МІТРАПАЛІТ ЯЗАФАТ БУЛГАК: ПАЗІЦЫЯ Ў РЭФАРМАВАННІ ГРЭКА-КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ

Палітычныя інтарэсы Расійскай імперыі і Рэчы Паспалітай напрыканцы ХVІІІ - пачатку ХІХ ст. абвастрылі канфесійную сітуацыю на землях былога Вялікага княства Літоўскага. Найбольш напружанай і зацятай стала барацьба вакол Грэка-Каталіцкай Царквы (ГКЦ). У гэтай барацьбе прымалі ўдзел як царкоўныя іерархі уніяцкай, рымска-каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, так і свецкія прадстаўнікі расійскіх міністэрстваў, дэпартаментаў, структураў. Пры тым істотнай памылкай самога грэка-каталіцкага духавенства было яго ўнутранае супрацьстаянне і адсутнасць адзінства, барацьба белага і чорнага духавенства. Базыльянскі ордэн пры падтрымцы рыма-католікаў навязваў лацінізацыю ўсходняга абраду з пераходам у паступовую паланізацыю ўніятаў. Закрыццё базыльянскіх манастыроў, ініцыяванае расійскім урадам, садзейнічала пераходу базыльянаў у лацінства. У 1830-я гг. шэрагі іх былі нешматлікімі і паўплываць на канфесійную сітуацыю базыльянскі ордэн быў ужо не здольны. Сярод некаторых прыхільнікаў і абаронцаў усходняга абраду ў асяродку уніяцкага духавенства акрэслілася характэрная арыентацыя на дзяржаўную падтрымку расійскага царызму ў справе супраціву лацінізацыі уніяцтва і захаванні праваслаўнага абраду. Такая падтрымка ў хуткім часе набыла маштабы дзяржаўнай палітыкі ў справе далучэння уніятаў да Праваслаўнай Царквы. З аднаго боку, расійскімі ўладамі ствараюцца спрыяльныя і прымусовыя ўмовы для іх пераходу ў «благочестивую» веру і выношваюцца планы-праекты аб канчатковай ліквідацыі ГКЦ. Напачатку такія працэсы праходзілі з падачы уніяцкага мітрапаліта Іраклія Лісоўскага, а пасля - Язэпа Сямашкі. Іерархі ГКЦ робяць адпаведныя захады ў вяртанні і захаванні сваёй паствы, але захады гэтыя, у параўнанні з дзяржаўнай імперскай палітыкай, істотнага значэння не маюць і не прыносяць патрэбнага плёну.

Другая акалічнасць, якую трэба мець на ўвазе, калі гутарка ідзе пра лёсавырашальную ролю ў справе існавання цэлай канфесіі і пазіцыі канкрэтнай асобы, ў тым, наколькі двудушнай была кадравая палітыка царызму ў адносінах да канкрэтных царкоўных іерархаў. Па-першае, усе існуючыя канфесіі трапілі пад моцны дзяржаўны кантроль і былі падпарадкаваныя адпаведнаму дэпартаменту Свяшчэннага сіноду. Па-другое, на вышэйшыя царкоўныя пасады ў імперыі маглі трапіць толькі асобы, правераныя адпаведнымі структурамі і, у першую чаргу, асобы, якія дэманстравалі лаяльнасць да расійскай вонкавай і ўнутранай палітыкі, да адпаведных, ініцыяваных царскім урадам, захадаў, мерапрыемстваў, рэформаў. Так, да прыкладу, у польскай гістарыяграфіі дзейнасць Магілёўсага архіепіскапа Рымска-Каталіцкай Царквы ў Расіі С.Богуш-Сестранцэвіча ацэнена, як палітыка згодніцтва з уладай, што супярэчыць сутнасці каталіцтва, якое не прызнае над сабой вяршэнства свецкай улады - «дух Сестранцэвіча» [1, s. 32]. Адпаведны «дух» працінаў і шэрагі уніяцкага вышэйшага духавенства: І.Лісоўскага, Я.Сямашку, В.Лужынскага, А.Зубко.

Цяжка сказаць, наколькі можна аднесці да такіх дзеячаў уніяцкага мітрапаліта Язафата Булгака. Цяжка таму, што адносна яго асобы ў беларускай гістарыяграфіі, роўна як і ў расійскай і савецкай, сказана, з невялікімі адхіленнямі, не больш радка: «23 лютага памёр уніяцкі мітрапаліт Язафат Булгак, праціўнік уз'яднання з Праваслаўнай Царквой» [2].

А між тым, нагадаем, што Я.Булгак больш за 40 гадоў знаходзіўся ў цэнтры канфесійнага калавароту, быў галоўнай фігурай уніяцкага жыцця і асобай, ад якой шмат у чым залежаў лёс Уніі. Так, у 1790 - 1795 гг. ён быў прызначаны на пасаду епіскапа, каад'ютара Пінскай епархіі, у 1798 - 1828 гг. - епіскап брэсцкі, ад 1817 г. - мітрапаліт Грэка-Каталіцкай Царквы Віленскай мітраполіі (1817 - 1828 гг.) і архіепіскап Полацкі (1833 - 1838 гг.). Варта яшчэ дадаць, што сярод іерархаў праваслаўнага, каталіцкага і уніяцкага духавенства Я.Булгак быў асобай найбольш адукаванай: абараніў у Рыме дзве доктарскія дысертацыі (па дагматычнай тэалогіі і па кананічнаму праву), валодаў разважлівым, засяроджаным, спакойным і рашучым характарам і, што найбольш уражвае, - вылучаўся глыбокай набожнасцю [3, с. 375]. Несумненна, аўтарытэт яго быў вельмі вялікім не толькі сярод духавенства і вернікаў розных канфесій (уніятаў, католікаў, праваслаўных, пратэстантаў), але і ў асяродку расійскай чыноўніцкай і прыдворнай наменклатуры, якая, у сваю чаргу, імкнулася скарыстаць (і часта скарыстоўвала) гэты аўтарытэт у сваіх мэтах. Доўгі час слова мітрапаліта было вырашальным, а пасля набыло глыбока сімвалічны сэнс - жыццё Грэка-Каталіцкай Царквы ў Расіі атаясамлівалася з вобразам яе першага іерарха.

Гэтыя факты пераканаўча гавораць аб неардынарнасці асобы уніяцкага мітрапаліта, але, на вялікі жаль, асаблівай цікавасці, як з боку расійскіх, так і беларускіх навукоўцаў гэта постаць не выклікала.

Тым не менш, звернем увагу на некаторыя моманты жыцця і дзейнасці мітрапаліта; пастараемся зразумець матывацыю, паводзіны, учынкі, а ў цэлым - пазіцыю мітрапаліта ў той складанай і неадназначнай сітуацыі. Так, узначаліўшы адміністрацыю Пінскай дыяцэзіі, Я.Булгак звярнуўся да варшаўскага нунцыя з лістом (1795 г.), у якім прывёў факты выкарыстання праваслаўнымі духоўнікамі войска і паліцыі пры навяртанні уніятаў на праваслаўную веру [4, s. 31-32]. У 1797 - 1798 гг. ён правёў візітацыю уніяцкіх прыходаў Брэсцкай дыяцэзіі з мэтай вяртання да уніі тых вернікаў, якія ад яе адышлі. Я.Булгак выступаў супраць ліквідацыі базальянскіх манастыроў і з гэтай нагоды быў ініцыятарам звароту да папы рымскага і заручыўся яго падтрымкай. Увогулле, быў шчырым прыхільнікам папы і хрысціянскай уніі, але быў супраць палітыкі рымска-каталіцкага духавенства па лацінізацыі уніяцтва.

Вось тут і ўзнікае першая супярэчнасць: базыльяне, якімі апекаваўся Язафат Булгак і да якіх належаў сам паводле манаскага сану, былі найбольш актыўнымі праваднікамі лацінізацыі уніі. Але апякунства мітрапаліта было слабай уцехай у захаванні базыльянскіх манастыроў - манастыры закрываліся, з фармальным узгадненнем і некаторымі ўдакладненнямі Рымска-Каталіцкай Духоўнай калегіі (старшыня архібіскуп С.Богуш-Сестранцэвіч), а ад 1828 г. - Уніяцкай калегіі (старшыня мітрапаліт Я.Булгак). Нагадаем, што абедзве калегіі былі створаны з ініцыятывы расійскіх уладаў з адпаведнай пратэкцыяй іх сяброў, але голас Я.Булгака ў працы гэтых калегій быў вельмі важкім, тым не менш, за тры месяцы 1828 г. было закрыта каля 60 базыльянскіх манастыроў.

1820 - 1830-я гг. - час актыўнай падрыхтоўкі да аб'яднання уніятаў з Расійскай Праваслаўнай Царквой (РПЦ). Падрыхтоўка гэта праводзілася ў цесным супрацоўніцтве прадстаўніцтва ГКЦ, РПЦ і свецкіх чыноўнікаў. Тут можна паставіць пытанне такім чынам, а ці мог і на колькі мог супрацьстаяць такім тэндэнцыям мітрапаліт Я.Булгак?

Урадавая рэформа кіравання Грэка-Каталіцкай Царквой (1828 г.) з падпарадкаваннем сіноду, вымусіла Я.Булгака прыняць новыя ўмовы гульні, умовы, якія дыктаваліся урадам. 8 жніўня 1829 г. адбылося пасвячэнне Язэпа Сямашкі ў вікарнага епіскапа з прызначэннем яго старшынёй Беларускай грэка-каталіцкай кансісторыі і правам прысутнасці ва Уніяцкай калегіі. Хіратонію праводзілі мітрапаліт Булгак, уніяцкі епіскап Мартусевіч і рымска-каталіцкі біскуп Гедройць. Цікавы той факт, што «кіпучая і руплівая дзейнасць пратаіерэя Сямашкі, пераўзыходзячая ўсе чалавечыя магчымасці і ацэненая імператарам Мікалаем І» па далучэнні уніятаў да праваслаўя, была ў гэты час добра вядомай усім. Пры тым, што ўсе тры іерархі: Булгак, Мартусевіч і Гедройць не былі прыхільнікамі такой дзейнасці. У 1831 г. Я.Булгак падпісаў ліст, складзены Я.Сямашкам, з асуджэннем паўстання 1830 - 1831 гг. У 1834 г. мітрапаліт пасвяціў на пасады грэка-каталіцкіх епіскапаў Васіля Лужынскага, Антона Зубко, Язэпа Жарскага. Хіратонія праходзіла ў суправаджэнні мітрапаліта Булгака, епіскапа Я.Сямашкі, рымска-каталіцкага біскупа Паўлоўскага [5, с. 212 - 213]. Зразумела, што гэтыя асобы мітрапаліт пасвячаў з падачы Я.Семашкі і з адабрэннем свецкай улады. Больш таго, мітрапаліт Я.Булгак 1830-я гг. быў старшынёй Грэка-Каталіцкай калегіі, але справамі калегіі кіраваў Я.Сямашка, быў мітрапалітам уніяцкай епархіі, але фактычна яна знаходзілася ў руках В.Лужынскага, быў праціўнікам уз'яднання з праваслаўнымі, але ў той жа час быў членам сакрэтнага камітэту па ліквідацыі уніяцкай царквы [6, с.16].

Дарэчы наконт камітэту. Сакрэтны камітэт быў створаны паводле імператарскага загаду ў 1835 г. У яго ўвайшлі праваслаўныя мітрапаліты Ноўгарадскай, Маскоўскай і Тверскай епархій, обер-пракурор сінода Нячаеў, граф Талстой, князь Галіцын, міністр унутраных спраў Блудаў і мітрапаліт Я.Булгак [7, с. 465]. У адносінах да камітэту, скажам адно: удзел духавенства ў такім камітэце быў істотным парушэннем Кананічнага права, як Праваслаўнай, так і Грэка-Каталіцкай Цэркваў.

Тут зноўку ўзнікае шэраг пытанняў і, у першую чаргу, як у такую кампанію трапіў і што ў такой кампаніі рабіў галоўны іерарх усіх грэка-католікаў у Расіі?...

М.В.Доўнар-Запольскі, характарызуючы дадзеную сітуацыю, адзначае: «Усе базыльянскія кляштары былі падпарадкаваны мясцоваму епархіяльнаму начальству. Састарэлы Іясафат Булгак павінен быў згадзіцца на ўсе новыя меры, за што ім захаваліся ўсе яго даходы» [8, 295-296].

Няўжо ўся прычына такой супярэчлівай пазіцыі Я.Булгака была ў яго старасці і ў яго даходах? Але калі б так было на самай справе, тады мітрапаліту было б ўсё роўна: будзе існаваць Уніяцтва ці яго зліквідуюць.

Можна паставіць пытанне і такім чынам: неадназначная і супярэчлівая сітуацыя, у якой апынулася уніяты пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, істотна ўплывала на фармаванне іх светапогляду і ментальнасці ў цэлым. Агітацыйна-прапагандысцкая праца па «дабравольным» далучэнні да праваслаўя суправаджалася гвалтоўнымі і рэпрэсіўнымі метадамі. 593 уніяцкія святары, не зважаючы на пагрозы, адмовіліся даць подпісы і мяняць веру - ўсіх іх ізалявалі ад грамадства высылкай у манастырскія турмы. 160 з іх былі высланы ў глыб Расіі і ў Сібір [9, с. 11].

Не думаецца, што мітрапаліт спалохаўся рэпрэсій, але такія ўмовы звычайна фармуюць супярэчлівыя, кампрамісныя і нават прыстасавальніцкія рысы светапогляду і характару, каб прадухіліць яшчэ горшую сітуацыю. Цяжка сказаць, наколькі такія рысы адпавядалі супярэчлівасці характару самога мітрапаліта. Але такія пытанні могуць узнікнуць, асабліва пры недастатковай дасведчанасці альбо пры адсутнасці жадання бачыць і шукаць таму прычыны. Так, у расійскай гістарыяграфіі склалася меркаванне, што Язафат Булгак паводле паходжання быў палякам і лаціннікам, які любіў праваслаўныя абрады, але не жадаў, каб непазбежнае аб'яднанне адбылося пры яго жыцці [10, с. 256]. Абсурднасць такога меркавання не вытрымлівае крытыкі: пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, пасля палітыкі абмежавання сферы ўплываў польскай мовы і культуры і, у прыватнасці, дзейнасці католікаў-лаціннікаў, пасля гвалтоўнага навароту уніятаў у праваслаўе (ва ўсім гэтым актыўны ўдзел прымала Расійская Праваслаўная Царква) - і пасля ўсяго гэтага, паводле Г.Кіпрыяновіча, выходзіць, што палякі-лаціннікі любяць праваслаўныя абрады. З аднаго боку, большага інтэлектуальнага глупства, чым гэта, цяжка прыдумаць. З другога, не такое гэта можа быць і глупства, асабліва калі ўлічыць, што паводле палітыкі расійскага царызму на землях былой Рэчы Паспалітай нікога іншага, апрача палякаў (нават і тых, хто гаварыў на беларускай мове, але быў прыхільнікам папы рымскага), царскія ідэолагі і чыноўнікі не прызнавалі і прызнаваць не хацелі.

Між тым… «У пачатку 1838 г. адбылася падзея, якая мела вырашальны ўплыў на лёс уніі. У лютым памёр уніяцкі мітрапаліт Язафат Булгак, які хоць і не выступаў адкрыта супраць пастановаў Грэка-уніяцкай калегіі па збліжэнні уніі з праваслаўем, але дзеля сувязей з асяродкам, з якога выйшаў сам, не хацеў, каб такое ўз'яднанне адбылося пры ім і таму адносіўся да яго непрыхільна»[5, с. 216 - 217].

Зразумела, што не асяродак, з якога выйшаў мітрапаліт (маем на ўвазе базыльянаў), быў асноўнай прычынай супрацьстаяння ў справе аб'яднання цэркваў, тым больш, што і ад асяродка таго ўжо амаль што нічога не засталося. Праўда, пад тым асяродкам можна зразумець і сотні тысяч простых вернікаў-уніятаў, якія не адносілі сябе ні да палякаў, ні да расіян і якія верылі свайму мітрапаліту. Але наколькі гэты асяродак бачыў і адчуваў сам мітрапаліт, пакуль што гаварыць цяжка.

На гэты момант ва уніяцкай царкоўнай іерархіі мітрапаліт Булгак быў адзіным праціўнікам, «адзінай перашкодай», паводле Я.Сямашкі, на шляху да ўз'яднання Цэркваў. Праўда, незадоўга да гэтага ў падтрымку мітрапаліта Я.Булгака нечакана выказаўся епіскап Літоўскі (Брэсцкі) Язафат Жарскі, але і той неўзабаве памёр у вельмі маладым узросце.

Увогуле смерць як аднаго, так і другога, і прыкладна ў адзін і той жа час не магла не насцярожыць. Водгукі тых падзеяў неяк прасачыліся ў літаратуру. Так, Ян Булгак, вядомы фатограф у міжваеннай Польшчы, у сваёй кнізе «Край дзіцячых гадоў» пры аповядзе пра знакамітых людзей свайго роду, спасылаючыся на брашуру Мар'яна Дубецкага «Тэрэза з Вяржбіцкіх Булгак - пасмяротны партрэт», піша: «… толькі яго (Я.Булгака) правата і незгінаемая пазіцыя ўстрымалі цара Мікалая і расійскі ўрад ад спроб яшчэ раней знішчыць аб'яднанне цэркваў. Мітрапаліт памёр у 1838 г. пры вельмі трагічных абставінах. Выклікаў ці прыспешыў яго смерць цар Мікалай, які доўга ўгаворваў яго прыняць схізму, і калі апошні нязломна працівіўся і адхіляў усякі ціск, цар на каленях маліў яго адмовіцца ад супраціўлення дзеля шчасця Расіі, а ў канцы, абураны непадатлівасцю біскупа, устаў і ўдарыў яго, патураючы сваёй дзікай усходняй натуры. Біскуп упаў, а праз некалькі дзён завяршыў жыццё» [11, c. 20].

Сёння цяжка гаварыць, як было на самай справе. Не з'яўляецца выключэннем і яго натуральная смерць - мітрапаліту было амаль што 80 гадоў (20.04.1758 - 9.03.1838). Але адно становіцца зразумелым: расійскі царызм не проста хацеў зліквідаваць непатрэбную яму канфесію, ён імкнуўся прадэманстраваць усяму свету дабраахвотны характар вяртання уніяцкага духавенства і вернікаў да праваслаўя, «вернуть с любовью, отторгнутых насилием», і тым самым прынізіць у вачах усіх вернікаў-хрысціян ролю Ватыкана, як апірышча Рымска-Каталіцкай Царквы і Уніі, абмежаваць дзейнасць католікаў і польскія ўплывы ў межах Расіі і прыўзняць на ступеньку вышэй як свой дзяржаўны аўтарытэт, так і ролю расійскага праваслаўя. У гэтым, магчыма, Мікалай І і бачыў будучыню імперыі - «шчасце Расіі», і дзеля гэтага можна было б пайсці на ўсё: і на калені стаць, і ўдарыць.

Такім чынам, мітрапаліта Язафата Булгака трэба лічыць адным з першых прадстаўнікоў той катэгорыі беларускіх деячаў, якіх пазней сталі характарызаваць як беларусінаў, выхаваных на польскай культуры. Але гэта не гаворыць аб тым, што ён быў палякам паводле свайго паходжання. Нарадзіўся на Слонімшчыне ў шляхецкай сям'і, родавыя карэнні якой вялі да татарскага паходжання. І паводле сваёй ментальнасці ён быў значна бліжэй да беларусаў, пра што гаворыць яго пасрэдніцкая роля, нават місія, здольнасці пазбягаць крайнасцей, трымацца на ўзроўнях разумнага кампрамісу і непахіснасці - крытэрыі, якія і сёння запатрабаваны ў беларускім грамадстве.

Увогуле асоба мітрапаліта Язафата Булгака заслугоўвае значна большай увагі. Ці не прадбачыў ён у ліквідацыі ГКЦ, асабліва ў тых метадах і падыходах, якія супярэчылі ўсякім хрысціянскім нормам і канонам, катастрофу хрысціянскай маралі ў Расіі? Ці не прадчуваў ён трагедыю не толькі уніятаў, але і трагедыю беларускага народу? І ці не варта было б паставіць пытанне наконт таго, што пазіцыя мітрапаліта Язафата Булгака ў справе супраціву ліквідацыі Грэка-Каталіцкай Царквы - гэта на той час - пазіцыя ўласна беларуская, нацыянальная (са сваімі характэрнымі хістаннямі, сумневамі, кампрамісамі і згодніцтвам дзеля ідэі), праўда, пазіцыя яшчэ не настолькі ўсвядомленая, але затое ўстойлівая ў выбары ўсходніх і заходніх рэлігійных, палітычных і культурных арыентацый.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Rutkowcki, F., ks. Arcybiskup Jan Cieplak (1857 - 1926): szkic biograficzny / ks. F.Rutkowcki. - Warszawa, 1934.

2. Киприанович, Г.Я. Исторический очерк православия, католичества и унии в Белорусии и Литве / Г.Я.Киприанович. - Минск: Изд. Белорусского Экзархата, 2006. - С. 256.; Ластоўскі, В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі / В.Ю.Ластоўскі. - Мінск: Універсітэцкае, 1993. - С.96; Доўнар-Запольскі, М.В.Гісторыя Беларусі / М.В. Доўнар-Запольскі. - Мінск: БелЭн, 1994. - С. 296; Мартос, А. Белорусь в исторической, государственной и церковной жизни / А.Мартос. - Минск, 1990. - С. 222;. Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т 4 Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец ХVІІІ - пачатак ХХ ст.) / М.Біч, В.Яноўская, С.Рудовіч і інш./ Рэдкал.:М.Касцюк (гал.рэдактар) і інш. - Мінск, Экаперспектыва, 2007. - С. 93.

3. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. - Мінск: БелЭн, 1995.

4. Radwan, M. Carat wobec Kościoła Grekokatolickiego w zaborze Rosyjskim 1796 - 1839 / M.Radwan. - Roma-Lublin: Polski Instytut Kultury Chrzeŝcijańskiej, 2001.

5. Зноско, К. Исторический очерк Церковной Унии / К.Зноско. - Москва: Отдел по благотворительности Московского Патриархата, «Мартис», 1993. - 233 с.

6. Філатава, А.М. Хрысціянскія канфесіі пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі (1772 - 1860) / А.М.Філатава // Канфесіі на Беларусі (к. ХVІІІ - ХХ ст.) / В.В.Грыгор'ева, У.М.Завальнюк, У.І.Навіцкі, А.М.Філатава; навук. рэд. У.І.Навіцкі - Мінск: Экаперспектыва, 1998.

7. Уния в документах: сб. / сост. В.А.Теплова, З.И.Зуева. - Минск: Лучи Софии, 1997. - 520 с.

8. Доўнар-Запольскі, М.В. Гісторыя Беларусі / М.В. Доўнар-Запольскі. - Мінск: БелЭн, 1994.

9. Гарошка, Л. Пад знакам «рускае і польскае» веры / Л.Гарошка // Божым шляхам. - 1954. - № 62.

10. Киприанович, Г.Я. Исторический очерк православия, католичества и унии в Белорусии и Литве / Г.Я.Киприанович. - Минск: Изд. Белорусского Экзархата, 2006.

11. Булгак, Ян. Край дзіцячых гадоў / Ян Булгак; уклад. і аўтар уступ. арт., пер. з польск. мовы Т.Г.Вяршыцкая. - Мінск: Беларусь, 2004. - 415 с..; іл.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Трацяк І.І.

Рубрыка: