Дактыласкапаванне і Царква: контуры супраціву

? У Гродне праходзіць суд ужо над трэцім святаром, абвінавачаным ва ўхіленні ад працэдуры абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі. У чым заключаецца пазіцыя Праваслаўнай царквы па пытанні дактыласкапавання? Якая верагоднасць таго, што ўлады ўлічаць пазіцыю БПЦ і ўнясуць змены ў прынятыя правілы дактыласкапавання?

Наталля Васілевіч. Як такой пазіцыі Праваслаўнай Царквы па пытанні дактыласкапавання, у тым ліку абавязковага, няма. Аднак у сувязі з пачаткам кампаніі абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі ў Беларусі стыхійна пачаў фармавацца пратэст і нездаволенасць дадзенай працэдурай.

У прыватнасці, у ходзе кампаніі апынуліся закранутыя у тым ліку і святары, якія так ці інакш маюць прывілеяванае становішча ў грамадстве і рэдка сутыкаюцца з такімі даволі зневажальнымі працэдурамі, якой з'яўляецца дактыласкапія: з намазваннем фарбай пальцаў, што само па сабе ўжо асацыюецца з парушэннем закона. У сярэдзіне 2000-х гадоў, калі ў шэрагу амбасадаў увялі электронную рэгістрацыю адбіткаў пальцаў, у праваслаўным асяроддзі таксама гучалі адзінкавыя галасы, але атрыманне віз святарамі не насіла масавага характару, у адрозненне ад дактыласкапавання.

Упершыню публічна ў праваслаўнай царкве аб дактыласкапаванні ў дачыненні да праваслаўных святароў загаварылі ў 2011 г., калі аштрафаваны за ўхіленне ад яе праходжання прот. Ігар Прылепскі выступіў у сродках масавай інфармацыі з артыкулам «Колькі словаў пра дактыласкапію і прававую абароненасць верніка», дзе ён не толькі і не столькі звяртае ўвагу на рэлігійна-сімвалічны складнік зняцця адбіткаў пальцаў, але і на тое, што гэта не мэтазгодна, зневажальна , і часта адбываецца з парушэннямі з боку адказных за гэта органаў.

Пытанне аб дактыласкапіі на афіцыйным царкоўным узроўні ўздымалася таксама і на агульным святарскім сходзе Мінскай епархіі, які адбыўся ў пачатку гэтага года, але тады выразнага адказу ні ад царкоўных уладаў, ні ад свецкіх атрымана не было.

І вось зараз у Гродзенскай епархіі пытанне набывае не грамадзянскае, а выразна рэлігійна-сімвалічнае значэнне. Апеляцыі да прыходу Антыхрыста, параўнанне дактыласкапавання з біяметрычнымі пашпартамі, набліжае дыскурс незадаволенасці абавязковай дактыласкапіяй да руху супраць ІНН, якое знаходзіцца за межамі афіцыйнай царквы і на яе межах, характарызуецца рэлігійным фундаменталізмам. Мабыць, такі паварот выкліканы слабой здольнасцю сучаснай праваслаўнай царквы разважаць у грамадзянскіх і прававых свецкіх катэгорыях.

Адзначым наступныя факты:

1. Звычайныя святары, ніяк не звязаныя з «апазіцыйнасцю», «ліберальнасцю», адкрыта выказваюцца з крытыкай заканадаўства і дзеянняў праваахоўных органаў. Раней было прынята лічыць, што Праваслаўная Царква знаходзіцца з гэтымі органамі ў трывалым саюзе.

2. Афіцыйны епархіяльны сайт спасылаецца на матэрыялы Праваабарончага Цэнтра "Вясна", які афіцыйная улада адносіць да «дэструктыўнай апазыцыі».

3. Супрацьстаянне святароў нават у Гродзенскай епархіі носіць адзінкавы характар, нягледзячы на тое, што, як у выпадку са святаром Мікалаем Гайдуком, афіцыйныя епархіяльныя ўлады з імі салідарызуюцца.

4. Святары ў дадзеным супрацьстаянні асцерагаюцца царкоўных пакаранняў і негатыўнай рэакцыі царкоўнай улады, адчуваюць сябе ў гэтым дачыненні няўпэўнена (як сведчыць фармулёўка пытання на Мінскім сходзе духавенства).

Што тычыцца верагоднасці таго, што ўлады ўлічаць склаўшуюся сітуацыю, то такая верагоднасць хоць і малая, але яна ёсць. Асабліва ў дачыненні да вузкага кола асоб, якія з'яўляюцца святарамі: каб зняць некаторую напружанасць, але пры гэтым не змяніць палітыкі ў цэлым.

Тут варта паглядзець на тое, як стыхійны збор подпісаў супраць адзінкавага спектакля «Ісус Хрыстос - суперзорка» прывёў да яго адмены. У той жа час, афіцыйныя заявы Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытанні Закона аб рэпрадуктыўных тэхналогіях, а таксама арганізаваная праваслаўнымі вернікамі кампанія толькі касметычна адбіліся на змесце Закона.
 
Наше мнение, пераклад на беларускую мову - Arche

Васілевіч Наталля

Рубрыка: