2 Паводле Іаана

1 А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, i Маці Іісусава была там.
2 Запрошаны таксама быў Іісус i вучні Яго на вяселле.
3 I калі не хапіла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць.
4 Кажа ёй Іісус: што Мне i Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой.
5 Кажа Яго Маці слугам: што скажа Ён вам, зрабіце.
6 Было ж там шэсць каменных пасудзін для вады, якія стаялі дзеля ачышчэння Іудзейскага і змяшчалі па дзве ці па тры меры.
7 Кажа ім Іісус: напоўніце пасудзіны вадою. I напоўнілі ix да верху.
8 I кажа ім: цяпер чэрпайце i нясіце да распарадчыка застолля. I яны панеслі.
9 Kaлi ж распарадчык пакаштаваў вады, што зрабілася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распарадчык застолля
10 i кажа яму: кожны чалавек спачатку добрае віно падае, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль.
11 Так паклаў Іісус пачатак цудам у Кане Галілейскай i явіў славу Сваю, i ўверавалі ў Яго вучні Яго.
12 Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернаум, Сам i Maцi Яго, i браты Яго, i вучні Яго, i там заставаліся некалькі дзён.
13 І набліжалася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім
14 i знайшоў, што ў храме прадавалі валоў і авечак, і галубоў, i сядзелі мянялы грошай;
15 і, зpaбiўшы біч з вяровак, ycix выгнаў з храма, і авечак, i валоў, і парассыпаў грошы мянялаў i сталы перавярнуў;
16 i прадаўцам галубоў сказаў: забярыце гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам гандлю.
17 I ўспомнілі вучні Яго, што напісана: “клопат пра дом Твой паглынае Мяне”.
18 На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаменнем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць?
19 У адказ Іісус сказаў ім: разбурыце храм гэты, i Я за тры дні ўзвяду яго.
20 І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзеш яго?
21 Ён жа гаварыў пра храм Цела Свайго.
22 Калі ж Ён уваскрэс з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў,
і паверылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус.
23 А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя Яго, бачачы цуды, якія Ён тварыў.
24 Але Сам Іісус не давяраўся іM, таму што Сам ведаў ycix,
25 i не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.