ПАДРЫХТОЎКА І ПРАВЯДЗЕННЕ БЕРАСЦЕЙСКАЙ ЦАРКОЎНАЙ УНІІ 1596 г.

Думка пра ажыццяўленне царкоўнай уніі праваслаўных жыхароў Вялікага княства Літоўскага з Каталіцкаю царквою даўно прываблівала рымскіх пап і мала-памалу стала ўвасабляцца ў жыццё. Езуіты прапагандавалі ў ВКЛ ідэю уніі сваімі пропаведзямі, дыспутамі з праваслаўнымі, сваімі школамі і асабліва праз свае творы. Такім чынам, яны змаглі дастаткова азнаёміць просты праваслаўны люд з ідэяй уніі. Падрыхтоўцы уніі ў значнай ступені спрыяла тагачаснае становішча Праваслаўнай царквы, далёка не заўсёды адпавядаючае кананічнаму статусу. Купля і продаж царкоўных пасад, ігнараванне пастырскіх абавязкаў і парушэнне царкоўных канонаў прынялі пагражаючыя памеры. Ужо з канца XV ст. мітрапаліта і епіскапаў прызначаў кароль ці найбольш уплывовыя магнаты. Сам кіеўскі мітрапаліт Анісіфор Дзевачка быў жанаты двойчы і да свайга рукапакладання ў духоўны сан з`яўляўся ўдаўцом пасля смерці другой жонкі, і таму ён ніяк не мог быць духоўнай асобай [3, с. 26; 4, с. 107].

 

Справа аб'яднання каталіцкай і праваслаўнай веры ставілася ў глабальным маштабе першапачаткова на Канстанцкім (1418 г.) і на Фларэнтыйскім (1438 г.) саборах. Упершыню на тэрыторыі ВКЛ ідэю уніі падтрымаў Вітаўт, які бачыў непазбежнасць барацьбы праваслаўя і каталіцтва на сваіх землях. Таму пытанне царкоўнай уніі мела на землях ВКЛ амаль 200-гадовую гісторыю. Не дзіўна, што езуіты так ухапіліся за ідэю уніі - для іх унія была не новай самастойнай царквой, а толькі пераходным этапам ад праваслаўя да каталіцызма [2, с. 355]. Галоўнай прычынай падрыхтоўкі царкоўнай уніі стала імкненне да збліжэння царкоўных і свецкіх іерархаў ВКЛ і Польшчы.

 

Галоўным тэарэтыкам уніі і яе ідэйным натхняльнікам стаў езуіт Пётр Скарга (Павенскі), які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577 г.). У сваім шырокавядомым трактаце Скарга заклікаў праваслаўных грамадзян ВКЛ вярнуцца да рашэнняў Фларэнтыйскага сабора, пагадзіцца з тымі «нязначнымі», на яго погляд, умовамі, якія прывядуць да рэлігійнай згоды ў Рэчы Паспалітай. Ён накідаў шырокую праграму палітычна-культурнай дзейнасці на землях ВКЛ: раіць наладжваць супольныя сяброўскія сустрэчы каталіцкіх і праваслаўных святароў, паноў, шляхты, браць пад апеку беларускія і ўкраінскія школы, кнігавыдавецтвы, перакладаць на польскую або «рускую» мову карысныя кнігі і г.д. Асаблівую ролю езуіт надаваў каталіцкім вучоным, якія павінны былі займацца апрацоўкай грамадскай думкі, «пераконваць» беларускіх і ўкраінскіх паноў і шляхту, растлумачваць неабходнасць рэлігійнай згоды, уніі, шкоднасць «схізмы» (праваслаўя).

 

У сваім творы Скарга вызначыў тры асноўныя, на яго думку, прычыны крызісу Праваслаўнай царквы: дапушчэнне шлюбу святароў, выкарыстанне стараславянскай мовы, якая нібыта прывяла да крызісу навукі, і ўмяшанне свецкіх асоб у царкоўныя справы [3, с. 30]. Узнікненне «схізмы» Скарга тлумачыў адыходам грэка-візантыйскага свету ад «сапраўднай» веры, заняпадам яе культурна-гістарычных і рэлігійных традыцый пад уплывам Атаманскай Порты і мусульманства, а таксама распаўсюджваў тэзіс аб тым, што канстанцінопальскі патрыярх пасля захопу ў 1453 г. туркамі-асманамі Канстанцінопаля (зараз Стамбул) з'яўляецца падданым турэцкага султана і адстойвае яго інтарэсы [6, с. 52].

 

Праваслаўныя іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маскоўскаму патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 г. і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэрыторыю былой Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі і правы каталіцкіх епіскапаў, абаперціся на падтрымку з боку Каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі, якія выступалі сапраўднымі абаронцамі праваслаўя, і рэфармацыйным рухам [5, с. 287; 7, с. 55].

 

Першым з праваслаўных іерархаў выказаў намер прыняць унію львоўскі епіскап Гедэон Балабан, дзеля гэтага ён уступіў у змову з луцкім епіскапам Кірылам Цярлецкім, з якім да гэтага часу варагаваў. Яны пачалі схіляць новага кіеўскага мітрапаліта Міхаіла Рагозу склікаць сабор у Бельзе, без удзелу міран, для абмеркавання царкоўных праблем. Мітрапаліт вырашыў склікаць сабор па справах уніі ў Брэсце ў 1591 г. Цярлецкі, Балабан, мінскі епіскап Лаўрэнці Пельчыцкі і холмскі Дыянісій Збіруйскі сабраліся трохі раней у Бельзе і дамовіліся прыняць унію, з такім намерам яны і прыехалі ў Брэст.

 

На Брэсцкім саборы вышэйшыя іерархі Праваслаўнай царквы скардзіліся на сваё гаротнае становішча і на нелады са свецкімі ўладамі. Цярлецкі прама заявіў, што выхад толькі адзін - прыняць царкоўную унію. Іерархі склалі грамату, у якой пісалі, што яны па абавязку пастыраў дзеля таго, каб выратаваць сваіх прыхаджан ад бед, гатовы падпарадкавацца рымскаму папе, калі будзе захавана ўсходняя абраднасць [1, с. 120]. У маі 1592 г. епіскапы перадалі грамату каралю Жыгімонту III, які выказаў ім удзячнасць, абяцаў розныя выгоды і «абарону ад нягод», роўныя правы з каталіцкім духавенствам.

 

Нягледзячы на гэтыя захады сваіх духоўных лідараў, праваслаўныя вернікі не збіраліся прымаць унію і лічылі гэтых чатырох епіскапаў здраднікамі. Львоўскае братства звярнулася да Канстанцінопальскага патрыярха з просьбай дапамагчы і прыслаць у ВКЛ свайго экзарха.

 

Між тым памёр брэсцкі епіскап Мялеці Храбтовіч, і на яго месца ў 1593 г. быў узведзены сенатар і кашталян Брэсцкі Іпаці Пацей, сваяк вядомага абаронцы праваслаўя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага, які, аднак, хутка паразумеўся з Цярлецкім і Балабанам і стаў галоўным арганізатарам падрыхтоўкі уніі [4, с. 109 - 110].

 

К.К. Астрожскі напісаў ліст Пацею, у якім выказаў думку, што аб`яднанне цэркваў павінны правесці перш за ўсё патрыярхі Усходніх Цэркваў, а таксама маскоўскі патрыярх, і раіў Пацею паехаць у Маскву і там папрасіць Вялікага князя Маскоўскага і мясцовых духоўных асоб, каб яны дапамаглі Праваслаўнай царкве ВКЛ. На гэта Пацей адказаў, што паездкі ў Маскву баіцца, бо там яго могуць арыштаваць і пакараць, і пісаў, што калі сам князь не дасягнуў пагаднення з мітрапалітам, «то і ён сам не адважваецца слова сказаць пра такія рэчы, бо мітрапаліт непрыхільны да рымлян». Гэта была відавочная няпраўда - Рагоза быў патаемным прыхільнікам уніі..

 

Прыхільнікі уніі не змаглі прыцягнуць на свой бок К. Астрожскага і атрымаўшы рашучы адказ [3, с. 46-47], вырашылі паспяшацца з прыняццем уніі. З гэтай мэтай шэраг вышэйшых асоб Праваслаўнай царквы, прыхільнікаў уніі (епіскапы Балабан, Рагоза, Пацей, Збіруйскі, Пельчыцкі і іншыя), у чэрвені 1595 г. падпісалі акт аб прыняцці уніі.

 

22 верасня 1595 г. адбылася нарада прыхільнікаў уніі, на якой абмяркоўвалася пытанне заключэння уніі і накіравання пасольства ў Рым. Адначасова адзначалася, што пад уплывам агітацыі К. Астрожскага народ настроены супраць будучай уніі.

 

Адначасова епіскапы далі Цярлецкаму і Пацею даручэнне наведаць рымскага папу Клімента VIIІ і зацвердзіць аб'яднанне Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў пад яго ўладай. 15 лістапада 1595 г. Іпаці Пацей і Кірыл Цярлецкі прыбылі ў Рым і перадалі ў папскую канцылярыю шэраг дакументаў, абапіраючыся на якія рымскі першасвятар мог прыняць рашэнне аб заключэнні царкоўнай уніі: 1) дамову епіскапаў ад 1 снежня 1594 г.; 2) артыкулы ад 1 чэрвеня 1595 г.; 3) саборнае пасланне папе ад 12 чэрвеня 1595 г.; 4) лісты караля і каталіцкіх біскупаў [6, с. 64-65].

 

Справу падрыхтоўкі уніі ўскладніў Клімент VIIІ, які ў сваёй буле, высланай мітрапаліту Рагозе адразу пасля выезду з Рыма Цярлецкага і Пацея, патрабаваў яшчэ і ўвядзення ва уніяцкую царкву каталіцкага набажэнства. Епіскапы прадбачылі непазбежнасць абурэння праваслаўных і адправілі папе ліст, у якім прасілі яго адмяніць сваё патрабаванне. Клімент VIII згадзіўся і задаволіўся толькі падначаленнем праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай сваёй уладзе [2, c. 357].

 

Пасля атрымання з Рыма згоды на унію і ў адпаведнасці з універсалам Жыгімонта ІІІ у Брэсце ў царкве Святога Мікалая на пачатку кастрычніка 1596 г. сабраўся царкоўны сабор, мэтай якога было абвяшчэнне царкоўнай уніі. Адначасова па ініцыятыве Канстанціна Астрожскага ў доме пратэстанта Райскага сабраўся праваслаўны царкоўны сабор, які пракляў усіх, хто прысутнічаў на уніяцкім саборы і пазбавіў іх сана. У адказ уніяцкі сабор зрабіў тое самае ў дачыненні да сваіх апанентаў.

 

Абодва бакі ўяўлялі сабою ўзброеныя лагеры, шатры і гарматы пакрывалі наваколле Брэста. Католікі, каб не дапусціць ніякага ўздзеяння праваслаўных на Рагозу, узялі яго пад свой кантроль і ахову. Каб пазбавіць праваслаўных магчымасці весці саборныя нарады ў царкве, Іпаці Пацей, епіскап брэсцкі, загадаў зачыніць усе храмы, і праваслаўныя вымушаны былі выбраць для пасяджэнняў сабора прыватны дом, у якім знаходзілася вялікая зала, што служыла пратэстанцкай малельняй. Праваслаўныя падзяліліся на дзве часткі - свецкую і духоўную, вызначылі парадак пасяджэнняў і пасля асвячэння залы духоўнага сабора пачалі сваю дзейнасць [4, с. 122-123].

 

Насуперак канонам, патрабуючым асуджэння вінаватых і іх ушчування, епіскапы не выслухалі меркаванняў праваслаўных і адразу прызналі іх вінаватымі. Пытанне аб уніі не абмяркоўвалася на уніяцкім саборы, а толькі была прачытана папская зацвярджальная грамата на унію. 9 (19) кастрычніка 1596 г. пасля ўрачыстай працэсіі пад час набажэнства была абвешчана знакамітая Брэсцкая (Берасцейская) царкоўная унія. Новаствораная Уніяцкая царква захавала свае структуры: усе праваслаўныя епархіі, якія ахоплівалі беларускія землі, сталі уніяцкімі (Пінска-Тураўская, Полацкая, Смаленская і Уладзіміра-Берасцейская), а уніяцкі мітрапаліт захаваў тытул мітрапаліта кіеўскага з кафедрай у Навагрудку і Вільні.

 

Праваслаўныя епіскапы ВКЛ выступілі супраць заключанай уніі і адзначылі, што пытанне аб адзінстве цэркваў павінны вырашаць сусветныя саборы, і што яна можа сапраўды адбыцца толькі пры ўмове ліквідацыі ўсіх супярэчнасцей паміж Праваслаўнай і Каталіцкаю цэрквамі ў веры і абрадах і згодзе ўсіх усходніх патрыярхаў. Іерархі Праваслаўнай царквы 9 кастрычніка 1596 г. прынялі рэзалюцыю і надалей цвёрда прытрымлівацца праваслаўя і не падпарадкоўвацца пастырам-уніятам [3, с. 50-52].

 

Дагматычныя, абрадава-літургічныя, іерархічныя і юрыдычныя асновы уніяцкай царквы вызначаны трыццаццю трыма «Берасцейскімі артыкуламі», прызнанне якіх стала галоўнаю ўмовай заключэння уніі. Артыкулы былі закліканы ліквідаваць дэзарганізацыю Праваслаўнай царквы ва ўсіх сферах духоўнага, матэрыяльнага і культурнага жыцця Яны агаворвалі дзяржаўныя гарантыі памеснасці Уніяцкай царквы, стваралі перашкоду яе лацінізацыі і паланізацыі, прадугледжвалі захаванне адміністрацыйнай самастойнасці і незалежнасці ад рымскага касцёла, павышэнне сацыяльнага статусу епіскапату, захаванне ўсходне-візантыйскай традыцыі. Праваслаўныя епіскапы, якія падпісалі унію, прызнавалі над сабою вяршэнства папы рымскага, але праваслаўная абраднасць павінна была заставацца ранейшай [5, с. 287; 7, с. 331]. Разам з тым Уніяцкая царква прызнавала догмат аб зыходжанні Святога Духа не толькі ад Бога-Бацькі, але і ад Бога-Сына («філіокве», з цягам часу былі прыняты і іншыя асноўныя рымска-каталіцкія дагматы).

 

Брэсцкая царкоўная унія 1596 г. рэзка пагоршыла становішча Праваслаўнай царквы ВКЛ, якую пазбавілі апошніх праяў апякунства з боку закона і дзяржавы. Уніяцкімі храмамі ў асноўным станавіліся праваслаўныя цэрквы, што не магло падабацца тым праваслаўным вернікам, якія не жадалі мяняць веру. З пункту гледжання свецкіх уладаў і уніяцкіх іерархаў, Уніяцкая царква становіцца свайго роду пераемніцай Праваслаўнай царквы, а праваслаўныя веруючыя павінны былі або падпарадкавацца уніяцкім епіскапам або апынуцца па-за законам, як гэта ў выніку фактычна і адбылося [8, с. 114]. Аб'яднанне, якое здзяснялася падманам і гвалтам, не спрыяла аб'яднанню Праваслаўнай і Каталіцкай царквы, а прывяла да з'яўлення новай - Уніяцкай, што істотна ўскладніла рэлігійныя і нацыянальна-культурныя супярэчнасці на Беларусі, Украіне і Літве.

 

Такім чынам, пасля Брэсцкага сабора 1596 г. на землях ВКЛ з`явілася новая царква - Уніяцкая, якая з цягам часу ахапіла абсалютную большасць вернікаў. Па планах яе стваральнікаў-езуітаў, Уніяцкая царква павінна была служыць толькі сродкам паступовага пераводу праваслаўных у лона каталіцызму. Але, трэба адзначыць, што яна перасягнула рамкі, адведзеныя ёй каталіцкім духавенствам, і набыла рысы беларускай нацыянальнай царквы.

 

Спіс крыніц і літаратуры

 

1. Гронский, А.Д. Уния и политика в белорусской истории / А.Д. Гронский // XI Международные Кирилло-Мефодиевские чтения (Минск, 24-26 мая 2005 г.). - Минск: Ковчег, 2006. - С. 116-130;

 

2. Ермаловіч. М.І. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае / М.І. Ермаловіч // Мінск: Беллітфонд, 2000. - 448 с.

 

3. З гісторыі уніяцтва ў Беларусі (да 400-годдзя Брэсцкай уніі) / пад рэд. М.В. Біча і П.А. Лойкі. - Мінск: Экаперспектыва, 1996. - 134 с.

 

4. Зноско, К. Исторический очерк церковной унии / К. Зноско. - Москва: Мартис, 1993. - 233 с.

 

5. Никольский, Н.М. История русской церкви / Н.М. Никольский. - Минск: Беларусь, 1990. - 541 с.

 

6. Падокшын, С.А. Унія. Дзяржаўнасць. Культура (філасофска-гістарычны аналіз) / С.А.Падокшын. - Мінск: Беларуская навука, 1998. - 111 c.

 

7. Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапедычны даведнік - Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. - 368 с.

 

8. Шукан, М.Г. Нарушение имущественных прав Православной церкви вследствие заключения Брестской церковной унии 1596 г. / М.Г. Шукан // XII Международные Кирилло-Мефодиевские чтения (Минск, 24 - 26 мая 2006 г.). - Минск: Ковчег, 2007. - С. 114-121.

 

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Гарматны В.П.

Рубрыка: