18 кастрычніка асвячэнне храму ў гонар іконы Божай Маці
Як паведамляе сайт Свята-Елізавецінскага манастыра, 18 кастрычніка ў 9.00 будзе здзейснены чын асвячэння ў храме ў гонар іконы Божай Маці "Державная", якая з'яўляецца галоўным саборам Свята-Елізавецінскага манастыра ў пас. Навінкі. Пасля асвячэння храма будзе адслужаная Боская літургія, а таксама адбудзецца прэзентацыя кнігі пра Мітрапаліта Філарэта "Человек в истории", падрыхтаванай Прэс-службай Беларускага Экзархату і выдадзенай выдавецтвам Свята-Елізавецінскага манастыра. У час святкавання 1020-годдзя Хрышчэння Русі, урачыстасці з нагоды якога пройдуць у Мінску 22-25 кастрычніка, новаасвечаны храм плануе наведаць Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій ІІ.
Манастыр у гонар св. прп. мч. Вялікай княгіні Елізаветы ў пас. Навінкі быў створаны летам 1999 г. на падмурку аднайменнага Сястрынства, якое пад духоўным кіраўніцтвам прот. Андрэя Лемяшонка з 1996 г. апякала Рэспубліканскі клінічны псіхіатрычны шпіталь у пас. Навінкі. Само Сястрынства склалася вакол асобы а. Андрэя і акафіста перад іконай Божай Маці "Невыпісвальная Чаша", які да нядаўняга часу адбываўся ў Св.-Петра-Паўласкім саборы, клірыкам якога і з'яўляўся а. Андрэй Лемяшонак. Пасля акафісту ў прыходскім доме сабору адбываліся гутаркі з прыхажанамі, а ў суботу ўвечары ў час і пасля ўсяночанага чування, бывала да глыбокай ночы, стаяла вяліка чарга тых, хто хацеў паспавядацца ў а. Андрэя. Лічыцца, што малітва перад Ікона Божай Маці "Неўпівальная Чаша", дапамагае пазбавіцца ад цяжкай хваробы алкагольнай і наркатычнай залежнасці, і асаблівая пастырская апека была звернутая на дапамогу людзям, якія ад гэтай хваробы пакутуюць.
За амаль што дзесятак год манастыр вырас ў вялікі храмавы комплекс, храм у гонар іконы Божай Маці "Дзяржаўная" быў закладзены 16 красавіка 2000 г. і будаваўся як прыходскі храм. Пры манастыры дзейнічае выдавецтва, шэраг майстэрняў - іканапісная, швачная, разьбы па камені і па дрэве, архітэктурная, керамічная і інш.; ёсць гасцініца. Кожны менчук, бадай, ведае сёстраў з Сястрынства манастыра, якія гандлююць праваслаўнымі прыладамі, прымаюць запіскі, прадаюць свечкі, прымаюць ахвяру - на станцыях метро, у крамах, на рынках, у падземных пераходах. Але не толькі менчукі ведаюць пра сёстраў з Навінак - для многіх еўрапейцаў, а цяпер і для амерыканцаў Свята-Елізавеценскі манастыр стаў візітоўкай Беларусі - у многія краіны Еўропы рэшулярна адпраўляюцца сёстры на міні-грузавіках, каб прадаваць праваслаўную літаратуру, аўдыё і відэа запісы, богаслужбовыя прылады, іконы, а таксама богаслужбовае адзенне як рускага, так і грэчаскага пакрояў.
Для больш падрабязнай інфармацыі пра манастыр гл. афіцыйны сайт Свята-Елізавецінскага манастыра
Крыніца:
Апошнія навіны
