Заява Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча — старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — адносна падзей 25-26 сакавіка 2017 г.

Аэрапорт г. Франкфурт-на-Майне,
26 сакавіка 2017 г.

Знаходзячыся ў аэрапорце Франкфурта, па дарозе са Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусь, з вялікай занепакоенасцю я ўспрыняў сітуацыю, якая ўзнікла у Мінску і іншых гарадах падчас учарашніх і сённяшніх падзей.

Недахоп часу не дазваляе цалкам асэнсаваць становішча, якое ўзнікла, але яно нагадвае пра складанасць выклікаў, якія сёння паўсталі перад нашай Бацькаўшчынай.

Гісторыя беларускага народа сведчыць аб тым, што ён заўсёды вылучаўся сваёй разважлівасцю і знаходзіў мірныя шляхі для вырашэння ўзнікаючых праблем.

25 сакавіка Каталіцкі Касцёл адзначаў урачыстасць Звеставання Пана, калі мы разважалі над тым, што Бог выбраў Марыю быць Маці Збаўцы. Яна прыняла Божую волю, і пад яе Беззаганным Сэрцам пачало біцца Сэрца Езуса — Валадара спакою, падчас нараджэння якога анёльскія хоры спявалі:  «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі мір людзям добрай волі».

Таксама і нам, дарагія суайчыннікі, неабходна перадусім прыняць заклік Бога да ўзаемнага прымірэння, пакуль не зойдзе сонца, як кажа Святое Пісанне, каб не наступіла ноч супрацьстаяння.

У сувязі з гэтым заклікаю дзяржаўную ўладу і яе апанентаў, а таксама грамадскія арганізацыі і людзей розных поглядаў да канструктыўнага дыялогу з мэтай вырашэння існуючых праблем для дабра нашага народа і кансалідацыі грамадства.

Выказваю надзею на гуманныя і справядлівыя адносіны да затрыманых і спадзяюся на хутчэйшае іх вяртанне дадому.

Дзева Марыя, Валадарка спакою, выпрасі беларускаму народу ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку мірнага жыцця і павагі адно да аднаго, з захаваннем дадзеных нам Творцам правоў і выкананнем ускладзеных на нас абавязкаў.

З малітвай аб міры ў нашай Бацькаўшчыне.Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 

Крыніца: catholic.by

Страны: 
Конфессии: 
Рубрыка: