МАНІТОРЫНГ СМІ: Наша ніва: Гей – герой ці злачынца?

Вось і на нашай вуліцы свята. Нават падвойнае свята: свята беларускіх сэкс-мяншыняў, бо нарэшце адважыліся заявіць пра сябе, і свята беларускіх кансерватараў, бо – назіраючы спраўны разгон гейскага шэсця – яны маглі пабачыць так важны для іх «трыумф маралі і здаровага сэнсу».

 

А я... нават не ведаю, каторага трыумфу трэба болей баяцца.

 

Самі гей-парады мяне не палохаюць, палохае, аднак, магчымая перспектыва ўсталявання «прагрэсісцкага табу»: забарона крытыкаваць гомасэксуалізм, якая раз'юшвае мяне не менш, чым рознага роду кансерватысцкія табу.

 

Я нават прыдумаў для сябе адмысловую псіхіятрычна-клінічную катэгорыю: антыгамакрытыкафобія. Інакш кажучы, баюся тых, хто ўсякую крытыку гомасэксуальных паводзінаў кваліфікуе як гамафобію, а гамафобію як найстрашнейшую дэвіяцыю.

 

Але ў сённяшняй Беларусі няма праблем з правам на крытыку гомасэксуалізму. Апошні ўікенд паказаў іншае, а менавіта, наколькі высокі ў грамадстве градус пагарды і варожасці ў стасунку да асоб з гомасэксуальнымі схільнасцямі.

 

Гей – гэта гой, бунтаўнік супраць боскага светаўладкавання і праціўнік натуральнага закону. Гей – гэта ізгой, які павінен альбо старанна схаваць сваю гейскую тоеснасць, альбо назаўжды застацца ізгоем, на якога кожны не-гей мае права плюнуць з вышыні сваёй несумнеўнай маральнай перавагі. Такой ментальнасці асабліва баюся. Таму да ліку маіх «фобій» дапішыце яшчэ адну: страх перад гетэра-сэкс-фашызмам.

 

Пачуццё безумоўнай маральнай вышэйшасці не-геяў у стасунку да геяў корміцца з розных крыніц. На першым месцы водле частаты выкарыстання знаходзіцца, бадай, Біблія, на другім – ідэя натуральнага закону, на трэцім – навука.

 

Коратка пракаментую вартасць спасылак на гэтыя крыніцы.

 

1. Біблія

 

Біблія з'яўляецца важнай крыніцай для духоўна-этычнага жыцця. Але мы мусім прызнаць, што гэта кніга, якая «дапісваецца» ў сумленні чалавека. Сама-па-сабе яна неканклюзіўная. Сама-па-сабе яна ўяўляе сабой – ні многа, ні мала – плод узаемных пошукаў Бога і чалавека, з'яўляецца суплётам таямнічай мовы Бога і мовы чалавека. Але яна не ёсць мэтавым пунктам. Біблія – гэта пункт выйсця. Дзякуючы Бібліі мы можам пабачыць пройдзены шлях чалавецтва і распазнаць агульныя накірункі далейшага шляху.

 

«Той, хто праклінае маці або бацьку, павінен быць забіты», «Той, хто будзе чарадзейнічаць, каменнямі павінен быць закіданы», — чытаем у Кнізе Лявіт, якая паўставала ў VI-V ст. да нар. Хр. Думаю, што нават найгарлівейшы вернік прызнае, што паводзіны ў духу гэтае Кнігі – гэта пройдзены шлях. «Бязбожнікаў (...) Госпад высмее. І стануць яны бясслаўнаю падлай і ганьбай ахінуты будуць на векі», — гэта цытата з Кнігі Мудрасці, якая паўстала ў ІІ-І ст. да нар. Хр. З пэўнай дозай асцярожнасці можам сказаць, што таксама і пагарда да «бязбожнікаў» — гэта, хутчэй за ўсё, пройдзены шлях. «Не ашуквайце саміх сябе: мужаложцы (...) Царства Божага не спадкуюць», — напісаў апостал Павел у 50-ыя гады першага стагоддзя. Крытыкі гомасэксуалізму маюць рацыю, што св. Павел асуджаў аднаполыя сэксуальныя стасункі. Аднак не маюць рацыі ў тым, што апостал звольніў нас з мыслення і пазбавіў цяжару пераасэнсоўвання феномену гомасэксуалізму. Ён выявіў нам сваю пазіцыю, такую, якую ён – у святле ўласнага духоўнага досведу – мог заняць у першым стагоддзі. Ці такую ж самую пазіцыю ён заняў бы ў стагоддзі дваццаць першым? Не ведаю.

 

А што з натхненнем? — спытаюць веруючыя. Што з багавейнасцю Святога Пісання? Што з беспамылковасцю? Урэшце, што са святасцю гэтага Пісання? Хай расчаруюцца тыя, хто шукаюць надпрыроднага натхнення ў літарах. З натхненнем справа выглядае прыкладна так, як з Божым Валадарствам: яно ўнутры вас. Духоўны – калі хто хоча: «боскі» —

 

сэнс Святога Пісання нараджаецца ў працэсе дыялогу, а часам нават дыскусіі і палемікі з Пісаннем. Пісанне – яшчэ раз моцна гэта падкрэслю – гэта пункт выйсця, а не мэтавы пункт. Гэта адкрытая, недапісаная кніга.

 

2. Натуральны закон

 

Спасылка на пэўны «натуральны парадак» у кантэксце дыскусіі вакол гомасэксуалізму, думаю, мае свой сэнс.

 

Анатамічныя, фізіялагічныя ды псіхалагічныя асаблівасці мужчыны і жанчыны надзвычай пераканаўча сведчаць, што толькі пара ЁН – ЯНА з'яўляецца здольнай да такога цялеснага злучэння, якое б магло адначасова быць выразам узаемнай любові і мець пракрэацыйную моц.

 

Калі прымем, што сэксуальны акт – гэта нешта большае, чым генератар аргазму, што з'яўляецца сімвалам нечага больш глыбокага і высакароднага, то – лічу – мусім прызнаць, што найбольш поўна гэты сімвалізм рэалізуецца ў выпадку спалучэння ЁН – ЯНА. Пракрэацыйнасць (нават калі яна з'яўляецца ўсяго толькі патэнцыйнай) сведчыць аб тым, што сэксуальны акт з'яўляецца не толькі данінай любові ў межах ЯЕ і ЯГО мікрасвету, але з'яўляецца таксама данінай усяму чалавецтву: магчымасць узбагаціць чалавецтва новым жыццём чыніць сэксуальны акт актам найхвалебнейшага альтруізму і агульначалавечай салідарнасці.

 

Прыведзены тут аргумент я не лічу канклюзіўным для тэзы пра маральную перавагу двухполага сэксу над аднаполым, а напэўна нельга яго ўспрымаць як апраўданне для якой-кольвечы дыскрымінацыі. Перакананы, аднак, што ў працэсе дыскусіі над гомасэксуалізмам нельга рабіць выгляд, што «няма сутнаснай розніцы» паміж двухполым і аднаполым сэксуальным актам, што гэта, маўляў, усяго толькі акцыдэнтная розніца. Розніца ёсць, і то даволі істотная. Аднак тут жа адзначыць трэба, што

 

гомасэксуальныя сувязі – гэта не толькі (і не столькі) сэкс. І аргументацыя са спасылкай на натуральны закон мае свае натуральныя межы.

 

3. Навука

 

Найперш варта адзначыць, што манапалізацыя «навуковай слушнасці» больш характэрна пра-гомасэксуальнаму лагеру, чым крытыкам гомасэксуалізму. Часам забаўна бывае назіраць, як «навукова арыентаваныя» прагрэсісты пачынаюць аперыраваць такімі фразамі, як: «нармальнасць гомасэксуалізму даказана навукай», «навука ўшчэнт разбіла прымхі пра ненатуральнасць і немаральнасць гомасэксуалізму». Не ўчора і не пазаўчора было заўважана, што для многіх (магчыма, большасці) людзей навука сталася субстытутам Бібліі ў старажытна-сярэднявечным яе ўспрыманні, г.зн. крыніцай гатовых адказаў на маральныя і экзістэнцыяльныя пытанні.

 

Навука тычыцца сферы фактаў, а тым часам дыскусія наконт маральнай апраўданасці гомасэксуалізму і ступень яго праўнай санкцыяванасці датычыць сферы каштоўнасцяў. Так, гэта праўда, што дыскусія вакол каштоўнасцяў можа, а нават павінна весціся з улікам навуковых тэорый і ўстаноўленых фактаў, але паміж навуковымі цверджаннямі і этычнымі пастулатамі няма адносінаў лагічнай вынікальнасці. Немагчыма навукова даказаць, што крадзеж – гэта зло, роўна ж як нельга даказаць, што гэта не-зло. Ані найгрунтоўнейшыя статыстыкі наконт частаты гэтай з'явы, ані нават – уявім сабе – адкрыццё «гену крадзяжу» не магло б стацца канклюзіўным аргументам за альбо супраць актаў крадзяжу.

 

Роля навукі ў дыскусіі вакол каштоўнасцяў – выявіць узаемаабумоўленасць паміж рознымі каштоўнасцямі. Так, напрыклад, для дыскусіі вакол легалізацыі аднаполых шлюбаў рэлевантнымі могуць быць сацыялагічна-псіхалагічныя даследаванні наконт магчымага пазітыўнага або негатыўнага ўплыву на інстытут традыцыйнай сям'і альбо грамадскі супакой. Але ніякая навука не дасць нам адказу на пытанне, ці традыцыйная сям'я – гэта каштоўнасць вартая культывацыі ці не вартая. Гэта мы ў сваім сумленні прымаем рашэнне наконт падтрымкі ці адкідвання каштоўнасцяў.

 

Ані Біблія (разуметая як тэкст), ані Навука не вырашаць за нас гэтыя пытанні.

 

У святле вышэй сказанага, думаю, няцяжка зразумець, якую вартасць могуць мець тэзы такога кшталту: «Навукай даказана маральная заганнасць гомасэксуалізму» або «Навукай даказана маральная раўнаважнасць паміж гома- і гетэрасэксуалізмам». Абое рабое.

 

* * *

 

Дазволю сабе на завяршэнне звярнуцца да чытачоў словамі Дэніела Энджа, вядомага каталіцкага багаслова і душпастыра: «Хачу цябе прасіць, каб ты не ўспрымаў іх [гомасэксуалаў] ані як злачынцаў, ані як герояў, але каб папросту распазнаў у іх, так як і ў кожным з нас – Божых дзяцей».

 

"Наша ніва"

Пётра Рудкоўскі

Рубрыка: