Той, хто актыўны ў рэальным жыцці, не губляецца і ў віртуальным

 

Віртуальнае і рэальнае жыццё перапляліся настолькі, што Інтэрнэт для нас ужо даўно сфера не толькі дзелавая, ці адукацыйная, ці якая яшчэ, але і духоўная. У сеціве слухаюць пропаведзь. Праз сеціва людзі знаходзяць сваю веру. Рэлігійны сектар беларускага Інтэрнэту збольшага знаходзіцца пакуль на пачатку свайго развіцця, але спрабуе рухацца наперад.

Гэтымі днямі ў мінскім Інстытуце тэалогіі імя святых Кірылы і Мефодзія праходзіла канферэнцыя на тэму “Духоўнае вымярэнне Інтэрнэт-прасторы”. Першая такая канферэнцыя праваслаўных вэб-распрацоўшчыкаў у Расіі адбылася яшчэ ў 1990-х. У нас жа — толькі цяпер, напрыканцы 2006-га. Бурнае (па беларускіх масштабах) развіццё праваслаўнага Інтэрнэту ў Беларусі пачалося ў 2003-2004 гадах. Тады былі створаныя ці мадыфікаваныя ўсе сур’ёзныя сайты. Відавочна, што неабходна крочыць далей, і гэтага кроку арганізатары канферэнцыі чакаюць пасля яе завяршэння. Гаворыць дыякан Дыянісій Жыгуноў, магістрант Інстытута тэалогіі БДУ:

— Я спадзяюся, што пасля гэтай канферэнцыі надыдзе наступны, інтэнсіўны этап развіцця праваслаўнага Байнэту дзякуючы таму, што ўсе праваслаўныя адміністратары і вэб-распрацоўшчыкі ўпершыню сабраліся разам. Для беларускага Інтэрнэту ў прыватнасці найвялікшай праблемай з’яўляецца нізкая аднаўляемасць рэсурсаў (гэта тычыцца асабліва сайтаў-візітовак) і рэдкая прысутнасць новых тэхнічных распрацовак.

Калі вы зойдзеце на сайт Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (www.belaoc.org), то пабачыце аб’яву: “26 лістапада запрашаем усіх на перадпіліпаўскія аладкі”. У сярэднім, сайт абнаўляецца раз на чатыры-шэсць дзён. Некаторыя рубрыкі запазычваюцца з іншых рэсурсаў, у раздзеле “Бібліятэка” толькі чатыры кнігі (затое паступова выстаўляецца старая эміграцыйная рэлігійная перыёдыка). Сайт БАПЦ музычна аздоблены.

Сайт Рыма-каталіцкага касцёлу ў Беларусі (www.catholic.by) распрацаваны на добрым узроўні. Ён працуе на пяці мовах, штодзень абнаўляецца, у ім багата рубрык і падрубрык. Увогуле ён пакідае ўражанне цэласнасці і завершанасці.

Сайт пратэстанцкай царквы “Новае жыццё” (www.newlife.by) за кастрычнік наведалі каля дзесяці тысяч карыстальнікаў з дзесяці розных краінаў. Кожны дзень яго праглядалі каля 850 чалавек. Гэта тлумачыцца цікавасцю грамадства да акцыі пратэсту вернікаў — паста-галадоўкі, але не толькі. Па словах Марыі Семірэнка, кіраўніцы прэс-службы царквы, яны надаюць сайту вялікае значэнне і імкнуцца праз яго не толькі распавесці пра сваю царкву, але і евангелізаваць грамадства.

Марыя Семірэнка: — Наша каманда — пяць чалавек. Мы маем свайго вэб-дызайнера. Ёсць яшчэ валанцёры: перакладчыкі,фатографы. Мы наведваем іншыя сайты, назіраем, які ў іх дызайн, як падаецца матэрыял. Ва ўсялякім разе, мы выпрацавалі свой стыль і імкнемся яго падтрымліваць. Канешне, рэкламіруем сябе на іншых беларускіх хрысціянскіх сайтах і не толькі. У нас вялікая рассылка, многія з тых, хто яе атрымлівае, у сваю чаргу рассылаюць яе па сваіх людзях.

Старонка Беларускай уніяцкай царквы існуе на сайце бельгійскай арганізацыі “Беларуская вунія” (www.unija.info) і абнаўляецца раз на некалькі дзён — прыкладна таксама, як і сайт Беларускай праваслаўнай царквы. Іх розніць наяўнасць у ўніятаў рэкламы і яўнай палітызаванасці. Раздзел “Выбары-2006”, публікацыя адкрытых зваротаў да народа Зянона Пазняка, Ірыны Казулінай, бел-чырвона-белае афармленне робяць сайт, бадай што, грамадска-палітычным. Ёсць таксама сайт мінскай парафіі святога Язэпа, аднак ён не абнаўляецца з чэрвеня. Блог грэка-каталіцкай царквы не абнаўляецца з лютага.

Гаворачы пра блогі, варта ўзгадаць самыя вядомыя з іх — блогі праваслаўных святароў Аляксандра Шрамко (priestal.livejournal.com) і Сергія Лепіна (serge_le.livejournal.com). Сярод незалежных хрысціянскіх праектаў існуюць форум праваслаўнай моладзі Беларусі “Беседка” (www.besedka.info), “Праваслаўны дом” (www.orthodom.net) і сайт “Царква” (www.churchby.info). Яго рэдактар Наталка Базылевіч аналізуе прычыны папулярнасці некаторых інтэрнэт-рэсурсаў.

Наталка Базылевіч: — Праваслаўныя сайты стараюцца не перасякацца з агульнахрысціянскім сектарам Інтэрнэту. Не ставяць спасылак на іншыя хрысціянскія сайты, стараюцца не выходзіць за межы свайго вызначанага сектару. Таму праваслаўныя сайты не папулярныя ў Байнэце. Цікавым для мяне феноменам з’яўляецца папулярнасць сайту pravoslavie.by. Ён распрацоўваўся вэб-дызайнерамі, якія проста добра прапрацавалі стратэгію раскруткі сайта ў Інтэрнэце. На маю думку, там няма чаго шукаць, няма нічога актуальнага. Тым не менш, у іх найвялікшая колькасць наведвальнікаў з усіх праваслаўных сайтаў, і яна трымаецца на гэтым узроўні ўжо некалькі год.

Сайт кожнай царквы прэзентуе яе. Сеціва адлюстроўвае накірункі іх дзейнасці, імкненне да пашырэння і стаўленне да іншых канфесій. Той, хто актыўна дзейнічае ў рэальным жыцці, не губляецца і ў віртуальным.

Еўрапейскае радыё для Беларусі

Кацярына Буланава, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Рубрыка: