Архіярэйскі сабор УАПЦ просіцца ва Ўсяленскі Патрыярхат на правах аўтаноміі
26 жніўня адбыўся Архіярэйскі Сабор УАПЦ, у якім узялі ўдзел усе архіярэі дадзенай царкоўнай структуры: Мяфод (Кудракоў), Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны, Прадстаяцель УАПЦ, Андрэй, Мітрапаліт Галіцкі, Раман, Мітрапаліт Вінніцкі і Брацлаўскі, Ян, Архіепіскап Уманскі, Пётра, Архіепіскап Крэфальда і Бона, Макар, Архіепіскап Львоўскі, Феадос, Архіепіскап Драгобіцкі і Самбрыйскі, Іларыён, Епіскап Чаркаскі і Кіраваградскі, Міхаіл, Епіскап Фастоўскі, вікары Кіеўскай епархіі, Уладзімер, Епіскап Жытомірскі і Палескі.
Прадметам разгляду Сабору стала царкоўна-канфесійная сітуацыя ва Ўкраіне, якая скалалася пасля візіту новага Патрыярха РПЦ (МП) Кірыла, а таксама актуальныя пытанні жыцця ЎАПЦ. Галоўнай падзеяй Сабору стаў зварот да Ўсяленскага Патрыярха Варфаламея І, у якім Сабор заклікаў Канстанцінопальскага Патрыярха дапамагчы ў лекаванні расколу ўкраінскага праваслаўя, даць "лекі", у прыватнасці паўплываць на фармаванне больш універсалісцкай царкоўнай свядомасці ва Ўкраіне, а таксама даць дазвол на далучэнне ЎАПЦ да Ўсяленскага Патрыярхату на правах аўтаноміі:
"Мы заклікаем Усяленскі Патрыярхат распрацаваць і ажыццявіць цэльную багаслоўска-царкоўную праграму, мэтай якой ёсць сцвярджэнне ва Ўкраіне кафалічнасці царкоўнай свядомасці. Апроч таго, на нашую думку, для аздараўлення царкоўнай свядомасці было б надзвычай актуальным:
* далучэнне выбітных багасловаў Усяленскага Патрыярхату да вырашэння ўкраінскай царкоўнай праблемы;
* супрацоўніцтва багасловаў Усяленскага Патрыярхату з выбітнымі гуманітарнымі і багаслоўскімі школамі Ўкраіны;
* ажыццяўленне выдавецкай праграмы, якая б мела на мэце азнаямленне ўкраінскіх праваслаўных хрысціян са здабыткамі багаслоўскай думкі Ўсяленскага Патрыярхату, у т.л. ў галіне эклезіялогіі, кананічнага права ды гісторыі Ўсяленскага Патрыярхату;
* удзел прадстаўнікоў Усяленскага Патрыярхату ў навуковых мерапрымствах ва Ўкраіне і больш шырокае, чым да гэтага часу, уключэнне прадстаўнікоў праваслаўных навукоўцаў Украіны ў навуковыя і іншыя мерапрыемствы, якія праходзяць паводле ініцыятывы альбо з падтрымкай Усяленскага Патрыярхату;
* адкрыццё ў Кіеве падвор'я або інфармацыйна-культурнага цэнтру Ўсяленскага Патрыярхату.
З іншага боку, епіскапат Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы яшчэ раз засведчвае перад абліччам Маці-Царквы, што дзеля выхаду са штучнай кананічнай ізаляцыі і аднаўлення супольнасці з усяленскім праваслаўем, нашая Царква гатовая і прагне ўвайсці ў склад Усяленскага Патрыярхату на правах аўтаноміі". (цытуецца паводле паведамлення прэс-службы ЎАПЦ)
Афіцыйнай рэакцыі Ўсяленскай Патрыярхіі на дадзены зварот пакуль не агучвалася.
На момант апублікаванне матэрыялу, афіцыйны сайт УАПЦ быў заблакаваны.
Крыніца:
Апошнія навіны
