Новае Палажэнне аб узаемадзеянні ўстановаў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі: абмежаванне супрацоўніцтва

У Беларусі не першы год ідуць гарачыя дыскусіі датычна ўдзелу рэлігійных арганізацый у навучальным працэсе, асабліва актыўна ў гэтым накірунку працуе Беларуская Праваслаўная Царква, спрабуючы дабіцца ўвядзення, калі не на абавязковай, дык на факультатыўнай падставе заняткаў па праваслаўнай рэлігіі. Гэтае пытанне з’яўляецца адным з асноўных на сустрэчах праваслаўных іерархаў з дзяржаўнымі чыноўнікамі рознага рангу. Паводле папярэдніх пагадненняў БПЦ з Міністэрствам адукацыі, што былі заключаныя пасля прыняцця Закону “Аб свабодзе сумлення і рэлігіных арганізацыях” (2002) і пагаднення паміж БПЦ і Рэспублікай Беларусь (2003), у краіне павінна было пашырацца супрацоўніцтва ў галіне выхавання і адукацыі, чакалася, што будуць адкрывацца праваслаўныя класы і праваслаўныя гімназіі, але на справе, гэтага не адбылося, наадварот, удзел БПЦ у навучальным працэсе, асабліва не ў сталіцы, скараціўся. Цяпер сітуацыя ўскладняецца з заключэннем кожнага новага пагаднення і прыняццем новых нарматыўна-прававых актаў.

24 чэрвеня Саветам Міністраў было зацверджана «Палажэнне аб парадку, умовах, змесце і формах узаемадзеяння ўстановаў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў», якое ў прыватнасці прадугледжвае, што ўстановы адукацыі могуць у па-занавучальны час узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійным арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання, якое заключыла адпаведнае пагадненне аб узаемадзеzнні ў пытаннях выхавання навучэнцаў з Міністэрствам адукацыі ў межах пагаднення аб супрацоўніцтве рэлігійнай арганізацыі з Рэспублікай Беларусь.

Удзел навучэнцаў у мерапрыемствах, што праводзяцца ў рамках плану выхаваўчай працы супольна з рэлігійнай арганізацыяй, дапускаецца толькі на падставе пісьмовых заяваў навучэнцаў (ці іх законных прадстаўнікоў), прычым такая згода мусіць штогадова пісьмова пацвярджацца.

Што тычыцца зместу супрацоўніцтва, то ўласна рэлігійны кампанент зводзіцца да мінімуму: гэта грамадзянскае, маральнае і патрыятычнае выхаванне, азнаямленне з гісторыка-культурнай і духоўнай спадчынай, праца з недабрабытнымі сем’ямі, арганізацыя вольнага часу і аздараўлення дзяцей і падлеткаў, праца з дзецьмі-сіротамі, прафілактыка правапарушэнняў, прапаганда здаровага ладу жыцця, ахова навакольнага асяроддзя, а таксама, прафілактыка ўплыву на моладзь рэлігійных арганізацый, дзейнасць якіх скіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды, альбо звязана з парушэннем правоў і свабодаў грамадзян.

Формы супрацоўніцтва паводле новага Палажэння носяць выхаваўчы характар: гутаркі, экскурсіі, падрыхтоўка і правядзенне святаў і інш. Пры гэтым забараняецца ананімная дзейнасць рэлігійных арганізацый, прадстаўнікоў замежных рэлігійных арганізацый, місіянерская дзейнасць, здыманне аплаты з навучэнцаў ці збор добраахвотных і іншых ахвяраванняў на патрэбы рэлігійных арганізацый ці дабрачынных праграм, якія імі арганізаваныя, распаўсюд рэлігійнай літаратуры, аўдыё-, відэа- і інш. матэрыялаў рэлігійнага зместу (апроч заяўленых у спісах да праграм выхаваўчай працы), правядзенне богаслужэнняў, рэлігійных абрадаў, рытуалаў і цырымоній, размяшчэнне ва ўстановах адукацыі рэлігійных сімвалаў і культавай маёмасці.

Цяпер у думках перанясемся ў новы навучальны год — а менавіта з 1-га верасня пачынае дзейнічаць Палажэнне — і на канкрэтных

прыкладах разгледзім, што цяпер будзе забаронена ва ўстановах адукацыі, у т.л. і для праваслаўнай царквы. Больш не зможа выступіць перад студэнтамі дыякан А. Кураеў, бо з’яўляецца прадстаўніком замежнай рэлігійнай арганізацыі. Больш не змогуць рэлігійныя арганізацыі прымаць ад навучэнцаў цацкі для дзіцячага дому, бо гэта будуць «іншыя ахвяраванні на патрэбы дабрачынных праграм». Не змогуць на класнай гадзіне прадэманстраваць новы фільм Васіля Яцкіна ці Свята-Елізавецінскага манастыра, калі фільм выйдзе пасля заяўлення спісаў да праграм навучальнай працы. Не кажучы ўжо пра правядзенне малебнаў перад пачаткам навучальнага году.

Яшчэ не сціхла жарсці вакол гучнай справы Лаўці супраць Італіі (справа «ўкрыжаванняў»), якую разглядаў Еўрапейскі Суд па правах чалавека, а ў Беларусі размяшчэнне рэлігійных сімвалаў ва ўстановах адукацыі строга забаронена, і пакуль ніякага ляманту не чуваць, усе абаронцы ўкрыжаванняў у класных пакоях некуды зніклі. Калі справа далёкай Італіі атрымала рэзананс па ўсёй Еўропе, а таксама ў Беларусі і Расіі, і тады Патрыярх Кірыл і іншыя іерархі выступалі з рэзкай крытыкай рашэння Еўрапейскага суда, то цяпер, калі аналагічнае рашэнне прынятае на вышэйшым узроўні ў Беларусі, асаблівай занепакоенасці не назіраецца, наадварот, Беларуская Праваслаўная Царква заяўляе пра новыя крокі да супрацоўніцтва з беларускай дзяржавай у галіне адукацыі і не губляе аптымізму.

Бюлетэнь "За свабоднае веравызнанне" №28, 2011

Васілевіч Наталля, бюлетэнь "За свабоднае веравызнанне"

Рубрыка: