, якога яна чула ў Менску і Полацку. Расейскае праваслаўе ўваскрэсла па савецкім патаптанні і пятроўскім паніжэнні.

Пры ўсёй сучаснасці Кірылавай рыторыкі яна ў сутнасці сваёй застаецца антызаходняй і антымадэрнай, што робіць яе не да канца прыдатнай рэфарматарскай уладзе, як не быў да канца даспадобы цару Аляксею празмерна энергічны Нікан. Зацятая барацьба іх урэшце скончылася перамогай цара, сын якога Пятро І увогуле скасаваў патрыяршаства пасля смерці ксенафоба патр. Іяакіма, пасля чаго расійскае праваслаўе на 300 гадоў падпарадкавалася свецкім уладам.

Прыцягальнасць такога праваслаўя для беларускіх палітычных элітаў, як лукашэнкаўскіх, так і апазіцыйных, невысокая.

Лукашэнкаў рэжым не церпіць аўтаномных цэнтраў улады.

У той жа час імперская складовая РПЦ будзе заўжды насцярожваць еўрапейскую частку беларускіх элітаў, нават калі інтэлектуалізм патрыярха і імпануе.

Наша ніва

Барыс Тумар

Рубрыка: