Манастыр у часовым карыстаньні

У Віцебску разгараецца канфлікт між ААТ «Віцебскі камбінат шоўкавых тканінаў» і Сьвята-Траецкім Маркавым мужчынскім манастыром. Кіраўніцтва камбінату выставіла настаяцелю храму ўльтыматум: альбо манастыр выкупляе будынак, які яму быў перададзены прадпрыемствам у часовае карыстаньне, альбо высяляецца.

Пусты пяціпавярховы корпус фарбавальна-аздабляльнага камбінату шоўкавых тканінаў у 2002 годзе акцыянэры вырашылі даць манастыру у часовае карыстаньне. Камбінат абавязваўся не спаганяць арэндную плату, а вернікі мусілі былі кампэнсаваць яму толькі камунальныя выдаткі. У пэрспэктыве абмяркоўвалася магчымасьць перадачы будынку ва ўласнасьць. Аднак неўзабаве памянялася заканадаўства: будынак дазвалялася толькі прадаваць, прычым не таньней за яго ацэначны кошт у 500 мільёнаў рублёў.

А тым часам царква працягвала карыстацца будынкам. За кошт ахвяраваньняў прыхаджанаў быў зроблены рамонт. Амаль сто мільёнаў рублёў пайшло на абнаўленьне страхі, каналізацыі, усталяваньне вокнаў і дзьвераў. Цяпер манастыр – гэта своеасаблівая інфраструктура, у якую ўваходзяць ня толькі брацкі корпус і храм, але й інтэрнат для сэмінарыстаў, і прытулак для бяздомных людзей, дарэчы, адзіны ў вобласьці.

«Сабакам прытулкі будуем, а пра людзей забываемся. Манастыр нясе на сабе гэты цяжар ня толькі нашага народу, але і ўсёй краіны»,

- гэтак адрэагаваў на ўльтыматум кіраўніцтва прадпрыемства айцец Сава, настаяцель Маркавага мужчынскага манастыру. Калі б праваслаўная эпархія выкупіла будынак, то канфлікт мог быць вычарпаны. Але дзе ж узяць 500 мільёнаў рублёў? Ёсьць яшчэ адно выйсьце: камбінат, які церпіць фінансавыя цяжкасьці, гатовы працягнуць дамову часовага карыстаньня, але з эканамічнай выгодай для сябе.

«Камбінат, на балянсе якога знаходзіцца будынак манастыра, плоціць за яго дзяржаве за нерухомасьць, зямлю і амартызацыйныя адлічэньні. І хай усе гэтыя плацяжы будзе рабіць царква і адлічаць іх камбінату, а камбінат – да капейчыны - дзяржаве»,

– так пракамэнтаваў сытуацыю спэцыяліст фонду «Віцебскаблмаёмасьць», які не захацеў назваць сябе. То бо цяпер вернікі штомесяц павінныя пералічаць камбінату каля 3 тысяч даляраў. Але і гэтых грошай у іх нямашака.

Абодва бакі спадзяюцца, што іх сытуацыю вырашыць прэзыдэнт. Праект адмысловага ўказу быў распрацаваны супрацоўнікамі фонду «Віцебскаблмаёмасьць» яшчэ год таму і перададзены асабіста Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Філарэту для таго, каб ён прапанаваў яго кіраўніку дзяржавы для разгляду. Але час ідзе, канфлікт разгараецца, а рашэньня ўсё няма.

Крыніца:

Немецкая волна

Рубрыка: