ГІСТАРЫЧНЫЯ АРТЫКУЛЫ ПРА УНІЮ Ў «ЛИТОВСКИХ ЕПАРХИАЛЬНЫХ ВЕДОМОСТЯХ» У ПЯЦІДЗЕСЯТЫЯ ЎГОДКІ ЯЕ СКАСАВАННЯ

У 1889 г. адзначалася 50-годдзе ліквідацыі ў 1839 г. на саборы ў Полацку Берасцейскай Царкоўнай Уніі. З гэтай нагоды ў «Литовских епархиальных ведомостях» - органе Літоўскай праваслаўнай епархіі - былі надрукаваны шматлікія артыкулы і іншыя матэрыялы, прысвечаныя падзеі 1839 г. і яе гадавіне. Гэтыя артыкулы належаць да розных жанраў. Сярод іх ёсць панегірычныя вершы, казанні, прысвечаныя актыўным удзельнікам скасавання Уніі і самой падзеі.

Асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе атрыкулы трох даследчыкаў Уніі, змешчаныя ў выданні: Міхаіла Каяловіча, Платона Жуковіча і Паўла Баброўскага. Яны прадстаўляюць розныя падыходы да феномену Уніі. Агульным для іх усіх з'яўлецца непрыхільнае стаўленне да так званай «польскай» плыні ва Уніі. Маюцца на ўвазе прадстаўнікі базыльянскага ордэна, з якімі звязваліся літургічны заняпад (у тым ліку і занядбанне славянскай богаслужбовай мовы), паланізацыя і заняпад «неманаскіх» структураў у царкве.

Адначасова трэба адзначыць шэраг разыходжанняў, якія далі пачатак працяглай палеміцы паміж М. Каяловічам і П. Баброўскім. Першым разыходжаннем была ацэнка ролі Брэсцкага капітула ў барацьбе супраць «польскай» партыі ва Уніяцкай царкве. П. Баброўскі ў сваім артыкуле «Противодействие базилианского духовенства стремлению белого духовенства к реформам русской греко-униатской церкви» паспрабаваў прадставіць Брэсцкі капітул пачынальнікам складанага грамадска-царкоўнага руху, які скончыўся скасаваннем Уніі і ўваходжаннем Уніяцкай царквы ў структуры Праваслаўнай царквы. Другім прынцыповым разыходжаннем быў погляд на ролю Іосіфа Сямашкі ў далучэнні ўніятаў да Праваслаўнай царквы. П.Баброўскі прадстаўляў І. Сямашку ўсяго толькі прадаўжальнікам справы, якую распачаў Брэсцкі капітул.

П. Баброўскі не згаджаўся з І. Сямашкам, які ў сваіх успамінах намякаў, што сваёй запіскай ён уратаваў уніятаў ад пераходу ў лацінства пасля рашэння пра абмежаванне дзейнасці базыльян. Даследчык указваў, што аналіз становішча уніяцкай царквы быў, верагодна, падрыхтаваны на аснове папярэдняй працы Брэсцкага уніяцкага капітула яшчэ да запіскі І.Сямашкі [1, с. 30]. Аднак, паводле М. Каяловіча, толькі І. Сямашка быў тым дзеячам, які захацеў далучыць уніятаў да праваслаўя [2, с. 190]. Іншыя дзеячы уніятаў імкнуліся толькі стварыць незалежную ад лацінскага касцёла царкоўную структуру, якая б захавала царкоўна-славянскую мову і стаяла на глебе «рускага напрамку», на паддаючыся ў «польскі бок» [2, с. 191]. М. Каяловіч упарта паўтараў пра тое, што Брэсцкі капітул не імкнуўся да з'яднання. Даследчык прызнаваў заслугі для «рускага» элементу і ўсходняй літургічнай царкоўнасці І. Лісоўскага і І. Красоўскага, але лічыў, што яны не зразумелі неабходнасці з'яднаць уніятаў з праваслаўем. М. Каяловіч нават прызнаваў заслугі і дзеячаў Брэсцкага капітула, але лічыў, што яго лінія была крокам назад у логіцы развіцця руска-ўсходняга руху ў глыбіні Уніяцкай царквы.

Зразумець пазіцыі абодвух навукоўцаў магчыма, калі паглядзець на іх грамадскія погляды. М. Каяловіч быў прыхільнікам ідэі рускага народа, да якога ён залічваў украінцаў і беларусаў. Асновай для народнага жыцця для яго было праваслаўе. П. Баброўскі не ставіў пад сумнеў слушнасць рашэння пра пераход уніятаў да праваслаўя, але імкнуўся пагладзець на гісторыю Уніі знутры. Для яго пунктам адліку, з якога ён глядзеў на гісторыю Уніі, была сама Унія, а для М. Каяловіча - рускі народ. Таму ад П. Баброўскага можна было пачуць, што лацінізацыя з'яўлялася пагрозай для існавання самой Уніі [3, с. 43].

П. Жуковіч, вучань М. Каяловіча, дэманструе яшчэ больш ускладнены падыход да праблемы Уніі. Ён імкнуўся паглядзець на гісторыю Уніі, як на гістарычны працэс, вартасны сам у сабе. Параўнаем пазіцыю П. Жуковіча з іншымі даследчыкамі. М. Каяловіч дае добрую ацэнку гісторыі Уніі толькі таму, што ёсць ў ёй «рускае», ці «праваслаўнае». П. Баброўскі спрабуе зламаць гэтую бінарную логіку праз імплантацыю ў сваю гістарычную рэканструкцыю неадназначную дзейнасць Брэсцкага капітула, якую, канешне, нельга расцэньваць як дзейнасць, накіраваную на зліццё ўніятаў з праваслаўнай царквой. П. Жуковіч не палемізуе з дзейнасцю Брэсцкага капітула, як гэта робіць М. Каяловіч; не імкнецца прадставіць І. Сямашку прадаўжальнікам справы капітула, як П. Баброўскі, але імкнецца разглядзець факты ў іх гістарычнай дынаміцы. У сваім артыкуле «Антоній Юрьевіч Сосновскій, соборный протоіерей» П. Жуковіч называе гэтага уніяцкага святара «героем рускай уніі ў барацьбе з (лацінізатарскім - Я.У.) насіллем» [4, с. 163]. Паводле П. Жуковіча, гэта яго дзейнасць аб'ектыўна аблегчыла ліквідатарам Уніі іх місію [4, с. 162].

Такім чынам, на прыкладзе артыкулаў трох вядомых даследчыкаў, якія былі апублікаваны ў «Литовских епархиальных ведомостях» за 1898 год, можна прасачыць трансфармацыю ідэяў і спосабаў рэканструкцыі гісторыі Уніі. М. Каяловіч выступае ў сваіх артыкулах як прадстаўнік нацыянальна-рускай плыні даследчыкаў, якім быў уласцівы своеасаблівы пурызм, г. зн. нежаданне прызнаваць нейкага пачэснага месца ў гісторыі тым уніяцкім дзеячам, якія адступалі ад логікі «рускага развіцця». П. Баброўскі спрабуе паглядзець на гісторыю знутры Уніяцкай царквы, застаючыся пры гэтым прыхільнікам усяго «рускага» і самога аб'яднання з праваслаўем. П. Жуковіч ідзе яшчэ далей у спробе аб'ектывізацыі гісторыі Уніі. Ён спрабуе рэканстуяваць Унію як нешта такое, што мае самастойную каштоўнасць для гісторыі краю.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Бобровский, П. О. Противодействие базилианского духовенства стремлению белого духовенства к реформам русской греко-униатской церкви / П. О. Бобровский // Литовские епархиальные ведомости. - 1889. - № 4-5. - С. 30.

2. Коялович, М. О. Пятидесятилетие воссоединения западнорусских униатов 1839 г. и историческое значение этого события / М. О. Коялович // Литовские епархиальные ведомости. - 1889. - № 23. - С. 190.

3. Бобровский, П. О. Противодействие базилианского духовенства стремлению белого духовенства к реформам русской греко-униатской церкви / П. О. Бобровский // Литовские епархиальные ведомости. - 1889. - № 6. - С. 43.

4. Жукович, П. Антоний Юрьевич Сосновский, соборный протоиерей / П. Жукович // Литовские епархиальные ведомости. - 1889. - № 20. - С. 162.

Сайт Pawet: Хрысціянства у гістарычным лёсе беларускага народа. Частка 1. 2009

Усошын Я.

Рубрыка: