Старшыня гомельскай суполкі "Сведак Іеговы" прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці

12 жніўня старшыня гомельскай суполкі рэлігійнай арганізацыі "Сведкі Іеговы" Юры Рашэтнікаў быў пакараны штрафам у памеры 1 мільён 50 тыс. рублёў за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў прыватным доме. Справу разглядаў суддзя Чыгуначнага раёну г. Гомеля Віталь Козыраў, які матываваў пастанову спасылкамі на несупярэчлівыя сведчанні супрацоўнікаў адміністрацыі Чыгуначнага раёну, які прысутнічалі пры ўварванні міліцыі ў прыватны дом, дзе адбываліся сходы, увечары 21-га ліпеня, калі міліцыянты з ордэрам пракуратуры Чыгуначнага раёну спачатку ўварваліся на двор прыватнага дому, дзе збіраліся вернікі рэлігійнай арганізацыі "Сведкі Іеговы", а потым пры дапамозе пілы распілавалі замок і ўвайшлі ў сам будынак, які паводле сведчання быў "абсталяваны для правядзення рэлігійных мерапрыемстваў, паколькі стаялі лавы, знаходзілся літаратура супольнасці "Сведкі Іеговы", былі ўсталяваныя калонкі з мікрафонам".

Сам Юры Рашэтнікаў так пракаментаваў рашэнне суда Радыё Свабода: “Атрымліваецца, што дзеля таго, каб сустракацца й абмяркоўваць біблейскія тэмы, патрэбны дазвол. Аднак 31-шы артыкул Канстытуцыі якраз гарантуе свабоду веравызнаньня. Я лічу, што ў дадзеным выпадку нашыя правы абмежаваныя”. Рашэтнікаў не прызнаў за сабой віны і збіраецца аспрэчыць пастанову суда.

Нагадаем, што ў 2006 г. у Гомелі міліцыя таксама ўварвалася ў прыватную кватэру, дзе праходзілі сходы праваслаўных вернікаў, гаспадар кватэры - С.Несцяровіч, атрымаў ад пракуратуры папярэджанне за несанкцыянаваную рэлігійную дзейнасць. Беларускае заканадаўства вымагае абавязковага санкцыянавання рэлігійнай дзейнасці, апроч таго, наўпрост забараняе падобную дзейнасць у жылых памяшканнях, калі яна носіць рэгулярны ці масавы характар. Таксама Закон "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях" прадугледжвае неабходнасць дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацыі для правядзення рэлігійнай дзейнасці, дзейнасць жа незарэгістраваных груп забароненая, больш за тое, можа пераследавацца і паводле крымінальнага кодэксу.

 

Крыніца:

ЦАРКВА

Рубрыка: