Сіндэсмас у Бельгіі

19-22 лютага ў Брусэлі адбылася моладзевая сустрэча Суветнага праваслаўнага брацтва "Сіндэсмас". Пасля генеральнай асамблеі арганізацыі, якая адбылася годам раней у Афінах, чакалася, што адбудзецца новае нараджэнне "Сіндэсмаса", брацтва, якое апошняе десяцігоддзе перажывае шэраг крызісаў, у першую чаргу, звязаных са стратай членскімі арганізацыямі разумення ідэнтычнасці і мэтаў "Сіндэсмаса", а з іншага боку, з памяншэннем колькасці і разнастайнасці мерапрыемстваў, якія праводзіць дадзеная арганізацыя, ля вытокаў якой у 1950-я гг. стаялі выбітныя багасловы з розных памесных Цэркваў - прот. Я. Мейендорф, прот. А. Шмеман, арх. Анастас (Янулатас), Н. Нісіётыс, патр. Ігнат IV, мітр. Георгі (Ходр) і іншыя.

Пасля генеральнай асамблеі Сіндэсмас перажыў кадравыя цяжкасці - улетку пакінуў пасаду генеральны сакратар арганізацыі Спірыдон Цімурыс, а ўзімку - віцэ-прэзідэнт Оўці Васка. Пры адсутнасці генеральнага сакратара арганізацыйную працу ўзялі на сябе даўнія сябры "Сіндэсмаса" Ірэна Д'Алаізіё (Бельгія) і Наталля Васілевіч (Беларусь). Першапачаткова планавалася, што гэта будзе сустрэча для 25-35 чалавек, але пасля таго, як быў абвешчаны прыём заявак, стала зразумелым, што мерапрыемства будзе насіць больш маштабны характар. Было атрымала каля 80 заявак, пазней, з-за цяжкасцяў у атрыманні візы ад паездкі вымушаныя былі адмовіцца ўдзельнікі з Кеніі і з Беларусі. Тым не менш, у сустрэчы прыняло ўдзел больш за 50 чалавек з розных краінаў свету: Арменіі, Албаніі, Балгарыі, Беларусі, Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Канады, Македоніі, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Румыніі, Славакіі, Сербіі, Фінляндыі, Францыі. Тэмай сустрэчы стала - "Быць сведкам Хрыста сёння".

Два асноўныя даклады па гэтай теме былі падрыхтаваныя Кірылом Салагубам з Парижу, старшынём Рускага хрысціянскага студэнцага руху, і порт. Канстанцінам Міранам з нямецкага гораду Бруль, святаром Канстанцінопальскага Патрыярхату ў Германіі. Далейшыя абмеркаванні закранулі шматлікія пытанні - сацыяльнага вучэння праваслаўнай Царквы, хрысціянскіх каштоўнасцей, адрознасцяў сацыяльнага кантэксту жыцця хрысціян, экуменічны дыялог, наогул, унутранага жыцця і функцыянавання хрысціянскіх супольнасцяў як падмурку для хрысціянскага сведчання.

У дзень Перамогі Праваслаўя ўдзельнікі канферэнцыі ўзялі ўдзел у супольным служэнні літургіі ў прыходзе Св. Тройцы і Св. Касьмы і Дам'яна, настаяцелем якога з'яўляецца свят. Хрыстоф Д'Алаізія, Прэзідэнт "Сіндэсмаса". Пасля богаслужэння адбылася пешая вандроўка па разнастайных праваслаўных прыходах, размешчаных у Брусэлі і прыналежных да розных юрысдыкцыяў: Архіепіскапіі рускіх прыходаў Канстанцінопальскага Патрыярхта, грэчаскай Бельгійскай мітраполіі Канстанцінопальскага Патрыярхату, Маскоўскага і Румынскага Патрыярхатаў, а таксама сустрэча са святарамі, якія ў дадзеных прыходах служаць. Напрыклад, прот. Антон Іллін - прадстаўнік РПЦ пры Еўрапейскіх інстытуцыях - расказаў гасцям пра бельгійскіх святых; а румынскі святар памазаў кожнага асвечаным алеем.

Удзельнікі мерапрыемства неаднаразова выказваліся пра неабходнасць пашырэння камунікацыі паміж праваслаўнай моладдзю з рознях краінаў дзеля знаёмства з праблемамі, з якімі сутыкаецца царква ў тых ці іншых грамадствах, дзеля знаёмства з духоўным скарбаў розных памесных цэркваў, дзеля сведчання ўніверсальнасці праваслаўнага сведчання ў разнастайнасці традыцый.

 

Наталля Васілевіч

Рубрыка: