Курская анамалія

Каб не ўводзіць людзей у зман, скажу зразу, што гэта не тая анамалія, якая знаходзіцца ў нетрах Курскай зямлі, якую даследуюць прафесары.

Не, не тая.

Праўда, і гэтая анамалія таксама курская, але зусім іншага парадку. Выявілася яна так.

Рыгор Андрэевіч Угоднік - такое было яго прозвішча - ляжаў на цвёрдым ложку, закінуўшы ногі на біла. У яго пакойчыку было пуста, няветла і непрытульна. Дух стаяў спёрты і цяжкі. Было холадна і сыра. Пабелка на сценах размякла ад вільгаці і адвальвалася. На выступах сцен нагусцілася многа пылу. Над печчу, каля столі, цэлымі кудламі звісала павуццё, у якім гойдаўся шкілет мухі. Яна заблыталася там яшчэ, відаць, да вайны 1914 года, а цяпер ужо быў сакавік 1918 г.

Рыгор Андрэевіч ляжаў і думаў. Ен думаў аб тым, што на гэтым самым ложку ляжала і Настасся Мікалаеўна Гулькіна. Яна была тут настаўніцаю да яго. Бачыў яе разы са два, і тым не меней сяды-тады яна прыходзіла яму на памяць. Настасся Мікалаеўна была сваячка папа і жыла цяпер у горадзе, а працавала таксама настаўніцаю ў школе другой ступені. Цяпер ён аб ёй перастаў думаць. Не, цяпер яго думкі не такія. Ен думаў аб сваім жыцці, аб тым, што няма чаго есці. Ці не паехаць і яму па хлеб на Украіну, як ездзяць усе? Толькі вось пытанне: на што выменяць хлеба? Засталося адно толькі паліто, можа і далі б за яго пуд хлеба. Але як прывязеш гэты пуд? Адбяруць у дарозе, і не будзе ні паліто, ні хлеба. І вось яшчэ кепска, што аддзел народнай асветы не плаціць пенсіі. Яшчэ за два леташнія месяцы не выплацілі.

І яшчэ думаў Рыгор Андрэевіч і аб «працоўных працэсах» у школе. «Працоўныя працэсы!» Аб іх толькі цяпер і гутаркі. Аб іх пішуць, аб іх гавораць, але што яны такое, у якiх формах карыстацца імі, не ведае ніхто: не ведае загадчык аддзела асветы таварыш Гітман. Дый скуль яму ведаць, калі ён - кравец па прафесіі? Не ведаюць i школьныя iнструктары. Адны кажуць: «працоўныя працэсы» - наламаць з вучнямi дроў, вымыць падлогу, нанасiць сабе вады. Другiя ходзяць з вучнямi рэзаць дубцы i плятуць кошыкi. Ломяць галовы бедныя педагогі... Сказана проста, што нiякiх праграм у школе не павінна быць. Школа - гэта кузня, дзе выкоўваецца i загартоўваецца новае жьццё. Кузня-то яна кузня, але калi няма жару i вугалёў, то не выкуеш і клямкi.

Праўда, у яго школе не было нiякiх працэсаў: нi працоўных, нi гультайскіх. Не было проста з тае прычыны, што нi да каляд, нi пасля каляд нi разу не прапальвалася ў печы, i вучнi самі пакідалі хадзіць у школу. Школка гэта была царкоўнапрыходская. Яна больш была папасавана дзеля таго, каб вартаваць царкву, чым да навукі. А кнігі, якiя былi ў школе, парасцяганы i пакураны.

А урэшце, ix і шкадаваць няма чаго. Па-першае - кнігі старыя, па-другое - царкоўнаславянскія i па-трэцяе - адзін школьны інструктар чытаў на павятовым з'ездзе настаўнікаў даклад на тэму: «ці можна навучыць дзяцей грамаце без кніг, паперы і алоўка або пяра?»

3 даклада выходзіла, што можна.

Можа яно і так. Сам Рыгор Угоднiк такой спробы не рабiў. З гэтае прычыны яму было крыху i нядобра, проста непрыемная была сама думка, што ён ніякае карысцi, як настаўнік, за гэты год не прынёс. Вось людзі жывуць не лепей за яго, але яны нешта робяць.

Настаўнік паварушыўся на сваім цвёрдым ложку, зняў ногі з бiла i лёг на бок. Трэба было так цi iначай выходзіць з гэтага застою. Ён чуў, што ён апускаецца, i невядома, ці спіць, цi жыве. І усё на свеце страціла для яго цiкавасць. А тым часам трэба было нешта рабiць, трэба было кудысь пайсці. Але куды i чаго?

Тут ён успомніў, што яшчэ зранку была ў яго думка схадзіць да Miкaнopa Платоныча, заможнага селяніна-крупарушнiка. Цi не разжыўся б там карвегу хлеба. У той час, калi з'явiлася гэта думка, Рыгор Андрэевiч знаходзіў, што гэты вiзiт ён зробiць лёгка і проста і дастане карвегу хлеба. Але вось цяпер? Ну як жа гэта прыйсцi да чалавека i сказаць:

- Miкaнop Платоныч, дай хлеба.

Чаму Miкaнop Платоныч павiнен даваць яму хлеб? І як папрасіць: кавалак цi цэлы баханец? Даваць кавалак, як жабраку, Miкaнop пасаромеецца, а цэлы баханец пашкадуе.

Рыгор Андрэевіч ведае з практыкi, чаго варты такiя раздабыткi, якiя балючыя яны і непрыемныя. І ён застаўся ляжаць на сваім цвёрдым ложы.

II

 

А жыццё білася пульсам i піcала складаныя старонкі свае кнігі. Усе даступныя нашаму назiранню i разуменню формы напаўняліся ім, жылi, гаманілi на свой лад. І нават сам Рыгор Андрэевiч жыў не толькi ў сваёй цеснай каморцы: ён жыў таксама i на сходцы, што адбывалася у той жа вёсцы, дзе меў сваю настаўніцкую пасаду Рыгор Андрэевіч.

На сходзе разглядаліся самыя звычайныя вясковыя пытаннi. Пасля таго, калi парадак дня быў вычарпаны, нечакана вынiкла адно важнае для вёскi пытанне. Цяпер, уласна кажучы, і пачалася самая жывая, самая цiкавая частка сходкі.

Справа у тым, што вёска паўгода ўжо жыла без папа. Стары бацюшка памёр, а пасада яго пустуе да гэгага часу. А без бацюшкi вельмi нязручна: ці да хворага паклікаць, дзіця ахрысціць, адслужыць панiхiду, ці жэніцца хто, - у кожным разе трэба ехаць за некалькi вёрст да чужога папа. А ці мала на гэта зводзiцца часу? Ну, каб ужо не было царквы або прыпынку папу, а то i царква ёсць i ўсё ёсць, няма толькi папа. Усе iншыя прыходы маюць папоў, а чаму iхнi не мае? І, калi сказаць праўду, тут справа датыкаецца гонару мясцовых сялян: чым яны горшыя, скажам, за Бабрышова, Краснікава або Рудавец? У Рудаўцы таксама памёр поп, але царква не запуставала: на Ўкраіну трапілi, а папа дасталі, i поп някепскi. Проста людзi смяюцца ...

- Няўжо мы так-такі нiкудышныя, што не можам папа свайго мець? - скончыў свой даклад Мiхайла Хвёдараў, царкоўны стараста.

3 першых жа слоў ycix прамоўцаў выявілася, што патрэба ў папу наспела пiльная i пытанне аб iм трэба развязаць не толькi у тэорыі, але i правесці яго ў жыццё i правесці неадкладна.

Яно-та, вядома, без папа не выпадае,- падагульваў жаданнi грамадзян старшыня сходкі, рослы i шырокi селянін з паважнаю барадою.

Але вось у чым задача: дзе ўзяць папа? Не ехаць жа і нам на Украіну.

- Ты думаеш, на Украіне папоў з галушак табе вылепліваюць? Калі рудаўчане прывезлі адтуль, то гэта i не поп быў, а дыякан, а потым ужо на папа яго высвецілі.

- А цi не усё табе роўна, хто ён быў, цi дзяк цi дыякан?

Абы цяпер папом быў,- асадзіў Мiхайлу дзед Свiшч.

- А паслухайце, што я вам скажу,- выціснуўся дзесь з-пад парога дзядзя Мiтрыч i апошнi раз пацягнуў цыгарку. - Нашто нам ламаць галовы, калі можна абабраць за папа Рыгора Андрэiча, нашага вучыцеля. Чым не поп будзе?

На адно імгненне сход замёр, а потым усе як адзiн бурна запляскалі ў далоні. - Брава, брава, Мітрыч!

- Вось гэта называецца слова сказаў!

- Лепшага папа й не саснiш!

- Поп - што твая разлюлі-маліна!

Некаторы час на сходзе стаяу гул і густы шум. Дэядзю Мiтрыча за яго трапнае слова хацелi нават на руках пагушкаць. Старшыня сходу забыў пра свае старшынёўскія абавязкi i даў поўную волю сходу выявіць бурлiвую радасць i сам не меней другіх выказваў яе.

У чым жа былi вартасці кандыдата ў папы?

Перш за усё i галоўным чынам кандыдатура гэта пазбаўляла ад лішняга клопату: не трэба вандраваць па свеце ў пошуках. 3 папом на старане заусёды больш клопату. Калi поп пачуе, што ў ім ёсць патрэба, само сабою зразумела, ён заломіць i цану сабе i будзе моцна таргавацца. Затым, з такім папом усё роўна не абмінеш і кансісторыі. Праўда, так цi iначай з кансісторыяй мець дачыненне прыйдзецца, але адна справа, калі ты ўжо маеш гатовага папа, i зусiм іншая справа, калі гэгага папа трэба яшчэ лавiць.

Другое: намечаны кандыдат - чалавек малады, значыцца, можна спадзявацца, што ён i жыць будзе доўга. Што ж датычыцца яго здольнасцей як папа, то i з гэтага боку нiякiх перашкод няма: чалавек вучоны, спяваць у царкве ўмее, апостала чытае выразна i прачула. А папрактыкуецца яшчэ, то так: выйдзе ПОП, што i сабор гарадскi можа пазайздросціць.

Усё гэта было на сходзе прынята пад увагу. На сходцы выявiлася, што настаўнік да навукі не хіліцца, жыве адзін, у холадзе, у голадзе, ні родных, нi сваякоў, хто б дапамог яму, не мае. Ну, як тут не зрабiць чалавеку дабра? Мала таго, што сялянства, выбiраючы за папа Рыгора Андрэевiча, развязвае проста папоўскую справу, яно яшчэ дапамагае чалавеку выбіцца з яго цяжкага лёсу, бо хто не дасць папу на пражытак? Адным словам, кандыдатура Рыгора Андрэевiча мела ў сабе такое шчаслівае злучэнне, калi агульная справа развязваецца як найлепей, у iнтарэсах абодвух бакоў.

Вось чаму, калi старшыня сходу паставіў на галасаванне кандыдатуру Рыгора Андрэевiча, усе рукі як адна паднялicя ўгору.

Так справа не магла быць скончана, - гэта быў толькi яе пачатак.

Як вядома, поп павінен мець i пападдзю. Рыгор жа Андрэевiч быў чалавек халасты. Ужо гэта адно падказвала сялянству, што трэба было таксама падумаць i аб жонцы папу. У гэтым пытанні перш не было згоды. Адны казалi, што жонка - справа прыватная, лепш за усё пытанне аб ёй можа развязаць сам поп, гэта значыць, сам Рыгор Андрэевiч. Другiя даводзiлi, што калi сход прыме такую рэзалюцыю, дык яна пашкодзiць агульнай справе, i раз само сялянства падняло гэту справу, то яно павінна само паклапаціцца i аб пападдзi. І толькi пасля таго, калі слова ўзяў старшыня, спрэчка была спынена i вырашэнне справы прыняло iншы характар.

Старшыня казаў:

- Таварышы, не памыляйцеся! Калi мы самі выбiраем сабе папа, дык павінны самі ж выбраць яму жонку. I яшчэ: Рыгор Андрэевiч чалавек цiхi, ён нiколi першы не зачэпiць бабы i, покі ён жэніцца, можа прайсцi год i болей. А мы тут павiнны: раз, два - i гатова!

Сход дружна запляскаў старшынi.

А як ён не захоча яе або яна яго, тады што? - спытаў якiсьцi скептык з натоўпу.

Што значыць не захоча? - грозна спытаў старшыня. - Калi выбралi, значыцца, i быць так. Гэта табе не старыя парадкi... Цябе мы можам папом паставiць! - яшчэ больш грозна наваліўся старшыня на скептыка, i ты не смееш адмовіцца. Мы можам выбіраць папу жонку i, калi скажам - вось твая жонка! - ён павінен i мець яе за жонку!

Пасля такога растлумачэння грамадзянскiх правоў сходу заставалася прыступіць да выбару пападдзi. Усе мясцовыя кандыдаткi пасля некаторай парады былі адкiнуты i вось па якiх матывах. Пападдзя павінна быць з папоўскага роду, бо на тое яна матушка, ёй часам i ў руку прыйдзецца пацалаваць. А як ты будзеш цалаваць, скажам, Маланцы або Марынцы, хоць яны пападдзi былi б i не кепскiя? Усё ж яны - свая мужыцкая кроў. I што скажуць людзi? Дый сам ix поп меней меў бы павагi. Калі пол, то трэба, каб поп быў па ўсёй форме.

I сход пастанавіў: выбраць у жонкi свайму папу Настассю Мiкалаеўну Гулькіну, а Kaмicii з трох асоб - старшынi, царкоўнага старасты Мiхайлы Хвёдарава i дзядзi Мiтрыча (яго заслугi перад вёскай не былi забыты) - даручыць пастанову сходу правесцi ў жыццё.

 

ІІІ

 

Павярнуўшыся на бок, Рыгор Андрэевiч зноў думаў: трэба збiрацца куды-небудзь у iншае месца, пашукаць другое пасады, хоць бы замацавацца прадаўцом у кааператыве. Паволi ён губляў кантроль над сваімі думкамi, i ўжо сон пачынаў змыкаць яму вочы. Раптам бразнулi дзверы ў адным канцы школы, i зараз жа за гэтым некалькi пар ног загрукалi наўпераду школе, а потым i ў калiдорчыку мiж школаю i яго кватэркаю.

Рыгор Андрэевiч прыслухаўся. Iшлi якраз да яго.

- А можа яго i дома няма,- казаў адзiн голас,

- А дзе ж яму быць? - прабубнiў басам другi.

- Авось пабачым! - i з гэтымi словамі Мiхайла Хвёдараў папхнуў дзверы ў пакойчык настаўніка.

Дзверы былi замкнёны.

- Хто там? - спытаў настаўнік.

- Дома, дома, - адгукнуліся з калідорчыка дзядзя Мiтрыч i стараста Мiхайла.

Рыгор Андрэевiч падняўся з ложка i адамкнуў дзверы.

Увайшла камiciя ў поўным складзе.

- Здарова, Рыгор Андрэевiч!

Усе члены камісіі павiталicя з сваім кандыдатам за руку. Кандыдат, чарнявы, прыпухшы ад голаду i холаду, ускудлачаны, даволi неахайны з выгляду, стаяў перад сваімі гасцямі здзiўлены i ўстрывожаны.

- Ну, як жывеш? - запыгаў старшыня.

- Ат! - махнуў рукою Hacтaўнік. - Каму гэта цiкава, як я жыву?

- Значыцца, цiкава, калі аб гэтым пытаюць, - адказаў за старшыню Мiхайла.

А дзядзя Мiтрыч яшчэ дадаў:

- Чудачэц ты, Андрэiч, права слова, чудачэц! Няўжо ж ты думаў, што вёска нiколi не паклапоціцца аб табе? Або мы не ведаем, як ты жывеш? Ведаем, брат, i гатовы памагчы табе, толькi сам дурань не будзь.

Сказаўшы так, дзядзя Мiтрыч непрыметна зiрнуў на другiх членаў камісіі, каб па ix тварах прачыгаць, цi добры тон узяў ён. Старшыня i Мiхайла былi спакойныя i нiчым не выказалі стану сваіх душ. 3 гэтага дзядзя Miтрыч вывеў заключэнне, што ён памылкi не зрабiў.

Настаўнік здзiвiўся яшчэ болей i чакаў, што будзе далей.

Мiтрыч у сваю чаргу палiчыў, што ён пачатак зрабiў, а цяпер няхай кажуць яны. Тут трэба i меру ведаць, - Гавары, дзядзя Мiтрыч, ты, - сказаў Мiхайла.

- А сам што ж, без языка? Цябе гэта бліжэй датыкаецца, - ухiлiўся дзядзя Мiтрыч.

Мiхайла крута павярнуўся да настаўніка:

- Справа, бачыш, ты, Андрэіч, такая, вёска, значыць, выбрала цябе папом!

- Правiльна! - пацвердзіў старшыня i дзядзя Miтрыч.

- Значыцца, Андрэiч, вобчаства цябе любiць, вобчаства чэсць табе аказвае, - дадаў яшчэ ад сябе дзядзя Мiтрыч.

- Мяне? Папом? Што за глупства? - здзiвiўся настaўнік i засунуў рукі ў свае чорныя валасы.- І нiколi я не думаў папом быць.

Члены камісіі заварушылiся ўсе разам. Кожны з ix хацеў цяпер сказаць сваё слова. Мiхайла, як болей жывы i вёрткi, папярэдзіў сваіх таварышаў. Ен борздзенька сунуў адну руку ў бок старшынi, другую ў бок дзядзi Мiтрыча, даючы iм гэтым знак не замiнаць яму, i сказаў:

- Глупства, Андрэiч, што ты нiколi не думаў папом быць. Вось што ты мне скажы: цi думаў ты калі, як плодзiцца кракадзiл?

3бiты з тропу, настаўнік шырока расплюшчыў вочы i пазiраў на Мiхайлу.

- Ну?! - энергічна спытаў Мiхайла зноў i, крыху счакаўшы, сказаў: - І я нiколi не думаў, авось прыйшлося падумаць. Быў я ў вучэбнай камандзе. На экзаменах пытае афiцэр аднаго: «Скажы, як разводзяцца кракадзiлы?» Дальбог, так i спытаў.

Пры гэтым Мiхайла моцна стукнуў рукамі па нагах вышэй каленяў.

- Ну, хто ж мог ведаць, як ён там плодзiцца? 1 вось я ўспомнiў, як гадоў пятнаццаць таму назад нам адзiн бацюшка казаў, што кракадзiл, як i курыца, з яйца выходзіць. Глядзi ж ты! Такая вялiкая падла - i яйца нясе! «Хто ведае?» - пытае афiцэр. «Я ведаю, ваша благародзiе!» - кажу я. «Ну, скажы, Хвёдараў!» - «3 яйца выходзіць, ваша благародзiе!» - «Маладзец, Хвёдараў!»

Дык вось, бачыш, так i ты: не думаў, а падумаць прыходзiцца. Дый чаму табе папом не быць? Перш-наперш, ты не будзеш у гэтым закутку сядзець, як воўк, а будзеш жыць у папоўскім доме. Табе, брат, i ляпёшак, i сала наносяць, бо без гэтага да папа не прыйдзеш. Чалавек ты вучоны, спяваеш па-царкоўнаму добра, апостала чытаеш i яшчэ лепей. Будзеш сабе кадзiлам памахваць i гора не знаць. Дый фамiлiя твая, як не трэба лепей, да месца пасуе.

Думка аб папоўстве на першы раз здалася Рыгору Андрэевiчу дзiкаю i недарэчнаю, але па меры таго, як Miхайла i другiя члены кaмicii пачалі разрысоўваць перавагі папоўства, пратэст у яго душы ўсё слабеў i слабеў. Урэшце ён толькi сказаў:

- Ды я ж i нежанаты. Каб быць папом, то трэба жонку мець.

- Кінь, Андрэіч, абы-што казаць! - у адзін голас загаманiлi члены кaмicii i рукамі замахалi. - Перастань ты курэй смяшыць: падумаць, важнасць якая, жонкi няма, - у два мігі жонка будзе табе! У чым, у чым, а ужо ў гэтым дабры нястачы не будзе.

- Да мы табе i жонку знайшлi, чудачэц ты гэтакi, прамовіў дзядзя Мiтрыч. - Сама вёска yciмi спосабамi на дапамогу табе йдзе, затым што ты нам чалавек ёсць прыемны.

Тут проста цікава стала самому Рыгору Андрэевiчу, i ён не без некаторага хвалявання запытаў: - А хто такая?

- А ты угадай, - прамовіў Мiхайла.

Тут члены кaмicii ясна ўбачылi, што ix справа выйграе, а дзядзя Мiтрыч пастукаў рукою па плячы Рыгора Андрэевiча i з нейкаю цеплатою ў голасе сказаў:

- Настассю Мiкалаеўну Гулькiну выбралi табе!

Рыгор Андрэевiч пры гэтым мiмаволi падкруціў свой чорны вус, а дзядзя Мiтрыч казаў далей:

- Чудачэц ты, Андрэiч! Няужо ты думаў, што мужык не разумее нiчога, што мужык далікацтва не знае? Разумее ён, мiлан ты мой, дзе, што, як i к чаму, затым, што ты нам, кажу, чалавек ёсць прыемны.

- А вы ж хiба пыталicя ў яе, цi згодна яна пайсці за мяне? - пацікавіўся Рыгор Андрэевiч.

- А што пытацца? За вочы скажу табе: не пойдзе - пабяжыць, - адказаў Мiхайла, а старшыня дадаў:

- Няхай папрабуе фардыбацтвы свае паказаць! Мы, брат, жывым макарам прыструнiм яе. Раз вёска, значыць - закон!

- Ды аб чым тут гутарка можа быць? - прамовіў дзядзя Мiтрыч. - Скажы, Андрэiч, проста: згодзен ты быць у нас папом?

Рыгор Андрэевiч крыху замяўся.

-Ну, зразумела, згодзен, цi вы не бачыце? - адказаў за яго Мiхайла i тут жа схапiў яга руку i пачау трасцi яе.

Тое самае зрабiлi старшыня i дзядзя Мiтрыч.

Праз нейкi нядоўгі час пасля гэтага, так, здаецца. каля веснавога Мiколы, у вёсцы быў свой бацюшка - а. Рыгор Угоднiк i матушка Настасся Мiкалаеўна.

I якiх толькi анамалiй не бывае на свеце!

 

Якуб Колас

Рубрыка: