КАНФЕСІЙНАЕ ПЫТАННЕ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ У КАНТЭКСЦЕ МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН У XVI ст.

Канфесійны фактар у знешнепалітычных зносінах Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы: пачаткі супрацьстаяння

 

Прыняцце хрысціянства з Канстанцінопаля ўводзіла належныя да Кіеўскай Русі ўсходнеславянскія землі ў склад адмысловай сістэмы дзяржаў, своеасаблівай «Бізантыйскай садружнасці», па трапнаму выразу Дзмітрыя Абаленскага. Разам з прызнаннем вяршэнства царкоўнай улады Канстанцінопальскага патрыярха гэта значыла (як мінімум тэарэтычна) прызнанне намінальнай вярхоўнай свецкай улады Бізантыйскага Цара-Базілеўса [21, c. 5].

 

Бізантыйская садружнасць была не адзінай сістэмай хрысціянскіх дзяржаў у сярэднявечнай Еўропе ў час хросту ўсходніх славян. Іншая хрысціянская садружнасць - Свяшчэнная Рымская Імперыя - уяўляла сабой сістэму цэнтральна- і заходнееўрапейскіх дзяржаў, што прынялі хрост з Рыму. Мяжа гэтых дзвюх імперый амаль дакладна адпавядала мяжы эклезіястычнага ўплыву Канстанцінопаля і Рыма, якая стала мяжою паміж праваслаўем і каталіцтвам у хуткім часе пасля царкоўнага расколу сярэдзіны ХІ ст. У той час узаемаадносіны паміж гэтымі дзвюма сістэмамі дзяржаў будаваліся на прынцыпе неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы адна другой.

 

Пасля падпарадкавання Батыем княстваў Паўночна-Усходняй Русі яны ўвайшлі ў склад новай сістэмы дзяржаў, якая належала новаму Цару-Хану з дынастыі Чынгізідаў. У гэты ж час рэштка рускіх земляў паступова ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага, на чале якога стаялі спачатку паганскія, а з канца XIV cт. - каталіцкія гаспадары, належныя да Заходняй сістэмы дзяржаў, духоўная ўлада ў якой належала папе Рымскаму, а свецкая - Кесару, імператару Свяшчэннай Рымскай Імперыі. Такім чынам, вярхоўны суверэнітэт бізантыйскага імператара над землямі Русі, які і да гэтага быў намінальным, адышоў у нябыт, чаго немагчыма сказаць пра свецкую ўладу праваслаўных іерархаў. Аднак сітуацыя з праваслаўнай царквой у Вялікім княстве Літоўскім і ў Паўночна-Усходняй Русі істотна рознілася.

 

Праваслаўная царква ў ВКЛ першапачаткова існавала ва ўмовах верацярпімасці ў шырокім сэнсе гэтага слова, вызнавала вярхоўную эклезіястычную ўладу Канстанцінопаля і падпарадкоўвалася мітрапаліту Усёй Русі, сядзіба якога, згодна з традыцыяй, першапачаткова знаходзілася ў Кіеве. У XIV ст. вялікі князь Альгерд нават выношваў планы ўзяць хрост з Канстанцінопаля, пра што сведчыць яго ліставанне з патрыярхам. Пасля таго як Ягайла і яго бліжэйшае асяроддзе прынялі каталіцтва, пачаўся працяглы перыяд супрацьстаяння ўсходняга і заходняга хрысціянства ў ВКЛ з элементамі разнастайных спробаў схіліць праваслаўных іерархаў ВКЛ да уніі з каталіцкай царквой, якія ў большасці выпадкаў заканчваліся кампрамісамі. Гэта з канца XV ст. давала гаспадарам Маскоўскай дзяржавы фармальныя падставы для дэкларацыі ў часе дыпламатычных перамоваў неабходнасці «абароны» праваслаўных аднаверцаў у ВКЛ спачатку ад «лацінян», а з сярэдзіны XVI ст. - і ад «богамерзкіх лютараў».

 

Становішча праваслаўнай царквы ў Паўднёва-Усходняй Русі істотна адрознівалася ад таго стану, у якім яна была ў ВКЛ. Здавалася б, што праваслаўныя іерахі павінны былі імкнуцца да незалежнасці ад Чынгізідаў, аднак на практыцы ўсё выглядала зусім па-іншаму: месца Бізантыйскага Цара-Базілеўса ў літургіі паспяхова заняў Цар-Хан. Гэта тлумачылася пратэкцыянісцкай палітыкай Чынгізідаў да царкоўных іерархаў, незалежна ад таго, да якой канфесіі яны належалі - галоўнае, каб яны забяспечвалі падданасць паствы хану [17, c. 466-467]. Гэта спрычынілася, напрыклад, да таго, што ў 1299 г. Мітрапаліт Кіеўскі і Усёй Русі Максім пераехаў з Кіева ва Уладзімір, які цалкам кантраляваўся Чынгізідамі, і атрымаў з іх падтрымкай статус галоўнага сярод гарадоў і княстваў Паўднёва-Усходняй Русі. Пасля таго, як дзякуючы сваёй адмысловай палітыцы маскоўскія князі атрымалі ярлык на Вялікае Уладзімірскае княжанне і ўзвысіліся над іншымі князямі Паўднёва-Усходняй Русі, можна весці размову пра пачаткі курса на стварэнне Маскоўскай мітраполіі, якая прэтэндавала на эклезіястычную ўладу над землямі Усёй Русі (у тым ліку і праваслаўным насельніцтвам ВКЛ).

 

Нягледзячы на значны ўплыў свецкай улады, падпарадкаванасць Канстанцінопалю ў царкоўных справах заставалася. Патрыярх выкарыстоўваў супрацьстаянне Уладзіміра-Масквы і Кіева-Вільні за стол мітрапаліта Усёй Русі на сваю карысць, падтрымліваючы то адзін, то другі бок, што цягнулася практычна да сярэдзіны XV ст., калі Масква пачала практычна ствараць аўтаномную мітраполію.

 

Не менш важнай, чым прызначэнне царкоўных іерархаў, была роля Канстанцінопаля ў плане трансляцыі рэлігійных і палітычных поглядаў і ідэй, значнае месца сярод якіх займала крытыка схізмы і католікаў, а таксама ідэя пераходу апошняй з чатырох біблейскіх імперый (пасля Бабілону, Персіі і Македоніі) з Рыму ў «Новы Рым» - Канстанцінопаль.

 

Генезіс і першапачатковае бытаванне тэорыі «Масква - Трэці Рым»

 

Уплыў «Новага Рыму» на землі Паўднёва-Усходняй Русі значна знізіўся ў часы мангольскага панавання. У канцы XIVст. маскоўскі князь Васіль І адкрыта паставіў яго пад сумнеў, сказаўшы: «Мы маем царкву, але не маем імператара» [20, c. 264]. Аднак падзеі сярэдзіны XV ст. у Бізантыі моцна паўплывалі на генезіс ідэалагічных і палітычных тэорый у Маскоўскай дзяржаве.

 

Пад ціскам нарастаючай Асманскай пагрозы Канстанцінопаль вырашыў пайсці на унію з каталіцкай царквой, якая была абвешчана на Ферара-Фларэнтыйскім саборы 1438-1439 гг. Маскоўскі гаспадар Васіль ІІ адмовіўся прызнаць вынікі Сабора і абвінаваціў яго праваслаўных удзельнікаў у здрадзе праваслаўю [24, c. 87]. У Маскве пачалася практычная праца па стварэнню аўтаномнай мітраполіі - у 1448 г. на нарадзе епіскапаў быў абраны ўласны мітрапаліт [20, c. 269].

 

Падзенне Канстанцінопаля ў 1453 г. было ўспрынята ў Маскве як Божае пакаранне за здраду сапраўднай веры. У сувязі з тым, што Рымская імперыя (у яе працягу ў выглядзе Новага Рыму) уяўлялася апошняй, яе падзенне разглядалася як знак набліжэння апакаліпсісу, якога чакалі ў 1492 г. (ці ў 7000 г. ад стварэння свету) [24, c. 84]. У склаўшайся сітуацыі ідэолагам набіраючай моц Маскоўскай дзяржавы неабходна было вызначыцца з яе месцам у новай рэчаіснасці. На іх думку, існавала тры магчымасці: па-першае, уявіць, што падзенне Бізантыі не было канчатковым і што Царград будзе вызвалены маскоўцамі; па-другое, існавала магчымасць прызнаць вяршэнства заходняй Свяшчэннай Рымскай Імперыі; або, па-трэцяе, уявіць Маскву сапраўднай імперыяй, пераемніцай Бізантыі [24, c. 88].

 

Адваяванне Канстанцінопаля было нерэальным у ваенным сэнсе, «лаціняне» ўспрымаліся такімі ж ерэтыкамі, як і «агарыяне», а спроба заснавання Маскоўскай імперыі выглядала немагчымай у сувязі з тым, што яна сама была часткай імперыі Чынгізідаў. Да таго ж упэўненасць у непазбежнасці канца свету прымушала пакласціся на волю Бога.

 

Нягледзячы на гэта, ідэя трансляцыі імперыі з Бізантыі ў Маскоўскую дзяржаву з'явілася ў працах маскоўскіх публіцыстаў не пазней за 1461 г. У гэтым годзе быў складзены памфлет «Пахвала вялікаму князю Васілію Васільевічу Усёй Русі», у якім рабілася алюзія на мажлівасць пераходу панавання над хрысціянскім светам з Канстантынопаля ў Маскву, а Васіль ІІ называўся царом [22, c. 153-154].

 

Аднак гэта была толькі спроба выдаць жадаемае за сапраўднае, бо, як мы бачылі вышэй, у свядомасці маскавітаў быў яшчэ вельмі моцны вобраз іншага цара - Хана. «Пасланне» Растоўскага епіскапа Васіяна Рыла Івану ІІІ [10, c. 557-564] з'яўляецца адным з найбольш красамоўных прыкладаў працы царквы па змене гэтага вобразу. Яно было напісана напярэдадні 1480 г., калі Маскоўская дзяржава пазбавілася ад намінальнай залежнасці ад Чынгізідаў і, на думку Ігара Шаўчэнкі, мела на мэце прадставіць Хана узурпатарам, а Івана ІІІ - правамоцным спадкаемцам традыцыі Святога Уладзіміра як хрысціянскага Цара [22, c. 154].

 

Яшчэ адным фактарам, які мог спрычыніцца да ўсталявання вобразу Маскоўскага гаспадара ў якасці праваслаўнага імператара, мог быць шлюб у 1472 г. Івана ІІІ з Соф'яй Палеалог, пляменніцай апошняга бізантыйскага імператара. Сярод даследчыкаў няма згоды па гэтым пытанні, бо ў палітычнай практыцы маскоўскіх гаспадароў аргумент роднасных сувязяў з Бізантыйскімі імператарамі праз гэты шлюб не выкарыстоўваўся, аднак з'яўляецца несумненным рэцэпцыя двугаловага арла на дзяржаўнай пячатцы, а таксама пэўных абрадаў і парадкаў Бізантыйскага двара [11, c. 1-57; 20, c. 363-365].

 

Тым часам надышоў 1492 г., але канец свету не надыходзіў. Гэта значыла, што Рымская імперыя яшчэ не знікла. У сувязі з тым, што Пасхальныя табліцы былі падрыхтаваны ў Канстанцінопалі толькі да гэтага года, маскоўскі мітрапаліт Зосіма падрыхтаваў іх на наступныя гады. У сваёй прадмове да Табліц ён распавёў кароткую версію хрысціянскай гісторыі - Канстанцін Вялікі заснаваў Новы Рым, Уладзімір Святы хрысціў Русь, а Іван ІІІ з'яўляецца «новым царом Канстанцінам новаму граду Канстанціну - Маскве» [23, c. 10]. Гэта была першая задакументаваная алюзія на тэорыю трансляцыі Рымскай імперыі з Другога Рыма, Канстанцінопаля, у Трэці Рым, Маскву.

 

З'яўленню гэтай тэорыі паспрыялі наступныя фактары: падпарадкаванне маскоўскімі гаспадарамі земляў і княстваў Усходняй і часткова Паўночнай Русі; значная роля, якую Маскоўская дзяржава пачала адыгрываць у сістэме мангола-татарскіх дзяржаў пасля фармальнага спынення яе падпарадкавання Чынгізідам; пазіцыя Масквы як лідара ў праваслаўным свеце пасля падзення Канстанцінопаля; а таксама гістарыясофскія і ідэалагічныя канструкты маскоўскіх публіцыстаў. Комплекс гэтых фактараў паўплываў на тое, што манах Пскоўскага Елеазарава манастыра Філафей у часы панавання маскоўскага гаспадара Васіля ІІІ (каля 1523 г.) сфармуляваў і абгрунтаваў тэорыю трансляцыі «Рамейскага царства» з Канстанцінопаля ў Маскву, якая ўвайшла ў публічны дыскурс як дактрына «Масква - Трэці Рым», згодна з якой Маскоўская дзяржава сцвярджалася апошнім увасабленнем Рымскай імперыі: «яко вся христианская царства снидошас въ твое [Васіля ІІІ] едино, яко два Рима падоша, а третий стоит, а четвертому не быти» [6, c. 54-55].

 

У шматлікай гістарыяграфіі пытання стварэння і бытавання дактрыны «Масква - Трэці Рым» існуе дзве супрацьлеглыя кропкі гледжання на яе характар у першыя дзесяцігоддзі яе існавання. Пагаджаючыся з тым, што першапачаткова гэтая тэорыя мела выключна рэлігійны характар, частка даследчыкаў лічыць, што яна інспіравала маскоўскіх ідэолагаў і палітыкаў XVI ст. на шырокую практычную імплементацыю імперскага характару гэтай тэорыі ва ўнутры- і знешнепалітычнай практыцы, што праявілася ў прыняцці ў 1547 г. царскага тытула Іванам IV, правядзенні экспансіянісцкай знешняй палітыкі і, урэшце, заснаванні ў 1589 г. Маскоўскага патрыярхата [3, c. 364; 5, c. 122-123]. Крытыкі гэтага падыходу прыводзяць даволі пераканаўчы контраргумент, што мы не ведаем ніводнага доказу таго, што дактрына Філафея выкарыстоўвалася ў палітычным дыскурсе XVI ст., а яе даволі шырокае бытаванне ў рэлігійных тэкстах (напрыклад, у складзеных мітрапалітам Макарыем «Вялікіх Чэцьях-Мінеях», а таксама саборнай грамаце пра заснаванне Маскоўскага патрыярхата) мела царкоўна-эсхаталагічны, а не палітычны характар [9, c. 64-69; 12, c. 328-331].

 

Чаму ж дактрына «Масква - Трэці Рым», якая, здавалася б, цалкам адпавядала надзённым патрэбам нараджаючайся Маскоўскай імперыі, апынулася па-за палітычным дыскурсам XVI ст.? Найбольш абгрунтаванымі бачацца два тлумачэнні.

 

Па-першае, «народніцкі» характар пасланняў Філафея цалкам супярэчыў аўтарытарным памкненням маскоўскіх гаспадароў і, у першую чаргу, Івана IV. Таму няма нічога дзіўнага ў «падкрэсленым ігнараванні» дадзенай тэорыі ў часы яго панавання [5, c. 123].

 

Па-другое, адкрытае прад'яўленне правоў маскоўскіх гаспадароў на «Бізантыйскую спадчыну» на міжнароднай арэне пагражала магчымым канфліктам з Асманскім імператарам, якому Бізантыя належала па праву заваёвы [16].

 

У палітычнай практыцы Маскоўскай дзяржавы выкарыстоўвалася генетычна і храналагічна блізкая да дактрыны «Масква - Трэці Рым» гісторыка-генеалагічная легенда аб паходжанні маскоўскіх гаспадароў ад рымскага імператара Аўгуста, сфармуляваная ў цыкле твораў ад «Паслання» Спірыдона-Саввы (каля 1523 г.) да «Сказання аб князях Уладзімірскіх» (пачатак 1530-х гг.) [1, c. 159-178]. У адрозненне ад дактрыны «Масква - Трэці Рым» гэтая легенда была шматфункцыянальнай і шырока выкарыстоўвалася ва ўнутры- і знешнепалітычнай практыцы Маскоўскай дзяржавы.

 

Праз прадстаўленне генеалагічнага дрэва маскоўскіх гаспадароў праводзілася ідэя трансляцыі імперыі ад старажытнага Рыму да Масквы праз Кіеў і Уладзімір; такім чынам «абміналася» не зусім зручнае ў палітычным сэнсе пытанне «Бізантыйскай спадчыны». У той жа час прыводзілася яшчэ і легенда аб перадачы царскай кароны і сімвалаў улады ад Бізантыйскага базілеўса Канстанціна Манамаха кіеўскаму князю Уладзіміру, якая мела на мэце абгрунтаваць права маскоўскіх гаспадароў на царскі тытул. Гэты гісторыка-легендарны комплекс увайшоў у афіцыйнае маскоўскае летапісанне часоў Івана IVі шырока выкарыстоўваўся ў дзейнасці маскоўскага пасольскага прыказа [2].

 

Прыняцце царскага тытула ІванамIVу кантэксце дыпламатычных адносін Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы

 

У 1547 г. вялiкi князь маскоўскi Іван IVвянчаўся на царства. З гэтага моманту i на працягу амаль стагоддзя праблема прызнання царскага тытула за маскоўскiмi гаспадарамi з боку суседнiх дзяржаў становiцца адной з галоўных задач маскоўскай знешняй палiтыкi. Лепшыя iдэолагi Усходняй Русi распрацоўвалi аргументы, накiраваныя на перакананне еўрапейскiх манархаў у законнасцi прыняцця царскага тытула маскоўскiм дзяржаўцам. У гэтым сэнсе асноўным iх працiўнiкам было Вялiкае княства Лiтоўскае, якое цягам амаль стагоддзя адмаўляла маскоўскім гаспадарам у праве тытулавацца царамі. Гэты час быў дастатковым для абодвух бакоў, каб выпрацаваць i абгрунтаваць аргументы «за» i «супраць» прызнання царскага тытула за маскоўскiм гаспадаром, аднак найбольш вострая палемiка праходзiла ў часы гаспадарання Івана IV, калi шукалiся i прадстаўлялiся супрацьлегламу боку найважнейшыя аргументы. Асноўнай крынiцай для вывучэння маскоўска-лiтоўскай палемiкi па царскiм тытуле з'яўляюцца дыпламатычная перапiска памiж дзяржавамi i iншыя пасольскiя дакументы.

 

Перад тым як перайсцi да аналізу дыпламатычнай барацьбы па праблеме, неабходна вызначыцца з тым сэнсам, які ўкладаўся ў тэрмін «цар» ва Усходняй Еўропе ў сярэдзіне XVI ст., і адзначыць яго спецыфiчную ролю ў мiжнародных адносiнах таго часу.

 

Тэрмiн «цар» з'яўляецца адным з найдаўнейшых у славянскiх мовах. Ён лічыцца кантрактыўнай формай ад «цэсар». Як паказаў Д. Мараўчык, фанетычна тэрмiн «цар» паходзiць ад лацiнскага Caesar (г. зн. iмператар) i датуецца VI цi VII ст. [19, c. 235]. Гэты тэрмiн з'яўляецца ўжо ў першых пiсьмовых творах на стараславянскай мове «Жыццё Канстанціна» i «Жыццё Мефодыя». У гэтых творах тэрмiн «цар» меў тры асноўныя значэннi: 1) Бог; 2) Бiблейскi манарх; 3) Васiлеўс, цi iмператар Вiзантыi [25, c. 267].

 

Першыя два значэннi тэрмiна «цар» ужывалiся выключна ў рэлiгiйным сэнсе, палiтычны ж сэнс мела толькi трэцяе значэнне. Менавiта палiтычнае значэнне адыгрывала ролю ў мiжнародных адносiнах i ўжывалася ў афiцыйных дыпламатычных дакументах. У гэтым сэнсе тэрмiн «цар» /»цэсар» спачатку ўжываўся толькi для азначэння васiлеўса i кайзера, iмператараў Вiзантыi i Свяшчэннай Рымскай iмперыi [26, c. 6]. З мангольскiм заваяваннем тэрмiн «цар», нават «вялiкi цар», пачаў ужывацца ў палiтычным сэнсе ў адносiнах да Чынгiз-Хана i яго спадкаемцаў, а па атрыманнi незалежнасцi Джучыева ўлуса пры Менгу-Цiмуры - да ханаў Залатой Арды. Пасля таго, як Залатая Арда падзялiлася на незалежныя дзяржавы, тыя з iх уладароў, што па сваiм паходжаннi атрымалi ханскi (мiнi-iмператарскi) тытул, пачалi называцца царамi ў славянскiх крынiцах [7, c. 30]. У той самы час, калi туркi канчаткова падпарадкавалi Вiзантыю ў 1453 г., а султан зрабiў сваёй сталiцай Канстанцінопаль (у славянскiх мовах - Царград), царскi тытул пачаў стала ўжывацца для азначэння Асманскага iмператара [4, № 19, c. 173].

 

Да сярэдзiны XVI ст. у дыпламатычных крынiцах на старабеларускай мове, якiя зыходзiлi з канцылярыi Вялiкага княства Лiтоўскага, царскi тытул ужываўся выключна для азначэння iмператара i быў роўным тытулам базiлеўса, кайзера, ханаў Залатой Арды i яе спадкаемцаў ды iмператара Асманскай iмперыi. У 1549 г., пратэстуючы супраць прыняцця царскага тытула Іванам IV, вялiкi князь лiтоўскi Жыгiмонт-Аўгуст заявiў маскоўскiм паслам: «Господари Хрестианские и он сам [Іван IV] , естли ся за Господара Хрестианьского маетъ, не мел бы писати Царем, одно одного цесара Хрестианьского; а хотя тое имя Царское Цару Перекопъскому и инъшым Татарским а поганъским Господарем на тот час его Королевская милость и он самъ Великий Князь въ листехъ своихъ пишетъ, ино то ся деетъ языком словенскимъ, же ихъ так зъ давныхъ часовъ почали прозывати, чимъ ся они сами своимъ языком не пишутъ; и яко его Королевъска милость ихъ тытулы засталъ, так его милость водле звыклого обычаю рачить казати листы свои писати» [4, № 33, c. 51-52].

 

Чаму ж намаганнi Маскоўскай дзяржавы па прызнаннi царскага тытула яе гаспадара выклiкалi такое моцнае супрацiўленне ў ВКЛ? Верагодна, значэнне царскага тытула разглядалася ў ВКЛ з пункту гледжання ўсіх культур, з якімі яно сутыкалася.

 

Па-першае, ва ўсведамленнi жыхароў Вялiкага княства Лiтоўскага, якое ўваходзiла ў заходнюю сiстэму дзяржаў, прыняцце царскага тытула Іванам IV сведчыла пра з'яўленне новай iмперыi, якая, з аднаго боку (асаблiва пасля заваявання Казанскага i Астраханскага ханстваў), успрымалася як спадкаемнiца Залатой Арды, а з iншага, прэтэндавала на ролю «Трэцяга Рыму», цi хрысцiянскай праваслаўнай iмперыi. З'яўленне новай iмперыi азначала, прынамсi, перадзел тэрыторый iснуючых сiстэмаў дзяржаў, i найблiжэйшы сусед Маскоўскай дзяржавы - Вялiкае княства Лiтоўскае, большасць насельнiцтва якога было праваслаўнае, прызнаўшы гэтую iмперыю, станавiлася б першым прэтэндэнтам на ўключэнне ў яе склад.

 

Па-другое, царскі тытул разглядаўся і ў значэнні цара-гаспадара Кіеўскай Русі, бо маскоўскі бок у перамовах спасылаўся на звычай ужывання царскага тытула Уладзімірам Святаслававічам і Уладзімірам Манамахам. Прызнанне Івана IV легітымным спадкаемцам кіеўскіх уладароў значыла прызнанне права маскоўскіх гаспадароў на Кіеўскую спадчыну, г.зн. на бясспрэчнае ўключэнне ўсходнеславянскіх земляў ВКЛ у склад Маскоўскай дзяржавы.

 

Такім чынам, прыняцце царскага тытула Іванам IV разглядалася ў ВКЛ абвяшчэннем шырокай экспансіянісцкай знешнепалітычнай дактрыны, і таму яго кіраўніцтва, разумеючы патэнцыйную пагрозу, што зыходзіла з комплекснага значэння тытулатуры маскоўскага гаспадара, устрымлівалася ад яе прызнання.

 

Заснаванне Маскоўскага патрыярхата ў кантэксце практычнай рэалізацыі тэорыі «Масква - Трэці Рым» і ВКЛ

 

У гістарыяграфіі ўкараніўся погляд на тое, што заснаванне Маскоўскага патрыярхата ў 1589 г. з'явілася практычнай імплементацыяй дактрыны «Масква - Трэці Рым», бо згодна з існуючымі ў праваслаўным свеце ўяўленнямі, наяўнасць цара патрабавала з'яўлення патрыярха [13, c. 349-350]. З гэтым поглядам можна пагадзіцца толькі часткова. Сапраўды, у тэксце саборнай граматы пра заснаванне Маскоўскага патрыярхата згадваюцца палажэнні дактрыны Філафея: «Ветхий Рим падеся аполинариевой ересью; вторый же Рим, иже есть Константинополь… от безбожных турок обладаем; твое же, о благочестивый царю, великое Российское царствие, третей Рим, благочестием всих превзыде, и вся благочестивая царствие в твое едино собрася, и ты един под небесем христианский царь именуешись в всей вселенной, во всех христианех» [14, c. 97]. Аднак той факт, што пасля заснавання патрыярхата маскоўскі патрыярх заняў у іерархіі праваслаўных патрыярхаў не першае, а апошняе, пятае, месца, паказвае сапраўднае месца імперскіх прэтэнзій Масквы ў праваслаўным свеце.

 

Што датычыць ВКЛ, то заснаванне патрыярхата Усёй Русі мела для яго надзвычай важнае значэнне, бо разглядалася ў кантэксце далейшага развіцця прэтэнзій маскоўскіх гаспадароў на яго рускія землі і праваслаўнае насельніцтва. У якасці контрмеры, для таго каб не дапусціць падпаданне праваслаўных падданых ВКЛ пад кантроль Масквы, у Вялікім Княстве разглядалася магчымасць заснавання Кіеўскага патрыярхата Усёй Русі або заключэнне царкоўнай уніі [13, c. 353].

 

Канфесійны аспект дыпламатычнай аргументацыі ў адносінах Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай у XVI ст.

 

Супрацьстаянне заходняга і ўсходняга хрысціянства

 

Прэтэнзіі Маскоўскай дзяржавы на статус праваслаўнай імперыі ды прыняцце царскага тытула Іванам ІV павінны былі надаць ідэалагічнае абгрунтаванне праву Масквы на абарону праваслаўных вернікаў ва ўсім свеце. У адносінах з ВКЛ гэта было моцна звязана з прэтэнзіямі на валоданне «рускімі» землямі і «рускімі» (праваслаўнымі) жыхарамі Княства.

 

Уладары Вялікага княства Літоўскага не хацелі саступаць у ідэалагічнай барацьбе з усходнім суседам і выказвалі ўласныя абгрунтаванні сваіх правоў на валоданне гэтымі землямі, як абапіраючыся на вядомыя гістарычныя факты, так і на новаствораныя канструкты (у тым ліку і рэлігійнага кшталту), што паступова ўкараняліся ў свядомасць і гістарычную памяць народаў ВКЛ. Такім чынам адбываўся своеасаблівы ўплыў патрэбаў знешняй палітыкі на развіццё гістарыяграфіі.

 

У дадатак да гэтага у ВКЛ пачала праводзіцца больш збалансаваная і цярпімая рэлігійная палітыка. Сітуацыя, калі падставаю для пачатку ваенных дзеянняў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ часам станавіўся тэзіс аб «абароне праваслаў'я», магла быць фактарам, што прымусіў кіраўніцтва ВКЛ задумацца аб канчатковым скасаванні нормаў дыскрымінацыйнага для праваслаўнай шляхты Гарадзельскага прывілея 1413 г., пра што і засведчыў прыняты ў ходзе Лівонскай вайны Віленскі прывілей 1563 г. Ход падзей прадэманстраваў сапраўдную наяўнасць такой небяспекі, бо ў гэты час адбывалася пераўтварэнне маскоўскага гаспадара ў адзінага надзейнага абаронцу веры ў вачах Праваслаўнага Усходу, што праявілася ў вызнанні Канстанцінопальскім патрыярхам царскага тытула Івана IV у 1560 г. і дасягнула лагічнага апагея ў заснаванні Маскоўскага патрыярхата ў 1589 г.

 

Супрацьстаянне «сапраўднага» і «сапсаванага» хрысціянства

 

Распаўсюджанне пратэстантызму ў Еўропе ў сярэдзіне XVI ст. паспрыяла ўзнікненню рэлігійных аргументаў новага кшталту, што выкарыстоўваліся ў супрацьстаянні Масквы і Вільні.

 

У перапісцы з імператарам Свяшчэннай Рымскай Імперыі Фердынандам у 1560 г. маскоўскі гаспадар абгрунтоўваў экспансію на ахопленыя пратэстанцкімі ідэямі землі Лівоніі неабходнасцю пакараць іконаборцаў [18, c. 253-254], аднак так і не знайшоў разумення з яго боку. Падобныя аргументы выпрацоўваліся і для абгрунтавання неабходнасці аднавіць сапраўдную веру ў ВКЛ, дзе ў сярэдзіне XVI ст. шырылася кола прыхільнікаў пратэстантызму.

 

Больш таго, магнатэрыя Вялікага княства Літоўскага пратэстанцкага веравызнання (перад усім, Радзівілы) стала абвінавачвалася маскоўскім бокам у развязванні канфлікту за валоданне Лівоніяй паміж Масквой і Вільняй на той падставе, што яны хацелі падтрымаць там сваіх аднаверцаў.

 

Супрацьстаянне хрысціянства і нехрысціянства

 

Асаблівая ўвага ў дыпламатычных адносінах паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай надавалася «басурманскаму» фактару. Шматлікія спробы стварэння агульнай антымусульманскай кааліцыі правальваліся з прычыны ўзаемнага недаверу і абвінавачванняў у сепаратных кантактах з «басурманамі» [15, c. 71-86]. Кіраўніцтва ВКЛ свядома не пайшло на стварэнне падобнай кааліцыі, прадугледзеўшы магчымыя негатыўныя наступствы падобнага кроку, менавіта - патэнцыйнае пагаршэнне адносін з Асманскай імперыяй, а таксама знікненне чынніка раўнавагі ва Усходняй Еўропе ў выглядзе Крымскага ханства. «И толко крымсково избывъ, и вамъ не на комъ пасти, пасти вамъ на насъ», - адказалі паслы ВКЛ на маскоўскую прапанову сумеснага паходу на Крым у 1559 г. [8, № 37, c. 577].

 

Больш таго, калі вялікія князі літоўскія адмаўляліся тытулаваць Івана ІV царом, то адным з асноўных аргументаў быў факт устойлівага і пераважнага ўжывання гэтага тытула ў адносінах да татарскіх ханаў, якім хрысціянскім уладарам тытулавацца было «не гожа». Спробы маскоўскіх дыпламатаў абгрунтаваць легітымнасць царскага тытула свайго гаспадара фактам валодання «царскіх мест» Казані і Астрахані толькі ўзмацнялі абвінавачванні маскоўскага гаспадара ў сімпатыях да «басурманства».

 

З іншага боку, калі гаспадаром Рэчы Паспалітай і ВКЛ быў абраны княжа Седзмігорскі Стэфан Баторы, то ён увесь час абвінавачваўся маскоўскім бокам у прасоўванні інтарэсаў свайго сюзерэна - Асманскага султана ды ў выкарыстанні нехрысціянскіх практык у знешняй палітыцы.

 

Рэлігійны аспект дыпламатычнага цэрыманіялу і працэдур

 

Рэлігійныя практыкі былі складальнай часткай дыпламатычнага цырыманіялу ў сярэднявеччы і ў ранні новы час. У адносінах ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай гэта праяўлялася ў адмысловай працэдуры ратыфікацыі і пацвярджэння міжнародных пагадненняў, правідэнцыйным абгрунтаванні знешне- і ўнутрыпалітычных падзей у абедвюх дзяржавах, а таксама ў апеляцыі да хрысціянскай маралі.

 

Усе пагадненні паміж гаспадарамі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы падлягалі абавязковай дадатковай валідацыі згодна з існуючай агульнахрысціянскай практыкай, якая складалася з трох этапаў: вымаўленне гаспадаром клятвы імем Бога, размяшчэнне на дакуменце крыжа ці Бібліі і крыжацалаванне. Гэтыя дадатковыя гарантыі вымагаліся для таго, каб атрымаць верагодную вышэйшую падтрымку («Божую кару») супраць клятваадступніка.

 

Любыя падзеі сусветнай і ўласнай гісторыі - уваходжанне на трон, пройгрыш у вайне, заваёва горада - абгрунтоўваліся воляй Бога (Божай карай або ласкай), і гэтага было дастаткова для легітымізацыі той ці іншай падзеі ці ўчынку.

 

Галоўнай мерай учынкаў як у дыпламатычнай практыцы, так і на вайне былі нормы хрысціянскай маралі. Абвінавачванні ў праліцці хрысціянскай крыві, парушэнні клятвы, змовах з «басурманамі» супраць хрысціян складалі значную частку рыторыкі ў дыпламатычных перамовах паміж краінамі і надавалі дадатковае абгрунтаванне агучваемым патрабаванням.

 

Даволі значную ролю адыгрывала і канфесійная прыналежнасць асобаў, адказных за дыпламатычную дзейнасць, і непасрэдных выканаўцаў - праваслаўныя дыпламаты ВКЛ карысталіся большым даверам іх маскоўскіх калег.

 

Як бачна, канфесійны аспект займаў значнае месца ў практыцы дыпламатычных зносін ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай, аднак казаць пра выключна рэлігійна-дактрынальныя супярэчнасці паміж дзяржавамі як прычыну канфліктаў вывучаемага перыяду не выпадае. Гэты аспект павінен разглядацца ў якасці складальнай часткі комплекснага палітычнага і ідэалагічнага супрацьстаяння Вільні і Масквы, які ўключаў у сябе таксама пытанні светаўспрымання, арыентацыі ў часе і прасторы, дзяржавабудаўніцтва, узаемадачыненняў паміж гаспадаром і падданымі і г.д. Больш таго, за каляканфесійнай рыторыкай вельмі часта хаваліся больш празаічныя мэты гаспадароў у авалоданні новымі тэрыторыямі і багаццямі.

 

Спіс крыніц і літаратуры

 

1. Дмитриева, Р.П. Сказание о князьях Владимирских / Р.П. Дмитриева. - М.-Л., 1955.

 

2. Ерусалимский, К.Ю. История на посольской службе: Дипломатия и память в России ХVI в. / К.Ю. Ерусалимский. - М., 2005.

 

3. Иконников, В.С. Опыт исследования о культурном значении Византии в русской истории / В.С. Иконников. - Киев, 1869.

 

4. Книга Посольская метрики Великого княжества Литовского, содержащая в себе дипломатические сношения Литвы в государствование короля Сигизмунда Августа (с 1545 по 1572 г.). - М., 1843. - Т. 1.

 

5. Кореневский, A. Когда и кем была «изобретена» теория «Москва - Третий Рим»? / A. Кореневский // Ab Imperio, 1-2/2001. - С. 87-124.

 

6. Малинин, В. Старец Елиезарова монастыря Филофей и его послания / В. Малинин. - Киев, 1901.

 

7. Насонов, А.Н. Монголы и Русь / А.Н. Насонов. - М.-Л., 1940.

 

8. Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским. - Т. 2: 1533-1560 гг. // Сборник Императорского русского исторического общества. - СПб., 1887. - Т. 59.

 

9. Маршал, По. Изобретение концепции «Москва - Третий Рим» / По Маршал // Ab Imperio. - 2/2000. - С. 61-86.

 

10. Послание Васиана архиепископа Ростовского // Полное собрание русских летописей. - М., 1913. - Т. 21(2). - С. 557-564.

 

11. Савва, В. И. Московские цари и византийские василевсы. К вопросу о влиянии Византии на образование идеи царской власти Московского государства / В. И. Савва. - Харьков, 1901.

 

12. Синицина, Н.В. Третий Рим: Истоки и эволюция русской средневековой концепции (ХV-ХVI вв.) / Н.В. Синицина. - М., 1998.

 

13. Скрынников, Р.Г. Государство и Церковь на Руси ХIV-ХVI вв. / Р.Г. Скрынников. - Новосибирск, 1991.

 

14. Собрание государственных грамот и договоров. - Ч. 2. - М., 1819.

 

15. Флоря, Б. Н. Проект антитурецкой коалиции середины XVI в. / Б. Н. Флоря // Россия, Польша и Причерноморье в XV-XVIII вв. - М., 1979. - С. 7-86.

 

16. Чаев, Н.С. «Москва - Третий Рим» в политической практике Московского правительства XVI века / Н.С. Чаев // Исторические записки. 17/1945. - С. 3-23.

 

17. Cherniavsky, M. Khan or Basileus: An Aspect of Russian Medieval Political Theory / M. Cherniavsky // Journal of the History of Ideas. - 20(4)/1959. - P. 459-476.

 

18. Ciampi, S. Bibliografia Critica delle Antiche Reciproche Corrispondenze / S. Ciampi. - Vol. 1. - Firenze, 1834.

 

19. Moravcsik, Gy. Zur Geschichte Des Herrschertitels 'Caesar > Царь' / Gy. Moravcsik // Зборник Радова Византолошког Института. - Кн. 8. - 1963.

 

20. Obolensky, D. The Byzantine Commonwealth: Eastern Europe, 500-1453 / D. Obolensky. - New York-Washington, 1971.

 

21. Obolensky, D. The Relations Between Byzantium And Russia (11th-15th Century) / D. Obolensky // The Byzantine Inheritance of Eastern Europe. - London, 1982.

 

22. Sevcenko, I. A neglected Byzantine Source of Muscovite Political Ideology / I. Sevcenko // Harvard Slavic Studies. - 2/1954.

 

23. Sevcenko, I. Byzantium and the Eastern Slavs after 1453 / I. Sevcenko // Ideology, Letters and Culture in the Byzantine world. - London, 1982.

 

24. Stremooukhoff , D. Moscow the Third Rome: Sources of the Doctrine / D. Stremooukhoff // Speculum. - 28(1)/1953. - S. 84-101.

 

25. Vavřнnek, V. Ugъrskyjь korolь dans la vieux-slave de Mйthode / V. Vavřнnek // Bizantinoslavica. - XXV. - 1964. - S. 261-269.

 

26. Vodoff, W. Remarques sur la valeur du terme 'tsar' appliquй aux princes russes avant le milleu du XVe siйcle / W. Vodoff // Oxford Slavonic Papers. New Series. - 1978. - V. XI. - S. 1-41.

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

Салей С.М.

Рубрыка: