Беспадобна пра жыціе Прападобнай

Учора, 16 лютага 2012 г., на афіцыйным сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы з’явілася навіна пра выданне жыція прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Аўтары навіны і рэдактары сайта, відавочна, не палічылі патрэбным ані звярнуцца за кансультацыямі да спецыялістаў, ані хаця б спраўдзіць інфармацыю з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў. 

У навіне сказана:

"11 февраля 2012 года на церемонии открытия Дня духовной книги, состоявшегося в рамках XIX Минской международной книжной выставки-ярмарки, Издательство Белорусского Экзархата представило факсимильное издание «Жития преподобной Евфросинии Полоцкой» — первого литературного произведения, написанного на территории Беларуси. Издание, подготовленное при участии специалистов Национальной библиотеки Беларуси, максимально достоверно воспроизводит оригинал, датируемый серединой XII века".

Варта адзначыць, што жыціе прападобнай Еўфрасінні – не першы літаратурны твор на тэрыторыі Беларусі. Ёсць яшчэ і творы, напісаныя св. Кірылам Тураўскім, які жыў прыкладна ў 1130-1182 гг. і напісаў каля 70 твораў; хутчэй за ўсе, ужо існавала мясцовае летапісанне, полацкае і тураўскае.

Здзіўляе тое, з якой лёгкасцю аўтары навіны “знаходзяць” арыгінал жыція. Спецыялісты нават не маюць дакладнага ўяўлення, які першапачатковы выгляд меў арыгінал. Справа ў тым, што вядома больш за 180 спісаў жыція, і ўсе яны датуюцца XVI-XVIII стст. Арыгінал быў створаны ў канцы XII стагоддзя, у працэсе фарміравання царкоўнага шанавання прападобнай у хуткім часке пасля спачыну князёўны-ігуменні (пасля 1167 г.). Пра спіс XV стагоддзя згадвае даследчык старажытнага жыція Б.М. Клос. Але, хутчэй за ўсё, гэта пролажны варыянт (кароткі). Ёсць звесткі пра пергаменны рукапіс XIV ст. – пра яго пісаў вядомы даследчык І.І. Сразнеўскі, – але гэтыя звесткі не маюць пацвярджэння.

Выданне, прэзентацыя якога адбылася 11.02.12, была зроблена паводле рукапісу сярэдзіны XVI ст., які захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Акрамя таго, выданне мае і другую частку, якую складае ўзноўлены старажытны тэкст жыція і яго пераклады на беларускую, рускую і англійскую мовы. Узнаўленне старажытнага тэксту, пераклады на беларускую, рускую мовы выкананы кандыдатам філалагічных навук старшым навуковым супрацоўнікам Інстута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Э.В. Ярмоленка, на англійскую – Т.В. Сальнікавай.

Падобныя памылкі афіцыйны сайт робіць не ўпершыню. Так, падаючы 24 лістапада 2010 года навіну пра алічбоўку Выдавецтвам Беларускага Экзархата Полацкага Евангелля, афіцыйны сайт даводзіць:

“Рукописный памятник XII в., возможным создателем которого одна из версий называет преподобную Евфросинию Полоцкую”.

Некалькі год таму супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры Нацыяналнай акадэміі навук Беларусі выканалі праект па навуковым даследаванні гэтага помніка. Даследчыкі сцвярджаюць, што помнік быў створаны не раней за канец XII ст., больш верагодна ў XIII ст. Версія пра аўтарства Еўфрасінні цалкам міфічная, таму што прападобная ігумення памерла прыкладна ў 1167 (1173) годзе. І такія версіі пра напісанне Полацкага Евангелля святой Еўфрасінняй бачацца як проста рэкламны жэст.

Будзем спадзявацца, што інфармацыйная служба БПЦ урэшце навучыцца карыстацца кансультацыямі спецыялістаў па падобных пытаннях. Або такімі даследваннямі, як “З неапублікаванай спадчыны” Аляксея Мельнікава, “Анталогія даўняй беларускай літаратуры ХІ – п.п. XVIII ст.”, “Словарь книжников и книжности Древней Руси”. Ці, нават, проста інтэрнэт-сродкамі пошуку дадзеных.

З падзякамі супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі за ўдакладненне інфармацыі і навуковыя кансультацыі,

 

Гарковіч Наталля

Рубрыка: