Сусветная культура ці рэлігійная?

Царква выступіла за ўвядзенне ў школах Беларусі новага прадмета — рэлігійная культура. З гэтай мэтай кіраўніцтву парламента Рэспублікі Беларусь была накіраваная прапанова аб унясенні змяненняў у закон "Аб адукацыі". Разам з гэтым царква адкрывае дыскусію вакол выкладання рэлігіі ў школе (Интервью Г.А. Довгялло «Преподавание религиозной культуры — не дань традиции, а жесткий прагматизм» в газете "Звязда" 27 мая 2010 г., ).

Не выкарыстаць такую магчымасць было б крыўдна.

Перад тым як выказаць сваю думку, я вырашыў апытаць знаёмых, суседзяў і выслухаць найперш і іх. Бліжэй за ўсіх суседзі, і вось што думаюць яны.

— Трэба, каб людзі Бога баяліся, — заявіла суседка, — то і парадку на свеце будзе больш. Няхай дзяцей прывучаюць...

— А твае ўнукі вераць?

— Ды як іх прымусіш, мо ў школе направяць...

Другая суседка прытрымліваецца такой жа думкі:

— У царкве кепскаму не вучаць, а калі яшчэ і школа возьмецца, то, можа, дзеці зменяцца...

У нашым доме амаль усе пенсіянеры, а ў мінулым працавалі на тэкстыльным камбінаце ткачыхамі, матальшчыцамі, прадзільшчыцамі... Кажу пра жанчын, бо менавіта яны часцей бываюць у царкве, а мужчын рэлігія чамусьці менш цікавіць.

Але ёсць і іншыя погляды.

Алена Захарэвіч працуе педагогам у гімназіі №3 г. Баранавічы.

— Некалькі гадоў таму ў школе выкладалі Сусветную мастацкую культуру і Асновы бяспекі жыццядзейнасці. Якія выдатныя былі падручнікі па гэтых прадметах! А затым, спасылаючыся на празмерную загружанасць вучняў, вывелі гэтыя прадметы з вучэбнай праграмы. А што, выкладанне рэлігіі будзе сведчыць, што вучні ўжо не так загружаныя? І ўвогуле, школа абавязана даваць дзецям веды, пашыраць іх кругагляд, а не займацца рэлігійным выхаваннем. Гэтая місія ляжыць на сям'і і царкве. Ёсць нядзельная школа, і калі бацькі вернікі, то яны павінны вызначыцца — хадзіць іх дзецям у такую школу ці не. Але рабіць гэта трэба без прымусу. А ў школе выкладаецца яшчэ прадмет "Чалавек, грамадства, дзяржава" і там ёсць усё, што датычыцца рэлігіі. Проста нам не трэба ў чарговы раз кідацца ў крайнасці.

А вось што сказала дзяржслужачая:

— Калі б мне далі магчымасць выбраць для сваіх дзяцей, што вучыць у школе — Сусветную мастацкую культуру ці рэлігійную, то я аддала б перавагу першай. Чаму? Усё проста — культура ўзбагачае чалавека духоўна, а рэлігія, не важна ў якой форме і пад якім "соусам" падавалася б — гэта пакланенне звышнатуральным сілам, вера ў іх. У выкладанні ў сярэдняй школе рэлігіі бачу некаторую меркантыльнасць. За дзяржаўны кошт царква падрыхтавала тэолагаў, а цяпер ім неабходна даць работу. Але маладых людзей ніхто не прымушаў выбіраць гэтую прафесію. Яны ведалі, на каго вучыліся. У нашым горадзе ёсць прафесіі незапатрабаваныя, то з якой нагоды тэолагам неабходна расчышчаць дарогу, а педагогаў, юрыстаў ці бухгалтараў не заўважаць? Я ведаю тэолагаў-католікаў, якія працуюць не па спецыяльнасці, і нічога. Мне незразумела, чаму дзяржава павінна ў чарговы раз вырашаць праблему, якая не зусім яе.

Жанчына папрасіла не называць яе прозвішча, бо выказванне можа быць няправільна ўспрынятае начальствам.

На мой погляд, у гэтым пытанні неабходна асцярожнасць, а мы часта празмерна робім націск на духоўнасць, падменьваючы яе рэлігійнасцю. А духоўнасць, у першым значэнні гэтага слова, — усё ж не рэлігійнасць, а ўсё, што адносіцца да разумовай дзейнасці чалавека.

А зараз пра самае важнае.

Увядзеннем выкладання рэлігіі ў школе будзе нанесены ўдар па сістэме нашай адукацыі.

І калі супрацоўнік інстытута тэалогіі БДУ Рыгор Даўгяла ў інтэрв'ю нашай газеце гаворыць: "Так, па-першае, на душах дзяцей, іх псіхічным, духоўным здароў'і эканоміць нельга. Па-другое, нельга эканоміць на гуманітарнай бяспецы дзяржавы", то ён чамусьці забывае адзін надзвычай важны момант. Уся сістэма адукацыі Беларусі яшчэ з савецкіх часоў стаіць на матэрыялістычным падмурку. І з увядзеннем выкладання рэлігіі сапраўды неабходна будзе падумаць пра псіхіку вучняў. На ўроку па прыродазнаўстве педагог будзе весці аповед пра паходжанне відаў на Зямлі, натуральны адбор, а на наступным ўроку тэолаг з бібліяй у руках заявіць, што чалавека Бог вылепіў з гліны. "Дах" у дзіцяці ад такога навучання можа паехаць.

Нехта запярэчыць, што аўтар усё празмерна драматызуе, бо дзеці з вуснаў настаўнікаў-тэолагаў пачуюць пра "факты біблейскай гісторыі, жыццяпісы біблейскіх персанажаў..."

У такім разе давядзецца тлумачыць дзецям, як ўдалася Іоне трое сутак правесці ў жываце кіта і выжыць. Хіба ў Бібліі не кожнае слова праўда?

Спасылкі на пасляваенны вопыт Германіі, калі там асаблівая ўвага надавалася рэлігіі і дзяржава фінансавала багаслоўскія факультэты, стварала рэлігійныя акадэміі для міран і гэта нібыта забяспечыла эканамічнае развіццё Германіі, гучыць наіўна. Калі б не план Маршала і Амерыка не зрабіла ў эканоміку Германіі вялізныя фінансавыя ўліванні, то ніякія багаслоўскія факультэты і акадэміі не дапамаглі б.

"У нас сітуацыя зусім не такая, якая была ў пасляваеннай Германіі, і я думаю, што сродкі на тое, каб увесці ў школах урокі рэлігійнай культуры, знойдуцца," — упэўнены Рыгор Даўгяла.

А можа, нам зрабіць гэтаксама, як ў Германіі, і прапанаваць вернікам плаціць рэлігійныя падаткі? Калі багатая Германія так зрабіла, то нам, больш бедным, чаму б не пераняць вопыт немцаў? Вось і з'явіліся б грошы на рэлігійнае выхаванне, а заадно і даведаліся б, колькі ў нас вернікаў.

Дарэчы, 80 % насельніцтва Германіі лічаць сябе няверуючымі, так што з немцамі нам не па дарозе.

Факультатыўныя заняткі па рэлігіі не задавальняюць ініцыятараў новага адукацыйнага праекта, бо яны знаходзяцца па-за сеткай вучэбных гадзін. А вось калі рэлігію пачнуць вучыць усе вучні прымусова, то ад гэтага быццам бы будзе эфект.

Так, для настаўнікаў-тэолагаў будзе, бо яны акажуцца ў штатным раскладзе.

Нядзельныя школы і факультатыўныя заняткі — адзіна прымальны варыянт для азнаямлення моладзі з рэлігіяй. І будзем помніць: свабода сумлення нам гарантаваная Канстытуцыяй. І кожны з нас, як і нашы дзеці, можа верыць у Бога, а можа быць матэрыялістам, і прымушаць чалавека да веры ніхто не мае права — пакіньце гэты выбар за чалавекам, як у іншых краінах Еўропы.

Не будзем забываць, што мы жывём ужо ў XXІ стагоддзі і не трэба царкве злоўжываць прадастаўленай дзяржавай свабодай.

Напачатку нам неабходна падняць бытавую культуру і ўдзяліць асаблівую увагу маралі, бо колькі я ведаю сем'яў, у якіх шмат гавораць пра Бога, усе куткі завешаны абразамі і ў храм ходзяць на ўсе святы, а які там мардабой ды лаянкі — то пашукаць трэба...

Прывіць дзецям мараль могуць сям'я, школа, царква — у кожнага сваё поле дзейнасці, і трэба, лічу, найперш выкарыстаць магчымасці ў сваёй парафіі, а не лезці ў іншую.

У наш век рэлігія павінна прыстасоўвацца да часу, да грамадства, а не навязваць свае догмы і абяцаць вечнае жыццё пасля смерці. Неабходна жыць сумленна сёння і зараз, бо жыццё ў нас толькі адно. І калі я ў гэтым упэўнены, то не навязвайце мне, маім дзецям і ўнукам тое, што мы не можам пакуль прыняць.

Час ужо даўно расставіў усё па сваіх месцах. І неабходна ісці наперад, імкнуцца жыць годна, будаваць сваю дзяржаву, захоўваць сваю культуру, мову, гісторыю. І калі царква прэтэндуе на вядучую ролю, то павінна сканцэнтраваць сваю ўвагу на гэтым.

Опубликовано в газете "Звязда" 02 июня 2010 года

Сымон Свістуновіч

Рубрыка: