Колькі словаў пра рэлігійную свядомасць каталіцкай моладзі

Артыкул “Вера і вернасць”, надрукаваны ў моладзевым раздзеле каталіцкага часопіса “Ave Maria” №№7-8 за 2010 год, выдатна ілюструе рэлігійную свядомасць каталіцкай моладзі.

У артыкуле прыводзяцца вынікі апытання каталіцкай моладзі, якое зладзілі сябры рэдкалегіі моладзевага раздзела часопіса “Ave Maria”. Паводле аўтараў, гэтыя лічбы мусяць паказаць, як моладзь рэалізуе патрабаванні хрысціянскага вучэння ў сваім штодзённым жыцці.

І тут уразілі не столькі адказы, колькі крытэры, паводле якіх аўтары ацэньвалі рэлігійнасць сваіх аднагодкаў.

“Ці робіце вы знак крыжа перад ежай?”, “Ці робіце вы знак крыжа, праходзячы каля святыні або прыдарожнага крыжа?”, “У пятніцу вас заправілі ў госці і частуюць мяснымі стравамі. Што вы будзеце рабіць?”, - пытанні такога кшталту былі зададзеныя моладзі.

Тым, як моладзь кіруецца хрысціянскім вучэннем у асабістым і грамадскім жыцці, працы ды навучанні, аўтары не цікавіліся. Мабыць, гэта здаецца для іх другарадным ці ўвогуле неістотным.

А вось яшчэ дзве паказальныя рэчы з вынікаў апытання. Толькі 57% апытаных сцвердзілі, што чытаюць Біблію прынамсі раз на тыдзень. На іншае пытанне 3% апытаных адказалі, што не ходзяць на дыскатэкі. Выходзіць, што ладная частка каталіцкай моладзі спрабуе знайсці адказы на пытанні, якія паўстаюць перад імі, не ў Бібліі; а спадарожнікаў жыцця шукаюць у начных клубах.

Пытанні, трэба сказаць, складаліся не выпадковымі людзьмі, а найбольш актыўнымі маладымі прыхаджанамі Катэдры. І задавалі іх не людзям на вуліцы, а ўдзельнікам маладзёвых малітоўных сустрэчаў. Таму гэта, хай сабе і недакладны, але паказальны адбітак рэлігійнай свядомасці беларускай каталіцкай моладзі.

Зрэшты, і без апытанняў бачна, што большасць уцаркоўленых маладых каталікоў у сценах касцёла паводзіць сябе “паводле канонаў”, а ў навучанні, працы, грамадскім жыцці - “так як усе”. У малалікіх апостальскіх і дабрачынных царкоўных рухах заангажаваная толькі мізэрная па ліку купка моладзі.

Няма і каталіцкай моладзевай арганізацыі. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч кажа, што не супраць яе стварэння, ды няма ініцыятывы ад самой моладзі.

Відавочна, што ў каталіцкай моладзі ўсведамленне адказнасці за евангелізацыю і пашырэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў застаецца на вельмі слабым узроўні. І гэта кепска як для саміх каталікоў, так і для краіны.

 

Кастусь Шыталь

Рубрыка: