ПАЛІТЫКА ЦАРЫЗМУ Ў АДНОСІНАХ ДА КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ НА БЕЛАРУСІ Ў 1772-1801 гг.

 

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у Расійскай дзяржаве апынулася каля 1 мільёна католікаў «обоих обрядов»: каля 100 тыс. лацінскага абраду і 800 тыс. уніятаў. Згодна з дзеючым у Імперыі «Рэгламентам» ад 12 лютага 1769 г., як каталіцкая, так і праваслаўная царква была цалкам падпарадкавана царскаму ўраду. Гэта супярэчыла каталіцкім канонам, таму папскі нунцый у Варшаве ад імя рымскай курыі запатрабаваў ад рускага пасла дазволу накіраваць у Расію апостальскага наглядальніка для абароны правоў католікаў. Адказ быў адмоўным.

 

Разам з тым царскі ўрад не дапускаў гвалту адносна каталіцкай царквы на далучаных землях - яму была лаяльнасць мясцовай шляхты, каталіцкай у сваёй аснове. Таму першыя ўказы Кацярыны ІІ не датычылі царкоўнай арганізацыі, але толькі духавенства. Манахам, якія не пажадалі прынесці прысягу ёй на вернасць, дазвалялася выехаць за мяжу. Быў складзены спіс езуіцкіх манастыроў, школ і вучылішчаў, за якімі належала «недреманно смотреть..., яко за коварнейшим из всех прочих латинских орденов» [2, т. XIX, с. 509, 510]. Езуіты здаваліся небяспечнымі, бо, згодна з уставам іх таварыства, падпарадкоўваліся непасрэдна і безумоўна ўладзе Рыма.

 

Краіны, якія ўдзельнічалі ў падзеле Рэчы Паспалітай, узялі на сябе гарантыі свабоды веравызнання на разабраных тэрыторыях. «Римским обоего звания католикам» было захавана «вольное отправление службы божией по их обрядам» [2, т. XIX, с. 830]. У той жа час каталіцкаму духавенству забаранялася абнародваць папскія булы без імператарскага дазволу. Уніятам і католікам было забаронена спакушаць у сваю веру праваслаўных [2, т. XIX, с. 688-689].

 

Чарговае сутыкненне з Рымам адбылося на глебе прызначэння кіраўніком каталіцкай царквы ў Расіі Станіслава Богуш-Сестранцэвіча. «Рэгламент» выключаў умяшанне рымскай курыі, але пасвячэнне ў сан біскупа не магло абысціся без яе згоды. Гарампі, папскі нунцый у Варшаве як давераная асоба курыі падтрымаў кандыдатуру С. Богуш-Сестранцэвіча. Папа Клемент XIV даручыў С. Богуш-Сестранцэвічу кіраванне ўсімі католікамі ў Расіі, але асобнага рымска-каталіцкага біскупства не стварыў. Гэта зрабіў царскі ўрад. 3 снежня 1773 г. ён стварыў для ўсёй Расіі Беларускую рымска-каталіцкую епархію з цэнтрам у Магілёве з С. Богуш-Сестранцэвічам на чале. Аднак пераварочваць насельніцтва ў каталіцкае веравызнанне яму было забаронена, а ўсе зносіны з Рымам належала весці праз пасрэдніцтва Пецярбурга. Усе папскія распараджэнні, булы атрымлівалі на тэрыторыі імперыі юрыдычную моц толькі пасля зацвярджэння іх царом [1, с. 154-155]. Гэта выклікала незадавальненне Клемента XIV, які аднак 20 лютага 1774 г. па прапанове Кангрэгацыі прапаганды веры прызнаў С. Богуш-Сестранцэвіча епіскапам для ўсёй Расіі, але не епіскапам беларускім, як менаваў яго Пецярбург [6]. Паводле царскага ўказу ад 17/28 студзеня 1782 г., Беларуская каталіцкая епархія была пераўтворана ў Магілёўскае каталіцкае архіепіскапства.

 

Вагу каталіцкай царкве на Беларусі надавала і больш высокая адукаванасць яе духавенства ў параўнанні з праваслаўным, што дапамагала ўплываць на мясцовае насельніцтва. Яшчэ ў 1719 г. Пётр I выслаў з краіны ўсіх езуітаў - прадстаўнікоў Ордэна, якія праславіліся ў Еўропе добра пастаўленай адукацыйнай дзейнасцю. Але пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у межах Імперыі апынулася 20 абшчын гэтага Ордэна і больш за 200 членаў. Адразу пасля далучэння ўсходніх зямель Беларусі віцэ-правінцыял езуітаў Чарневіч накіраваўся ў Пецярбург і ад імя Ордэна заверыў імператрыцу ў вернасці ёй. Гэта адыграла на карысць Ордэна: калі 10 ліпеня 1773 г. папа Клімент XIV сваім брэве «Dominus et Redempter» аб'явіў аб роспуску Ордэна, Кацярына IIдазволіла яму дзейнасць ў межах Расійскай імперыі. Езуітам далі свабоду адпраўлення веры, права ўласнасці, права адкрыцця навучальных устаноў. Усё гэта даравалася Ордэну толькі пры ўмове яго падпарадкавання арцыбіскупу магілёўскаму, якому, у сваю чаргу, наказалі не прыцясняць езуітаў. Нямецкі даследчык каталіцтва Э. Вінтэр адзначаў: «У сапраўднасці тут меў месца кампраміс. За падтрымку ў Расіі езуіты абяцалі дамагчыся лаяльнасці новых падданых і моцнага саюзу супраць рэвалюцыйнага руху» [1, с. 159]. Грунтуючыся на ўказе імператрыцы, Чарневіч не падпарадкаваўся ўказу апошняга генерала езуітаў Рычы аб роспуску Ордэна.

 

У Полацку 2 лютага 1780 г. быў адкрыты навіцыят Ордэна езуітаў для падрыхтоўкі манаскіх кадраў. Як адзначаў А. Сапуноў, «в бытность императрицы в Полоцке иезуиты устроили торжественную встречу; государыня, посетив их костёл, кляштар и коллегию, была поражена великолепием их представительности… С этого момента начинается сильный прилив иезуитов из-за границы в Полоцк, а оттуда они наводняют и всю Белоруссию» [3, с. 12].

 

Пасля другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай Кацярына II пацвердзіла курс сваёй канфесійнай палітыкі: «оставить оных римских католиков... на вечные времена при свободной принадлежности преимуществ собственности и церквей, при свободном отправлении их богослужения и церковного порядка» [4, с. 19]. Указам ад 6 верасня 1795 г. у Вільні была заснавана Інфлянцкая епархія на чале з епіскапам Касакоўскім, якая распаўсюджвала сваю ўладу на тэрыторыю Літоўскай губерні; тэрыторыя Мінскай і Валынскай губерняў уваходзіла ў склад Пінскай епархіі на чале з Цэцішэўскім. Выхад з-пад уплыву Рыма католікаў беларускіх зямель занепакоіў папу Пія VI. 12 верасня 1795 г. у лісце да рускай імператрыцы ён выказаў намер накіраваць свайго легата Літта для вядзення перамоў аб становішчы рымска-каталіцкай царквы ў Расіі. На самай справе, прадстаўнік папы меў сакрэтную місію. Полымя Французскай рэвалюцыі падыходзіла да самога Рыму, і папа шукаў прытулак на той выпадак, калі яно ахопіць усю Італію. Выбар паў на Расію. Літту было дазволена ўзвесці С. Богуш-Сестранцэвіча ў сан кардынала і здзейсніць тым самым даўнюю мару Кацярыны II. Але напрыканцы 1796 г. імператрыца памерла, і перад папскім легатам паўсталі новыя праблемы.

 

Пры Паўле I вага каталіцкай царквы працягвала падаць, хоць новы імператар спрыяў Ордэну езуітаў. Пазіцыі касцёла падрываў і актыўны ўдзел духавенства ў розных антыўрадавых акцыях. Пад уплывам замежнай эміграцыі ў 1796 г. ксёндз А. Дамброўскі стварыў тайную арганізацыю «Віленская асацыяцыя», якая займалася падрыхтоўкай новага паўстання, зборам сродкаў на яго і вярбоўкай афіцэраў на службу ў замежныя легіёны. Дзейнасць асацыяцыі знайшла падтрымку ў Брэсце, Кобрыне, Гродне і Мінску. Але яе члены былі арыштаваны, пазбаўлены шляхецтва, духоўнага сану, маёнткаў і сасланы ў Сібір [5, с. 79]. Паводле ўказу 1798 г. чарговы раз былі зменены межы каталіцкіх епархій. У Імперыі іх было ўтворана шэсць, з іх тры ахоплівалі тэрыторыю Беларусі: Магілёўская, Віленская і Мінская.

 

Яшчэ ў 1791 г., пад час прабывання Паўла І у Полацку, цэнтры Ордэна езуітаў, тыя арганізавалі яму такі пышны прыём з феерверкамі, што ён адзначыў: «Як усё-такі цудоўна яны ставяцца да нас!» З тых часоў ён стаў «апекуном» Таварыства Ісуса. У 1800 г. ён звярнуўся да папы Пія VII з прапановай афіцыйна прызнаць езуітаў у Расіі. Адказам стала папскае брэве «Catholicae fidei» ад 7 сакавіка 1801 г. У канцы XVIII ст. пры імператарскім двары была ўтворана ўплывовая групоўка з прадстаўнікоў вышэйшай польскай знаці, якія актыўна ўплывалі на палітычны курс ураду. Іх духоўнікамі былі езуіты. Генерал Ордэна езуіт Грубер стаў хутка адцясняць С. Богуш-Сестранцэвіча, які мог давесці да імператара сапраўдны намер Ордэна. Аднойчы Грубер паведаміў Паўлу I, быццам магілёўскі біскуп насмяхаўся над царскімі ўказамі. Імператар прыйшоў у шаленства. Богуш-Сестранцэвіч быў пазбаўлены пасады і сасланы ў родавы маёнтак пад Магілёвам. Выкананне яго абавязкаў усклалі на Беніслаўскага, былога езуіта і іх сябра.

 

Дзень 8 снежня 1797 г. быў ці не найлепшым у жыцці Паўла I - яго абралі прарэктарам рыцарскага Мальційскага ордэна. Да свайго абрання ён ставіўся сур'ёзна, бо бачыў у гэтым першы крок да ажыццяўлення даўняй мары: зліццё рускай і рымскай цэркваў. Гэтую ідэю падтрымлівала і праваслаўнае духавенства. Папа Пій VIбыў здзіўлены, як праваслаўны манарх мог быць абраны главою каталіцкага рыцарскага ордэна? Павел I быў пакрыўджаны на такі недавер Рыму і выслаў папскага легата Літта з Пецярбургу [1, с. 199-205].

 

Для езуітаў забойства Паўла Iстала цяжкім ударам. Становішча каталіцкай царквы ў краіне было вельмі няпростым. Мітрапаліт знаходзіўся пад вартай, езуіты праз Беніслаўскага фактычна ўзначальвалі каталіцкі дэпартамент. Імператар Аляксандр I адносіўся да Таварыства Ісуса менш лаяльна. Ён вызваліў С. Богуш-Сестранцэвіча і вярнуў яму пасаду мітрапаліта. У ліпені 1801 г. рускі ўрад стварыў Камісію па змене асноў заканадаўства, якая вызначыла новы статус каталіцкай царквы ў Імперыі. Яна павінна была спалучыць патрабаванні царскага ўраду і нормы кананічнага права каталіцкай царквы. У склад камісіі ўваходзілі ўплывовыя католікі, прадстаўнікі польскай знаці. Дэпартамент па справах католікаў быў ператвораны ў Духоўную калегію па справах рымска-каталіцкай царквы [2, т. XXVI, с. 823-829]. У ёй справы духоўныя і свецкія былі падзелены. Узначальваў калегію мітрапаліт. Новы парадак кіравання каталіцкай царквой, які падпарадкоўваў яе дзяржаве, у асноўным захоўваўся да 1917 г. З самастойнасцю мітрапаліта ў царкоўных справах было скончана.

 

Спіс крыніц і літаратуры

 

1. Винтер, Э. Папство и царизм / Э. Винтер. - М.: Прогресс, 1964. - 533 с.

 

2. ПСЗРИ: Собр. 1-е с 1649 г. по 1825 г.: в 45 т. - СПб., 1830. - Т. XIX. - 936 с.; Т. XXVI. - 987 с.

 

3. Сапунов, А. Заметки о коллегии и академии иезуитов в Полоцке / А. Сапунов. - Витебск, 1890. - 34 с.

 

4. Сборник документов, касающийся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792-1796). - Вильна, 1903.

 

5. Филатова, Е.Н. Конфессиональная политика царского правительства в Беларуси: 1772-1860 гг. / Е.Н. Филатова. - Минск: Бел. навука, 2006. - 192 с.

 

6. Welykyj, A. Acta S.C. de Propaganda fi de ecclesiam catholicam Ucrainae et Bielarusjae spectantia / A. Welykyj. - Vol. V (1769-1862). - Roma, 1954-1955.

 

Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э.С., - ГрДУ, Гродна, 2008.

Занеўскі С.В.

Рубрыка: