Жыццяпіс Лявонція (Карповіча), Віленскага архімандрыта

Прылажэнне да п. 17 Жураналу №115 пасяджэння Святога Сіноду БПЦ ад 15.12.2009 г.

 

Будучы архімандрыт Лявонт (Лявонцій) - у свеце Лонгін Фёдаравіч Карповіч - нарадзіўся ў Пінску каля 1580 года і паходзіў са шляхецкага роду. Ягоны бацька быў святаром. Навучаўся будучы вызнаўца веры Хрыстовай, паводле меркавання даследнікаў, у Астрозе альбо ў Вільні.

Энэргічны дзяяч абароны Праваслаўя ад уніяцтва, ён спачатку ўзначальваў тыпаграфію Віленскага праваслаўнага брацтва, у якой у 1610 годзе выходзіць знакамітая кніга Максіма (у манастве Мялета) Сматрыцкага "Фрынас, што значыць Плач адзінай кафалічнай апостальскай Усходняй Царквы з вытлумачэннем догматаў веры".

Кніга зрабіла вялікае ўражанне як на праваслаўных. так і на ворагаў Праваслаўя, якія звярнулі ўсё сваё абурэнне на выдаўцоў. У Вялікую Суботу 7 красавіка 1610 года ў тыпаграфіі быў праведзены вобыск, у час якога галоўнага тыпографа і карэктара Лонгіна Карповіча арыштавалі і без суду і следства кінулі ў вязніцу. Два гады вызнаўца правёў у кайданах, яго вадзілі з аднога суда на іншы, пераводзілі з адной вязніцы ў іншую, штодзённа падвяргалі допытам, пабоям, здзекам, вымушаючы зрачыся Праваслаўя і перайсці ў унію, але ён нязломна адстойваў права народу захаваць роднае Праваслаўе. На целе святога ад кайданоў утварыліся яззвы, сляды якіх былі заўважныя нават пасля ягонай праведнай смерці.

Не зламіўшы стойкасці падзвіжніка, яго выпусцілі з вязніцы, і ён вярнуўся да сваіх братоў, акружаны славай мужнага вызнаўцы і пакутніка за веру.

Затым Лонгін Карповіч прымае манаскі пострыг з імем Лявонт (Лявонцій) і, дзякуючы свайму высокаму аўтарытэту, хутка становіцца на чале Віленскага Свята-Духава манастыра ў сане архімандрыта, усталёўваючы ў манастыры супольніцкі статут паводле чыну свц. Васіля Вялікага. З'яўляючыся таксама рэктарам брацкай школы, ён выхоўвае моладзь у духу вернасці Праваслаўю.

У брацкай тыпаграфіі, якую ён па-ранейшаму ўзначальвае, выдаюцца новыя кнігі: "Евангелле навучальнае", Малітаўнік, Службоўнік, Трэбнік, "Ветраград душэўны" святагорца Фікарды. У апошнім выданні ёсць таксама прадмова архімандрыта Лявонція (Карповіча).

Усім праваслаўным віленчукам архімандрыт Лявонт быў вядомы как боганатхнёны прапаведнік. Праваслаўныя лічылі архімандрыта Лявонція падобным па красамоўстве да Златавуста. Віленскі прапаведнік не толькі сам "выкрываў і граміў" словам казання, але і іншых заклікаў ахоўваць Праваслаўе.

У 1620 годзе Вялікае княства Літоўскае наведвае Ерусалімскі патрыярх Феафан, які меўся рукаўскласці для Правослаўнай Царквы мітрапаліта і чатырох епіскапаў. У ліку выбраных на епіскапскае служэнне быў і архімандрыт Лявонт (Карповіч), які быў названы епіскапам Берасцейскім і Ўладзімірскім.

Аднак цяжка хвароба не дазваляе Віленскаму архімандрыту накіравацца ў Кіеў для хіратоніі. Прадчуваючы блізкі скон, архімандрыт Лявонт па наляганні брацтва дасылае да патрыярха інака Мялеція Сматрыцкага. Прабыўшы некалькі месяцаў у Кіеве, Сматрыцкі вяртаецца ў Вільню ў сане архіепіскапа і ўжо не застае ў жывых свайго настаўніка: 24 верасня 1620 г. ён сканаў, а цела ягонае застаецца непахаваным ужо шэсць тыдняў.

Архіепіскап Мялет здейсніў адпяванне прападобнага Лявонція 2 лістапада 1620 г. У сваім пахавальным слове ён адзначыў нятленне ягоных пачэсных мошчаў: "Сведчаннем цяпплівасці гэтага святога вызнаўцы і пакутніка служаць самі раны, нацёртыя кайданамі на гэтым пачэсным целе, якое, хаця ўжо шэсць тыдняў захоўваецца мёртвым, але, ласкай жывучага ў ім Найсвятога і Жыватворчага Духу, застаецца непашкоджаным і не маючым паху".

Шанаванне прападобнага Лявонція як святога угодніка мела месца не толькі ў Вільні, але і па-за ейнымі межамі. Пра гэта маецца сведчанне і святога прападобнапакутніка Афанасія, ігуемна Берасцейскага, які ў сваім "Дыярушы" таксама называе архімандрыта Лявонція святым.

Пазней, аднак, склаліся неспрыяльныя акалічнасці для шанавання архімандрыта Лявонція. Калі нават мошчы святых пакутнікаў Антона, Яна і Яўстафія давялося схаваць ад уніятаў у пячэры, дзе яны знаходзіліся больш за сто пяцьдзесят гол, то не дзіўна, што імя архімадрыта Лявонція (Карповіча) было забытае.

Сёння, калі з міласці Божай мы маем магчымасць свабодна вызнаваць святую праваслаўную веру, наш абавязак любові да Царквы наказвае нам узнавіць шанаванне гэтага святога угодніка Божага ў Беларускай Праваслаўнай Царкве і паставіць пытанне пра ягонае агульнацаркоўнае праслаўленне.

Памяць прападобнага Лявонція, архімандрыта Віленскага, вызнаўцы, да месцы было б святкаваць 24 верасня паводле юліянскага календару, у дзень ягонага праведнага скону.

 

Паводле журналу №115 пасяджэння Святога Сіноду БПЦ ад 15.12.2009 г.

 

Пераклад з рас. мовы - партал "Царква".

 

 

Свят. Сяргей Гардун