Беларуская Праваслаўная Царква праславіць міранаў Віцебскай епархіі ў ліку новых пакутнікаў

На пасяджэнні Сінода БПЦ, якое адбылося ў Мінску 12 студзеня 2012 г., было прынятае рашэнне хадайнічаць перад Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам аб правядзенні акту кананізацыі ў ліку мясцовашанаваных новых пакутнікаў трох міранаў, якія аддалі сваё жыццё за Хрыста ў 1918 г. - Фёдара Іванавіча Грыгаровіча, Барыса Андрэевіча Бялыніцкага-Бірулі і Георгія Іванавіча Палонскага (Журнал №146). Дадзеныя кандыдатуры для праслаўлення былі прадстаўленыя ў 2007 г. у Камісію па кананізацыі святых Віцебскай епархіі, пасля чаго была праведзеная праца па зборы матэрыялаў і складанні жыццяпісаў дадзеных асобаў, а 7 снежня 2011 г. Камісія па кананізацыі Беларускай Праваслаўнй Царквы прыняла рашэнне пра праслаўленне іх у ліку мясцовашанаваных новых пакутнікаў і вызнаўцаў.

Усе трое былі расстраляныя ў ноч з 11 на 12 верасня 1918 г. у Віцебску, каля Духаўскага яру, пахаваныя ў братэрскай магіле ва ўрочышчы "Мазурына" побач з Віцебскам.

Да вызнаўства за Хрыста, якое аб'яднала пакутнікаў, яны ішлі агульнай дарогай, хаця яны былі розныя і па ўзросце, і па сферы прафесійнай дзейнасці.

Фёдар Грыгаровіч нарадзіўся ў 1853 г. у сям'і праваслаўных месцічаў Віцебскай губерні, скончыў Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, у 1881 г. пачаў службу ў вайскова-медыцынскім ведамстве, многія гады працаваў у лазарэтах, пры вайсковых фармаваннях, у т.л. у Харбіне ў гады руска-японскай вайны, аднак у 1906 г. вярнуўся ў родны Віцебск, дзе таксама некалькі гадоў служыў старэйшым лекарам пры артылерыйскай брыгадзе. З 1912 г. выйшаў у адстаўку і пачаў займацца дзяржаўнай дзейнасцю, працягваючы і медыцынскую практыку. З 1912 г. ён узначальваў Віцебскую гарадскую думу, выкладаў у розных навучальных установах г. Віцебска. Насельніцтва горада вельмі шанавала доктара, які бясплатна лячыў бедных людзей. С 1914 г. ён меў чын таемнага дарадцы. З вясны 1917 г. Фёдар Грыгаровіч стаў старшынём Віцебскага камітэта Беларускага народнага саюза, кіруючае ядро якой склалі былыя члены партыі акцябрыстаў. Пасля паразаў арганізацыі на выбарах у гарадскую думу і устаноўчы сход, адыходзіць ад уласна палітычнай дзейнасці і звяртаецца да царкоўнай, да сацыяльнага служэння пра Кафедральным саборы г. Віцебска. Арыштаваны 8 ліпеня 1918 г. за дзейнасць у складзе "контр-рэвалюцыйнай арганізацыі" як старшыня Беларускага народнага саюза.

Разам з ім, у складзе таксама групы святароў, быў арыштаваны Віцебскім ЧК і ягоны паплечнік па БНС Барыс Бялыніцкі-Біруля, дэлегат Памеснага сабору РПЦ 1917-1918 гг. ад Полацкай епархіі. Барыс Андрэевіч нарадзіўся ў 1975 г. у сям'і землеўладальніка. У 1902 г. пасля заканчэння Новарасійскага ўніверсітэта паступіў на службу ў судовыя органы г. Віцебска, быў суддзём, гласным, юрысконсультам.  У 1917 г. быў абраны дэлегатам ад міранаў Полацка-Віцебскай епархіі на Памесны Сабор 1917-1918 гг. Удзельнічаў у дзейнасці Беларускага народнага саюза, але ў 1918 г. засяроджваецца на царкоўнай дзейнасці, актыўны ўдзельнік з'езду духавенства Полацка-Віцебскай епархіі 1918 г., дзе зрабіў даклад на тэму "Пра палажэнне Царквы пры новых умовах жыцця". Арыштаваны 8 ліпеня 1918 г. за дзейнасць у складзе "контр-рэвалюцыйнай" арганізацыі. Пасля ягонага арышту, як за ўдзельніка Сабору, у ягоную абарону выступіў епіскап Дзвінскі Панцялейман (Ражноўскі), упаўнаважыўшы іншага дэлегата Памеснага сабору - маладога юрыста Георгія Іванавіча Палонскага - хадайнічаць перад ЧК аб невінаватасці ягоных паплечнікаў - Фёдара Грыгаровіча і Барыса Бялыніцкага-Бірулі.

Георгій Палонскі нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў 1890 г. Пасля заканчэння Яраслаўскага ліцэю, атрымаў юрыдычную адукацыю і ступень кандыдата навук. Служыў у Віцебскай ваеннай прысутнасці, пасля пачатку Першай сусветнай вайны - у войску, дзе ў 1917 г. быў абраны старшынём салдацкага камітэту. Абраны дэлегатам ад Полацка-Віцебскай епархіі на Памесны сабор 1917-1918 гг. У красавіку вярнуўся ў Віцебск і ўзначаліў прыходскую раду царквы ў гонар Раства Хрыстова ў Віцебску, пры якой была арганізаваная дыяканічная дзейнасць па дапамозе галадаючым. Удзельнічаў у арганізаваным Бялыніцкім-Бірулем епрахіяльным з'ездзе, абраны па-заштатым членам Віцебскага епархіяльнага ўпраўлення. Быў арыштаваны, калі на чале з дэлегацыяй духавенства і міранаў рухаўся з Віцебскага Свята-Мікалаеўскага сабору на іншы бок вуліцы, каб увайсці ў будынак Віцебскага ЧК і хадайнічаць аб невінаватасці арыштаваных вядомых грамадскіх і царкоўных дзеячаў Фёдара Грыгаровіча і Барыса Бяліцніцкага-Бірулі. Яму таксама было выстаўлена абвінавачанне ва ўдзеле ў "контр-рэвалюцыйнай" арганізацыі. На той час падобным арыштам падвяргаліся многія члены "Беларускай нацыянальнай рады" і іншых палітычных арганізацыяў, але ўсе трое будучых пакутнікаў на той момант ужо адыйшлі ад палітычнай дзейнасці.

Пасля арышту Палонскага, аб вызваленні царкоўных дзеячоў хадайнічаў сам Мітрапаліт Панцялейман (Ражноўскі). Аднак ні ягоныя хадайніцтвы, ні звароты саміх грамадска-рэлігійных дзеячаў не мелі наступстваў. Яны былі расстраляныя, і як сцвярджалася ў газеце "Голас бедняка" ў паведамленні пра расстрэл "Гэта адказ чырвонага Віцебска на забойства Валадарскага, Урыцкага і замах на вялікага настаўніка - Леніна". Фактычна Бялыніцкі-Біруля і Палонскі, як дэлегаты Сабору, сталі закладнікамі ў руках ЧК. Рэабілітаваныя ж яны былі толькі ў 2005 г. на запыт святара Ўладзіміра Гарыдаўца.

Больш падрабязна з жыццяпісамі можна азнаёміцца ў базе дадзеных Праваслаўнага Свята-Ціханаўскага гуманітарнага Ўніверсітэта:

Григорович Фёдор Иванович

Бялыницкий-Бируля Борис Андреевич

Полонский Георгий Иванович 

Наталля Васілевіч

Рубрыка: