У царкву "Новае жыццё" прыйшлі прадстаўнікі ЖРЭА, каб забраць будынак у вернікаў

Як паведамляе сайт царквы "Новае жыццё", 19 траўня каля 16й гадзіны дня да будынка царквы "Новае жыццё" па адрасе вул. Кавалёва, 72, пад'ехала машына з прадстаўнікамі ЖРЭА Маскоўскага раёна, бо ў гэтую ўстанову прыйшло распараджэнне з Мінгарвыканкама прыняць на баланс будынак царквы, у сувязі з тым, што кошт гэтага будынка ў якасці кампенсацыі за канфіскацыю быў выплачаны рэлігійнай арганізацыі.

Прадстаўнік царквы юрыст С.Луканін патлумачыў, што прыхажане накіравалі ў Мінгарвыканкам ліст пра тое, што гэты будынак не будзе аддадзены, абгрунтаваўшы ў лісце сваю пазіцыю, а таксама зацеміўшы, што грошы агульнай сумай 37,5 млн. бел. рублёў царква вярнула арганізацыі "Мінгармаёмасць", з рахунку якой яны паступілі.

У адказ на гэта прадстаўнік ЖРЭА, начальнік аддзела нежыллёвага фонду В.П. Ерафееў паведаміў, што на адрас царквы высланы ліст з патрабаваннем безадкладна вызваліць будынак, інакш ЖРЭА будзе вымушанае зврянуцца да судовых выканаўцаў, якія ў сваю чаргу могуць прыцягнуць праваахоўныя органы.

Супрацьстаянне рэлігійнай арганізацыі і Мінгарвыканкаму цягнецца ўжо не першы год. У 2006 г. вернікі, пратэстуючы супраць несправядлівай канфіскацыі іх малітоўнага дому, абвесцілі пост-галадоўку, і тады пераслед царквы быў прыпынены, аднак судовыя справы працягваліся, і царква прайгравала іх адну за адной. У канфлікт абяцалі ўмяшацца вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі, аднак вырашэння ён не знаходзіў. Мяркуючы па ўсім, у гісторыі супрацьстаяння адкрываецца новая старонка, магчыма, што для выдалення вернікаў з царквы будуць выкарыстаныя гвалтоўныя метады.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: