Фальшывая царква: варажба на Пятры Гушчы

Як зарэгсітраваць Адзіную Святую і Апостальскую Царкву ў штаце Фларыда

 

Пётар Гушча, шырока вядомы рэлігійны авантурыст, аўтар аднога з праектаў беларускай аўтакефаліі, які на дадзены момант з’яўляецца самабвешчаным епіскапам самаабвешчанай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Бацькаўшчыне (альтэрнатыўная назва Беларуская (Народная) Аўтакефальная Праваслаўная Царкваі на дадзены момант, паводле неправераных дадзеных парталу “Царква” знаходзіцца ў Феадосіеўскім манастыры Кіеўскага Патрыярхату ў Кіеве (безумоўна, не ў якасці епіскапа). Сама структура Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Бацькаўшчыне звязаная з так званым Сусветным Амерыканскім Патрыярхатам (Юрыя Рыжага), які на сайце БПАЦнБ называецца “сапраўдным патрыётам Бацькаўшычны”. У юрысдыкцыі БАПЦнБ знаходзіцца таксама і вядомыя дзеячы апазіцыі протоярэй Леанід Акаловіч і святар Вікенцій Кавалькоў, пра якога партал “Царква” ўжо неаднаразова пісаў у сувязі з тым, што яны актыўна свяціліся ў час вясновых падзеяў гэтага году з партрэтамі Патрыярха Кіеўскага Філарэта.

У гасцявой кнізе нашага парталу было размешчанае паведамленне з рэкламай рэсурсу Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, які спарадзіў яшчэ больш пытанняў да так званага епіскапа Пятра Гушчы, а таксама да тых, хто знаходзіцца ў яго юрысдыкцыі.

На гэтым сайце ў раздзеле “Дакументы” размешчаныя дзве сумніўныя паперы, у якіх хіратонія япіскапа Пётар Гушча вызнаецца сапраўднай, а сам ён прызнаецца Александрыйскім і Канстанцінопальскім Патрыярхатамі. Ніжэй прыводзіцца пераклад тэкстаў гэтых двух даволі неразборлівых дакументаў:

Першы дакумент

Надпіс на лагатыпе: Грэчаская праваслаўная архіепархія Амерыкі (заўв. рэд. - знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага Патрыярхату і ўзначальваецца архіепіскапам Дзімітрыем)

8 East 39 Street, New York, NY 10021

Phone: (212) 570-3500

Fax: (212) 570-3569

19 жніўня 2005 г.

Епіскапу Пятру (Гушчу)

Дарагі брат у Хрысце!

Паводле інфармацыі, якую мы атрымалі, вы стаіце на чале Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Беларусі. І з’яўляецеся выключным з самаабвешчаных епіскапаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, які атрымаў сапраўдную хіратонію. У той самы час Праваслаўная Царква з такой жа назвай дзейнічае на тэрыторыі ЗША, Канады і Аўстраліі. У гэтых краінах мы працуем таксама.

У мэтых выключэння недарэчнасцяў (нязгодаў) у службе, мы запрашаем вас наведаць ЗША і ўзяць удзел у Амерыканскім праваслаўным сінодзе нашай Царквы.

Сваё рашэнне пацвердзіце па пададзеным адрасе.

Ваш брат у Хрысце

Яго Высокапраасвяшчэнства Архіепіскап Дзімітрый

Прадстаяцель Грэчаскай Праваслаўнай Архіепархіі Амерыкі

Другі дакумент

Адзіная Святая Саборная і Апостальская Царква (заўв. – прама з сімвалу веры J).

(адрас неразборліва, бачна нешта пра архіепіскапа Канстанціна і Грэчаскі Праваслаўны Патрыярхат Александрыі ў Амерыцы), разборлівай даты няма.

Падцверджанне Еўхарыстычных стасункаў

Яго Блажэнству Высокапрападобнаму (заўв. тытулы могуць быць перакладзеныя не зусім дакладна) Епіскапу Пятру (Гушчу)

Праваслаўная Каталіцкая Царква (заўв. – яшчэ адно найменне Гушчавага праекту)

Мінск, Беларусь (White Russia)

Узлюблены ў Хрысце брат епіскап Гушча!

Я з радасцю паведамляю вам аб дзеях Святога Сінода гэтай аўтакефальнай царквы (заўв. – якой???) на сваёй сустрэчы, якая адбылася 1-га верасня 1997 года, у пачатку новага царкоўнага году Гасподняга. “У імя Айца і Сына і Святога Духа, Тройцы адзінасутнай і нераздзельнай,

Мы, архіепіскап Канстанцін, прадстаяцель Адзінай Святой Саборнай і Апостальскай Царквы, былога Экзархату Грэчаскага Праваслаўнага Патрыярхату Алекснадрыі ў Амерыках, зарэгістраванай і штаце Фларыда, ЗША, .... № 48269 (заўв. – неразборліва), з федэральным ідэнтыфікацыйным нумарам юрыдычнай асобы (EIN) 65-0301739б гэтым дакументам:

АБВЯШЧАЕМ І ПАДЦВЯРДЖАЕМ

ШТО гэтая кананічная праваслаўная юрысдыкцыя, якую мы ўзначальваем, была раней вядомая як Экзархат Грэчаскага Праваслаўнага Патрыярхату Александрыі ў Амерыках.

ШТО святы сінод епіскапаў гэтай кананічнай аўтакефальнай праваслаўнай царквы вызнае і прымае Праваслаўную Каталіцкую Царкву як ЦАРКВУ-СЯСТРУ, з якой наша аўтакефальная царква мае еўхарыстычныя стасункі.

ШТО зважаючы на цяжкія ўмовы ў Беларусі, мы, як браты ў Хрысце, будзем старацца зрабіць усё магчымае, каб ім памагчы

ШТО СВЯТЫ СІНОД жадае падкрэсліць, што мы не толькі знаходзімся ў Еўхарыстычных стасунках з гэтай супольнасцю праваслаўных хрысціян, але і з іх Home Mission (заўв. – пэўна, з арганізацыяй на тэрыторыі Беларусі), і мы прымаем я узлюбленых братоў у Хрысце ўсіх веруючых і ўсіх клірыкаў, з іх епіскапам Пятром, які між сваёй паствы з’яўляецца Жывым Вобразам Хрыста і Спаўненнем Святой Хрыстовай Царквы.

З маім епіскапскім блаславннем, горад Хоўмстэд, акруга Дэйд (заўв. – неразборліва), штат Фларыда, Злучаныя Штаты Паўночнай Амерыкі, Першы (1шы) дзень верасня, года Гасподняга тысяча дзевятсот дзевяноста сёмага (1997), першы дзень царкоўнага Года, у нашым Госпадзе”

Архіепіскап Канстанцін, прадстаяцель

Адзінай Святой Саборнай і Апостальскай Праваслаўнай Царквы

За каментарыем гэтых двух “дакументаў” мы звярнуліся непасрэдна ў Грэчаскую Праваслаўную Архіепархію Амерыкі, ад імя епіскапа якой быў быццам бы складзены першы дакумент. Архіепархія вызнала гэты дакумент фальшыўкай, прычым фальшыўкай грубай работы, вось на якія акалічнасці была звернутая ўвага: па-першае, бланк, на якім надрукаваны першы дакумент не з’яўляецца бланкам архіепархіі – гэта копія лагатыпу з веб-сайту Грэчаскай Праваслаўнай Архіепархіі ў Амерыцы; па-дургое, на бланку няма адрасу, куды ліст дасланы, а таксама нумару пратаколу (выходзячых дадзеных), якія павінны быць на ўсіх афіцыйных дакументах; па-трэцяе, у тэксце згадваецца “American orthodox synod”, але правільнай назва “Holy Eparchial Synod of the America”; па-чацвертае, аналіз тэксту дазваляе сцвярджаць, што пісаў яго не амерыканец, бо ў тэксте сустракаецца шмат памылак, звязаных з напісаннем і выкарыстаннем вялікіх літараў, магчыма тэкст пісаў еўрапеец (архіепіскап Дзімітрый – амерыканец); па-пятае, неадпаведнай з’яўляецца згадка пра Аўстралію і Канаду – Грэчаская Архіепархія ў Амерыцы не распаўсюджвае на іх сваёй юрысдыкцыі; па-шостае, пячатка знаходзіцца не з таго краю старонкі, дзе мусіць быць, побач з подпісам, і пад ёй няма надрукаванага подпісу, а гэта абавязковае патрабаванне для дакументаў; па-сёмае, пячатка поўнакаляровая, у той час, як архіепархія выкарыстоўвае для карэспандэнцыі чорна-белую; і, нарэшце, сама папера, на якой размешчаны дакумент, неадпаведнага колеру.

Архіепархія пракаментавала таксама другі дакумент наступным чынам. На тэрыторыі ЗША і Канады няма ніводнага іерарха ці прыхода Александрыйскага Патрыярхату. Больш за тое, Александрыйскі Патрыярхат пагражае юрыдычнай адказнасцю за махлярства тым, хто вызнае сябе іерархам гэтай царквы ў Заходнім паўшар’і. Кожны, хто называе сябе епіскапам гэтай царквы – махляр. Грэчаская архідыяцэзія таксама распаўсюдзіла папярэджанне аб тым, што такія сама абвешчаныя епіскапы не з’яўляюцца праваслаўнымі.

Што магу сказаць я на гэты конт? Амерыка – дзіўная краіна! Там можна зарэгістраваць Адзіную Святую Саборную і Апостальскую Царкву ў штаце Фларыда з ідэнтыфікацыным нумарам 48269, склікаць сіноды, прызнаваць такіх жа авантурыстаў “жывым вобразам Хрыстовым”, можна зарэгіставаць Сусветны Амерыканскі Патрыярхат, дэклараваць сваю кананічнасць на падставе нейкіх сумніўных сувязяў. На тое ў іх і свабода! Аднак усё больш з’яўляецца вось такіх фальшывых цэркваў, пра існаванне якіх нагадваюць толькі падробныя дакументы, падробныя псеўда-бацюшкі, якія шлюць анафемы сусветным кананічным патрыярхам, бегаюць па мітынгах з партрэтамі чужых патрыярхаў, пішуць заклікі дый стаяць на галаве – для Амерыкі гэта справа нармальная. Аднак такія фальшывыя цэрквы лезуць і ў Беларусь, маняць пра сусветнае прызнанне, пра вялікую колькасць прыходаў, маняць, апранаючы на сябе святарскую вопратку, маняць, чытаючы малітвы, усё далей і далей патанаючы ў сваёй мане. І што дзіўна – многія на гэтую ману купляюцца – і вось ужо кандыдат у прэзідэнты з’яўляецца ў атачэнні фальшывых святароў, і вось ужо псеўдабацюшкі годна крочаць наперадзе калонаў дэмакратычнай апазіцыі, і вось ужо прапаведаюць перад шматтысячнай аўдыторыяй, перад аб’ектывамі фота- і відэа- камераў, несучы ахінею, падобную да той, якую можна прачытаць у пададзеных вышэй дакументах.

Наталька Базылевіч

Рубрыка: