МАНІТОРЫНГ СМІ: TUT.BY: Інтэрв'ю з новым Віцебскім біскупам Алегам Буткевічам

Віцебская дыяцэзія, якая практычна год жыла без біскупа, нарэшце зноў займела духоўнага кіраўніка. Ім стаў 41-гадовы ўраджэнец Браслаўскага раёна Алег Буткевіч, які раней быў пробашчам парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Абрад ягонага пасвячэння ў біскупы адбыўся 18 студзеня ў касцёле Езуса Міласэрнага. Праз тры тыдні пасля гэтай падзеі TUT.BY адправіўся на інтэрв'ю да новага каталіцкага пастыра. Прапаноўваем гэтую гутарку ўвазе нашых чытачоў.

"Параўнанне з папам Францішкам – перабольшанае"

- Вядомы публіцыст і багаслоў Пётр Рудкоўскі параўнаў біскупа Алега Буткевіча з папам Францішкам. Ваша Эксцэленцыя, што вы думаеце пра гэтае параўнанне? І як ставіцеся да асобы папы Францішка і яго рэформаў у Касцёле?
- Самому чалавеку цяжка быць суддзёй ва ўласнай справе. Але гэта параўнанне, мякка кажучы, перабольшанае.
Што тычыцца асобы папы Францішка, то гэта той чалавек, якога Бог даў, каб выправіць пэўную сітуацыю ў Касцёле і нават у свеце. І гэта знак Божай апекі над чалавецтвам. Калі казаць пра рэформы, якія праводзіць Святы айцец, мне прыгадваецца евангельская сцэна, калі Езус ачысціў ерусалімскую святыню, сплёўшы біч з вяроўкі. Папа Францішак гэта чыніць хутчэй уласным прыкладам. І, напэўна, сёння гэта наймацнейшы сродак. Святы айцец з'яўляецца наступнікам папы Яна Паўла ІІ і папы Бенедыкта XVI, але, магчыма, дзейнічае больш радыкальным чынам. Нездарма ён абраў імя ў гонар святога Францішка, які ў свой час зрабіў пэўную рэвалюцыю ў Касцёле менавіта сваім радыкальным стаўленнем да таго, чаму навучаў Езус Хрыстус.

Біскуп Віцебскі на пенсіі Уладзіслаў Блін

- Ці даводзілася вам апошнім часам размаўляць з вашым папярэднікам - біскупам Уладзіславам Блінам? Многіх людзей цікавіць, дзе ён знаходзіцца і ці завітае калі-небудзь да сваіх вернікаў? Некаторыя пакрыўджаны, што біскуп, якога яны так любілі, з імі не развітаўся…
- Пэўныя жыццёвыя абставіны не дазволілі яму гэтага ўчыніць. З моманту прызначэння на гэту пасаду мне таксама не давялося сустрэцца з яго Эксцэленцыяй ксяндзом-біскупам Уладзіславам. Але ён неаднойчы мне тэлефанаваў, павіншаваў з маім прызначэннем. Я мяркую, што ў вернікаў будзе яшчэ магчымасць з ім сустрэцца. А знаходзіцца ён зараз на тэрыторыі Еўропы.

Біскупскае пасвячэнне Алега Буткевіча. 18 студзеня 2014 года, касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску 

- Як адчуваеце сябе ў ролі біскупа? Пасля прызначэння вы сказалі, што плануеце рэфармаваць курыю Віцебскай дыяцэзіі. Ці адбыліся ўжо кадравыя ці нейкія іншыя змены?
- Мяне не пакідае дзіўнае адчуванне, што гэта адбываецца не са мной. Я ніколі не планаваў, што стану біскупам. Гэта адбылося нечакана. Таму зараз ідзе творчы працэс саспявання ідэй. Але казаць пра нейкія канкрэтныя рэчы мне зараз цяжка.
Віцебская дыяцэзія сёлета адзначыць 15 гадоў існавання. За гэты час шмат зроблена. І першае маё заданне - утрымаць тое добрае, што ўжо ўзнікла. Да таго ж, каб зрабіць пэўны крок наперад, трэба час – проста агледзіцца навокал, больш дакладна даведацца аб існуючых праблемах, паглыбіцца ў жыццё і святароў, і вернікаў, і цалкам дыяцэзіі, бо яе заходняя і ўсходняя часткі маюць сваю спецыфіку. А пазней ужо можна будзе зрабіць нейкія высновы і планы на будучыню.
Кадравыя перастаноўкі - вельмі важная рэч. Канкрэтных рашэнняў, зноў жа, пакуль няма. Аднак маё жаданне - каб на гэтых пасадах знаходзіліся невыпадковыя людзі. Для мяне важна, каб тыя, хто будзе займацца практычнымі пытаннямі жыцця дыяцэзіі, былі звязаны з касцёлам і людзьмі.
- Вы адзін з самых маладых біскупаў у свеце. Ці атачаеце сябе маладымі і энергічнымі памочнікамі?
- Нехта пажартаваў, што маладосць - такі недахоп, які хутка праходзіць. У кіраванні людскімі душамі вельмі важная такая рэч, як досвед. А яшчэ - вера і вернасць заданню, якое чалавек спаўняе. Таму ў фармаванні курыі, напэўна, будуць людзі маладыя і энергічныя, але я не адмаўляюся і ад досведу, які маюць старэйшыя святары.
- Магчыма, на Віцебшчыне з'явяцца нейкія новыя духоўныя акцыі, пілігрымкі, фэсты і г.д.?
- Вялікай падзеяй стане, напэўна, фэст у Браславе, прысвечаны абразу Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў. Сёлета будзе адзначаца 5-годдзе яго каранацыі. У бліжэйшы час, 15 лютага, адбудзецца святкаванне памяці Росіцкіх пакутнікаў. Захаваюцца ўсе пілігрымкі, якія традыцыйна адбываліся ў нашай дыяцэзіі: да ўзгаданай ўжо святыні ў Браславе, санктуарыяў у Мосары, Удзела, Шуміліна. І, канешне, да нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.

"Святар павінен быць місіянерам"

- Падчас кіравання біскупа Уладзіслава Бліна пабудавалі шмат касцёлаў, у тым ліку ва ўсходняй частцы дыяцэзіі - у Шуміліна, Бешанковічах, Гарадку, Лёзна. Аднак прыхаджан там мала. Што вы думаеце рабіць, каб збудаваныя касцёлы запоўніліся людзьмі?
- Час адбудовы касцёлаў быў складаным. Святарам нялёгка было ахапіць два накірункі: пабудову жывой святыні – парафіі, і пабудову святыні-храма. У большасці месцаў касцёлы знаходзіліся гістарычна. Магчыма, адбудаваныя яны не ў тым самым месцы і ў не тым самым выглядзе, як гэта было калісьці, але гэта ўзнаўленне традыцыі, якая існавала ў тых мясцінах.
А зараз у гэтых касцёлах трэба звярнуць больш ўвагі на душпастырства, каб адбудаваныя святыні спаўнялі сваю ролю - станавіліся сапраўды месцам праслаўлення Бога, дзеяння Ягонай ласкі. Усходнія парафіі пакуль, сапраўды, невялікія, і часта ўзнікае праблема ўтрымання святара. Аднак, арганізацыя душпастырства – адно з першых заданняў, якое я бачу перад сабой.

- Можа быць, гэта будуць нейкія крэатыўныя, незвычайныя захады?
- Перад усім гэта рэгулярная, трывалая праца на месцы. Святар павінен быць сярод людзей і дапамагаць ім знайсці дарогу да касцёла. У гэтым адрозненне душпастырства ў сталых парафіях у заходняй частцы Беларусі ад парафій на усходзе, дзе святар павінен быць місіянерам.
- Якой павінна быць роля свецкіх рухаў і супольнасцяў у жыцці касцёла? Ці патрэбна штосьці мяняць у пастырскай працы з моладдзю?
- Касцёл - гэта перадусім людзі. У справе евангелізацыі вернікі могуць здзейсніць вельмі шмат, нават тое, што не заўсёды можа зрабіць святар. І важна ўмець выкарыстаць гэты патэнцыял. У нашай дыяцэзіі ёсць парафіі, дзе ідзе праца ў гэтым накірунку. Аднак важна, каб у гэтай справе вернікі больш цесна супрацоўнічалі са святарамі. Бо касцёл усё ж такі ёсць там, дзе ёсць біскуп. А біскуп у сваю чаргу працуе праз сваіх дапаможнікаў - святароў.
Што тычыцца моладзі, то, мне падаецца, трэба мець крыху больш адвагі, каб выйсці ёй насустрач. Маладосць – гэта часта бунт, пошук уласнай тоенасці. І касцёл павінен стаць тым месцам, дзе моладзь зможа знайсці адказы на свае шматлікія пытанні.
- Ці думаеце працягваць тыя справы, па якіх вы запомніліся вернікам: апекаванне састарэлых у прытулку, бяздомных, групы ананімных алкаголікаў?

- Так, як гэта было раней, напэўна, працягваць будзе цяжка. Але гэтую працу будуць весці іншыя святары. Сам жа буду далучацца да гэтага па меры магчымасці. І месца для спатканняў ананімных алкаголікаў у парафіі Святога Антонія застанецца, як і неабходная для іх душпастырская апека.

"Супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой магчыма"

- Плануеце збліжацца з мясцовай праваслаўнай епархіяй? Магчыма, асабіста сябруеце з кімсьці з праваслаўных святароў?
- Каталіцкі касцёл заўсёды быў адкрыты для гэтага дыялогу. Адпрацаваўшы тут, на усходняй тэрыторыі, 13 гадоў святаром, маю намер і надалей шукаць магчымасці весці гэты дыялог. Напэўна, з праваслаўнай царквой магчыма супрацоўніцтва ў розных харытатыўных праектах.
Што тычыцца прыватных кантактаў, то я не адчуваю негатыўнага стаўлення да сябе ці іншых католікаў з боку праваслаўных. Ёсць некалькі праваслаўных святароў, з якімі я знаходжуся ў прыязных адносінах. У бліжэйшы час праную сустрэцца з архіепіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем. Разлічваю на тое, што гэта сустрэча будзе цёплай, што гэта не будзе спатканне двух канкурыруючых бакоў, а людзей, якія імкнуцца да дасягнення адной мэты.
Па праўдзе кажучы, працэс паяднання нейкім чынам трывае ўжо даўно. І перадусім на ўзроўні звычайных людзей - на навучальнай лаўцы, у працоўных калектывах, сем'ях.
- Ці збіраецеся наводзіць большы кантакт з уладай? І ці можа касцёл неяк уплываць на тыя ці іншыя рашэнні чыноўнікаў?
- Улада існуе дзеля арганізацыі і парадкавання жыцця ў грамадстве, якое складаецца, між іншым, з тых самых вернікаў той ці іншай канфесіі. Таму непазбежна будуць узнікаць, як кажуць, сумесныя кропкі сутыкнення, пытанні, якія будуць патрабаваць вырашэння як з боку свецкай, так і касцёльнай уладаў.
Наколькі магчымы ўплыў Касцёла як духоўнага інстытута на рашэнні свецкай ўлады і наадварот, гэта абумоўлена кампетэнцыяй абедзвюх структур у той ці іншай сітуацыі, а таксама вынікаючым з таго ці іншага рашэння дабром для грамадскага жыцця ці асобнага чалавека. У першую чаргу гэта можа датычыцца маральнай сферы, якая неадкладна ўплывае і на іншыя бакі жыцця чалавека.

"Мару аднавіць касцёл Святога Антонія"

- Дзякуючы вашым намаганням у Віцебску з'явіўся касцёл Святога Антонія на вуліцы Гагарына. Ці азначае гэта, што ў горадзе ўжо ніколі не будзе адноўлены аднайменны касцёл, які гістарычна стаяў побач з ратушай?
- З той самай хвіліны, як я прышоў працаваць у Віцебск, мяне не пакідае мара, што касцёл Святога Антонія Падуанскага, знішчаны ў 50-я гады мінулага стагоддзя, будзе адноўлены.
У 2001 годзе ў горадзе была створана парафія Святога Антонія. Для яе патрэбаў быў набыты будынак былога Дома культуры таварыства глуханямых па вуліцы Гагарына. Але я заўсёды асцярожна падыходзіў да таго, каб называць яго касцёлам. Нават паводле тэхнічнай дакументацыі па рэканструкцыі будынка ён акрэслены як культурна-рэлігійны цэнтр, дзе побач з месцам для малітвы (храмам) прадугледжаны глядацкая зала, пункт харчавання, навучальныя класы і інш. Таму гэта толькі будынак, дзе размешчана парафія Святога Антонія Падуанскага.
А назва касцёла Святога Антонія, на маю думку, мае права, каб быць захаванай для таго храма, які з XVII стагоддзя ўпрыгожваў галоўную плошчу Віцебска і які побач з Успенскім саборам, Уваскрасенскай царквой і ратушай заўсёды быў візітоўкай горада.

Рынкавая плошча ў Віцебску, малюнак Наполеона Орды, 1875-1876 гг. Злева - Уваскрасенская царква, за ёй - ратуша, справа - касцёл Святога Антонія Падуанскага. Фота: Віцебская энцыклапедыя

- А як вы адносіцеся да будоўлі гандлёва-забаўляльнага цэнтра, якая вядзецца на вуліцы Леніна, на месцы былога касцёла?
- Гэта будоўля мяне на пачатку непакоіла. Аднак гэты цэнтр узводзіцца не на месцы касцёла, а, магчыма, на месцы аднаго з кляштарных будынкаў. Касцёл стаяў якраз насупраць маста Тысячагоддзя Віцебска. А фантан, які сімвалізуе тры гарадскія ракі, знаходзіцца на месцы ўнутранага дворыка былога манастыра. На месцы касцёла зараз - пляц.
Наколькі вырашальная сітуацыя з адбудовай былога храма на яго гістарычным месцы на сённяшні дзень, трэба размаўляць з уладамі горада і вобласці. Акрамя усяго, гістарычная рэканструкцыя - вельмі каштоўная рэч, нават каб зрабіць толькі адпаведную дакументацыю, праект. Таму пакуль гэта застаецца маёй марай. Але, калі Богу будзе ўгодна, то касцёл Святога Антонія зноў паўстане ў Віцебску.
- Увогуле, у Віцебску хапае касцёлаў?

- На дадзены момант існуюць яшчэ дзве парафіі, якія не маюць свайго асобнага будынка: Святога Уладыслава - у Білева, і Маці Божай Нястомнай Дапамогі - на Маркаўшчыне. Віцебск расце, і паступова ўзнікаюць новыя запатрабаванні ў месцах малітвы, не кажучы пра тое, што храм - гэта яшчэ і архітэктурнае ўпрыгожанне горада.

"На "ламачыне" я не езджу, але аўто патрабуе змены"

- Многім вядома ваша сціпласць. І, тым не менш, хацелася б удакладніць некаторыя моманты. Дзе і ў якіх ўмовах вы жывеце пасля таго, як сталі біскупам? Ці маеце заробак? Аўтамабіль? Нейкія прывілеі?
- Жыллёвыя ўмовы ў параўнанні з тымі, што былі, палепшыліся. Зараз я жыву ў будынку побач з кафедральным касцёлам Езуса Міласэрнага. Тут ёсць асобнае памяшканне для біскупа. А да гэтага жыў у 2-пакаёвай кватэры на вуліцы Гагарына. Яна належыць парафіі Святога Антонія.
Заробак мінімальны таксама ёсць. Але я не ведаю яго памер – ён зараз фарміруецца.
Аўтаміль ёсць - Opel, той жа, якім я карыстаўся, працуючы святаром. І ён не так ужо і дрэнна выглядае. Калі кажуць, што я езджу на "ламачыне", гэта няпраўда. Калі я атрымаў гэта аўто, яно было не новае, але ў вельмі добрым стане. Зараз машына, канешне, ужо патрабуе змены, бо сваё адпрацавала.
Кірую сам. Але цяпер абавязкаў дадалося, таму давядзецца шукаць вадзіцеля, асабліва на далёкія выезды. Бо ў дарозе загружанасць абавязкамі можа каштаваць страты ўвагі, а гэта ўжо небяспечна.

"Памятаю страх, з якім калісьці ішоў да касцёла"

- Распавядзіце пра сваю сям'ю. Ці адчувалі вы з самага дзяцінства нейкае асаблівае пакліканне, кім стаць? Хто са святароў ці іншых людзей зрабіў на вас найбольшы ўплыў?
- У мяне самая звычайная сям'я. Бацькі зараз на пенсіі. Тата працаваў у апошнія гады ў раённых электрасетках. Маці была пекарам. У мяне яшчэ ёсць дзве сястры.

Бацькі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча

Дзяцінства і юнацтва прыпала на час атэізму. Аднак, дзякуючы Божай прадбачлівасці, касцёл ў Браславе не быў зачынены. Нават быў святар - ксёндз Чэслаў Вільчынскі, якога людзі з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць і сёння. Дзякучы яго намаганням у Браслаўскай парафіі ёсць сярэднее пакаленне вернікаў, да якога належаць і мае бацькі.
Нягледзячы на пераслед, яны шукалі магчымасць, каб, калі не кожную нядзелю, то прынамсі па святах, прысці ў касцёл. З сабой бралі нас, дзяцей. Па сённяшні дзень памятаю той страх, з якім ішлі да касцёла. І ў той жа час памятаю свой цудоўны ўнутраны духоўны стан пасля набажэства.
У дзяцінстве перада мной быў прыклад самых звычайных людзей і бацькоў. Яны вучылі быць проста чалавекам. А жаданне прысвяціць жыццё святарскай службе ўзнікла ўжо, калі сканчаў вучобу ва ўніверсітэце, дзе атрымаў адукацыю інжынера-механіка. І сталася так, што адразу пасля Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта паступіў ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
Калі стаў святаром і трапіў сюды - на ўсход Беларусі, дзе вера найбольш знішчана, у мяне была адзіная мэта: стала працаваць сярод людзей, будуючы храм і парафіяльную супольнасць. Аб чымсьці вышэйшым я проста не марыў. Таму навіна аб тым, што мяне збіраюцца прызначыць біскупам, была для мяне сапраўднай нечаканасцю.

"Хоць і браславец, але рыбу лаўлю толькі ў талерцы"

- Ці ёсць у вас хобі, нейкі занятак, які дапамагае адпачываць?
- Хвіліны супакою ўдаецца знайсці рэдка. І, бывае, што чалавеку, на якім шмат абавязкаў, трэба мудрасць - умець спыніцца, знайсці час, каб проста адпачыць. Бог даў талент да малявання, і ў свой час я спрабаваў сябе ў гэтай галіне. Праўда, зараз няма часу гэтым займацца.

Пакой у будынку касцёла Езуса Міласэрнага ўпрыгожвае карціна з выявай гэтага храма. Аўтар карціны - вядомы віцебскі мастак Фелікс Гумен, ён падарыў яе на Раство ў 2012 годзе біскупу Уладзіславу Бліну 

Хутчэй за ўсё, адпачынкам для мяне з'яўляецца спатканне з сябрамі. Асабліва з тымі, хто мае добрае пачуццё гумару. Цудоўны адпачынак дае і прырода. Паколькі сам з Браслаўшчыны, азёры, вада - гэта найлепшы сродак, які вяртае працаздольнасць.
- Напэўна, вы добры рыбак?
- Калі і лаўлю рыбу, то толькі ў талерцы (смяецца). Неяк так сталася, што рыбнай лоўляй не захапіўся, мо, таму што, як ні дзіўна, нарадзіўся якраз у такім закуточку азёрнага краю, у вёсцы, дзе побач не было вады. Гэта потым ужо бацькі пераехалі у Браслаў.

"Раблю ранішнюю гімнастыку"

- Ваша стаўленне да спорту? Ці падтрымліваеце фізічную форму і як?
- Цела чалавека - гэта геніяльны твор Божы, не толькі Ім дадзены, але і асвечаны! Таму павінна быць пашана да прылады, з дапамогай якой мы ў гэтым свеце маем магчымасць зрабіць штосьці добрае. Раней займаўся спортам больш, а зараз практыкую ранішнюю зарадку. Улетку шукаю магчымасць паплаваць у возеры – і тут сказваецца маё браслаўскае паходжанне (усміхаецца).
Добра дазваляе трымаць сябе ў тонусе бег. Праўда, не кожная мая раніца пачынаецца з прабежкі – не заўсёды перамагаю ў барацьбе з лянотай (смяецца). А часам нават становіцца адчувальным недахоп фізічных нагрузак, і тады імкнуся заняцца спортам больш інтэнсіўна.
- Вашыя любімыя стравы? Ці гатуеце самі?
- З усіх маіх кулінарных твораў - смажанага яйка і печанай бульбы - найбольш геніяльнай была аўсяная каша. Карысна і хутка! Прычым, несоленая і з мёдам. Бадай, адзінае маё патрабаванне да ежы - каб было менш штучнага і салёнага. Але ніякіх дыет не прытрымліваюся. Святарская паслуга такая, што часта даводзіцца частавацца тым, што прапаноўваюць люді. І, каб не пакрыўдзіць гаспадыню, ясі тое, што стаіць на стале. 

- Вашыя казанні вылучаюцца вобразнасцю і прыгажосцю, гэта заўважаюць многія людзі. Гэта дар ці вынік навучання? Ці доўга рыхтуеце свае прамовы?
-  Нейкі талент, дадзены Богам, напэўна, у гэтым праяўляецца. Але ў першую чаргу, як і для кожнага, хто прамаўляе Божае слова, гэта праца, чытанне духоўнай літаратуры і перадусім Святога Пісання. І не апошняе месца тут займае, канешне, натхненне. Бывае, што маеш менш часу для падрыхтоўкі, тады выкарыстоўваеш ужо напрацаваны матэрыял.
- Што чытаеце, акрамя Бібліі? Што слухаеце, акрамя духоўнай музыкі?
- Памятаю словы аднаго прафесара семінарыі аб тым, што трэба чытаць не добрыя кніжкі, але найлепшыя, бо і на найлепшыя можа не хапіць жыцця. І, калі здараецца вольны час, аддаю перавагу класічнай і гістарычнай літаратуры, якая дае шмат матэрыялу і для казанняў. Апошнім часам, напрыклад, перачытваў Булгакава. А музыка… Усё залежыць ад настрою. Часам гэта класіка, часам – рок. Таксама падабаюцца аўтарскія творы.

"Быць "тварам дыяцэзіі" нялёгка"

- Што самае цяжкае ў служэнні біскупа? Як увогуле жыць чалавеку, які пастаянна, можна сказаць, штохвілінна, павінен быць навідавоку і пры гэтым з'яўляцца прыкладам для іншых?
- Гэта служэнне патрабуе дадатковых вымаганняў. І мне яшчэ трэба ўсвядоміць тое вялікае заданне, якое ўсклалася на мяне, і навучыцца паводзіць сябе згодна з гэтым. Трэба асвоіцца з тым, што ты ўвесь час з'яўляешся публічнай асобай, якую акрэсліваюць як "твар дыяцэзіі". Адно скажу: асвоіцца з гэтым нялёгка.
Мацуе найперш малітва. Бяз яе ўсё астатняе губляе значэнне. Біскуп - гэта духоўны кіраўнік. І самае цяжкае, як ні парадаксальна, – не згубіць асабістую лучнасць з Хрыстом, не прызвычаіцца да гэтай паслугі, каб яна не стала рутынай.
Крыніца: TUT.BY

Рубрыка: