МАНІТОРЫНГ СМІ: БХД: Ці быць Закону Божаму ў школе?

 

Апошнім часам у беларускім грамадстве зноў успыхнула дыскусія пра рэлігійнае навучанне ў школе. Цэрквы – праваслаўная, каталіцкая, пратэстанскія – гатовыя арганізаваць такое навучанне.

 

Сайт БХД і газета “Крыніца” прапаноўваюць увазе чытачоў спаборніцтва “Двубой”. Сёння пра ўвядзенне прадмета “Закон Божы” у школе спрачаюцца настаўніца, кіраўніца Віцебскай арганізацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Таццяна Севярынец і нядаўні выпускнік школы, палітпрызыўнік, актывіст БХД з Гомелю Яўген Якавенка.

 

“Двубой” – гэта дыскусійнае спаборніцтва, якое праходзіць на старонках хрысціянска-дэмакратычнай газеты “Крыніца”.

 

У кожным нумары газеты два лідэры БХД спрачаюцца па надзённых пытаннях палітычнага і грамадскага жыцця. “Двубой” арганізаваны паводле  сістэмы play-off: той, хто прайграў - выбывае з спаборніцтва, хто выйграў – перасоўваецца на новы ўзровень. Пераможцаў вызначаюць чытачы.

 

У мінулым «Двубоі» з вынікам 76:65 перамог праціўнік прымянення смяротнага пакарання Аляксандр Ількевіч.

 

"Ці

 

кіраўніца Віцебскай БХД

 

Таццяна Севярынец: Вывучаць “Закон Божы” у школах трэба! 

 

Вывучаць “Закон Божы” у школах трэба. Да гэтага мяне прывяло мае трыццацішасьцігадовае настаўніцтва і маё жыцьцё. Адукацыю, і сярэднюю, і вышэйшую я атрымала ва ўмовах атэізму, калісьці вывучала і здавала іспыты па навуковаму камунізму, сьмяялася над старонкамі кнігі М. Астроўскага “ Как закалялась сталь”, дзе распавядаецца

 

пра здзекі Паўкі Карчагіна над гора-выкладчыкам Закону Божага. Але жыцьцё адкарэктавала мае погляды і веды. Зараз я ўпэўнена, што найвялікшай кнігай у гісторыі чалавецтва зьяўляецца Біблія з яе мудрасьцю і вялікімі ведамі пра чалавека, яго псіхалогіі, грамадзтва і яго псіхалогіі, дзе знойдуцца адказы на ўсе пытаньні, якія паўстаюць перад чалавекам па жыцьці.

 

За сваё шматгадовае настаўніцтва я назірала, як мяняюцца прыярытэты ў вучняў, іх бацькоў, ды й настаўнікаў, як сыходзіць у нябыт пачуьцё ўласнай годнасьці, як авалодваюць яны майс-тэрствам прыстасоўвацца да абставін, як спакойна праходзяць міма чужога гора, хваробы, як фарысействуюць, як цынічна ставяцца да асноўных хрысьціянскіх прынцыпаў, не думаючы пра тое, што прыйдзе час і за ўсе ўчынкі трэба будзе адказваць і плаціць. Вось шасьцікласнік са злымі сьлязамі на вачах крычыць настаўніцы, якая спрабуе затрымаць яго падчас шалёнага бегу па школьным калідоры, схапіўшы за вопратку: “ Ты чаго мяне за швэдар хапаеш!? Ты за месяц столькі не заробіш, колькі ён каштуе!” Вось нахабна ўрываецца ў клас бацька, пачэсваючы за вухам малога сабачку, якога трымае на руках, і пачынае абражаць настаўніцу пры вучнях за тое, што яна ягонаму водпрыску паставіла дрэнную адзнаку. Вось счапіліся і б’юцца ў кроў хлопчыкі з-за нейкай драбязы, вось настаўніца прызнаецца калеге, за якую трэба было б заступіцца перад адміністрацыяй: “Прабач, але мы ніхто, мы рабы”… Бо не закладзены моцны маральны падмурак, на якім будуецца уласнае жыцьцё і ў асяроддзі людзей, бо няма страху перад Богам, Які ёсьць наш Настаўнік і Збаўца.

 

Выкладаньне ЗАКОНУ БОЖАГА – справа складаная. Існуюць нядзельныя

 

школкі пры царквах і касьцёлах, але гэтага вельмі мала, бо колькасьць навучэнцаў у іх нязначная; Беларусь – шматканфесійная краіна; як толькі дзяржава бярэцца што –небудзь “выкладаць”, падручнік не вытрымлівае аніякай крытыкі ( так у свой час быў загублены

 

прадмет “Этыка”). Але Царква, Касьцёл маглі б узяць гэтую справу пад свой патранаж (вопыт у іх багаты) ды падрыхтаваць адпаведных настаўнікаў. Факультатыўна спачатку, улічваючы канфесійнасьць, цікаўнасьць вучняў, прычым у раннім узросьце, а можа быць, пачынаць трэба яшчэ з садка. Зразумела, што на ўсё гэта патрэбны час, але пачынаць трэба было б яшчэ ўчора. Таму нам як Партыі трэба праявіць ініцыятыву ды разам з цэрквамі вырашаць гэтае пытаньне.

"Ці

 

Палітвязень Яўген Якавенка: Я за выкладанне агульначалавечай маралі

 

Я – за маральнае навучаньне, як больш унівэрсальнае.

 

Можна ўвесьці абавязковае рэлігійнае навучаньне ў выглядзе вывучэньня хрысьціянства, але ў краіне шмат рэлігій і канфесій. Калі засяродзіцца на выкладаньні

 

дагматаў адной зь іх – можа ўзьнікнуць канфлікт. А, як паказвае практыка, шмат якія непаразуменьні на рэлігійнай глебе і ўзьнікаюць менавіта са школы.

 

Калі ўвесьці факталягічнае выкладаньне ўсіх, хаця б асноўных, рэлігіяў і іх дагматаў, то гэта ўжо ёсьць (прынамсі я вывучаў у свой час) у межах школьнага курса, калі не памыляюся, гісторыі. Так што з асноўнымі рэлігіямі дзеці і так знаёмяцца.

 

Вывучаць трэба мараль, выхоўваць любоў да чалавека, а гэта – аснова любой стваральнай рэлігіі.

 

Калі мяняць нешта ў сыстэме адукацыі, дык тое, што дзеці атрымоўваюць факталягічныя веды. Праблема такой сыстэмы ў тым, што колькасьць і якасьць факталягічных ведаў чалавецтва расьце з геамэтрычнай прагрэсыяй.

 

Тыя веды, што вывучаюць у школе зараз, праз 10 год нікому не патрэбныя. Чалавек, калі хоча чагосьці дасягнуць, вымушаны ўвесь час пічкаць сябе чарговай порцыяй фактаў, але ўжо самастойна.

 

А школа не навучыла, таму даводзіцца вельмі цяжка. Трэба даваць дзецям мэтадалягічныя веды. Даваць мэтодыку вывучэньня тае ці іншае навукі. Больш за тое, навукі трэба вывучаць у сінтэзе, не адрываючы адну ад адной. Трэба даць дзецям шанец крытычна аналізаваць, думаць. Рэлігійнае жа навучаньне ў выглядзе выкладаньня дагматаў царквы не ініцыюе такую актыўнасьць, а тым больш крытычнае стаўленьне.

 

Сыстэма сярэдняй адукацыі пабудавана зараз так, каб за 11 год “на выхадзе” атрымаўся тыповы чалавек, завостраны ў пэўным стылі. Я – за тое, каб пасьля школы чалавек мог аналізаваць рэчаіснасьць і сьвядома абіраць свой шлях.

 

Калі ўвесьці рэлігійнае навучаньне факультатыўным чынам, то, на мой погляд, ад гэтага будзе мала плёну, бо лепей з гэтай функцыяй справіцца сям’я і царква.

 

Таму я лічу, што калі і ўводзіць у школах рэлігійнае навучаньне – толькі ў якасьці вывучэньня маралі, казаць дзецям што ёсьць дабро, а што зло з пункту гледжаньня агульначалавечай маралі.

 

 

Сайт БХД

Рубрыка: