Дзесяты дыялог паміж Праваслаўнай Царквой і Групай EPP-ED

Дзесяты дыялог паміж Праваслаўнай Царквой і Групай Еўрапейскай народнай партыі (хрысціянскія дэмакраты) і Еўрапейскіх дэмакратаў (EPP-ED group) адбыўся 9-10 лістапада ў Браціславе. На сустрэчы была адзначаная надзвычайная роля рэлігійных супольнасцей ува ўключэнні жыхароў Балканаў у агульнаеўрапейскую мазайку, у працэсе прымірэння паміж нацыямі былой Югаславіі, і, у прыватнасці, у дыялогу паміж рэлігійнымі лідарамі.

На гэтай штогадовай міжнароднай канферэнцыі таксама былі разгледжаныя пытанні свабоды веравызнання, асабліва што тычыцца Турцыі, закранутая яшчэ на леташнім дыялогу, які праходзіў у Стамбуле.

Яшчэ адной важнай тэмай стала пашырэнне Еўрапейскага Саюзу і ўступленне ў яго двух новых сябраў - Балгарыі і Румыніі, і такім чынам, уключэнне ў ЕС яшчэ дзвюх нацый нацый у большасці праваслаўных.

І нарэшце, вялікую ўвагу ўдзельнікі дыялогу звярнулі на пытанне правоў чалавека, не толькі ў Турцыі, але і ў Беларусі і Малдове, дзе яны сістэматычна і груба парушаюцца. У межах гэтай тэмы адбылося абмеркаванне сучаснага пераследу евангельскіх цэркваў у Беларусі паміж прадстаўнікамі Еўрапейскага Цэнтру за законнасць і справядлівасць і прадстаўнікамі офісу Старшыні Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, што адлюстравана ў Прэс-рэлізе Цэнтра. Як адзначаецца ў выніковым дакуменце дыялогу: “Усяленскі Патрыярхат і Група прызнаюць важную ролю, якую Цэрквы асабліва могуць адыграць у Беларусі, Малдове і Ўкраіне ў працэсе паўставання хрысціянскага падмурку цывільнай супольнасці і данясенні да цывільнай супольнасці духу запаведзяў блажэнства (Мц. 5:1-12) такім чынам, каб заахвочваць міран свабодна аб’ядноўвацца для абвяшчэння хрысціянскіх каштоўнасцей, вызначаць сваю нацыянальную ідэнтычнасць і арыентаваць гэтую ідэнычнасць у бок супрацоўніцтва з іншымі людзьмі ў Еўропе.”

Маскоўскі Патрыярхат на сустрэчы прадстаўлялі епіскап Венскі і Аўстрыйскі Іларыён (Алфееў), прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы пры еўрапейскіх інстытуцыях, прот. Вадзім Чэйбаш, сакратар Малдаўскай Праваслаўнай Царквы, і святар Аляксандр Шымбалёў, клірык кафедральнага сабору г.Мінска. Апроч святара Аляксандра на канферэнцыі з беларускіх удзельнікаў прысутнічалі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка і сябра гэтай жа партыі Валянціна Трыгубовіч, якая таксама з’яўляецца членам дзейснай рады Братства Cвятых Віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, актывістам грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнанне”.

Удзельнікі Дыялогу таксама прывіталі надыходзячую сустрэчу Папы Бенедыкта XVI і Ўсяленскага Патрыярха Варфаламея I на святкаванні дня Апостала Андрэя ў Фінэ 30 лістапада 2006 г.

Наступны Адзінаццаты Дыялог мае адбыцца налета ў Славеніі.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: