Прэзідэнт Украіны сустрэўся з Усяленскім Патрыярхам і збіраецца з афіцыйным візітам у Ватыкан

20 траўня Канстанцінопальскі Патрыярхат распаўсюдзіў прэс-рэліз датычна сустрэчы Усяленскага Патрыярха Варфаламея з Прэзідэнтам Украіны В. Юшчанкам, у якім, у прыватнасці, гаворыцца: "паміж двума лідарамі, з'яднанымі сяброўствам, прайшла сардэчная і дабразычлівая дыскусія паводле пытанняў, якія складаюць агульную зацікаўленасць бакоў", што гэта за пытанні, у прэс-рэлізе не паведамляецца. Аднак паводле паведамлення афіцыйнага сайту Прэзідэнта Ўкраіны, цэнтральнай тэмай размоваў стала актывізацыя кантактаў Усяленскага Патрыярхату з Украінай, у т.л. магчымае адкрыццё ва Ўкраіне прадстаўніцтва Канстанцінопальскага Патрыярхату ў фармаце царкоўнага двара ці культурна-інфармацыйнага цэнтру. У чарговы раз на сустрэчы было ўзнятае пытанне аб'яднання праваслаўных Украіны ў адзіную памесную царкву, і ў гэтым прасэсе В.Юшчанка бачыць ключавой ролю Ўсяленскай Царквы (пры гэтым не тлумачыцца, ці пад Усяленскай Царквой маецца на ўвеце Канстанцінопальскі Патрыярхат, ці супольнасць усіх праваслаўных Цэркваў).

Віктар Юшчанка ў якасці Прэзідэнта Ўкраіны не ў першы раз сустракаецца з Усяленскім Патрыярхам. Летась па запрашэнні Ўкраінскай дзяржавы КІеў з афіцыйным візітам у рамках святкавання 1020-годдзя Хрышчэння Русі наведала дэлегацыя Канстанцінопальскага Патрыярхату на чале з Патрыярхам Варфаламеем. КІраўніцтвам Украіны тады ўскладаліся вялікія спадзяванні на гэты візіт, звязаныя з вырашэннем кананічнага статуса, бадай, найбуйнейшага праваслаўнага расколу ў свеце - Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату, кананічнай якой не прызнаецца супольнасцю Праваслаўных Цэркваў. У той самы час ва Ўкраіне дзейнічае Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату, і Маскоўскі Патрыярхат разглядае Ўкраіну як сваю кананічную тэрыторыю. У часе візіта Ўсяленскага Патрыярха ў Кіеў у ліпені 2008 г. удзел у святкаваннях 1020-годдзя Хрышчэння Русі прыняў і Маскоўскі Патрыярх, абодва Патрыярха правялі сустрэчу, дзе абмеркавалі пытанні ўкраінскага праваслаўя, пакінуўшы датычна ўкраінскай сітуацыі статус-кво.

Пасля свайго абрання ў пач. 2009 г. новы Маскоўскі Патрыярх Кірыл абвесціў "украінскі кірунак" як прыярытэтны і запланаваў наведанне Ўкраіны ўжо ўлетку 2009 г.

На дадзены момант стала відавочным, што маштабны праект украінскага кіраўніцтва па аб'яднанні ўкраінскага праваслаўя на дадзеным этапе неажыццяўляльны, аднак, як бачым, В.Юшчанка не губляе надзеі дабіцца падтрымкі Канстанцінопаля паводле гэтага пытання.

Апроч таго, В.Юшчанка 18 траўня выдаў указ аб падрыхтоўцы афіцыйнага візіту Прэзідэнта Ўкраіны ў Ватыкан.

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: