Змрочнае Раство

Каталіцкая Царква – па-за палітыкай. Пра гэта выразна сьведчаць словы Збаўцы: «Валадарства Маё ня з гэтага сьвету» (Ян 18:36). І ўсё ж чальцы Царквы ня маюць права ўхіляцца ад грамадзкага і грамадзянскага жыцьця, выразным пацьвярджэньнем чаго зьяўляюцца словы Хрыста: «Кесарава – кесару» (Мц 22:21), а таксама і тое, што апостал Павел ведаў свае правы рымскага грамадзяніна і імі актыўна карыстаўся. У сувязі з падзеямі выбараў у Беларусі, падзяляючы пазіцыю сваіх братоў у сьвятарстве, лічу, што мы ня можам маўчаць, бо гэтае маўчаньне ня згоднае з сумленьнем і Божым законам, гэтае маўчаньне зьяўляецца сьмяротным грахом у дачыненьні да нашай Айчыны.

1. Важным зьяўляецца нагадаць тым каталікам, якія бралі актыўны ўдзел у выбарчых камісіях пра адказнасьць няе толькі перад беларускай нацыяй, але і перад Богам, калі яны сталіся ўдзельнікамі сьвядомых і дабравольных фальсіфікацыяў. Хлусьня (паколькі яна зьяўляецца парушэньнем дабрадзейнасці праўдзівасьці) - гэта сапраўдны гвалт над іншымі людзьмі. Яна датычыць здольнасьці пазнаваць, што зьяўляецца неабходнай умоваю, каб выносіць меркаваньні і прымаць рашэньні. Хлусьня ўтрымоўвае ў зародку духоўны падзел і ўсё вынікаючае з яго зло. Хлусьня згубная для любога грамадзтва, яна падрывае давер паміж людзьмі і разьдзірае палатно сацыяльных адносінаў. (пар. Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 2486). Гэтыя высновы вынікаюць з палярнасьці заключэньняў назіральнікаў і эксьпертаў, якія адпавядаюць пазіцыі вернікаў, многія з якіх лічаць, што яны былі падманутыя ў сваім волевыяўленьні і перажываюць маральную несправядлівасьць і прыгнечанасьць.

2. Атмасферы даверу і чыстага сумленьня не спрыяе і разьбежнасьць (супярэчнасьць) у дзяржаўных і незалежных сродках масавай інфармацыі, дзе ў першых выразна выяўляецца фальсіфікацыя праўды. Хлусьня заслугоўвае асуджэньня паводле самой сваёй прыроды. Гэта прафанацыя слова, закліканага перадаваць іншым веданьне праўды. Наўмысныя ўводзіны блізкага ў зман неадпаведнымі праўдзе сьцьверджаньнямі ўяўляюць сабою грэх супраць справядлівасьці і любові. Віна ўзрастае, калі жаданьне ашукаць можа мець згубныя наступствы для тых, каго адхілілі ад праўды (пар. ККЦ, 2485).

3. Парушэньне агульнапрынятых правоў чалавека, перасьлед за спробу выказваньня сваіх думак і пазіцыяў, гвалт і псіхалагічны ціск супярэчыць Праўдзе. Палітычныя правы, злучаныя з грамадзянствам, могуць і павінны давацца ў згодзе з патрабаваньнямі агульнага дабра. Яны ня могуць быць часова скасаваныя палітычнымі ўладамі без законнага і досыць важнага чыньніку. Карыстаньне палітычнымі правамі мае мэтай спрыяць агульнай выгодзе нацыі і чалавечай супольнасьці (пар. ККЦ, 2237). Там, дзе палітычная ўлада, перавышаючы свае правы, прыгнятае грамадзянаў, гэтыя апошнія не павінны адмаўляць ёй у тым, што аб'ектыўна патрабуецца для агульнага добра, але няхай ім дазволена будзе абараняць свае правы, як і правы іх суграмадзянаў, супраць злоўжываньняў уладаў у межах, вызначаных натуральным і Евангельскім Законам. (пар. GS 74, §5)

Гвалт, які адбыўся падчас Плошчы над мітынгоўцамі і працягвае адбывацца праз штодзённыя арышты і зьдзек над нашымі грамадзянамі, пралітая кроў нявінных людзей, якія мірна выйшлі выказаць сваю пазіцыю, ня можа быць незаўважаным Каталіцкай Царквою. Мы ня можам радасна сьвяткаваць Раство Хрыстовае, ведаючы, што галоўная плошча нашай краіны залітая крывёю нявінных людзей. Гэтыя сьвяты стануць змрочнымі ня толькі для тых соцен людзей, якія зараз за кратамі, але і для ўсяго грамадзтва, калі мы ня зможам кіравацца павагай да чалавека, жаданьнем аб’ектыўнай справядлівасьці і хрысьціянскімі прынцыпамі любові.

Блог парафія Божага Провіду, а. Сяргей Сурыновіч

Рубрыка: