РОЛЯ ІОСІФА РУЦКАГА ВА ЎМАЦАВАННІ УНІЯЦКАЙ ЦАРКВЫ Ў РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Берасцейскі царкоўны сабор 1596 г. паклаў пачатак існавання на землях Вялікага княства Літоўскага новага веравызнання - уніяцтва. Першыя іерархі уніяцкай царквы кіеўскія мітрапаліты Міхаіл Рагоза (1596-1599 гг.) і Іпацій Пацей (1599-1613 гг.) паспелі распрацаваць агульныя прынцыпы існавання новай веры і падыходы да яе распаўсюджвання. Асноўная праца па умацаванню уніі была выканана трэцім мітрапалітам Іосіфам Руцкім (1613-1637 гг.).

Шлях І. Руцкага да уніяцтва быў складаным. Нарадзіўся ён на Навагрудчыне ў шляхецкай кальвінісцкай сям'і, быў ахрышчаны паводле праваслаўнага абраду. Адукацыю атрымаў у Карлавым універсітэце у Празе, грэчаскім калегіуме ў Рыме, дзе прыняў унію. З 1603 г. І.Руцкі знаходзіўся ў Вільні, дзе займаў пасады рэктара Віленскай уніяцкай семінарыі, архімандрыта Віленскага Троіцкага манастыра. У 1612 г. І. Руцкі быў прызначаны епіскапам галіцкім [1, с. 280].

Узначаліўшы ў 1613 г. Кіеўскую мітраполію, ён каб узбуйніць царкву, узняць яе аўтарытэт у вачах хрысціянскага свету, зрабіць прыцягальнай для вернікаў, распачаў падрыхтоўку карэнных рэформ.

Рэфарматарская дзейнасць І. Руцкага насіла шматбаковы, комплексны характар. Важнейшае значэнне мітрапаліт надаваў пабудове цэркваў і заснаванню манастыроў. Яго намаганнямі былі ўзведзены Быценьскі, Жыровіцкі, Навагародскі уніяцкія манастыры. Яны сталі падмуркам новай царквы, асяродкамі хрысціянскай культуры і духоўнасці.

Асаблівую ўвагу І. Руцкі звяртаў на навучанне моладзі і падрыхтоўку пастыраў. Ён дамогся каралеўскага прывілея на адкрыццё школ у Навагародку, Мінску, Барунах, Жыровічах. Гэтыя адукацыйныя ўстановы перанялі арганізацыю, сістэму і змест навучання езуіцкіх калегіумаў і з 1615 г. атрымалі роўныя з імі правы і прывілеі. Настаўнікаў для уніяцкіх школ рыхтавалі ў Віленскай езуіцкай акадэміі, замежных універсітэтах, калегіўмах. Сістэма уніяцкай адукацыі і выхавання лічылася адной з лепшых. Яна праіснавала да пачатку 40-х гг. ХІХ ст.

Галоўную стаўку ў справе ўмацавання грэка-каталіцкай веры Іосіф Руцкі зрабіў на ўтварэнне Ордэна, які павінен быў сабраць і аб'яднаць усе духоўныя сілы царквы. Мэты, характар дзейнасці новага манаскага Ордэна, яго структура былі вызначаны ў падрыхтаванай мітрапалітам тэарэтычнай працы «Правілы манаскага жыцця». Афармленне манаскай карпарацыі, якая на ўстаноўчай кангрэгацыі атрымала імя вядомага багаслова старажытнасці Святога Васіля (Базыля) Вялікага, адбылося, па сцвярджэнні Івана Саверчанкі, у перыяд шасці з'ездаў прадстаўнікоў буйнейшых манастыроў - у Навагародку (1617 г.), Лаўрышаве (1612, 1626 гг.), Руце (1623 г.), Жыровічах (1629 г.) і Вільні (1636 г.) [4, с. 24]. На першай кангрэгацыі ў Навагародку быў прыняты статут Ордэна Базыльянаў, распрацаваны Руцкім на аснове правіл Святога Васіля на ўзор статутаў каталіцкіх ордэнаў, зацверджаны нормы прадстаўніцтва на наступных кангрэгацыях (ад аднага да чатырох паслоў ад манастыра ў залежнасці ад колькасці у ім манахаў), рэгламент правядзення пасяджэнняў. Вышэйшым органам Ордэна абвяшчалася кангрэгацыя, якая склікалася па меры неабходнасці, але не радзей, чым адзін раз у чатыры гады. Ствараліся і выканаўчыя структуры. Уводзілася пасада галоўнага адміністратара Ордэна - протаархімандрыта (генерала), які выбіраўся на кангрэгацыі таемным галасаваннем і падпарадкоўваўся папе рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Дарадчыкамі протаархімандрыта з'яўляліся яго чатыры намеснікі. Пры Апостальскім пасадзе ў Рыме базыльяне мелі свайго прадстаўніка - пракуратара. Гэта дазваляла ім атрымліваць інфармацыю аб царкоўным жыцці ў свеце, каардынаваць дзейнасць Ордэна. Для вырашэння магчымых супярэчнасцей І. Руцкі прадбачліва ўвёў пасаду манітора - пасрэдніка паміж Ордэнам і епіскапамі. Манітор знаходзіўся пры двары кіраўніка епархіі і ажыццяўляў сувязь паміж ім і базыльянскімі манастырамі. На вяршыні ордэнскай піраміды стаяў мітрапаліт. Яго ўзаемадзеянне з Ордэнам ажыццяўлялася праз каад'ютара - намесніка. Пазней практыка дзеяння Ордэна запатрабавала ўнесці ў яго арганізацыйную структуру пэўныя ўдасканаленні. У 1621 і 1623 гг. былі ўведзены пасады генеральнага правінцыяла (вікарыя) і генеральнага сакратара, якія займаліся вырашэннем пытынняў на месцах і справаводствам.

Дзейнасць Ордэна падмацоўвалася распрацаванымі І. Руцкім унутранымі механізмамі функцыянавання, уласнай адукацыйнай праграмай: былі створаны правілы для ўсіх станаў манаскай супольнасці, рэгламентаваліся паводзіны кожнага базыльяніна, дзейнічалі строгія этычныя нормы і жорсткая дысцыпліна, існавала свая сістэма барацьбы з парушэннямі, уводзіліся адзіны распарадак дня і ўніформа, дзейнічаў прынцып поўнага самазабеспячэння ўсім неабходным, рэгламентаваліся фінансавыя справы, узнікалі навучальныя ўстановы. Ідэя стварэння Ордэна аказалася настолькі ўдалай і была так добра рэалізавана, што ў 30-я гг. XVII ст. базыльяне сталі прэтэндаваць на першынства сярод усіх хрысціянскіх ордэнаў. Многія даследчыкі ўвогуле ролю базыльянскага ордэна ў працэсе пашырэння уніяцтва ў Вялікім княстве Літоўскім параўноўваюць з роляй ордэна езуітаў у гісторыі каталіцкай канфесіі ў гэтай дзяржаве [2, с. 280].

Намаганні І. Руцкага па ўмацаванню уніяцтва сталі прыносіць плён. Колькасць вернікаў павялічвалася, уніяцкія іерархі станавіліся ўсё больш уплывовай сілай у дзяржаве і некаторыя з іх увайшлі ў склад Рады Вялікага княства Літоўскага. Аднак далейшае распаўсюджванне новай царквы было перапынена аднаўленнем у Княстве ў 1620 г. праваслаўнай мітраполіі. Ерусалімскі патрыярх Тэафан, карыстаючыся правам найвышэйшага духоўнага пастыра над праваслаўнымі вернікамі ў Вялікім княстве Літоўскім, прызначыў кіеўскага мітрапаліта І.Барэцкага і яшчэ шэсць праваслаўных епіскапаў, што з'явілася парушэннем умоў Берасцейскай царкоўнай уніі. І. Руцкі, абапіраючыся на падтрымку вялікага князя Жыгімонта Ваза, выступіў з пратэстам адносна дзеянняў Тэафана. Гэта прывяло на спрэчак паміж праваслаўнымі і уніятамі, якія перараслі ў літаратурную палеміку. Галоўным у палеміцы было пытанне: каму належыць права прызначэння на царкоўныя пасады - гаспадару дзяржавы або найвышэйшай духоўнай асобе. І. Руцкі адстойваў традыцыі і нормы, замацаваныя ў галоўным зборы законаў краіны - Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 г., у адпаведнасці з якімі ў Княстве ўсе пасады раздаваў манарх. Узнікшая дыскусія абвастрыла канфесійную сітуацыю ў дзяржаве, прывяла ў 1623 г. да забойства ў Віцебску уніяцкага архіепіскапа Я. Кунцэвіча.

Каб зняць напружанасць і не дапусціць рэлігійнай вайны, І. Руцкі прапануе ўрэгуляваць міжканфесійны канфлікт і аб'яднаць вернікаў шляхам утварэння сваёй вялікакняжацкай патрыярхіі, заснавання новага цэнтра хрысціянства. Яго падтрымала большасць уніяцкіх епіскапаў. Аднак у праваслаўных іерархаў план І. Руцкага выклікаў абурэнне. Тады пытанне аб прымірэнні было вынесена мітрапалітам на Варшаўскі сойм 1626 г. Пасля доўгіх дыскусій вялікі князь Жыгімонт Ваза падпісаў пастанову аб скліканні ў Кобрыне 26 верасня 1626 г. агульнага сабора для абмеркавання пытання царкоўнай еднасці. Але праваслаўныя прадстаўнікі ў Кобрын не з'явіліся. Не прыбылі яны і на наступны супольны сабор ў Львоў, які быў прызначаны на 28 кастрычніка 1629 г., лічачы, што яднанне ім навязваюць.

Такім чынам, праект І. Руцкага аб утварэнні патрыярхіі ў Вялікім княстве Літоўскім не здзейсніўся. Адна з галоўных мэтаў яго жыцця пацярпела крушэнне. Нягледзячы на гэта, ён увайшоў у гісторыю як чалавек, што уніяцтва «… умацаваў, пашырыў і зрабіў сапраўднай царквою» [3, с. 289].

Увогуле, падчас знаходжання на мітраполіі Іосіфа Руцкага уніяцкая царква стварыла асновы тэалагічнай дактрыны, набыла адметныя рысы, структурную завершанасць, налічвала сем епархій [4, с. 63].

Спіс крыніц і літаратуры

1. Кароткі, У.А. Руцкі Іосіф Вельямін / У.А. Кароткі // Рэлігія і царква на Беларусі: энцыкл. давед. - Мінск, 2001.

2. Кірэеў, В.Р. Базыльяне / В.Р. Кірэеў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.1. - Мінск, 1993.

3. Коршунаў, А.Ф. Руцкі Іосіф Вельямін / А.Ф. Коршунаў // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. давед. - Мінск, 1995.

4. Саверчанка, І. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі / І. Саверчанка. - Мінск, 1994.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Гарбуль П.І., Рамановіч П.С.

Рубрыка: