ПОГЛЯДЫ ДАСЛЕДЧЫКАЎ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ НА ЭТНАКАНФЕСІЙНЫ СКЛАД НАСЕЛЬНІЦТВА БЕЛАРУСІ ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ ХІХ ст.

У этнаканфесіянальных адносінах насельніцтва Беларусі было стракатым. На тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў апошняй трэці XVIII ст. грэка-католікі складалі прыблізна 39 % насельніцтва, католікі - 38 %, праваслаўныя - 6,5 %, стараверы - 4,0 %, пратэстанты - 1,6 %. Амаль кожная з пералічаных канфесій уключала прадстаўнікоў розных народаў: беларусаў, палякаў, украінцаў, немцаў, латышоў, рускіх. Толькі іудзеяў і мусульман цалкам можна атаясамліваць адпаведна з яўрэямі і татарамі.

Пасля далучэння да Расійскай імперыі адбылася ліквідацыя уніяцкай царквы. Пануючай канфесіяй на тэрыторыі Беларусі стала праваслаўе. У 1858 - 1859 гг. 58,1 % насельніцтва пяці заходніх губерняў вызнавала праваслаўную веру, у тым ліку ў Магілёўскай - 71,9 %, Віцебскай - 72,8 %, Мінскай - 71,9 %, Віленскай - 21,5 %. Католікі складалі 29,9 % і пражывалі пераважна ў Віленскай губерні, іудзеяў было 9,8 %, старавераў - 1,6 %, пратэстантаў - 0,4 % і магаметан - 0,1 % [3, с. 64].

Большасць беларусаў у канцы XVIII ст. належала да уніяцкай канфесіі, доля якой сярод вясковага насельніцтва даходзіла да 80 %. Пасля скасавання уніі сітуацыя змянілася. Паводле даных чэшскага этнографа Паўла Шафарыка, у 1840 г. на тэрыторыі пяці заходніх губерняў пражывала 2726,0 тыс. беларусаў, з іх 87,2 % былі праваслаўнымі і 12,8 % - католікамі. У канцы 50-х гг. XIX ст., паводле няпоўных даных, у пяці заходніх губернях зафіксавана 2790,0 тыс. беларусаў, што складала 69,7 % усяго насельніцтва. З іх 2345,9 тыс. (84,1 %) спавядалі праваслаўную веру і 444,1 тыс. (15,9 %) каталіцкую. Па губернях удзельная вага беларусаў была наступнай: Віленская - 46,9 %, Віцебская - 59,8 %, Гродзенская - 57,8 %, Мінская - 64,6 %, Магілёўская - 81,7 %.

Другой па колькасці этнічнай супольнасцю ў Беларусі ў дадзены перыяд былі яўрэі. У пяці заходніх губернях у канцы 50-х гг. іх пражывала 463,2 тыс. чалавек. У гэты ж час палякаў налічвалася 442,3 тыс., рускіх - 141,6 тыс., татар - 6,2 тыс. чалавек [3, с. 64].

Канец ХVІІІ - пачатак ХІХ ст. азнаменаваны ў гісторыі беларускіх зямель іх уваходжаннем у склад Расійскай імперыі. Імператрыца Кацярына II кіравалася пастулатам «Отторженная возвратих». Стаў распаўсюджвацца вялікадзяржаўны погляд на Беларусь як гістарычнае ўладанне расійскіх манархаў. Беларусаў залічвалі да рускага народа, акцэнтуючы ўвагу на негатыўны ўплыў Польшчы і каталіцкай царквы.

Паколькі прадстаўнікі польскага грамадскага руху імкнуліся даказаць польскі характар далучаных земляў, а расійскія ўрадавыя колы - рускі характар, то Кацярына ІІ падчас падзелаў Рэчы Паспалітай выказала жаданне, каб паміж Беларуссю і Расіяй «исчезла грань инородия», каб гэтыя «древнерусские» землі сталі «русскими не только по названию, но и душой, и сердцем».

У 1773 г. у Маскве быў выдадзены «Географический словарь Российской державы», падрыхтаваны калежскім асэсарам Ф.А. Палуніным і прыдворным гістарыёграфам, акадэмікам Г.Ф. Мілерам. У ім прадстаўлена апісанне беларускіх гарадоў: Полацка, Себежа, Віцебска, Магілёва, Быхава, Шклова, Рагачова і інш. Пры гэтым прасочваецца тэндэнцыя да абгрунтавання права Расіі на ўключаныя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай [1, с. 99].

Відавочна, што праблема русіфікацыі моцна хвалявала тагачасны ўрад. Пра гэта сведчыць адна з першых рускіх кніг пра Беларусь - «Топографические примечания на знатнейшие места путешествия Ее Императорского Величества в Белорусские наместничества», якая была выдадзена да наведвання ў 1780 г. Кацярынай ІІ беларускіх зямель. Гістарычны лёс краю ў ёй трактуецца своеасабліва. «Некогда эта страна принадлежала русским великим князьям, потом Россия была расхищена на части», но русские государи, начиная с великого князя Иоанна Васильевича, «начали паки присоединять оторванные части» [8, с. 99].

У 1794 г. Кацярына ІІ даручыла Мікалаю Бантыш-Каменскаму падрыхтаваць падрабязныя звесткі пра «уніятаў польскіх». Вынікам праведзенага даследавання стала кніга «Исторические сведения о возникшей в Польше унии…» (1805 г.). Аўтар сцвярджаў, што унія выражала інтарэсы папства, была сродкам дзяржаўнай палітыкі і вынікам кампраміснай пазіцыі праваслаўных іерархаў. Усё гэта выклікала шырокае народнае супраціўленне.

Ліберальная палітыка Аляксандра І у польскім пытанні не знайшла падтрымкі сярод рускай арыстакратыі, аб чым сведчыць ліст М.М. Карамзіна да імператара (1811 г.). У ім прыдворны гістарыёграф выступіў супраць планаў цара аднавіць самастойнасць Польшчы: «Можете ли Вы с мирною совестью отнять у нас Белоруссию, Литву, Волынь, Подолию, утвержденных собственностью России еще до Вашего царствования… Да, разделы Польши при Екатерине II - захват «по праву меча», но дело это совершено, и для Вас уже свято: для Вас Польша есть исконно русское достояние… К тому же Белоруссия… была некогда коренным достоянием России…» [4, с. 117-118].

Але ў цэлым у канцы ХVІІІ - першай трэці ХІХ ст. Беларусь у навуковых адносінах заставалася амаль невывучаным рэгіёнам. Адсутнічалі даследаванні аб мове, фальклоры, матэрыяльнай культуры, этнічных межах рассялення беларусаў, гісторыі краю. Не існавала адзінай назвы народа і краіны. Назва «Беларусь» на той час замацавалася толькі за ўсходнімі губернямі - Віцебскай і Магілёўскай. У асобных публікацыях да Беларусі далучалі частку Смаленскай губерні. Мінскую, Гродзенскую і Віленскую губерні называлі Літвой. Сацыяльныя вярхі грамадства і інтэлігенцыя былі паланізаваны. У грамадска-культурным жыцці края панавала польская мова.

Пампей Бацюшкаў у кнізе «Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края» (1890 г.) адзначаў: «В настоящее время под Белоруссией… известны две нынешние губернии - Могилевская и Витебская, за исключением трех уездов последней: Динабургского, Люцинского и Режицкого. Но белорусы живут также в губерниях Минской и Гродненской, за исключением южных уездов их, занятых малороссами, в большей части Виленской губернии, за исключением северо-западного угла ее, и в Смоленской губернии» [10, с.11].

Шляхецкае паўстанне 1830 - 1831 гг. прымусіла ўрад зноў звярнуць увагу да беларускіх губерняў. У 1834 г. былі арганізаваны губернскія статыстычныя камітэты, якія павінны былі сабраць звесткі аб мінулым і сучасным стане гаспадаркі, насельніцтве, гісторыка-бытавых асаблівасцях рэгіёна. Супрацоўнікі камітэтаў распрацавалі праграмы выдання «Губернских ведомостей» і «Памятных книжек» губерняў. Статыстычныя камітэты былі адзінымі цэнтрамі ў губернях, якія праводзілі комплекснае вывучэнне Беларусі.

У 40-я гг. ХІХ ст. пачынаецца сістэматычнае вывучэнне заходніх губерняў Міністэрствам ўнутраных спраў Расіі. Для гэтага былі выкарыстаны афіцэры, праваслаўныя святары і нават генералы. Прыкладам з'яўляецца дзейнасць ураджэнца Мінскай губерні Івана Барычэўскага. У сваіх працах «Исследование о происхождении, названии и языке литовского народа» (1847 г.), «Православие и русская народность в Литве» (1851 г.) ён адным з першых пачаў вывучаць гісторыю і старажытнасць народаў Беларусі і Літвы [1, с. 102].

Значны ўклад унеслі афіцэры Генеральнага штаба Расійскай імперыі. Яны займаліся камплектацыяй архіва ваенна-тапаграфічнага бюро, зборам дакументаў па гісторыі воінскіх частак, падрыхтоўкай гістарычных і ваенна-тэарэтычных работ. Першай з іх была кніга генерал-маёра Міхаіла Без-Карніловіча «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии…» (1855 г.).

Аўтар паставіў перад сабой мэту азнаёміць чытача з Беларуссю, пад якой ён разумеў Віцебскую і Магілёўскую губерні. Паходжанне тэрміна «Беларусь» даследчык выводзіў ад «белаго лица, голубо-серых глаз и светлорусых волос у природных жителей, и белой одежды носимой крестьянами, зимою, из белого крестьянского сукна домашней работы, летом, из грубого холста» [2, с. 1].

Асобая ўвага прысвечана аналізу канфесійнай сітуацыі. На думку М. Без-Карніловіча, просты народ прытрымліваўся праваслаўя, у той час як «дваране і вельможы» пры Ягайле сталі католікамі. Каралі Казімір і Аляксандр пачалі ганенні супраць праваслаўных. Яны ўзмацніліся пры Жыгімонце ІІІ [2, с. 275]. Прычыну царкоўнай уніі аўтар бачыў у імкненні караля і рымскага папы падпарадкаваць праваслаўных: «охотников перейти в унию нашлось весьма мало; когда не помогли убеждения, стали угрожать…» [2, с. 276].

З 1861 г. пачалі выходзіць гісторыка-статыстычныя апісанні заходніх губерняў пад назвай «Материалы для географии и статистики России». Найбольш грунтоўнай з іх лічыцца кніга падпалкоўніка Паўла Баброўскага, прысвечаная Гродзенскай губерні (1863 г.).

Аўтар прадставіў уласнае канцэптуальнае бачанне гісторыі беларускіх зямель, у якой адчуваецца адбітак палітычнай сітуацыі ў заходніх губернях і заходнерускай тэндэнцыі. Даследчык імкнуўся даказаць, што Гродзенская губерня па гістарычным паходжанні з'яўляецца неад'емнай часткай Расіі. На яго думку, падзелы Рэчы Паспалітай прывялі да вызвалення «заходнерусаў» ад прыгнёту.

У папулярызацыі ведаў пра беларускі народ у пецярбургскіх выданнях «Современник» і «Пантеон» значную ролю адыгралі публікацыі П. Шпілеўскага. Ён склаў слоўнік і граматыку беларускай мовы. Аднак Расійская акадэмія палічыла такую працу непатрэбнай, бо не прызнавала існавання самастойнай беларускай мовы.

Моцны ўплыў на развіццё гістарыяграфіі аказала паўстанне 1863 г. Яно зноў звярнула ўвагу ўраду і расійскага грамадства ў цэлым на заходні рэгіён краіны. Каб абвергнуць польскія прэтэнзіі на Беларусь і Літву, царскі ўрад пачаў актыўна даказваць рускі характар «заходняга краю» імперыі. Для гэтага былі выдадзены два гістарычныя атласы. Іх складальнікі пры вызначэнні этнічнай прыналежнасці насельніцтва Беларусі зыходзілі з веравызнання і ўсіх беларусаў-каталікоў запісвалі ў палякі.

Першы атлас з шасці карт падрыхтаваў палкоўнік Р. Эркерт (1863 г.). Выданне раскрывае арэал рассялення ў «заходнім краі» рускіх, палякаў, літоўцаў, латышоў, немцаў і яўрэяў. Зразумела, што ўкраінцы і беларусы былі аднесены да рускага этнасу. У 1864 г. выйшаў атлас, складзены падпалкоўнікам А. Рыціхам. Дзесяць карт атласа раскрываюць геаграфію рассялення рускіх, пад якімі разумеліся ўсе праваслаўныя, і палякаў (усе католікі) [4, с. 173-174].

Адным з першых выступіў супраць такога ненавуковага падыходу ўжо нам вядомы П.В. Баброўскі. Ён крытэрыем вызначэння этнасаў лічыў мову, якая ўжывалася ў штодзённай гутарцы, песнях і прымаўках. З мовай даследчык звязваў асаблівасці нацыянальнага характару, мыслення, норм маралі, традыцый і звычаяў народа. «Адзінай адзнакай для падзелу насельніцтва Беларусі на беларусаў і палякаў можа быць мова, - пісаў ён. - Думка Эркерта, быццам «каталіцкія беларусы па сваіх думках, прывычках і ладу жыцця зусім палякі», не вытрымлівае ніякай крытыкі... Нічога не значыць, што беларусы, па словах Эркерта, не называюць сябе гэтым сваім імем. Беларусы, не ведаючы, што яны беларусы, захавалі і ў штодзённай гутарцы, і ў песнях, і ў прыслоўях свае пэўныя нацыянальныя, лагічныя формы, свой пэўны характар... Беларус-селянін, ці будзе ён праваслаўны, ці католік, мае свае перакананні, сваю маральную філасофію і перадае гэта разам з мовай сваім дзецям і ўнукам».

У 30-я гг. ХІХ ст. Мікалай Устралаў упершыню ў расійскай гістарыяграфіі паспрабаваў уключыць гісторыю «Заходняй Русі» ў схему рускай гісторыі.

У 1837 г. ён выдаў «Русскую историю». Асобная глава кнігі была прысвечана гісторыі ВКЛ. Аўтар звярнуў увагу на тэрытарыяльную, дэмаграфічную, культурную і рэлігійную перавагу рускага насельніцтва ВКЛ над этнічнымі літоўцамі. Тэрыторыю ВКЛ у ХІV - ХVІІІ ст. ён падзяляў на дзве часткі: «Русские княжества, - пісаў ён, - к западу от Днепра, кроме Галиции, присоединившейся к Польше, слились также в одно целое и образовали вместе с Литовским народом самостоятельное государство, под именем Великого княжества Литовского, главою коего был дом Гедимина». Гісторык лічыў, што ВКЛ было заснавана Гедымінам, які па прыкладзе маскоўскіх князёў рознымі шляхамі збіраў землі вакол Вільні. Пры яго пераемніках «Літоўская дзяржава» ўяўляла тую ж сістэму княстваў, што і «Масква» да Івана ІІІ. Таксама ў ВКЛ мова, вера, заканадаўства былі «рускімі». «Западная Русь до конца ХVІ века оставалась под властью Князей Литовских, в роде Гедимина, но так же, как и Восточная, спасла свою веру, свой язык, свои уставы гражданские. Следовательно самые крепкие узы связывали её с Восточной Россией, и народ, свято сохраняя законы прародителей, неоднократно обнаруживал живейшее желание возвратиться в подданство Царя православного, целыми областями присоединяясь к его державе» [1, с. 108-109].

Асобую цікавасць выклікае кніга ўраджэнца Магілёўскай губерні Восіпа Турчыновіча «Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен» (1857 г.). Ён першым разглядзеў гісторыю Беларусі як самастойны прадмет даследавання. Ён рассяляў беларусаў на тэрыторыі «между Двиною, Днепром и Друтью; в настоящее же время, под общим названием Белоруссии известны две нынешние губернии: Могилевская и Витебская, за исключением трех ея Лифляндских уездов…» [9, с. 9]. Турчинович даказаў, што Беларусь «имеет свою собственную историю».

У парэформенны час афармляецца заходнеруская гістарыяграфічная плынь, прадстаўленая прафесарам Пецярбургскай духоўнай акадэміі Міхаілам Каяловічам. Яго асноўныя працы былі прысвечаны гісторыі Беларусі, Польшчы і Расіі. У магістарскай і доктарскай дысертацыях Каяловіч звярнуўся да вывучэння Берасцейскай царкоўнай уніі. Ён адным з першых звярнуў увагу на працэс лацінізацыі уніі праз дзейнасць базыльянскага ордэна, рашэнні Замойскага сабора, паставіў пытанне аб крызісе уніяцкай царквы [5].

З сінтэтычных прац, якія атрымалі грамадскае гучанне, можна назваць «Чтения по истории Западной России» (1884 г.). У іх Каяловіч прапанаваў уласную гістарычную канцэпцыю гісторыі Заходняй Расіі. Ён зыходзіў з вяршэнства праваслаўя ў гістарычным мінулым Беларусі, адзінства інтарэсаў мясцовага насельніцтва з рускай арыстакратыяй. Гісторыю Беларусі аўтар зводзіў да нацыянальна-канфесійнага пытання.

Гістарыяграфічны падыход Каяловіча грунтаваўся на пазіцыі, што Заходняя Расія - гэта «западная Русь», якая ахоплівала «Белоруссию, западную Малороссию, или т.н. Украину, и Литву в собственном, племенном смысле» [6, с. 7]. Дзяржаўнасць спачатку сфарміравалася ў межах рускага арэалу «заходняй Русі», а потым пад ціскам перасяленцкіх працэсаў была ўспрынята суседнімі літоўцамі. Да гэтага аб'яднальнага працэсу пад пагрозай крыжакоў з часам далучыліся жэмайты.

Гісторыя Заходняй Русі да канца ХVІІІ ст., сцвярджаў Каяловіч, была прасякнута барацьбой польска-каталіцкай і рускай праваслаўнай цывілізацый. Задача даследчыка заключаецца ў вывучэнні прычын «польскага трыумфу». Польскі ўплыў сапсаваў заходнерускае грамадства, садзейнічаў яго расколу. Каяловіч адзначаў, што «польская, езуіцкая» цывілізацыя не прынесла народам Заходняй Расіі нічога карыснага, бо палякі былі прасякнуты «духам лацінства», абсалютна не прымальнага славянамі. Збліжэнне з Польшчай і уніі дэфармавалі духоўнае жыццё у ВКЛ, апалячылі значную частку заходнерускай шляхты, але асноўныя пласты народа нязменна цягнуліся да Расіі, бо адчувалі з ёю сваё культурнае, моўнае і рэлігійнае адзінства. Асноўнай апорай Русі аўтар лічыў цэнтральныя землі Расіі, якія захоўвалі сваю духоўна-цывілізацыйную ролю і ў сярэдзіне ХІХ ст. Гісторык адзначаў безальтэрнатыўнасць гістарычнага лёсу Рэчы Паспалітай, лічыў, што падзелы гэтай краіны садзейнічалі ўз'яднанню заходнерускіх земляў з Расіяй [7].

Даследчык займаўся і гісторыка-этнаграфічным вывучэннем Беларусі, аб чым сведчаць працы «О расселении племен Западного края России», «Об этнографическом атласе западных губерний», «Об этнографической границе между Западной Россией и Польшей». Каяловіч лічыў, што беларуская народнасць склалася ў Х - ХІ стст. з плямён крывічоў і дрыгавічоў і раднілася па веры, мове і традыцыях з рускімі і ўкраінцамі. Пэўную розніцу паміж заходнімі і ўсходнімі беларусамі гісторык выводзіў ад міжэтнічных кантактаў з літоўцамі і палякамі ў ХІV - ХVІІІ стст., а таксама ўплываў паланізацыі і акаталічвання [1, с. 140].

Відавочна, што на працягу ХІХ ст. у выніку мэтанакіраванай палітыкі царскага ўрада паступова замацоўваецца вялікадзяржаўны падыход да вызначэння нацыянальнага складу насельніцтва беларускіх губерняў.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Белазаровіч, В.А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: дапаможнік / В.А. Белазаровіч. - Гродна: ГрДУ, 2006. - 346 с.

2. Без-Корнилович, М.О. Исторические сведения о примечательнейших местах Белоруссии с присовокуплением и других сведений к ней же относящихся / М.О. Без-Корнилович. - СПб., 1855. - 357 с.

3. Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец ХVІІІ - пачатак ХХ ст.) / М.В. Біч, В. Яноўская, С. Рудовіч і інш. - Мінск: Экаперспектыва, 2005. - 519 с.

4. Карев, Д.В. Белорусская и украинская историография конца ХVІІІ - начала 20-х гг. ХХ в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев / Д.В. Карев. - Вильнюс: ЕГУ, 2007. - 312 с.

5. Коялович, М.И. История воссоединения западнорусских униатов старых времен / М.И.Коялович. - Минск: Лучи Софии, 1999. - 400 с.

6. Коялович, М.И. Чтения по истории западной России / М.И.Коялович. - Минск: БелЭн, 2006. - 480 с.

7. Литвинский А. Западноруссизм в российской историографии второй половины ХIХ - начала ХХ веков / А. Литвинский, Д. Карев // Стэфан Баторый у гістарычнай памяці народаў Усходняй Еўропы. - Гродна: ГЦДУЕ, 2004. - С. 195 - 324.

8. Пыпин, А.Н. История русской этнографии / А.Н. Пыпин. Т. 4. Белоруссия и Сибирь. - Минск: БелЭн, 2005. - 256 с.

9. Турчинович, И.В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времен / И.В.Турчинович. - Минск: БелЭн, 2006. - 592 с.

10. Батюшков, П. Н. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края / П. Н. Батюшков. - СПб.: «Общественная польза», 1890. - 376 с.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Белазаровіч В.А.

Рубрыка: