МАНІТОРЫНГ СМІ: ЗВЯЗДА: Інтэрвію з праф. І. Чаротам з нагоды візіту Патрыярха: "Iнтэлiгенцыя не ўзяла ад вiзiту таго, што павiнна была i магла"

Падзялiцца сваiмi думкамi пра вынiкi Патрыяршага вiзiту ў Беларусь для iнтэлектуальнай элiты грамадства "Звязда" запрасiла загадчыка кафедры славянскiх лiтаратур фiлалагiчнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, доктара фiлалагiчных навук, прафесара Iвана ЧАРОТУ.

Звязда: Iван Аляксеевiч, завяршыўся вiзiт Патрыярха ў Беларусь... Дарэчы, як больш правiльна перакладаць: Свяцейшы альбо Найсвяцейшы, Свяцейшаства альбо Святасць?

І.Чарота: Свяцейшы i Свяцейшаства. Не бойцеся, гэта — не калька, а форма перадачы тытула, замацаваная ва ўсiх славянскiх мовах, якiя практычна карыстаюцца гэтым паняццем. На жаль, калi ў нас адаптуюць такога роду словы, то чамусьцi робяць гэта на прынцыпах чужых, а не сваiх традыцыйных i цалкам натуральных для сучаснай беларускай мовы. Гэтыя словы — нашы, "ад прадзедаў спакон вякоў", а не запазычаныя аднекуль. Таму: Свяцейшы Патрыярх, Яго Свяцейшаства.

Звязда: Незвычайнасць гэтага вiзiту была ў тым, што Свяцейшы сустракаўся не толькi ўласна з паствай, вернiкамi, але i з беларускай iнтэлiгенцыяй. Гэта i афiцыйна падкрэслiвалася. Але што гэты вiзiт значыў для самой iнтэлiгенцыi?

І.Чарота: Перш за ўсё, не будзем забывацца, што гэта вiзiт новага першаiерарха Рускай Праваслаўнай Царквы, кананiчная тэрыторыя якой уключае Беларусь, i ў нашу краiну ён першы — прычым адзiн з самых першых вiзiтаў Патрыярха за межы Расiйскай Федэрацыi. Таму наведванне Яго Свяцейшаствам Беларусi першапачаткова мела адпаведнае грамадска-палiтычнае значэнне. I якраз гэта было асноўным у чаканнях грамадства, ды i ў падрыхтоўцы i здзяйсненнi вiзiту, а таксама ў рэакцыях грамадскасцi на яго.

Найперш у гэтым плане яго ўспрымалi i замежнiкi, i большасць нашых суграмадзян, незалежна ад ступенi ўцаркоўленасцi, нават незалежна ад веравызнання: да вiзiту такой высокай асобы праяўлялi ўвагу i, адпаведна, павагу прадстаўнiкi ўсiх канфесiй. Скажам, на сустрэчы ў Палацы Рэспублiкi было шмат i католiкаў, i пратэстантаў, i прадстаўнiкоў структур, якiя маюць мiжканфесiйны характар. Так што ёсць усе падставы ацэньваць гэты вiзiт пераважна ў аспектах грамадска-палiтычным (уласна для Беларусi), агульна-палiтычным (улiчваючы адносiны з Расiяй, Украiнай, суседнiмi краiнамi) i нават геапалiтычным (бо такое значэнне, безумоўна, таксама было).

Адпаведна, гэта ўлiчвала i выяўляла ў сваiх рэакцыях iнтэлiгенцыя розных сфераў, розных колаў, розных поглядаў. На сустрэчы з Патрыярхам Кiрылам прыходзiлi навукоўцы — прычым не толькi гуманiтарыi, педагогi, прадстаўнiкi творчых прафесiй — мастакi, артысты, пiсьменнiкi. Наколькi магу меркаваць, у асноўным iх запатрабаваннi зводзiлiся да таго, каб, паслухаўшы Патрыярха, як след зразумець ролю Рускай Праваслаўнай Царквы ў стаўленнi да цяперашняй Беларусi, да нашай канкрэтна сiтуацыi. А чаканнi пераважна заключалiся ў тым, каб усвядомiць, што гэтая роля — пазiтыўная.

Пры гэтым, як вядома, рэакцыi былi неадназначныя. Натуральна, не магла не заявiць пра сябе iнтэлiгенцыя палiтызаваная, у першую чаргу — моладзь, якую сканцэнтравалi цi, дакладней сказаць, зацыклiлi на спецыфiчным разуменнi нацыянальных праблем, якая па недаўменнi прыняла падманную тэзу, што Царква абавязкова павiнна быць нацыянальнай, а вiзiт Патрыярха звязвала-змешвала з уласна палiтычнымi падзеямi, у тым лiку ваенна-палiтычнымi мерапрыемствамi, да якiх Царква не мае i не павiнна мець непасрэдна дачынення, бо яна, па вялiкiм рахунку, "не ад свету гэтага".

Безумоўна, для ўсiх iстотна ўсведамленне духоўнага значэння вiзiту Патрыярха Кiрыла. Ды пра гэта трэба каб сказалi, вiдаць, свяшчэннаслужыцелi. А я, у межах сваёй кампетэнцыi i свайго досведу, магу толькi яшчэ раз адзначыць, што запатрабаваннi, чаканнi i спадзяваннi на вiзiт з боку iнтэлiгенцыi пераважна, калi не цалкам, былi ў сферы не ўласна царкоўнай i не ўласна духоўнай. I ў вынiку, мяркуючы па ўсiм, iнтэлiгенцыя не ўзяла таго, што павiнна i магла ўзяць ад гэтага вiзiту. Вось тут ёсць пэўная супярэчнасць.

Праваслаўная грамадскасць да гэтай падзеi ставiлася i ставiцца з вялiкiм пiетэтам. Пра гэта сведчыць i грунтоўная падрыхтоўка (у нас выдадзена кнiга прамоў новага Патрыярха, каляндар з яго партрэтам i iнш.), i ўвага лiтаральна ўсiх СМI Беларусi, i тое, што вернiкi падыходы да храмаў, якiя наведваў Свяцейшы, засыпалi кветкамi — згадзiцеся, кранальна... Належную пашану праваслаўнаму першаiерарху выказалi таксама прадстаўнiкi iншых канфесiй сталага ўзросту.

А маладыя людзi — атэiзаваныя, што называецца, генетычна, хоць некаторыя пакручастымi сцежкамi iдуць да веры i сярод iх нямала тых, што лiчаць сябе праваслаўнымi, — не атрымалi зыходна пазiтыўнай матывацыi ў стаўленнi да гэтага вiзiту, i ўспрымалi яго з пазiцый ранейшых часоў. Яны ў спадчыну атрымалi своеасаблiвы "iнтэлiгенцкi" погляд на Царкву, якi цяпер па сутнасцi сваёй не толькi бясплённы, але i шкодны. Бо нельга ж успрымаць Царкву толькi як арганiзацыю, прычым толькi сацыяльную i палiтычную, а пры гэтым самую шматколькасную з усiх iсных. Нельга, адпаведна, i ролю Патрыярха ўспрымаць як галоўнага кiраўнiка гэтай арганiзацыi, чакаць ад яго выканання палiтычных функцый. Бясспрэчна, Патрыярх Кiрыл — высокааўтарытэтны грамадскi дзеяч, вядомы дыпламат, прызнаны дзеяч мiжнароднага ўзроўню. Гэта вельмi iстотна. Аднак гэтым яго ролю нельга абмяжоўваць. Ён — духоўны архiпастыр i самы адказны малiтоўнiк за лёсы паствы, г.зн. народаў, якiя складаюць Рускую Праваслаўную Царкву i Усяленскае Праваслаўе.

Такiмi вось аберацыямi абумоўлiвалiся разыходжаннi ў стаўленнi да вiзiту. Акрамя гэтага, заканамерна, iнтэлiгенцыя новага Патрыярха ацэньвала, параўноўваючы яго з папярэднiкам, улiчваючы практыку сустрэч з блажэннай памяцi Патрыярхам Аляксiем II.

Звязда: Як iнтэлiгенцыя ўспрыняла прамову Патрыярха ў Палацы Рэспублiкi?

І.Чарота: У цэлым, з належнай увагай i разуменнем. Як-нiяк, Яго Свяцейшаства звярнуўся да вузлавой праблемы — месца i ролi нашай краiны ва ўсходнеславянскай супольнасцi i ў праваслаўнай эйкумене. Ён выклаў сваё разуменне гiсторыi, цяперашняй сiтуацыi, а таксама i перспектыў. Вядома, яго погляды падзялялi не ўсе прысутныя. Але для праваслаўнай iнтэлiгенцыi iстотна тое, што пазiцыя Царквы акрэслiвалася цвяроза, паслядоўна i цвёрда. Акрамя таго, заўважана, што Патрыярх звяртаўся менавiта да шырокага кола прадстаўнiкоў грамадскасцi, улiчваючы i тых, хто настроены радыкальна ў стаўленнi да праблем самавызначэння беларусаў. У любым выпадку, змест прамовы сведчыў, што прамоўца не iгнаруе супярэчнасцяў, iмкнецца ўлiчваць асаблiвасцi гiсторыi беларускага народа i сфармiраванага iмi характару, усведамляе наяўнасць пэўных калiзiй у нацыянальна-дзяржаўным будаўнiцтве i нацыянальна-культурным развiццi. Пры гэтым былi расстаўлены адпаведныя акцэнты.

Беларуская iнтэлiгенцыя — найперш гуманiтарная, творчая — тая, што нацыянальныя пытаннi ўспрымае не проста як важныя, але i як неадменна балючыя — вельмi насцярожана ставiцца да маскоўскага погляду "з вышынi званiцы Iвана Вялiкага". А ў многiх палiтыкаў i нават дзеячаў культуры, прадстаўнiкоў Расii (дакладней, Масквы), гэтая пазiцыя проста выпiрае. Ды з вышынi званiцы не бачна таго, што насамрэч адбываецца ўнiзе — i ў нас, i ва Украiне, i ў iншых частках праваслаўнага свету. Дык вось тыя, хто чакаў якраз такой пазiцыi, пераканалiся, што погляды Патрыярха Кiрыла iншыя, што ён спрабуе-такi глядзець на нашу краiну i нашы турботы не "зверху", "па вертыкалi", здольны бачыць яе на рэальным узроўнi, з адпаведнымi гарызонтамi. Гэта iстотна. Тым больш, што вельмi станоўчы фон нязменна ствараў i наш мудры Уладыка, Мiтрапалiт Фiларэт.

Нельга абмiнуць i такi яшчэ аспект. Тая частка iнтэлiгенцыi, якая па iнерцыi застаецца ў атэiзме i па-ранейшаму на Царкву глядзiць недаверлiва-скептычна, звярнула ўвагу перш за ўсё на тое, што першаiерарх Рускай Праваслаўнай Царквы — асоба, не замкнёная сценамi келлi, мурамi манастыра, а з шырокiмi даляглядамi, рознабаковай iнфармаванасцю, i пра ўсё, што адбываецца ў свеце, мае больш дакладныя, больш глыбокiя, чым у многiх свецкiх дзеячаў, уяўленнi. Значыць, iншыя iерархi таксама не зусiм "цемрашалы", iх светапогляд — не схема, якая складаецца з некалькiх "дагматаў". Iнтэлектуальны багаж Патрыярха Кiрыла i дыяпазон яго досведу, а таксама талент прамоўцы, бясспрэчна, многiх уражваў. Станоўчы вынiк ёсць, безумоўна, i ў гэтым. Праўда, не заўсёды лепшыя паслугi Патрыярху рабiў протадыякан Андрэй Кураеў, прафесар МДА, лекцыi якога папярэднiчалi вiзiту.

Звязда: Магчыма, яшчэ адзiн важны вынiк вiзiту — iнiцыяцыя ў беларускiм грамадстве дыскусii вакол выкладання ў школах асноў хрысцiянскай культуры?

І.Чарота: Дарэчы, я не з'яўляюся прыхiльнiкам неадкладнага ўвядзення Закона Божага ў цяперашнюю агульнаадукацыйную школу. Пэўна, нi ў якiм разе нельга забараняць i прыпыняць iнiцыятывы, дзе яны аб'ектыўна правамерныя. Аднак бачу, што тут iснуе цэлы клубок досыць складаных праблем. I калi Закон Божы ўвесцi паспешлiва, гэта будзе не на карысць, а хутчэй на шкоду. Па-першае, у нас няма кадраў для таго, каб такi прадмет выкладаць ва ўсiх школах. Гэта можна i трэба рабiць там, дзе выспела сама сiтуацыя. Я ведаю такiя канкрэтныя месцы — напрыклад, у Маладзечне, Пружанах... Там ужо склалася асяроддзе, нават стыхiйна спачатку, а потым замацавалася больш-менш трывала — калi на гэта нармальна рэагуюць улады, органы сiстэмы асветы, адмiнiстрацыя школы, а галоўнае — бацькi школьнiкаў, калi да гэтага з поўным разуменнем ставяцца педагагiчныя калектывы ў цэлым, знайшлiся свяшчэннаслужыцелi, якiя ў цесным кантакце i згодзе з настаўнiкамi робяць агульную справу асветы i выхавання.

А ў iншым выпадку, глядзiце, што атрымлiваецца. Кожны вучань з першага i да апошняга класа адукоўваецца як нашчадак малпы. Што вядзе сваё паходжанне ад прыматаў, ён нязменна чуе ад усiх настаўнiкаў, чытае ва ўсiх падручнiках, ды i сам гэта гаворыць, калi правяраюць вывучанае. Так адбываецца ўвесь перыяд яго вучобы на працягу пяцi-шасцi урокаў штодзённа. I вось раптам, на шостым цi сёмым уроку, нехта пачне яму расказваць, што ён паходзiць ад Адама. Як гэтаму дзiцяцi рэагаваць на пачутае? I колькi ж пытанняў узнiкне ў галаве яго?! Такiх, напрыклад: "Хiба ж памыляюцца ўсе нашы настаўнiкi — скажам, паважаныя i заслужаныя гiстарычка Акцябрына Уладленаўна, бiялагiня Сняжана Нарцысаўна, фiзiчка Дзiяна Зыгмунтаўна, хiмiк Алмаз Нейтронавiч... — разам з аўтарамi падручнiкаў? А цi яны хлусiлi? Зноў-такi, калi гэта няпраўда, то чаму вучоныя ўсiм не растлумачаць? Няўжо адзiн бацюшка разумнейшы за ўсiх настаўнiкаў, разам узятых? А калi ён такi разумны, то чаму да яго ў царкву мала людзей ходзiць? I нездарма ж настаўнiкi нашы нi нагой туды?"

Якi сэнс пытацца пра гэта ў бацькi з маткаю, калi яны заўжды адно скажуць — каб урокi вучыў, кнiжкi чытаў, а там чорным па белым: Чарльз Дарвiн даказаў...? Згадзiцеся, у такiх выпадках непазбежна раздваенне свядомасцi, а гэта ўжо катэгорыя не толькi духоўная, але i псiхiятрычная. Маральная таксама, бо дзiця вымушана альбо на шасцi асноўных уроках, альбо на адным дадатковым гаварыць "як трэба" — iншымi словамi, хлусiць. Дык давайце спачатку хоць бы перагледзiм усе школьныя праграмы i падрыхтуем педагогаў, якiя паходзяць не ад малпы.

Сапраўды, калi цяпер увесцi такi прадмет, нават факультатыўна, хто пойдзе яго выкладаць? Тыя, каму бракуе нагрузкi на стаўку альбо адстаўныя пiянерважатыя — у любым выпадку, не падрыхтаваныя належным чынам кадры. Дапускаю нават, што яны возьмуцца выкладаць старанна "па кнiжках" i ў адпаведнасцi з "метадычнымi рэкамендацыямi". Але ж пры гэтым будуць гаварыць адно, а ў сапраўднасцi сваiм жыццём паказваць iншае. Прынясе гэта карысць? Толькi шкоду. Не, гэта нельга рабiць з бухты-барахты.

А з iншага боку, для Iнстытута тэалогii невырашальнай з'яўляецца праблема ўладкавання выпускнiкоў. Пакуль што, праўда, нешматлiкiх. Але ж i гэта праблема, таксама як належная кампаноўка iх спецыяльнасцi з канкрэтным паваротам да агульнаадукацыйнай школы. Цi ж проста вырашыць нават пералiчаныя рэальныя праблемы? А ў нас, акрамя таго, паўсюдная шматканфесiйнасць. I ўвядзення праваслаўнага Закона Божага ў заходнiх рэгiёнах можа натыкнуцца на супрацiўленне, прычым сур'ёзнае.

Звязда: Як вы лiчыце, наколькi Царква сёння гатовая да кроку ў бок, альбо лепей сказаць унутр секулярызаванага грамадства?

І.Чарота: Я думаю, што Царква на гэта гатовая больш, чым само грамадства. Мне ў сувязi з гэтым часта згадваецца наступная метафара: усе мы на роўнай адлегласцi ад Бога, але не на аднолькавай адлегласцi ДА Бога. Бо апошняе залежыць ужо ад таго, рухаецца чалавек насустрач Богу цi не.

Царква цяпер мае магчымасцi непараўнальныя з тымi, якiя былi ў папярэднi перыяд. Магчымасцi ў розных адносiнах. Скажам, кадры — сур'ёзна падрыхтаваныя ў духоўных школах; выдавецкiя структуры — здольныя забяспечваюць патрэбы ў духоўнай лiтаратуры, i г. д. А вось грамадства змянiлася далёка не так прыкметна. I жаданыя змены адбыцца хутка наўрад цi змогуць.

Дарогу да храма цяпер ведаюць многiя. Але тых, хто стала ўдзельнiчае ў лiтургiчным жыццi Царквы, нават тых, хто рэгулярна молiцца, усведамляючы гэта як духоўную патрэбу, насамрэч няшмат. Аматары статыстыкi сцвярджаюць, што такiх каля 10 працэнтаў ад усяго насельнiцтва постсавецкай прасторы. Згаджаюся, што гэта блiзка да праўды. Несумненна, ёсць яшчэ i тыя, што заходзяць у храмы час ад часу, па-сапраўднаму не ведаючы, дзеля чаго — ну, на ўсялякi выпадак, а калi канкрэтна, то набраць як мага большы слоiк святой вады, купiць грамнiчную свечку, асвяцiць яблычкi. Хоць гэта таксама праявы нармальнага працэсу вяртання блудных сыноў. I гэта добра.

Звязда: Дык наколькi актыўнай, на ваш погляд, павiнна быць Царква ў такой сiтуацыi?

І.Чарота: Галоўнае, каб актыўнасць не перарастала ў агрэсiўнасць. Як гэта назiраецца з боку iншых канфесiй. Уласна, я сам неаднойчы меў нагоды пакпiць i з сябе, i са свайго асяроддзя: маўляў, праваслаўныя заўсёды ў апошнi вагон заскокваюць, маўляў, не хапае ўчэпiстага практыцызму, прагматызму, а то i проста належнай актыўнасцi. Сапраўды, такое часта i ў многiх сiтуацыях выяўляецца сярод праваслаўных. Гэта самакрытыка. А крытыкi з боку нас яшчэ нязменна абвiнавачваюць у нежаданнi служыць прагрэсу i г.д. Што ўжо мае iншы сэнс. Магчыма, у некаторых сiтуацыях Царква магла б дзейнiчаць iнакш. Найперш у тых, якiя загадзя нечага патрабуюць (!) ад яе! А вось праваслаўная iнтэлiгенцыя павiнна сведчыць пра сябе больш упэўнена. А то, як правiла, паводзiць сябе так, быццам яна — нейкая меншасць, прычым ледзь не на ўзроўнi меншасцяў з дурной славай. Гэта ёсць, а не павiнна быць.

Але важна, каб актыўнасць не пераходзiла ў агрэсiўнасць. Бо тады нават высакамэтнае мiсiянерства абернецца лiхам. Такога роду акцыi непазбежна выклiкаюць рэакцыi, неадэкватныя дзеяннi — супрацьдзеяннi. Асаблiва ў дачыненнi да моладзi i "эмансiпаванай" iнтэлiгенцыi. У гэтых выпадках часовыя вынiкi амаль нiчога не значаць. Баюся, што такi спосаб прыцягнення да Царквы — а выкарыстанне яго некаторыя гарачыя галовы лiчаць для нас патрэбным i самым актуальным — лёгка можа абярнуцца разбурэннем традыцыйнага праваслаўнага асяроддзя.

Размаўляла Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, газ. "Звязда"

Рубрыка: