БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ КАНФЕСІЙНАГА РАЗВІЦЦЯ: НЕАБХОДНАСЦЬ ТЭАРЭТЫЧНАГА АСЭНСАВАННЯ

На мяжы ХХ - ХХІ ст. гісторыка-канфесійная праблематыка стала адным з прыярытэтных кірункаў еўрапейскай гістарыяграфіі, у разнастайнасці тэматыкі якой устойлівае месца займае цікавасць да беларускай мадэлі царкоўна-рэлігійнага развіцця. Гэта цікавасць абумоўлена унікальнасцю канфесійнай гісторыі Беларусі і ўключанасцю беларускага грамадства ў мінулым у рэлігійна-палітычныя, духоўна-культурныя, этнанацыянальныя працэсы шэрагу краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

 

За апошняе тысчагоддзе сваёй гісторыі Беларусь зведала значныя канфесійныя трансфармацыі. Яны вызначаліся як унутранымі, так і знешнімі фактарамі. Канфесійная спецыфіка Беларусі ў значнай ступені абумоўлена яе геапалітычным становішчам. Канфесійная гісторыя Беларусі XVI - XIX cт. уяўляла сабой змену суадносін розных хрысціянскіх плыняў. Хрысціянства тут у розныя гістарычныя эпохі набывала адпаведныя царкоўныя і культурныя формы. Ішлі пошукі нашымі продкамі ўласнага месца ў еўрапейскіх рэлігійна-палітычных працэсах, на перакрыжаванні Усходу і Захаду. Канфесійны фактар аказваў моцны ўплыў на этнакультурныя працэсы, садзейнічаў этнічнаму самавызначэнню беларусаў і іх дыферэнцыяцыі ад іншых народаў. ХХ ст. зведала масавую атэізацыю, а потым - рэлігійны «рэнесанс». Сучасная канфесійная сітуацыя ў Беларусі і нацыянальная ідэнтычнасць насельніцтва - вынік канфесійных працэсаў апошніх стагоддзяў.

 

Пачынаючы з Мікалая Бантыш-Каменскага [1] і Міхаіла Каяловіча [2] у Расійскай імперыі, Гвэпіна і Марціна ў Францыі [3; 4], Эдуарда Лікоўскага ў Польшчы [5] і інш., еўрапейская гістарыяграфія паступова нарошчвала агульны аб'ём інфармацыі па гісторыі рэлігіі і цэрквы на беларускіх землях. Гэту гісторыю даследавалі ў розных аспектах: тэалагічным, палітычным, ідэалагічным, культуралагічным, этнічным, сацыяльна-эканамічным і ўласна гістарычным. Для замежнай гістарыяграфіі (найперш, расійскай і польскай) уласціва імкненне прывязаць гісторыю Беларусі да гісторыі сваіх краін, за чым не відаць яе канфесійнай спецыфікі. Дзяржаўная, нацыянальная, рэлігійная заангажаванасць гісторыкаў Расіі і Польшчы не дазваляла ім убачыць таго факту, што, прымаючы ўплывы з Захаду і з Усходу, продкі беларусаў імкнуліся да правядзення ўласнай лініі ў царкоўна-рэлігійнай сферы, да пошуку свайго месца ў хрысціянскім свеце.

 

Сярод айчынных і замежных даследчыкаў адсутнічаюць адзінства і нават узгодненыя падыходы да ацэнкі ролі і месца розных культавых інстытутаў у гістарычным лёсе Беларусі, іх уплыву на беларускую культуру і працэсы нацыятварэння. Да пачатку ХХ ст. у гістарыяграфіі панаваў пастулат аб вызначальнай ролі праваслаўнай царквы на дзяржаўнае і культурнае развіццё беларускіх земляў. Савецкая навука з яе класавым падыходам разглядала ўсе культавыя інстытуты як пасобніка эксплуататарскіх класаў, свядома змяншаючы значнасць першых у фарміраванні культурнай спадчыны беларускага народа. У наш час адыйшоў у нябыт паказ царквы як аплота коснасці і рэакцыі. Усё глыбей усведамляецца яе роля ў дзяржаўным і этнакультурным жыцці народа. Гісторыя хрысціянства, жыццё і дзейнасць яго падзвіжнікаў паступова займаюць бачнае месца ў навуко­вай, вучэб­най і папулярнай літаратуры. Сучасная гістарыяграфія ў вывучэнні гісторыі праваслаўя, каталіцызма, пратэстантызма і уніяцтва ў Беларусі робіць акцэнт на іх узаемапранікненне і ўзаемаўзбагачэнне.

 

Пытанне аб беларускай мадэлі канфесійнага развіцця ў яго філасофска-тэарэтычным аспекце было пастаўлена нядаўна, хоць вывучэнне гісторыі рэлігіі і царквы Беларусі мае ўжо больш за двухсотгадовую традыцыю. Пошукамі адказаў на яе шматлікія пытанні займаліся таксама філосафы, рэлігійныя дзеячы, мастацтваз­наўцы, філолагі і інш. Багатая гістарыяграфія прадмета адкрывае магчымасць яго асэнсавання на новым узроўні, з улікам сучаснага стану ведаў і больш высокай ступені абагульнення. Відавочна, што ад фактаапісальніцтва і царкоўнага краязнаўства варта пераходзіць да тэарэтычнага асэнсавання праблемы, улічваючы сучасныя метадалагічныя падыходы. Паколькі ў плоскасці гістарычнага даследавання не заўсёды ўдаецца дасягнуць навуковага кансэнсуса, то можа справа за вышэй­шым, філасофскім асэнсаваннем перыпетый беларускай царкоўнай гісторыі? Яе філасофскаму асэнсаванню дапамагаюць працы І.Абдзіраловіча [6], С.А.Падокшына [7 - 9], У.М.Конана [10; 11], Н. Кутузавай [12; 13] і інш.

 

Даследаванне працэсу канфесійнай трансфармацыі беларускага грамадства ў X - пачатку ХХІ ст., спецыфікі гэтага працэсу ў еўрапейскім, усходнеславянскім кантэксце, яго адметнасці на кожным з этапаў гістарычнага развіцця мае пад сабой багатую крыніцавую базу. Яна ўяўляе сабой комплекс разнастайных па відавой прыналежнасці, па ступені інфармацыйнай насычанасці, рэпрэзентатыўнасці і навуковай значнасці дакументаў, якія, узятыя ў сукупнасці, дазваляюць усебакова і дакладна рэканструяваць падзеі, працэсы і тэндэнцыі ў дзейнасці розных культавых інстытутаў на тэрыторыі Беларусі, у міжканфесійных адносінах. Крыніцы даюць магчымасць прасачыць працэс змены суадносін розных адгалінаванняў хрысціянства на беларускіх землях, у тым ліку яго міжнародны аспект, зігзагі дзяржаўнай канфесійнай палітыкі.

 

У распараджэнні даследчыка - дакументы беларускага і замежнага паходжання, створаныя на розных мовах прадстаўнікамі розных сацыяльна-прафесійных груп і канфесійнай прыналежнасці, крыніцы дакументальныя і наратыўныя, масавыя і унікальныя, публічныя і канфідэнцыйныя.

 

Новыя тэндэнцыі ў царкоўна-культурнай сферы Беларусі ў Сярэднявеччы і пачатку Новага часу адлюстроўваюць летапісы, жыцці святых, палемічная літаратура, навуковыя і гісторыка-літаратурныя працы царкоўных дзеячаў таго часу і інш. Важнай крыніцай для вывучэння канфесійнай гісторыі XV - XХ ст. з'яўляюцца помнікі свецкага і кананічнага права, пастановы вышэйшых органаў кіравання царквой, матэрыялы царкоўных сабораў і да т.п. Працэс «інтэрнацыяналізацыі» міжканфесійных адносін і канфліктаў у Беларусі адлюстроўвае знешнепалітычная дакументацыя. Сярод крыніц абсалютна дамінуюць матэрыялы царкоўнага і свецкага справаводства. Прасачыць трансфармацыю канфесійнай структуры насельніцтва ў канцы XVIII - пачатку ХХ ст. дазваляюць статыстычныя крыніцы. Карціну царкоўна-рэлігійных падзей дапаўняюць мемуары і асабістая перапіска. Вельмі цікавыя з пункту погляду царкоўнага краязнаўства летапісы цэркваў, прыходаў, манастыроў, якія вяліся іх настаяцелямі. Падзеі ХІХ - пачатку ХХІ ст. знайшлі адлюстраванне ў перыядычным друку. Каштоўнай крыніцай для вывучэння стану культавых інстытутаў у савецкую эпоху з'яўляюцца фонды дакументаў Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР, а таксама рэспубліканскага і абласных апаратаў упаўнаважанага гэтага Савета.

 

На жаль, толькі нязначная частка крыніц, якія дазваляюць рэканструяваць падзеі і працэсы ў канфесійнай сферы, захоўваецца ў Беларусі. Такія дакументальныя комплексы адклаліся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродна, у Нацыянальным архіве Беларусі, у абласных і занальных архівах.

 

Шматлікія дакументы знішчаны самім часам, страчаны ў выніку войнаў, загінулі ў віхуры паўстанняў, пажараў, вывезены за межы Беларусі або першапачаткова фарміраваліся ў тых палітычных цэнтрах, з якіх ажыццяўлялася адміністрацыйнае кіраўніцтва ёю: Вільнюсе, Варшаве, Санкт-Пецярбургу, Маскве. Даследчык беларускай гісторыка-канфесійнай праблематыкі «асуджаны» на архіўныя пошукі ў дакументасховішчах усходне- і цэнтральнаеўрапейскіх сталіц: Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве (Санкт-Пецярбург), Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў (Масква), Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі (Масква), Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы (Вільнюс), Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны (Львоў), Галоўным архіве старажытных актаў і Галоўным архіве новых актаў (Варшава) і інш.

 

Частка дакументальнай спадчыны з канфесійных архіваў была надрукавана ў ХІХ - пачатку ХХІ ст. у тэматычных і абагульняючых зборніках: ад выданняў археаграфічных камісій да дакументальных публікацый «Уния в документах»[14] і «Полацкія пакутнікі» [15].

 

Матэрыял крыніц служыць важкім аргументам у навуковых дыскусіях па спрэчных пытаннях няпростай і шмат у чым унікальнай гісторыі поліканфесійнай Беларусі. Разам з тым, варта ўлічваць, што дакументы, як тыя, што захоўваюцца ў архівах, так і апублікаваныя, не толькі нясуць на сабе абітак свайго часу, панаваўшай ідэалогіі, але і даюць суб'ектыўнае ўспрыманне падзей іх аўтарамі, не заўсёды адрозніваюцца паўнатой і даставернасцю іх асвятлення. Беларускія і замежныя архівы яшчэ далёка не вычарпаны папярэднімі пакаленнямі даследчыкаў канфесійнай гісторыі Беларусі. Вывучэнне масіву вартых даверу архіўных і апублікаваных крыніц, пры адмове ад іх падзелу на зруч­ныя і нязручныя, дасць штуршок для новых навуковых распрацовак.

 

Відавочна, што канфесійная складаемая гісторыі Беларусі надала адметнасць і унікальнасць ўсяму гістарычнаму шляху, пройдзенаму нашым народам і дзяржавай. Даследаванне беларускай мадэлі канфесійнага развіцця, улік царкоўна-палітычных зломаў можа даць блізкі да рэалій адказ на пытанне аб цывілізацыйнай спецыфіцы беларускай гісторыі, аб прычынах замаруджанасці нацыянальнага развіцця беларусаў, даць лепшае разуменне сучаснай нацыянальна-культурнай і канфесійнай сітуацыі ў рэспубліцы і вызначыць арыенціры дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі на будучыню. Настаў час адпаведнага сучаснаму стану ведаў і крыніцавай базы канцэптуальнага, філасофска-тэарэтычнага асэнсавання гістарычнай канфесійнай адметнасці Беларусі і грунтоўных абагульняючых даследаванняў па гісторыі яе хрысціянскіх цэркваў .

 

 

Спіс крыніц і літаратуры

 

1. Бантыш-Каменский, Н.Н. Историческое известие о возникшей в Польше унии, с показанием начала и важнейших, в продолжение оной чрез два века, приключений, паче же о бывшем от римлян и униятов на благочестивых тамошних жителей гонении / Н.Н.Бантыш-Каменский. - М.: Синодальная тип., 1805. - 454 с.

 

2. Коялович, М.О. Литовская церковная уния: Исследования / М.О. Коялович. - СПб.: Тип. Тихменева, 1859 - 1861. - Т. 1. - 316 с.; Т. 2. - 442 с.

 

3. Guepin, A. Saint Josaphat archeveque de Polock, martyr de l'Unite Catholique et l'Eglise Grecque Unie en Pologne / A. Guepin. - Poitiers: H.Oudin, 1874. - Vol. 1. - 351 p.; Vol. 2. - 1878. - 544 р.

 

4. Martinov, S. Saint Josaphat et ses detracteurs / S. Martinov. - Lion, 1875.

 

5. Likowski, E. Historia unii kościoła ruskiego z kościołem rzymskim / E. Likowski. - Poznań: M.Leitgeber, 1875. - 287 s.

 

6. Абдзіраловіч, І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветапогляду / І. Абдзіраловіч. - Мінск: Навука і тэхніка, 1993. - 44 с.

 

7. Подокшин, С.А. Проблема «Восток - Запад» в общественно-философской мысли Белоруссии и России ХVІ - ХVІІ вв. / С.А. Подокшин // Кніжная культура Беларусі: зборнік навуковых прац. - Мінск: ЦНБ Акадэміі наук БССР, 1991. - С. 40 - 44.

 

8. Падокшын, С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (Філасофска-гістарычны аналіз) / С.А. Падокшын. − 2-е выд. - Мінск: Беларуская навука, 2000. - 111 с.

 

9. Падокшын, С.А. Іпацій Пацей: Царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох / С.А. Падокшын. - Мінск: Беларуская навука, 2001. - 118 с.

 

10. Конон, В. Вера и нация: христианство в судьбе белорусов / В. Конон // Неман. - 1994. - № 5. - С. 156 - 164.

 

11. Конан, У.М. Хрысціянства ў гістарычным лёсе Беларусі / У.М Конан // Беларуская думка ХХ ст.: Філасофія, рэлігія, культура: анталогія. - Варшава, 1998

 

12. Кутузова, Н.А. Социально-философская и этическая мысль Беларуси первой половины ХVІІ в.: Автореф. дис. … канд. филос. наук: 09.00.03 / Бел. гос. ун-т. / Н.А.Кутузова. - Минск: 1996. - 19 с.

 

13. Кутузова, Н.А. Нация, религия и государственность в полемической литературе Беларуси конца ХVI - первой половины ХVII вв.: учебное пособие / Н.А.Кутузова; науч. ред. Е.С.Прокошина. - Минск: Фонд поддержки независимых науки и высшей школы: Бел. негосуд. Ин-т управл., финансов и экономики, 1998. - 111 с.

 

14. Уния в документах: сб. / сост. В.А.Теплова, З.И.Зуева. - Минск: Лучи Софии, 1997. - 520 с.

 

15. Полацкія пакутнікі: зборнік дакументаў / уклад. і ап­рац. М.Баўтовіча. - Полацк: Сафія, 2000. - 85 с.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Марозава С.В.

Рубрыка: