Пасхальнае пасланне Архіепіскапа Канстанцінопаля-Новага Рыму і Ўсясветнага Патрыярха ВАРФАЛАМЕЯ

+ ВАРФАЛАМЕЙ
+  
+ ЛАСКАЙ БОЖАЙ
+ АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ
+ І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ
+  
+ УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ ХРЫСТА ЗБАЎЦЫ, УВАСКРЭСЛАГА Ў СЛАВЕ

 
***

Любыя браты і сёстры, шаноўныя дзеці ў Хрысце,

 
Хрыстос уваскрэс!
 

Вось і зноў, як радасны і ясны золак, узыходзіць святы дзень Пасхі, праменячы свята, суцеху, радасць і жыватворчую надзею ўсім веруючым, нягледзячы на тую цяжкую атамасферу, што апанавала ўвесь свет з прычыны шматстайнага крызісу з усімі ягонымі знаёмымі балючымі наступствамі для паўсядзённага жыцця чалавецтва.

Уваскрэс з магілы Хрыстос, Богачалавек, і разам з Ім уваскрэс чалавек! Прыгнёт смерці адыйшоў у мінулае. Адчай ад пякельнага палону прайшоў беззваротна. Адзіны Моцны, Адзіны Жыццядаўца, добраахвотна ўспрыняў праз Сваё Ўцялесненне ўсё няшчасце нашае прыроды, разам з такой ейнай часткай, як смерць; і вось ужо Ён “пекла змярцвіў ззяннем Боства”[1] і даў чалавеку жыццё і жыццё з “дастаткам”[2].

І гэты дастатак жыцця, дарунак нам ад Ўваскрэслага Госпада, заўжды нястомна шальмуе і ўзводзіць на яго паклёп дыявал - спраўджваючы сваё імя, імя паклёпніка, хаця ён ужо і знясілены, зусім страціў уладу і толькі выклікае смех. Дыявал бэсціць яго пры дапамозе ўжо пануючай у свеце “пыхі” (υβρις), пыхі як перад Богам, так і перад бліжнім і перад усім Стварэннем. Ён бэсціць яго пры дапамозе ўсё яшчэ існай у нас саміх “старадаўняй карозіі”, схільнасці да граху, якая спрабуе нас зацягнуць у пастку альбо грэшнага ўчынку, альбо аблуды ў веры. Пыха заўжды нараджаецца з гэтае “карозіі” і разам з ёй яна складае тую агідную сукупнасць, з-за якой адбываецца парушэнне нашых стасункаў з самімі сабой, з блізкімі, з Богам і з усім Стварэннем. Такім чынам, нам неабходна адчысіць сябе ад гэтае ржы з уважлівасцю й руплівасцю, каб жыватворчае святло Ўваскрэслага Хрыста ярка заззяла ў нашым розуме, душы і целе, каб рассеяла цемру пыхі і праліло “дастатак” жыцця на ўвесь свет.

Гэтага нельга дасягнуць ні з дапамогай філасфоіі, ні з дапамогай ні навукі, ні мастацтва, ні тэхналогіі, ні з дапамогай ідэалогіі, а толькі праз веру ў Богачалавека Ісуса Хрыста, Ягоныя Пакуты, Крыж, Магілу і тое, што Ён зыйшоў у пекла і ўваскрэс; і гэтая вера праяўляецца ў таемным жыцці Царквы, а таксама праз напружаную і пастаянную духоўную барацьбу. Царква, як Цела Хрыстова, непарыўна праз вякі перажывае цуд Уваскрасення - праз Святыя Таемствы, праз сваё багаслоўе і сваё практычнае вучэнне даючы нам мажлівасць прылучацца да гэтага цуду, удзельнічаць у перамозе над смерцю, станавіцца светлымі дзецьмі Ўваскрасення і сапраўднымі “супольнікамі Боскай прыроды”[3], як гэта адбылося з усімі святымі. Калючае пустазелле жарсцяў, якое вырастае ў нашым сэрцы, забруджаным іржой “састарэлага чалавека”[4], павінна як мага хутчэй пераўтварыцца ў Хрысце, праз Хрыста і дзеля Хрыста і Ягоных жывых вобразаў вакол нас - то бок дзеля нашых бліжніх - у суквецце цнотаў, святасці і праведнасці. Святарны песнаспеўца акурат спявае: “Апранемся ў адзенне праўды, што за снег бялей, ды карагодзьма ў сённяшні дзень Пасхі; бо Хрыстос, Сонца праўды, што з мёртвых заззяла, азарыў нас святлом нятленнасці”[5]. Белыя шаты праведнасці былі дадзеныя нам як сімвал у дзень Святога Хросту, так мы прыкліканыя ачышчаць сябе заўжды праз пастаяннае пакаянне, радасныя слёзы, безупынную малітву, абмежаванне пажадаў, праз цярпенне ў жыццёвых цяжкасцях і нястомнае старанне выконваць Божыя запаведзі - і перш за ўсё, самую галоўную запаведзь - любові. Такім чынам мы ачысцім гэтыя шаты, прымаючы ўдзел у крыжовым самапрыніжэнні Богачалавека, каб у нашае жыццё і ў навакольны свет прыйшлі пасхальнае асалода, радаснае святло Ўваскрасення і збаўленне.

 

Мы дасылаем вам гэтыя словы з Фанару, дзе мы перажываем пакуты Вялікай Пятніцы і радасць Ўваскрасення, выражаючы клопат Маці-Царквы, ад усёй душы зычым вам прыняць дар збаўлення і пасхальнае дабраславенне ўваскрэслага з мёртвых Уладара Жыцця.

 
Святая Пасха 2010 г.
+Патрыярх Канстанцінопальскі
Шчыры малітоўца за ўсіх да Ўваскрэслага Хрыста


[1] Нядзельны Трапар уваскрасення, Тон 2.
[2] Ян. 10:10
[3] Пятр. 1:4
[4] Эф. 4:22
[5] Сціхера вячэрні, чацвер тыдню аб Фаме.

 

Рубрыка: