12 Паводле Марка

1 I пачаў гаварыць iм прытчамі: пасадзiў чалавек вiнаграднiк i абнёс агароджаю, i выкапаў выцiскальню, i збудаваў вежу, i аддаў яго вiнаградарам, i адлучыўся.
2 I паслаў да вiнаградараў у пэўны час раба, каб узяць ад вiнаградараў пладоў з вiнаграднiка.
3 А яны, схапiўшы яго, набiлi i адаслалi нi з чым.
4 I зноў паслаў да iх iншага раба, i таго каменнем пабiлi, разбілі галаву i адпусцiлi зняважанага.
5 I зноў iншага паслаў, i таго забiлi; i многiх iншых каго бiлi, а каго забiвалi.
6 Яшчэ аднаго меў ён, сына ўзлюбленага свайго, паслаў i яго нарэшце да iх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
7 Тыя ж вiнаградары, сказалi адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб’ем яго, i спадчына будзе наша.
8 І, схапiўшы яго, забiлi i выкiнулi прэч з вiнаграднiка.
9 Што ж зробiць гаспадар вiнаграднiка? Прыйдзе i знiшчыць вiнаградараў, i аддасць вiнаграднiк iншым.
10 Няўжо не чыталi вы гэтага Пiсання: камень, якi адкiнулi будаўнiкi, той самы стаў галавою вугла;
11 ад Госпада сталася гэта, i яно дзiўнае ў вачах нашых.
12 І намервалiся схапiць Яго, ды пабаялiся народу; бо зразумелi, што пра iх сказаў прытчу; i, пакiнуўшы Яго, адышлi.
13 І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў i iрадыян, каб злавiць Яго на слове.
14 Яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: “Настаўнiк! мы ведаем, што Ты праўдзiвы i нiкому не дагаджаеш, бо не глядзiш на аблiчча людзей, а па праўдзе шляху Божаму вучыш. Цi дазволена даваць падатак кесару, цi не? Даваць нам цi не даваць?
15 Ён жа, ведаючы iх крывадушнасць, сказаў iм: што Мяне спакушаеце? Прынясiце Мне дынарый, каб Я пабачыў.
16 Яны прынеслi. І кажа iм: чыя гэта выява i надпiс? Яны сказалi Яму: кесаравы.
17 I сказаў iм Iiсус у адказ: аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу. I дзiвілiся Яму.
18 I прыйшлi да Яго садукеi, якія кажуць, што няма ўваскрасення, i спыталiся ў Яго, кажучы:
19 Настаўнiк! Маiсей напiсаў нам: “калi ў каго брат памрэ i пакiне жонку, а дзяцей не пакiне, то няхай брат яго возьме жонку яго i адродзiць семя брату свайму”.
20 Было сем братоў; i першы ўзяў жонку i, памiраючы, не пакiнуў семенi.
21 І другi ўзяў яе, i памёр, i ён не пакiнуў семенi; i трэцi таксама.
22 І бралі яе сямёра, і не пакінулі семені. Пасля ўсіх памерла і жонка.
23 Дык вось, пры ўваскрасеннi, калі яны ўваскрэснуць, катораму з iх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелi яе жонкаю.
24 I сказаў iм Iiсус у адказ: цi не таму вы памыляецеся, што не ведаеце нi Пiсанняў, нi сiлы Божае?
25 Бо калi з мёртвых уваскрэснуць, не будуць нi жанiцца, нi замуж выходзiць, а будуць, як Ангелы на нябёсах.
26 Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хiба не чыталi вы ў кнiзе Маiсея пра купіну, як Бог гаварыў яму, кажучы: “Я Бог Аўраама, i Бог Iсаака, i Бог Iакава”?
27 Ён не ёсць Бог мёртвых, але Бог жывых. Таму вы вельмi памыляецеся.
28 I, падышоўшы, адзiн з кнiжнiкаў, якi чуў, як яны спрачаюцца, i, ведаючы, што Iiсус добра адказаў iм, спытаў у Яго: якая першая з усiх запаведзяў?
29 Iiсус адказаў яму: першая з усiх запаведзяў: “слухай, Iзраiлю! Гасподзь Бог наш ёсць Гасподзь адзiны;
30 i ўзлюбi Госпада Бога твайго ўсiм сэрцам тваiм, i ўсёй душою тваёю, i ўсiм разуменнем тваiм, i ўсёй сiлаю тваёю”. Гэта першая запаведзь.
31 I другая падобная да яе: “узлюбi блiжняга твайго, як самога сябе”. Большай за гэтыя iншай запаведзi няма.
32 I сказаў Яму кнiжнiк: добра, Настаўнiк! Па праўдзе сказаў Ты, што адзiны ёсць Бог, i няма iншага, акрамя Яго;
33 i любiць Яго ўсiм сэрцам, i ўсiм розумам, i ўсёю душою, i ўсёю сiлаю, i любiць блiжняга, як самога сябе, — гэта больш за ўсе ўсеспаленнi i ахвяры.
34 Iiсус жа, убачыўшы, што той разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. I нiхто не адважваўся болей пытацца ў Яго.
35 I, працягваючы вучыць у храме, Iiсус казаў: як гэта кажуць кнiжнiкi, што Хрыстос — сын Давiдаў?
36 Бо сам Давiд сказаў Духам Святым: “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзi праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваiх у падножжа ног Тваiх.”
37 Сам Давiд называе Яго Госпадам: як жа Ён сын яму? I мноства народу слухала Яго з прыемнасцю.
38 I казаў iм у вучэннi Сваiм: сцеражыцеся кнiжнiкаў, якiя любяць хадзiць у доўгiх уборах i каб вiталi iх на плошчах,
39 i наперадзе сядзець у сiнагогах i ўзляжаць наперадзе на гасцінах.
40 Тыя, што паядаюць дамы ўдоў i напаказ доўга моляцца, прымуць большае асуджэнне.
41 I сеў Iiсус насупраць скарбнiцы i глядзеў, як народ кладзе грошы ў скарбніцу, i многiя багацеi клалi шмат.
42 I, прыйшоўшы, адна бедная ўдава паклала дзве лепты , гэта значыць кадрант.
43 I, паклiкаўшы вучняў сваiх, Iiсус гаворыць iм: праўду кажу вам, удава гэтая бедная паклала больш за ўсiх, хто клаў у скарбніцу:
44 бо ўсе клалi ад дастатку свайго, а яна з нястачы сваёй паклала ўсё, што мела, увесь пражытак свой.