Хросны ход у Мінску супраць індывідуальных нумароў у пашпартах

6 снежня ў Мінску адбыліся хросны ход і малітоўнае стаянне супраць індывідуальных нумароў у пашпартах. Каля 25 чалавек удзельнікаў прайшлі Хросным ходам з крыжам і абразом Маці Божай Чанстахоўскай па пр. Незалежнасці ад Адміністрацыі Прэзідэнта да Міністэрства Ўнутраныхспраў, а пасля па вул.Гарадскі вал – да Мінскага епархіяльнага ўпраўлення.

Стаянне пачалося з самага ранку – з розных гарадоў Беларусі ў Мінск з’ехаліся ўдзельнікі, памаліўшыся спачатку на службе Божай у Свята-Лізавецінскім манастыры ў пас.Навінкі. Пратэстуючыя мелі намер наведаць Адміністрацыю Прэзідэнта, парламент, Міністэрства ўнутраных спраў і Мінскае епархіяльнае ўпраўленне, Паводле словаў удзельнікаў, такія мерапрыемствы праходзяць з 2000 г, 6-7 разоў штогод, збольшага па чацвяргах, бо чацвер у праваслаўнай традыцыі прысвечаны св.Мікалаю, а ўдзельнікі стаяння асабліва шануюць цара-пакутніка Мікалая. Пратэстуючыя адзначылі, што ў дзяржаўных органах іх сустракаюць даволі ветліва, і яны заўжды маюць магчымасць сустрэцца з адказнымі асобамі.

Пад час апошніх сустрэч, паводле ўдзельнікаў хроснага хода, з боку службовых асобаў гучала занепакоенасць падзеямі ў расейскай Пензе. Яны казалі, што праблема павінна вырашацца так, каб не дапусціць падобных падзеяў у Беларусі. 

«Мы такія ж людзі, як усе. Проста мы не хочам, каб нам прысвойвалі асабістыя нумары. І тым болей, калі ўвядуць біяметрычныя пашпарты – адбіткі пальцаў, рагавіцы вока. Гэта ж жахліва!» – так вытлумачыла прычыны незадаволенасці вернікаў адна з удзельніц акцыі. Другая, на пытанне, ці маюць яны падтрымку ў асяроддзі святарства, адказала: «У нас ёсць епіскап Дыямід, і, вядома, тут, у Беларусі, нас многія святары падтрымліваюць».

У Мінскае епархіяльнае ўпраўленне хросны ход зайшоў пад спеў «Ойча наш», але прыняць пратэстуючых было няма каму, таму ім адно прапанавалі зарэгістраваць прашэнне ў канцылярыі і вызваліць памяшканне, што ўдзельнікі стаяння рабіць адмаўляліся, таму ахоўнік МЕУ ужыў адносна іх уціск і сілу… На спробы карэспандэнта зняць тое, што адбываецца, ахоўнік адрэагаваў грубымі словамі і нават меўся адабраць фотаапарат. Пасля таго, як усе пратэстуючыя сышлі з памяшкання, яно было замкнутае.

Удзельнікі Хроснага хода жаліліся – ніяк яны не чакалі такой сустрэчы ў епархіяльным упраўленні. Адна з удзельніц, што назвалася Аленай, паскардзілася: «Нават у адміністрацыі Прэзідэнта нам прапанавалі прайсці і сесці, а тут свае праваслаўныя – выштурхалі».

 

 

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: