Хрысціянскія ініцыятывы ў інтэрнэце

З развіццём інтэрнэту дзейнасць хрысціянскіх супольнасцей набывае новыя магчымасці, атрымлівае новыя задачы, стварае новыя праблемы, а часта інтэрнэт пляцоўкі становяцца не проста сродкам камунікацыі і місіянерскай дзейнасці, але асяродкам, супольнасцю для новых ініцыятываў, праектаў, арганізацыяў. Калі першапачаткова інтэрнэт, пераважна, быў працягам дзейнасці асобных людзей, цэркваў, арганізацый, то з цягам часу многія ініцыятывы пачалі “вырастаць” з інтэрнэту. У дадзеным артыкуле мы паспрабуем разгледзіць, у першую чаргу, інтэрнэт-праекты, якія не з’яўляюцца проста “афіцыйнымі старонкамі” тых ці іншых рэлігійных арганізацый і аб’яднанняў, старонкамі-візітоўкамі, альбо старонкамі, якія ўтрымліваюць афіцыйныя дакументы арганізацыі і прэс-рэлізы аб іх навінах.

У пач. 2000-х гг. хрысціяне, якія атрымлівалі доступ да інтэрнэту, пераважна, дзякуючы працы ў IT-індустрыі, шукалі камунікацыі ў інтэрнэце ў тым ліку і паводле рэлігійных інтарэсаў. Часта менавіта з такіх хрысціянаў-адзіночак і нараджаліся буйныя праекты, напрыклад, форум дыяк. Кураева (kuraev.ru). Ініцыятыўная моладзь часта прапаноўвала сваім святарам, пастарам, кіраўніцтву рэлігійных арганізацый, стварыць сайт у інтэрнэце, а апошнія, часта не вельмі станоўча ўспрымалі такія ідэі. Многія святары і проста людзі, якія хацелі б нешта пісаць на рэлігійную тэматыку, але не мелі шансаў быць надрукаванымі ў афіцыйных царкоўных выданнях, знайшлі магчымасці для сваёй творчай рэалізацыі ў інтэрнэце. Аднак, перш за ўсё, людзі шукалі магчымасці камунікацыі, пошуку аднадумцаў, праводзілі ночы ў чатах, на форумах, спрабуючы адстаяць сваю думку ў палеміцы з хрысціянамі іншых канфесіяў, сваімі адзінаверцамі, а таксама прадстаўнікамі іншых рэлігій і атэістамі.

ФОРУМЫ

Як вядома, цягам доўгага часу асноўнай пляцоўкай для беларускіх інтэрнэт-юзераў быў сайт TUT.BY. На форумах гэтага сайту, у радзеле “рэлігія” і адбываліся спрэчкі і войны. За дзень на форумах гэтага раздзелу пакідалі дзесяткі і сотні каментараў, прычым, часта, рабіла гэта абмежаванае кола юзераў. Я прызнаваліся некаторыя з іх, напрыклад, святар Аляксей Хацееў з Мінска (servus), а таксама Віталь З., ягоны сябра і кампаньён, яны разглядалі адстойванне на форумах TUT.BY праваслаўнай веры як непасрэднае і важнае служэнне.

Апроч форумаў TUT.BY вялікая колькасць праваслаўных (і не толькі) юзераў пры адсутнасці спецыялізаваных беларускіх форумаў пісала на аналагічныя расейскія і украінскія форумы - форум дыяк. Кураева (kuraev.ru), міжканфесійны форум evangelie.ru і інш.

Тым не менш, пачынаюць з’яўляцца і развівацца і беларускія форумы, прычым часта яны сутыкаюцца з цяжкасцямі рознага характару. Адзін з першых праваслаўных беларускіх форумаў узнік у 2003 г. на сайце Свята-Петра-Паўлаўскага сабору sppsobor.by, аднак праз зусім кароткі час ён быў закрыты ў сувязі з тым, што кіраўніцтву сабора не спадабалася, якія тэмы ўздымаюцца і якія асобы прымаюць удзел у абмеркаванні гэтых тэмаў. Падобны ж лёс - з-за нязручных пытанняў - спасціг і форум на сайце Інстытута тэалогіі БДУ.

Доўгі час развіваўся таксама сюжэт і з форумам праваслаўнай моладзі, звязаным з Аб’яднаннем моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Некаторы час ён існаваў на партале orthodom.net, створаны групай актывістаў дадзенай арганізацыі пры ейнага афіцыйнага сайту. Праз некаторы час на адрас адміністрацыі форуму паступілі прэтэнзіі датычна статусу форуму і дыскусія ў межах АмБПЦ на ім перапынілася, а пазней ён перастаў існаваць і быць актыўным у 2005 г.

Падобная ж сітуацыя закранула і форум Згуртавання маладых каталікоў - zmk-by.org. Дадзены форум, створаны групай ініцыятыўных маладых каталікоў прыцягнуў да ўдзелу вялікую колькасць каталіцкай моладзі і святароў і стаў пляцоўкай для абмеркавання разнастайных пытанняў, звязаных з жыццём каталіцкай царквы. Фармальна форум быў звязаны з аднайменнай арганізацыяй, аднак меў і сваё жыццё. Пасля Пастановы Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі, якая заклікала “ўсіх удзельнікаў неафіцыйных арганізацый і груп, якія называюць альбо лічаць сябе каталіцкімі, спыніць несанкцыянаваную дзейнасць, бо яна падрывае дысцыпліну ў мясцовым Касцёле на Беларусі і наносіць шкоду яго адзінству”, форум спыніў сваё існаванне.

Спробай стварэння міжканфесійнага інтэрнэт-форуму быў і форум “Царква” на аднайменным сайце http://churchby.info, і доўгі час ён быў досыць наведваемым, аднак і ягоная дзейнасць паступова затухла ў 2007 г., што было звязана з тым, што адному з адміністратараў форуму, св. Аляксандру Шрамко, была забароненая дзейнасць у інтэрнэце.

Найбольш жывучымі праваслаўнымі форумамі ў беларускім інтэрнэце сталі “Беседка” (besedka.info), форумы на сайтах храма прыходу ў гонар іконы Божай Маці “Ўсіх тужлівых Радасць” (sobor.by), Мінскіх Духоўных школ (minds.by) і форум на сайце dubus.by. Форум “Беседка”, які першапачаткова ўзнік у якасці пляцоўкі для камунікацыі Свята-Мікалаеўскага моладзевага брацтва і часткова згаданага ўжо АмБПЦ, пераўтварыўся ў асобны праект і вакол яго склалася асобная супольнасць, якая рэгулярна праводзіць мерапрыемствы у т.л. і агульнацаркоўнага маштабу. У сувязі з гэтым, аднак, у 2008-2009 гг., пасля правядзення “альтэрнатыўнага”, не ў межах Аб’яднання моладзі БПЦ, а значыць, нелігітымнага, з пункту гледжання царкоўнай іерархіі, з’езду, для далейшага існавання форуму ягонай адміністрацыі былі пастаўленыя ўмовы не выступаць у якасці арганізацыі і не праводзіць ад імя форуму мерапрыемстваў, што выразілася ў статуце форуму, які з’яўляецца паказальным: “Перш за ўсё, адміністрацыя форуму тлумачыць, што форум “Беседка” - гэта інтэрнэт-пляцоўка для абмена меркаваннямі, для дыскурсіі, для камунікацыі. Форум паводле самой сваёй сутнасці не можа быць якой-кольвек арганізацыяй, аб’яднаннем, групай і не можа выконваць адпаведных функцыяў... З гэтай прычыны ўсе спасылкі на форум як на суб’ект такіх адносінаў, як на арганізацыю, як на грамадскае аб’яднанне і да т.п. неправамерныя і нелегітымныя (напрыклад, неправамерна гаварыць, што форум арганізуе нейкае мерапрыемства, акцыю. Адпаведна, любыя мерапрыемствы, арганізаваныя групай фарумчанаў, не могуць лічыцца мерапрыемствамі форуму, а з’яўляюцца толькі прыватнай ініцыятывай карыстальнікаў форуму...” Тым не менш, нельга не адзначыць, што, па сутнасці, вакол форуму склалася пэўнае кола асобаў, з ініцыятывы якіх адбываюцца сустрэчы і мерапрыемствы, у т.л. так званыя “развіртуалізацыі”.

Развіртуалізацыі адбываюцца і з межах іншых форумаў з названых вышэй, аднак менавіта форум “Беседка” рэпрэзентуе найбольш жывую супольнасць вакол форуму.

З іншых хрысціянскіх форумаў варта адзначыць таксама і маладзёвы беларускі хрысціянскі форум на сайце “Иди на свет” (idinasvet.com).

БЛОГІ

Непапулярнасць беларускіх форумаў, па вялікім рахунку, была звязаная з тым, што іх станаўленне прыходзіцца акурат на час развіцця благасферы. Блогі - адзінаасобныя ці аб’яднаныя ў сістэму блогаў - даюць карыстальнікам інтэрнэту магчымасць больш эфектыўна дасягаць тых самых мэтаў, што ставіліся форумамі. Пачынаючы, галоўным чынам, з 2002-2003 гг., вялікая колькасць святароў, багасловаў, навукоўцаў, прапаведнікаў, хрысціянскіх моладзевых лідэраў, заводзіць блогі, часта пакідаючы форумы. Безумоўныя перавагі блогаў - адсутнасць мадэравання з боку трэціх асобаў; магчымасць кожнаму карыстальніку самому вызначаць фармат блогу, і пры гэтым быць знітаваным з вялікай колькасцю іншых карыстальнікаў і інш.

Развіццё блогасферы прыводзіць да таго, што паводле ацэнкі прот. У.Вігілянскага, кіраўніка прэс-службы Маскоўскай Патрыярхіі, на 2008 г. толькі ў адным Жывым Журнале (livejournal.com) налічвалася больш за 250 блогаў святароў. Такім чынам, значнасць блогаў для царквы становіцца неймавернай. Блогі дазваляюць розным царкоўным дзеячам знаходзіць аднадумцаў і распачынаць супольныя віртуальныя і цалкам рэальныя праекты. У Расеі, напрыклад, на падставе інтэрнэт-супольнасцей узніклі розныя царкоўныя сродкі масавай інфармацыі, шэрагу моладзевых супольнасцей і арганізацый.

Што тычыцца Беларусі, то тут гэты працэс не набывает падобных маштабаў для праваслаўных карыстальнікаў. У беларускай блогасферы не існуе ніводнай беларускай праваслаўнай супольнасці, якая б з’яднала людзей і была сродкам камунікацыі. Тут толькі пэўныя блогеры маюць вялікую колькасць чытачоў і могуць так ці інакш паўплываць на грамадскае меркаванне. Сярод такіх “праваслаўных” блогераў варта адзначыць дзённікі святароў Аляксандра Шрамко (priestal.livejournal.com) і Сяргея Лепіна (serge_le.livejournal.com). Першы згаданы блогер, аднак, перацярпеў з-за вядзення блога санкцыі царкоўных уладаў, і вымушаны быў яго закрыць. Дзякуючы вялікай колькасці “фрэндаў”, ці людзей, падпісаных на блог, вакол такіх карыстальнікаў складаецца пэўная супольнасць, якая далей можа ажыццяўляць нейкі разавыя ці рэгулярныя акцыі і праекты.

Што тычыцца каталіцкай інтэрнэт-супольнасці, то сярод беларускіх блогавых праектаў трэба адзначыць суполку “catholic_by”, якая, аднак таксама мела праблемы з легітымнасцю ў якасці каталіцкай ЖЖ-суполкі. Некаторыя карыстальнікі выказвалі прэтэнзіі да адміністрацыі (мадэратараў) гэтай community наконт статусу ў дачыненні да афіцыйнай Рыма-Каталіцкай Царквы, прыгадваючы рашэнне ККББ датычна ЗМК і ягонага сайту. У выніку, кіраўніцтва суполкі вымушанае было пэўным чынам акрэсліць яе статус. У беларускай благасферы таксама вядомы выпадак, калі святар-каталік вымушаны быў закрыць свой ЖЖ з-за ціску іерархаў. Сярод каталіцкіх святароў Беларусі можна адзначыць наступныя папулярныя блогі - абодва належаць грэка-каталіцкім святарам - дзённікі святароў Ігара Лабацэвіча (palaszuk.livejournal.com) і Аляксандра Аўдзеюка (symon_salaveyka.livejournal.com).

У межах афіцыйных рэлігійных сайтаў таксама ёсць блогі хрысціянскіх дзеячаў - напрыклад, сайт Рыма-Каталіцкай Царквы ў Беларусі (catholic.by) прапануе шэраг блогаў, напрыклад, А.Расінскага і дыяк. Пятра Рудкоўскага OP. Сайт Мінскіх Духоўных Школаў дае спасылкі на жж-старонкі праваслаўных святароў - супрацоўнікаў Акадэміі і Семінарыі.

Блогі адмысловага зместу вядуцца і на інтэрнэт-старонках сродкаў масавай інфармацыі - так, “Наша ніва” (nn.by) давала пляцоўку для блога свят. Аляксандра Шрамко “Дзённік святара”, а Радыё Свабода (svaboda.org) - для блога свят. Кастуся Бандарука.

Пры адсутнасці якаснай рэлігійнай жырналістыкі ў Беларусі менавіта блогі часта выконваюць функцыю аператыўнай інфармацыі, аналітыкі, дыскусійных пляцовак; у межах Жывога журналу - найбольш папулярнай сеткі блогаў у Беларусі - праз суполкі ці, часцей, узаемазафрэнд, паміж індыідуальнымі блогерамі ствараюцца групы і супольнасці, рэалізуюцца розныя праекты, праводзіцца рэкрутацыя ўдзельнікаў у арганізацыі ці ініцыятывы, адбываюцца знаёмствы, знаходзяцца аднадумцы, іншымі словамі, фарміруецца нейкае падабенства цывільнай супольнасці.

САЦЫЯЛЬНЫЯ СЕТКІ

Больш позняе вынаходніцтва ў інтэрнэт-прасторы, калі яна становіцца больш даступнай і масавай, - сацыяльныя сеткі - адзначаюць новы этап у развіцца хрысціянскіх вэб-ініцыятываў. Калі форумы і блогі вымагаюць ад удзельніка творчых здольнасцей, прадукавання тэкстаў, удзелу ў дыскусіях; то ў сацыяльных сетках для карыстальніка галоўным рэсурсам з’яўляецца прысутнасць. Таму ў публічных суполках у сацыяльных сетках vkontakte.com, facebook.com таксама існуюць розныя групы, што аб’ядноўваюць членаў ці прыхільнікаў тых ці іншых арганізацый; альбо групы паводле веравызнання і інш. Такія групы звязваюць людзей, але практычна ў межах сацыяльных сетак не адбываецца дыскусій. Механізмы сацыяльных сетак дазваляюць шырока і масава рабіць “запрашэнні” на мерапрыемствы, рассылку, збіраць “галасы падтрымкі” і г.д. і ў меншай ступені скіраваныя на дыскусіі і прадукаванне унікальнага кантэнту. “Паспрачаемся, што ў фэйсбуку знойдзецца 5 млн. праваслаўных хрысціян?”; “Православные города Минска” і падобныя суполкі наўрад можна назваць ініцыятывамі, хаця яны і могуць быць досыць масавымі, аднак механізмы сацыяльных сетак практычна не прадугледжваюць дыскусіі, напрыклад, у тэмах нельга падпісацца на абнаўленні, на новыя паведамленні, такім чынам, нават удзельнічаючы ў дыскусіях, карыстальнік павінен сачыць за тэмамі самастойна, што магчыма толькі пры вельмі абмежаванай колькасці суполак і тэмаў. Пры гэтым, як правіла, інфармуецца пра змену статуса таго ці іншага карыстальніка, пра з’яўленне ў ягоным фотальбоме новых фотаздымкаў і г.д. Тым не менш, сацыяльныя сеткі досыць эфектыўна могуць выкарыстоўваць мабілізацыйную функцыю.

СЛУЖБЫ ЗНАЁМСТВАЎ

Асаблівую функцыю ў хрысціянскім інтэрнэце выконваюць службы знаёмстваў. Задачай такіх службаў ёсць пошук сяброў і, пераважна, падыходзячых паводле канфесійнай адзнакі будучых сужэнцаў. Вельмі часта такія службы патрэбныя для неафітаў, людзей, якія навярнуліся ў хрысціянства, і такім чынам, выпалі са свайго звычайнага сацыяльнага асяроддзя, а ў царкве не маюць магчымасці пазнаёміцца з асобай супрацьлеглага полу з шэрагу прычынаў. Трэба адзначыць, што беларускія карыстальнікі усіх палоў і канфесій аддаюць перавагу расейскім і ўукраінскім сайтам хрысціянскіх знаёмстваў, у беларускай благасферы альбо сайтаў, арыентаваных, у першыю чаргу, на беларускіх карыстальнікаў, падобных службаў знаёмстваў няма ці яны не карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Для рамантычных і сяброўскіх стасункаў беларускім карыстальнікам, звычайна, ці хапае канфесійных форумаў і блогаў, ці яны карыстаюцца рускамоўнымі службамі знаёмстваў суседніх краінаў.

ІНТЭРНЭТ-КРАМЫ

Рынак беларускіх інтэрнэт-крамаў, якія спецыялізуюцца на продажы рэлігійных тавараў, вельмі абмежаваны. Час ад часу з’яўляюцца падобныя праекты, але, на момант напісання агляду ніводная падобная крама не працавала. Калі, напрыклад, узяць расейскі ці ўкраінскі рынак, то інтэрнэт з’яўляецца адным са спосабаў распаўсюджання тэматычных, у т.л. хрысціянскіх кніг. Існуюць адмысловыя праекты, якія на гэтым спецыялізуюцца, напрыклад,  predanie.ru. Сярод беларускіх інтэрнэт-крамаў знайшлася толькі адна - прыватнага прадпрымальніка, які займаецца вырабам іконаў і ківотаў; але бясплатна рэкламаваць камерцыйны сайт не будзем.

СМІ

Сярод рэлігійных сродкаў масавай інфармацыі, ці рэлігійных інтэрнэт-праектаў, якія імкнуцца выступаць у агульным полі са свецкімі смі, у Беларусі практычна і не выпадае такіх назваць. Тыя ж блогі з’яўляюцца больш аператыўнымі, напоўненымі, аналітычнымі, у параўнанні з царкоўнымі СМІ. Буйныя рэлігійныя парталы invictory.org, maranatha.org.ua, risu.org.ua, orthodoxy.org.ua, baznica.info, pravmir.org, bogoslov.ru, sedmitza.ru, portal-credo.ru - прафесійныя сродкі масавай інфармацыі, у стварэнні і напаўненні якіх удзельнічае цэлы штат журналістаў і бюджэт якіх даволі значны. Большасць беларускіх рэсурсаў часцей за ўсё проста ўключае ў сваю структуру тую ці іншую навінавую стужку вышэй названых смі альбо проста робіць маніторынг навінаў метадам copy-paste.

Тым не менш, існуе і некалькі беларускіх інтэрнэт-праектаў, якія ствараюць ці імкнуцца ствараць унікальны кантэнт. Перш за ўсё, гэта партал “Царква” (churchby.info) - міжканфесійны праект, які ўтрымлівае навіны, а таксама аналітычныя артыкулы, перакладныя матэрыялы. Аднак гэты сайт, хоць і ўтрымлівае экслюзіўныя матэрыялы, абнаўляецца не зусім аператыўна і рэгулярна. Безумоўнай станоўчай рысай парталу з’яўляецца наяўнасць беларускай і рускай моўных версіяў, а таксама шырокае кола тэмаў, якія закранаюцца. Сайт не звязаны ні з якай рэлігійнай арганізацыяй, таму не абмежавваны неабходнасцю адстойвання той ці іншай афіцыйнай пазіцыі.

Па-другое, гэта сайт sobor.by, які пазіцыянуецца ў якасці прыходскага сайту, але пры гэтым з’яўляецца і сродкам масавай інфармацыі, што тычыцца навінаў, то навіны праваслаўнага жыцця Беларусі на гэтым рэсурсе прадстаўленыя найбольш дэталёва, аднак яны абмяжоўваюцца, галоўным чынам, толькі праваслаўнымі навінамі, а таксама практычна не ўтрымліваюць каментароў і аналітыкі, гэта, хутчэй, дайджэст навінаў. Кола тэмаў і ўздымаемых праблемаў на гэтым рэсурсе таксама абмежаванае, а таксама адчуваецца адсутнасць прафесійнай журналісцкай працы.

Трэцім сайтам, які неабходна згадаць, ёсць сайт “Беларускія хрысціянскія навіны” (belarusnews.ru). Дадзены рэсурс таксама, як і партал “Царква”, імкнецца ахопліваць шырокае кола тэмаў, змяшчаць аналітычныя матэрыялы, інтэрвію, разглядаць разнастайныя праблемы і даваць каментары на актуальныя падзеі хрысціянскага жыцця Беларусі, сайт таксама не звязаны ні з якой афіцыйнай пазіцыяй і таму імкнецца да аб’ектыўнасці ў асвятленні тых ці іншых тэмаў, што з’яўляецца станоўчай рысай парталу. Аднак, як і вышэйзгаданыя рэсурсы, “Беларускія хрысціянскія навіны” пакутуюць ад адсутнасці прафесійнай жарналісцкай каманды, таму абнаўленне сайту спарадычнае, нестратэгічнае, неканцэптуальнае.

Асобна трэба адзначыць праваслаўнае радыё “Сафія” (radio-sofia.by), якое, аднак толькі стаіць на самым пачатку свайго развіцця і цяжка прадказаць, якім гэтае развіццё будзе.

СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ПРАЕКТЫ

Сярод спецыяльных хрысціянскіх інтэрнэт-праектаў на дадзены момант дзейнічаюць і абнаўляюцца толькі некалькі.

Сайт “Часасловец” (chasaslovec.info), прысвечаны перакладам богаслужбовай літаратуры, Бібліі на беларускую мову, а таксама перакладам а. Аляксандра Надсана, які ствараецца святарамі БГАКЦ а.Аляксандрам Аўдзеюком і а. Сяргеем Стасевічам.

Хрысціянскі моладзевы партал “ИдиНаСвет” (idinasvet.com), дзе прыводзяцца навіны з хрысціянскага жыцця ў Беларусі, дзейнічае фооум, знаходзяцца метадычныя матэрыялы для нядзельнай школкі, хрысціянская музыка, хрысціянскі софт (якія, у вялікай ступені капіруюць ужо інфармацыю з аналагічных расейскіх ці беларускіх сайтаў), а таксама артыкулы, прысвечаныя жыццё сучаснага маладога чалавека ў Беларусі і свеце.

Праект “Праваслаўная архітэктура Беларусі” (hram.by) - супольнасць праваслаўных людзей, якія займаюцца фатаграфаваннем і абмерамі храмаў па ўсёй Беларусі, а потым дадаюць іх у Інтэрнэт-каталог з каментарыямі.

Праект “Малітва за Беларусь” http://www.zabelarus.info/ - сайт аднайменнай кампаніі, на якім удзельнікі могуць запісацца ў рассылку і маліцца разам за Беларусь і розныя аспекты жыцця ў краіне; а таксама пакінуць сваё імя ў адмысловым спісе - як удзельніка кампаніі.

Сайт “Джэймс Алісан. Тэалёгія” http://www.jamesalison.co.uk/bel/index.html змяшчае пераклады на беларускую мову тэкстаў каталіцкага багаслова Джэймса Алісана, які разважае на феноменам гомасэксуалізму, сумяшчальнасці гомасэксуальнай арыентацыі і хрысціянства, любові і сэксуальнасці наогул у святле хрысціянскага вучэння (ці ў святле таго, як гэтае вучэнне разумее ён сам).

Сайт represii.bchd.info - прысвечаны ганенням на хрысціян у савецкія часы - з’яўляецца часткай праекту Беларускай Хрысціянскай Дэмакраты “Пакаянне”.

Многія іншыя праекты - прысвечаныя беларускім іконам (carkva.narod.ru/geocities.com), беларускай аўтакефаліі, міжхрысціянскаму дыялогу (adzinstva.at.tut.by), лютэранскаму http://lutheranica.at.tut.by/, рэфармісцкаму, праваслаўнаму багаслоўю, беларускай хрысціянскай музыцы і праслаўленню http://dvaworship.com/, праект без яснай канцэпцыі svetach.org - прыпынілі сваё існаванне ці доўгі час (некалькі год) не абнаўляюцца.

У якасці заключэння, можна адзначыць, што хрысціянскія ініцыятывы ў беларускім інтэрнэце разасобленыя, спарадычныя, заснаваныя, часта, на працы аднога-двух чалавек, таму, калі апошні губляе цікавасць да праекту, увесь праект спыняецца і згасае. Няма таксама і прафесійных буйных хрысціянскіх сродкаў масавай інфармацыі. Відавочна, што “летаргія” ў інтэрнэце адлюстроўвае і стан цэркваў, хрысціянскіх рухаў і ініцыятываў у рэчаіснасці, і невядома, адкуль пачнецца актывізацыя - ці з рэалу, ці з віртуальнай прасторы.

Часопіс грамадскіх актывістаў "Асамблея" №1 2010 г.  - С.27-31. http://belngo.info/view.pl/casopis

Васілевіч Наталля, часопіс "Асамблея"

Рубрыка: